Вы тут

Уладзімір Гаўрыловіч: Я ніколі не быў раўнадушны да жыцця...


Уладзімір Гаўрыловіч добра вядомы ў літаратурным асяроддзі. Аднак сёння падстава для гутаркі з гэтым творцам іншага кшталту — абранне яго дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь. Зразумела, без разваг і думак пра кнігі таксама не абышлося.


— Уладзімір Мікалаевіч, вы ўжо амаль дваццаць гадоў узначальваеце Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, стаялі каля яго вытокаў. Вы — аўтар больш за 35 мастацкіх кніг прозы, лаўрэат шматлікіх прэмій, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны, «Чалавек года Гомельшчыны — 2023» у намінацыі «Лідар». Здавалася, можна было б ужо «спачываць на лаўрах». Што прымушае рухацца далей, развівацца? Падштурхоўвае хтосьці з блізкіх ці гэта ваша ўнутраная ўстаноўка, такое выхаванне?

— З наскоку і не адкажаш... Відавочна адно: жыццёвы прыклад мне паказалі старэйшыя, якія далі ў дзяцінстве на гэта адпаведную ўстаноўку. 

Мой дзядуля-паляшук Ігнат Адамавіч Буякевіч меў два класы адукацыі. Усё жыццё працаваў на зямлі. Франтавік, які пасля Вялікай Айчыннай узначаліў знішчаны фашыстамі калгас, вучыў мяне, якой бы справай ні займаўся, аднаму: старанна працаваць. Не складаючы рук. Да знямогі, да сёмага поту. І ніколі не падводзіць людзей. Вучыў: абяцаў — зрабі, не можаш — не абяцай, шануй давер — людзі заўсёды падтрымаюць. Тады ніякія складанасці жыцця, што чакаюць наперадзе, а яны абавязкова будуць, як і ў любога пакалення, не спалохаюць.

Так, у маім жыцці быў прыклад чалавека, які замяніў мне бацьку (ён памёр, калі мне было адзінаццаць) і якога да глыбокай старасці і сыходу з жыцця надта паважалі аднавяскоўцы, раіліся з ім па любой нагодзе (у дзедавай хаце заўсёды было людна!), як зрабіць лепей, па сумленні. Не мне даваць сабе ацэнку, але ж стараюся быць падобным на дзеда Ігната, ён для мяне пэўны арыенцір, бо жыў для людзей. Але не ўсё адбілася з яго светапогляду ў маім характары, паводзінах, працаздольнасці, неабыякавасці да чужых страт, чалавечага болю... І, канешне, прыклад маці, Яўгеніі Ігнатаўны, якая была такой жа, падобнай на дзеда: з людзьмі раіла жыць па-добраму. Матуля не сядзела на месцы, усё шчыравала, бо прыйшлося паднімаць-выпускаць на шырокія прасторы жыцця, дапамагчы не памыліцца, абраць правільны кірунак чатыром асірацелым дзецям — двум сынам і дзвюм дочкам.

Быў і такі прыклад. У вёсцы з асаблівай павагай ставіліся да настаўнікаў. 

Я ж палюбіў урокі мовы і літаратуры Ганны Ігнатаўны Жыткавец. І, выбіраючы прафесію, дзякуючы ёй абраў няпросты шлях настаўніцтва. Вучыўся ў сталічным педінстытуце, вярнуўся працаваць на сваё турава-жыткавіцкае Палессе, у роднай школе замяніў нашу Ігнацьеўну (так звалі яе ў вёсцы), якая захварэла і пайшла на пенсію... Служыў у войску, працаваў настаўнікам, затым дырэктарам суседняй школы. Пасля — журналісцкі хлеб, рэдактарства ў «раёнцы». А паралельна — яшчэ і пісьменніцкі. 

— Які з іх самы цяжкі? 

— Адназначна пісьменніцкі... Тут я цалкам згодны з легендарным Віктарам Астаф’евым, які яшчэ ў 1990 годзе напісаў: «Писательский труд — беспрестанный поиск, сложный, изнурительный, доводящий порой до отчаяния. Лишь посредственности, привыкшей пользоваться „вторичным сырьем“, живется легко и вольготно. Я же <...> всякий раз со страхом приступаю к новой вещи, потом уже „разгоняюсь, вхожу“ в нее, пока не закончу, никакого покоя не знаю...» 

Гэтага спакою і я дзесяцігоддзямі не знаходжу. Цяжкая гэтая праца, відавочна, таму, што да пісьменніцкай справы я стаўлюся як да святой. Так мяне выхавалі: адносіцца ўвогуле да літаратуры як да падручніка жыцця. Іначай нельга нават браць у рукі аловак... Я ў гэтым і цяпер перакананы. 

