Вы тут

«УНС — гэта палітычная ядзерная зброя»


Месяц таму прайшло першае пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу ў яго новым, канстытуцыйным статусе. Былі вырашаны ўсе першачарговыя кадравыя пытанні: абраны Старшыня УНС, яго намеснік, члены Прэзідыума, а таксама прыняты найважнейшыя для краіны дакументы — Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Але гэта толькі пачатак вялікай працы. Як яна будзе выбудавана, Прэзідэнту Беларусі, Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандру Лукашэнку далажылі намеснік старшыні Аляксандр Косінец і начальнік сакратарыята УНС Валерый Міцкевіч.


Фота БелТА

«Я прасіў вас, каб вы сур’ёзна з зацікаўленымі і адказнымі асобамі падумалі пра тое, як нам выбудаваць сістэму работы з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Нам трэба было вызначыцца і па структуры: як мы будзем дзейнічаць у Сакратарыяце і ўвогуле якая будзе структура ў краіне. Структура і сістэма, — абазначыў галоўныя пытанні Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба спланаваць работу, таму для нас будуць важныя і планы работы — і Прэзідыума УНС, і ў цэлым дэлегатаў».

Ён пацікавіўся, што ўжо зроблена, што яшчэ трэба зрабіць, што неабходна ад Старшыні УНС. «Галоўнае — гэта сувязь (ваша сувязь, мая сувязь, Прэзідыума) з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, каб яны не адчувалі сябе адхіленымі і адсунутымі ад тых пытанняў, якія ім трэба вырашаць. Нам вельмі важна паказаць грамадству і дэлегатам, што яны не павінны падмяняць іншыя органы ўлады», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У кіраўнічыя органы УНС ужо паступаюць звароты грамадзян. Старшыня УНС падкрэсліў, што яны будуць працягвацца. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на двух момантах. Першы — зваротамі грамадзян павінны займацца, найперш, дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Другі — звароты ва УНС — гэта не тое самае, што звароты ў выканаўчыя структуры, мясцовыя органы ўлады і нават у Адміністрацыю Прэзідэнта. «УНС — гэта зусім іншы орган, які платы і дахі не рамантуе, але, тым не менш, адштурхнуцца ад звароту людзей і сказаць, што гэта не наша справа, таксама нельга. Таму працу трэба выбудаваць так, каб, калі чалавек звярнуўся ва Усебеларускі народны сход, мы маглі гэты зварот давесці да адпаведных органаў для вырашэння. Але галоўнае — паказаць людзям, што гэта — не работа УНС. УНС — гэта палітычная ядзерная зброя, якая выкарыстоўваецца ў выключных выпадках, калі трэба будзе правесці пазачарговы сход. Гэта рашэнні толькі стратэгічнага характару — не платы і не дахі, нават не балконы. Але ў той жа час мы не можам ад людзей адмахвацца. Таму з дэлегатамі трэба ўстанавіць такую сувязь, каб, маючы зносіны з імі, мы маглі давесці для вырашэння той і ці іншы зварот нашых людзей», — падкрэсліў беларускі лідар.

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўзаемадзеянне Прэзідыума УНС, як кіруючага органа, з дэлегатамі. Зразумела, што з кожным дэлегатам немагчыма камунікаваць пастаянна. "Думаю, што з кожным дэлегатам вы ў зносінах не будзеце ўвесь час, а вось з групамі... Як гэтыя групы будуць выглядаць? Трэба падумаць і выбудаваць гэтую працу. А потым правядзём пасяджэнне Прэзідыума і ўсё гэта зацвердзім», — сказаў ён.

У тэму

Дэлегатаў УНС чакае карпатлівая штодзённая праца

Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец расказаў журналістам, якія пытанні абмяркоўвалі на дакладзе ў Прэзідэнта. Сярод асноўных — арганізацыя і кіраванне Усебеларускім народным сходам. Вертыкаль павінна быць выбудавана наступным чынам: Старшыня УНС — яго намеснік — Прэзідыум — Сакратарыят — дэлегаты УНС. Па словах Аляксандра Косінца, плануецца стварыць 10 дэлегацый, у тым ліку ад урада (пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра), ад рэгіёнаў (на чале са старшынямі аблвыканкамаў), ад парламентарыяў і дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў, ад судовай улады.

