Вы тут

Падведзеныя вынікі літаратурнага конкурса «БрамаМар»


У літаратуры лічба «трынаццаць», у побыце ахутаная забабонамі, мае шчаслівы лёс: пісьменнікі і паэты абыгрываюць яе містычнасць у сюжэтах і нават назвах твораў, ад Фазіля Іскандэра да Дыяны Сетэрфілд... Таму, калі літаратурны конкурс адбываецца ў трынаццаты раз — гэта толькі дадае яму цікавасці і рамантычнага флёру. Тым болей конкурс прэстыжны, з гісторыяй — «БрамаМар». Ад пачатку — студэнцкі праект, ініцыяваны кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, за гады свайго існавання пашырыўся на ўсю краіну, у ім пачалі прымаць удзел не толькі студэнты, але і школьнікі, дзякуючы яму, пачалі творчы шлях у літаратуру многія сённяшнія літаратары, якія маюць кнігі, узнагароды і плённа працуюць у СМІ краіны.

 


Сёлетні «БрамаМар» меў адрозненне ад папярэдніх — ён быў прысвечаны Уладзіміру Капцаву, дацэнту кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, які ініцыяваў і доўгія гады курыраваў гэты конкурс, з энтузіязмам, з усёй уласцівавай гэтаму чалавеку шчырасцю і добрай энергетыкай... Уладзімір Капцаў сышоў з жыцця ў мінулым годзе, але справа ягоная працягваецца. 23 красавіка на факультэце журналістыкі БДУ былі абвешчаныя пераможцы конкурса «БрамаМар» за 2024 год. Як заўсёды, фінал уключаў майстар-класы (сёлета майстар-клас правяла пісьменніца, рэдактар аддзела культуры «Звязды» Людміла Рублеўская), а таксама выступленні арганізатараў, гасцей і ўдзельнікаў. 

На пачатку цырымоніі Лізавета Хмель, намесніца дэкана факультэта журналістыкі БДУ па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях, адзначыла, што факультэт гадуе не толькі журналістаў, але і пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў — у многім дзякуючы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі. І прапанавала ўшанаваць хвілінай маўчання памяць Уладзіміра Капцава, які ўвесь час паўтараў, што галоўная мэта конкурсу — не падзялiць удзельнiкаў на «лепшых» i «ўсiх астатнiх», а падтрымаць кожнага на яго шляху да творчай самарэалiзацыi, да здзейснення сваёй мары.

Падрыхтоўка журналістаў — кропкавая праца, гэта не масавая вытворчасць, і заўсёды прадугледжвае вялікі творчы кампанент у выхаваўчым працэсе — працытаваў словы дэкана журфака Аляксея Бяляева яго намеснік па выхаваўчай рабоце Алег Нікіфараў. 

—Гэты конкурс — магчымасць для студэнтаў далучацца да сваёй прафесіі менавіта ў творчым ракурсе. Гэта важна, бо ўвесь факультэт працуе на тое, каб падтрымаць творчую індывідуальнасць кожнага студэнта. 

Не дзіўна, што большасць крытыкаў, журналістаў, якія асвятляюць пытанні культуры ў СМІ краіны, прайшлі праз кафедру літаратурна-мастацкай крытыкі журфака БДУ — падкрэсліла загадчыца кафедры Людміла Саянкова. «БрамаМар» засведчыў сваю важнасць, ён развіваецца разам з часам. Людміла Пятроўна нагадала, што ў гэтым годзе ў ім з’явілася новая намінацыя: сцэнарыі для кампутарных і ролевых настольных гульняў. Арганізатары атрымалі вельмі цікавыя праекты і ад студэнтаў, і ад школьнікаў. У конкурса высокапрафесійнае журы — у ім не толькі загадчыкі кафедр, але і выдаўцы, і вядомыя пісьменнікі. І вынікі максімальна аб’ектыўныя — таму што імёнаў удзельнікаў сябры журы не ведаюць, усе працы ідуць пад нумарамі. Людміла Саянкова таксама адзначыла, што «БрамаМараўскую» эстафету пасля Капцава было каму падхапіць: арганізацыяй актыўна займалася дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Аксана Чарнякевіч, а таксама каманда студэнтаў, якую ачольвае Дзям’ян Куліковіч. 

Пісьменніца Людміла Рублеўская падкрэсліла, што конкурс дапамагае выявіць здольных маладых, якія атрымліваюць магчымасць друкавацца на старонках беларускіх газет і часопісаў. Пра гэта ж разважала Вольга Рацэвіч, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» — менавіта ў гэтым выданні друкуюцца творы пераможцаў «БрамаМара». А выпускніца журфака Ксенія Зарэцкая, якая некалькі разоў рабілася пераможцай конкурса, зараз з’яўляецца супрацоўніцай рэдакцыі «Маладосці». 

Безумоўна, і імёны сёлетніх пераможцаў з’явяцца на старонках друку. У намінацыі «Студэнцкая проза» гэта Марына Гуцава, Дар’я Каладзінская, Паліна Корнева, у намінацыі «Студэнцкая паэзія» — Маргарыта Стрыевіч, Любава Юркевіч, Раман Гадун. Сярод школьнікаў лепшымі празаікамі журы прызнала Ангеліну Вятлову, Арцёма Салікава, Валерыю Гілеўскую, лепшымі паэтамі — Ангеліну Мацюшонак, Аляксандру Шахно і Марыю Сандрозд. Дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Аксана Чарнякевіч, якая курыравала намінацыю сцэнарыяў для кампутарных і настольных гульняў, распавяла, што працы былі дасланыя вельмі крэатыўныя, і гэта пацвердзіла — такая намінацыя патрэбная, актуальная і будзе мець працяг. Першымі пераможцамі ў ёй сталі дзве каманды: першая каманда — Наталля Бурко, Наталля Гарбіна, Паліна Каско, Кацярына Сяйцова, Кацярына Сяржаніна, другая каманда — Ілона Бокач, Лізавета Алейнікава, Ксенія Суханосава, Марыя Грыцкевіч. 

Журфакаўцы, дарэчы, давялі сваю рознабаковую адоранасць: цырымонію ўзнагароджання аздобілі музычнымі нумарамі Анастасія Паўлава, Гаа Куай і нядаўняя выпускніца, а цяпер супрацоўніца тэлеканала «Беларусь 3» Юлія Мажылоўская. Усіх глыбока крануў верш Уладзіміра Капцава, зачытаны адным з сяброў журы конкурса і ягоным колішнім пераможцам, студэнтам журфака Антонам Антонавым. Верш сведчыць пра паэтычны талент Уладзіміра Капцава. Чатырнаццаты конкурс «Брама Мар» адбудзецца абавязкова, так што магчымым удзельнікам варта сачыць за абвесткамі, каб у час паслаць сваю працу — і зрабіць першы крок да мары прысвяціць сябе працы са словам.

Людміла ІВАНОВА

Фота: Людміла ІВАНОВА, журфак БДУ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.