Але ж тут ёсць і твая бяда як творцы. Хоць і пастаўлена апошняя кропка, і твор надрукаваны, цяпер павінна з’явіцца радасць на душы, што выказаўся (бывае, што адчуваеш сябе ў гэты момант поўнасцю спустошаным — усё аддаў чытачу!) — а тут нарастае перажыванне: ці ўсё зроблена як след? І галоўнае — ці не дарэмна адарваў яго, чытача (а ён жа цяпер не надта і шматлікі!) ад літаратуры сапраўднай, літаратуры найвышэйшага гатунку? Можа, я ім, нашым тытанам, сваёй «самадзейнасцю» ў нечым перашкодзіў? Як пісаў той жа Астаф’еў, ці маеш «на гэта права, падставы»? 

Гэта праўда: рэдка бываю задаволены тым, што напісаў. Перажываеш за кожнае выкарыстанае слоўца. Бо напісанае — тваё «дзіця». І табе несці адказнасць за яго ўсё жыццё. І гэта нейкі асаблівы, трывожны крыж. Цяпер, з узростам, а ў літаратуры я амаль чатыры дзясяцігоддзі, прыходзіш да высновы, што калі нешта і атрымлівалася напісаць ды карыснае зрабіць для той жа пісьменніцкай суполкі і грамадства, то толькі таму, што верыў: творчасць — гэта сапраўды нешта святое і людзям асабліва важнае. Без гэтай веры нельга быць літаратарам.

— Не кожны творчы чалавек захоча пайсці ў палітыку, займацца адказнай грамадскай дзейнасцю, бо гэта патрабуе часу, энергіі, энтузіязму. Што вамі кіравала, калі вырашылі вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь?

— Мабыць, тое, што я ніколі не быў раўнадушны да жыцця, да таго, што адбываецца вакол і што хвалюе людзей. 

А яно, жыццё, ніколі ж не было лёгкім... Мяне як грамадзяніна, педагога і журналіста не маглі не хваляваць афганскія падзеі (там ваявалі мае пагодкі), калі жудаснай радыеактыўнай хмарай накрыла нас чарнобыльская трагедыя, адабраўшы здароўе і перакрэсліўшы шчасце жыць на роднай зямлі тысячам беларусаў. А гарбачоўская неразумная перабудова? Яна не толькі спустошыла крамы, але і нарадзіла расчараванне ў душах ды новыя віды крыміналу. Ці страшны, нечаканы развал неабсяжнай краіны, якая дала мне, вясковаму сіраце (і не толькі мне!), усё неабходнае, каб набыць веды, жыць, працаваць, тварыць. Мая маладосць супала з няпростым фарміраваннем беларускай дзяржаўнасці пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, калі распачалося паэтапнае аднаўленне эканомікі і ўсіх жыццёва важных для незалежнай Беларусі сфер. Няпроста, але пакрысе ўзрастаў і матэрыяльны дабрабыт людзей, пра маю Радзіму сталі гаварыць як пра дзяржаву. Я ганарыўся гэтым! Сёння, перажыўшы многае, мы стварылі краіну вялікіх магчымасцей для любога чалавека, які — згадаю свайго дзеда! — старанна, самаадана працуе, дбае пра сваю сям’ю, пра свой род, які любіць і не здраджвае сваёй дзяржаве, зберагае яе гісторыю, культурны і нацыянальны код. 

На кожным этапе свайго жыцця, хоць і трохі пафасна гэта прагучыць, і я стараўся прынесці найбольшую карысць людзям. У педагогіцы перадаваў вопыт папярэдніх пакаленняў вучням, уплываў на іх густы і маральныя прынцыпы, выхоўваў патрыятычныя пачуцці, падказваў, як і мне некалі падказвалі старэйшыя, якую лепш выбраць дарогу. Чвэрць стагоддзя аддаў журналістыцы. І — як галоўны рэдактар — арганізацыі журналісцкай справы ў рэгіёнах. Шмат важнага дасягнута калектывамі, якія ўзначальваў, «Новага Палесся» і «Гомельскіх ведамасцей». Два дзясяткі гадоў працы кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі ў вобласці — гэта таксама няпросты шлях і пэўны досвед... 