«Галоўнымі аспектамі іх работы стануць аператыўнасць (дзеянне, здольнасць выканаць пастаўленую задачу), кантроль (праверка, ці правільна выбрана дзеянне), эфектыўнасць і стараннасць (дысцыпліна)», — расказаў Аляксандр Косінец. Ён падкрэсліў, што дэлегаты УНС будуць працаваць не ад пасяджэння да пасяджэння, як гэта было раней, а на пастаяннай аснове. У іх наперадзе штодзённая карпатлівая работа, падтрыманне сувязі з насельніцтвам, работа са СМІ. «Кіраўніцтва УНС будзе ў абавязковым парадку сустракацца з дэлегатамі на месцах, каб бачыць і разумець, як арганізавана работа, якія ёсць праблемы, якую дапамогу неабходна аказаць у частцы вырашэння тых ці іншых пытанняў, — сказаў Аляксандр Косінец. — Гэта ўжо зусім іншая платформа, іншыя механізмы, падыходы ў арганізацыі і кіраванні УНС, чым у папярэднія гады, калі ад аднаго да другога з'езда проста галасаванне і ўсё. Неабходна штодзённая пастаянная праца, што будзе адчувальнай дапамогай для ўсіх галін улады. Гэта дзейсны, высокага рангу, прадстаўніцтва орган, які дае магчымасць вырашаць усе праблемы, задачы будаўніцтва дзяржавы для народа».

Падчас даклада Прэзідэнту абмяркоўваліся таксама функцыянальныя абавязкі членаў Прэзідыума УНС, пытанні планавання пасяджэнняў Прэзідыума УНС і самога Усебеларускага сходу. Размова ішла і пра закон аб УНС, прыняты ў лютым 2023 года, у частцы, якая датычыцца яго эфектыўнасці. З гэтай нагоды Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена задача, каб УНС ні ў якім разе не падмяняў выканаўчую, заканадаўчую або судовую ўладу, не перашкаджаў працаваць гэтым галінам улады, але, дзе неабходна, падказваў, як зрабіць лепш. Арганізацыяй і ўпраўленнем работы УНС будзе займацца невялікі штат супрацоўнікаў — 14 чалавек, на сёння — 11. «Гэта вельмі нязначная колькасць людзей, якія будуць поўнасцю разглядаць усе пытанні: і арганізацыі, і кіравання, і падрыхтоўкі, і сувязі з рэгіёнамі, з дэпутатамі. Дэлегацыі, утвораныя ў абласцях, будуць мець свае камісіі, якія працуюць на грамадскіх пачатках, яны будуць абменьвацца меркаваннямі, уносіць прапановы», — растлумачыў Аляксандр Косінец. Работа Усебеларускага народнага сходу, усіх яго структур і дэлегатаў будзе шырока асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі. Такі падыход, паводле слоў намесніка Старшыні УНС, падтрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік Старшыні УНС таксама звярнуў увагу на тое, якую ролю адыгрывае Усебеларускі народны сход для падтрымання і развіцця ідэалогіі беларускай дзяржавы. «Ідэалогія ў нас у краіне ёсць і галоўная ідэя сфарміравана: разам за моцную і квітнеючую Беларусь. Разам — кансалідаванае грамадства, незалежна ад нацыянальнасцяў, веравызнання, прыналежнасці да тых ці іншых канфесій. Моцная — гэта магутная эканоміка, Узброеныя Сілы, здольныя абараніць мірную працу нашых людзей. Квітнеючая — гэта людзі, якія жывуць у дабрабыце, і вельмі шмат дзіцячых калясак на вуліцах гарадоў і вёсак нашай краіны. Вось наша ідэалогія. І мы яе ў абавязковым парадку рэалізоўвалі, рэалізоўваем і будзем рэалізоўваць. Шмат знаходзіцца людзей, якія пачынаюць вынаходзіць веласіпед, — не трэба. Гэта ўсё ў нас ужо ёсць. Мэта пастаўлена, абазначана, і яе вельмі выразна падкрэслівае Усебеларускі народны сход», — заявіў Аляксандр Косінец.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.