Вы тут

«Песняры» — легенда беларускай музыкі


У Нацыянальным гістарычным музеі працуе выставачны праект, прысвечаны 55-годдзю легендарнага беларускага ансамбля «Песняры», чыя творчасць з’яўляецца часткай унікальнай нацыянальнай музычнай і этнаграфічнай спадчыны Беларусі.


Пачалася гісторыя ансамбля 1 верасня 1969 года, калі Уладзімір Мулявін разам са сваім братам Валерыем і чатырма былымі таварышамі па службе арганізаваў музычны гурт, які стаў апрацоўваць беларускія народныя песні на сучасны лад. Пасля рашэння мастацкага савета філармоніі БССР калектыў «Лявоны» (будучыя «Песняры») атрымаў права выступаць як вакальна-інструментальны ансамбль. Дэбют гурта адбыўся ў 1970 годзе, калі калектыў стаў лаўрэатам ІV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады, а ў 1971 годзе быў запісаны першы вінілавы дыск-гігант «Песняроў» тыражом у чатыры мільёны экзэмпляраў.

Слава хутка прыйшла да таленавітых музыкантаў. Невялікі ансамбль з Беларусі стаў вядомы не толькі на тэрыторыі Савецкага Саюза, але і па ўсім свеце. Часам артысты давалі па 2–3 канцэрты ў дзень пры поўных залах. Выступленні калектыву праходзілі і ў сацыялістычных краінах, а таксама ў Францыі, Індыі і ЗША. У 1979 годзе ўдзельнікі «Песняроў» удастоіліся звання «Заслужаны артыст БССР», а кіраўнік калектыву Уладзімір Мулявін — «Народны артыст БССР». У легендарны склад гурта, які праславіў беларускую культуру далёка за межамі нашай краіны, уваходзілі Аляксандр Дзямешка (ударныя), Леанід Тышко (бас-гітара), Анатоль Кашапараў (вакал), Леанід Барткевіч (вакал) і Уладзіслаў Місевіч (флейта, саксафон, жалейка, акарына). З часам склад змяняўся, але незменнымі былі любоў да музыкі і цяга да эксперыментаў. Дзякуючы творчым амбіцыям і таленту ўдзельнікаў з’явіліся яркія рок-оперы на вершы вядомых паэтаў Янкі Купалы («Песня пра долю», «Гусляр»), Роберта Бёрнса, Уладзіміра Маякоўскага і іншых. Гэтыя творы, напісаныя складанай музычнай мовай, адносяцца да арт-рока.

Сцэнічныя касцюмы «Песняроў».

Важнай часткай творчасці ансабля «Песняры» з’яўляюцца перапрацоўкі беларускіх народных песень, якія паспрыялі распаўсюджванню нацыянальнай культуры і дазволілі паглядзець на знаёмыя радкі з іншага боку, а таксама шэраг кампазіцый, напісаных на вершы сучасных паэтаў: «Александрына» Петруся Броўкі, «Завушніцы» Максіма Танка, «Конь незацугляны» Генадзя Бураўкіна. Да 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне была распрацавана праграма «Праз усю вайну» —на аснове твораў савецкіх паэтаў-франтавікоў.

«Песняры» выпусцілі 10 дыскаў-гігантаў, якія разышліся сумарным тыражом 12 мільёнаў экзэмпляраў. У 1982 годзе Усесаюзная студыя грамзапісу «Мелодыя» ўзнагародзіла вакальна-інструментальны ансамбль залатым дыскам.

У 1971 годзе была знята першая кінастужка з удзелам легендарнага гурта. Гэта своеасаблівы фільм-канцэрт, які сёння дае магчымасць акунуцца ў творчыя будні калектыву. У наступныя гады «Песняры» прынялі ўдзел у здымках сямі мастацкіх фільмаў.

Сёння беларускі дзяржаўны ансамбль працягвае традыцыі, закладзеныя стваральнікам Уладзімірам Мулявіным. Пад кіраўніцтвам Рамана Козырава гурт папулярызуе культурную спадчыну Беларусі, а таксама захоўвае «залаты» песенны фонд, які застаўся ад першапачатковага складу.

Фрагмент выстаўкі.

Выставачны праект «Песняры-55» дае магчымасць паглыбіцца ў творчую дзейнасць знакамітага ансамбля, прасачыць этапы развіцця гурта, пазнаёміцца з хранаграфіяй музычных твораў. У экспазіцыі прадстаўлены архіўныя фотаздымкі, якія размеркаваны па тэматычных зонах, пачынаючы з юнацтва стваральніка гурта Уладзіміра Мулявіна. Таксама можна пазнаёміцца з матэрыяламі часопіса «Кругагляд», якія расказваюць пра гастролі вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Ключавое месца на выстаўцы займаюць арыгінальныя эскізы сцэнічных касцюмаў, самі сцэнічныя касцюмы, нотныя рукапісы, музычныя інструменты ўдзельнікаў гурта (саксафон, габой, сінтэзатар). У кожнай тэматычнай зоне размешчаны грамафонныя пласцінкі з QR-кодамі, з дапамогай якіх можна праслухаць знакамітыя кампазіцыі ансамбля. На выстаўцы таксама гучыць музыка ў выкананні гурта «Песняры», можна паглядзець урыўкі з розных выступленняў ансамбля. 

Экспазіцыя створана на аснове калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея пры садзейнічанні Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Музея У. Г. Мулявіна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.