Вы тут

У фокусе — прафесійная адукацыя


Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў Андрэй Іванец і Кангратбай Шарыпаў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.


Фота БелТА

Цесныя, даверныя, узаемавыгадныя

Апроч калабарацыі ў галіне эканомікі апошнім часам на якасна новы ўзровень выйшла і супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Гэты год пачаўся з афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Узбекістан дэлегацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на чале з міністрам Андрэем Іванцом. Падчас сустрэчы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое пашырае ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў на ўсіх узроўнях адукацыі.

У якасці пацвярджэння намераў Мінск наведала дэлегацыя кіраўнікоў рознага ўзроўню сістэмы адукацыі Рэспублікі Узбекістан, узначаліў якую міністр вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Кангратбай Шарыпаў.

На адзінай платформе

Падчас візіту прайшло буйное міжнароднае мерапраемства — першы Беларуска-Узбекскі форум прафесійнай адукацыі. Адпаведна і прадстаўніцтва з абодвух бакоў было шырокім — больш за 100 спецыялістаў навукова-адукацыйных арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў з абедзвюх краін. У Мінск прыбылі кіраўнікі Інстытута развіцця прафесійнай адукацыі пры Міністэрстве вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Рэспублікі Узбекістан, рэктары вядучых узбекскіх ВНУ, дырэктары ўстаноў прафесійнай адукацыі. Беларускі бок узначаліў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Якія важныя мэты ставілі перад сабой удзельнікі міжнароднага форуму? Асноўнай была выдзелена наступная — стварэнне міждзяржаўнай платформы для абмеркавання і вырашэння пытанняў і задач, звязаных з развіццём сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, фарміраваннем прафесійных кампетэнцый рабочых і спецыялістаў новага эканамічнага ўкладу, забеспячэнне ўстойлівага росту і развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Кіраўнік адукацыйнага ведамства Беларусі Андрэй Іванец падкрэсліў, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Рэспублікі Узбекістан надаюць важнае значэнне пашырэнню ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях адукацыі. Краіны актыўна супрацоўнічаюць у галіне навукі і адукацыі, рэалізоўваюць сумесныя праекты па абмене вопытам, навучанні і стажыроўцы педагагічных работнікаў.

— Сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь — не проста адна з найбуйнейшых галін сацыяльнай сферы, у якой звыш 
7 тысяч устаноў адукацыі і больш за 2 мільёны навучэнцаў. Гэта яшчэ і найважнейшы складнік жыцця ўсяго беларускага народа. Цяпер нацыянальная сістэма адукацыі адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляе да яе грамадства і дзяржава, стабільна працуе і паступова развіваецца. Асноўныя напрамкі вызначаны да 2030 года, — сказаў міністр.

Як расказаў кіраўнік галіны, у прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павышаная ўвага ўдзяляецца эфектыўнасці сістэмы падрыхтоўкі рабочых і служачых у кадравым забеспячэнні інавацыйнай эканомікі. Асноўныя задачы — абнаўленне зместу адукацыйных праграм, стварэнне сучаснага адукацыйнага асяроддзя і ўмоў для развіцця інклюзіўнай адукацыі, удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў, павышэнне прывабнасці рабочых прафесій і іншыя. Андрэй Іванец канстатаваў, што ў Беларусі паспяхова працуе эфектыўная мадэль прафесійнай адукацыі: «Створаны 52 цэнтры кампетэнцый, якія працуюць ва ўсіх абласцях нашай краіны. У распрацоўцы адукацыйных праграм удзельнічаюць профільныя міністэрствы і прадпрыемствы. Гэта работа асабліва важная, бо кожны павінен даць адказ, наколькі эфектыўная сёння падрыхтоўка кадраў».

Кіраўнік міністэрства падкрэсліў, што сёння ў сістэме вышэйшай адукацыі рэспублікі прыярытэт аддаюць павышэнню якасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў, эфектыўнасці ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. Не менш увагі — развіццю інавацыйнай інфраструктуры ўніверсітэтаў. Навукова-даследчая дзейнасць арыентавана на павышэнне яе рэзультатыўнасці, а таксама на стварэнне ўмоў для прыцягнення моладзі да навуковай і выкладчыцкай работы.

Прывёў міністр і той факт, што колькасць замежных грамадзян, якія вучацца ў беларускіх ВНУ, пастаянна расце, і сёння іх каля 30 тысяч са 107 краін свету. Што да ўзбекскіх студэнтаў, то іх у нас навучаецца больш за пяць тысяч чалавек.

Ташкент — сталіца моладзі

У бягучым годзе галоўны горад Рэспублікі Узбекістан вызначаны маладзёжнай сталіцай СНД. У сувязі з гэтым беларускі бок выказаў гатоўнасць развіваць кантакты паміж моладдзю Беларусі і Узбекістана, праводзіць сумесныя мерапрыемствы, развіваць іншыя формы ўзаемадзеяння. У сваю чаргу ўзбекскія калегі выказалі жаданне наладжваць удзел сваіх студэнтаў вышэйшых адукацыйных устаноў Рэспублікі Узбекістан у беларускіх студэнцкіх атрадах, арганізоўваць для іх вытворчую практыку на буйных прамысловых прадпрыемствах Беларусі, а яшчэ — даць магчымасць удзельнікам студэнцкіх атрадаў атрымаць разрад па рабочай прафесіі.

Адну з перспектыў супрацоўніцтва ў доўгую скрыню вырашылі не адкладаць і дамовіліся ў найбліжэйшы час прапрацаваць пытанне аб арганізацыі навукова-тэхналагічнага кансорцыума паміж вядучымі вучонымі і даследчыкамі дзвюх краін і фінансаванні праграм сумесных навукова-тэхнічных праектаў. Ішла размова і аб накіраванні прафесарска-выкладчыцкага складу і навуковых супрацоўнікаў універсітэтаў Узбекістана, якія рыхтуюць кадры ў інжынерна-тэхнічнай галіне, на стажыроўку ў навуковыя ўстановы і ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі.

У час візіту ўзбекскай дэлегацыі не пуставалі актавыя залы і аўдыторыі беларускіх універсітэтаў і каледжаў — там паміж спецыялістамі ў галіне адукацыі ішоў абмен вопытам у частцы мадэрнізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі па такіх напрамках, як стварэнне і функцыянаванне цэнтраў кампетэнцый, арганізацыйна- і навукова-метадычнае забеспячэнне іх дзейнасці ў сеткавай форме ўзаемадзеяння. Разглядаліся аспекты духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гаварылася аб лічбавізацыі ў прафесійнай адукацыі і аб выкарыстанні ва ўстановах адукацыі інавацыйных падыходаў у арганізацыі прафарыентацыйнай і выхаваўчай работы.

Алена ВІНАГРАДАВА 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.