Я шмат пісаў. Галоўны герой у журналісцкіх матэрыялах — просты, нераўнадушны чалавек, але са сваёй жыццёвай пазіцыяй. Здаралася, што за гэтую пазіцыю ён, чалавек працы, сумленны і шчыры, часам несправядліва меў праблемы. 

І я імкнуўся яго падтрымаць. Гэта не ўсім было даспадобы. Ад таго і я меў пэўныя «увещевания»: як так, галоўны рэдактар, а на баку «возмутителя спокойствия местного масштаба»? Але час расстаўляў усё па сваіх месцах: праўда мацнейшая за нешта надуманае. Дапамагчы простаму чалавеку «чалавекам звацца» не толькі друкаваным словам, але і жыццёвай парадай — асноўны напрамак маёй працы ў рэспубліканскай прафсаюзнай газеце, дзе на працягу васьмі гадоў набываў значны жыццёвы і прафесійны вопыт. 

У гэтыя дзесяцігоддзі напісаны і выйшлі з друку мае апавяданні, раманы, аповесці, якія не толькі пра слаўнае мінулае, але і пра чалавека стваральнай працы, які імкнецца жыць на грунце сваіх традыцый і звычаяў, пра яго перажыванні за будучыню той зямлі, на якой ён жыве, пра мары і памкненні.

Да апошняга часу не задумваўся над тым, каб пайсці ў палітыку, бо лічыў, што мая палітыка — гэта літаратура. Але тое, што адбылося ў нас у 2020 годзе, калі пры падтрымцы Захаду была спроба зламаць дашчэнту цяжкай працай выбудаванае мірнае жыццё, прымусіла мяне пераацаніць многае і найперш сувязь літаратуры з жыццём. Гэтая пераацэнка каштоўнасцей — неабходнасць абараняць сваю Маці-краіну, наш лад жыцця, нашы традыцыі, нашу духоўнасць і веру — пакладзена ў аснову адразу двух маіх апошніх раманаў «Па веры вашай» і «Любі бліжняга свайго...» І ў гэты самы час, калі калегі ад культуры вырашылі вылучыць мяне кандыдатам у дэпутаты парламента, хоць і не маю палітычнага вопыту, а толькі пэўныя жыццёвыя перакананні, я ім не мог сказаць, што не апраўдаю іх давер. І пайшоў на выбары.

— Якія, на вашу думку, патрэбны якасці, каб выбаршчыкі падтрымалі і паверылі ў цябе як лідара? 

— Быць не проста чалавекам, а, так скажам, «грамадзянска-ўсхваляваным» чалавекам. Паважаць захопленых  стваральнай працай, адданых Радзіме і народу, імкнуцца мець з выбаршчыкамі сугучнасць думак і пачуццяў.

— Якія пытанні і праблемы патрэбна вырашаць цяпер вам як дэпутату ў акрузе?

— У час агітацыйнай кампаніі выбаршчыкі агучылі шэраг канкрэтных праблем, якія іх турбуюць і патрабуюць неадкладнага вырашэння. Увогуле, запыты і сітуацыі розныя. Тое, з чым ужо сутыкнуўся, датычыцца камунальных пытанняў. Напрыклад, у адным з дамоў на пачатку вясны немагчыма было нават дакрануцца да батарэй ацяплення. Пажылыя людзі, каб заснуць, спалі з адкрытымі вокнамі. Праблему вырашылі. Але было б добра, калі б на яе адрэагавалі адразу, як толькі людзі звярнуліся ў адпаведную службу, а не тады, калі іх там не пачулі і жыхары вымушаны звяртацца па дапамогу ў іншыя інстанцыі, да свайго дэпутата. 

— Як часта плануеце сустракацца з людзьмі, наколькі такія сустрэчы важныя? 

— Сустрэчы ў працоўных калектывах, прыёмы ў акрузе, удзел у дзяржаўных, культурных мерапрыемствах — асноўныя формы ўзаемадзеяння дэпутата і выбаршчыкаў. Такая работа будзе ажыццяўляцца пастаянна ў адпаведнасці з рэгламентам Палаты прадстаўнікоў. 

Перакананы, штомесячныя сустрэчы вельмі карысныя. Як паўнамоцнаму прадстаўніку народа ў прадстаўнічым і заканадаўчым органе дзяржаўнай улады краіны мне важна чуць праблемы выбаршчыкаў, што называецца, з першых вуснаў і даносіць да іх заканадаўчыя ініцыятывы, якія разглядаюцца ў парламенце. 

— Не так даўно адбыўся Усебеларускі народны сход. Якія ў вас уражанні?

— Эпахальная падзея. Форум упершыню прайшоў у новым канстытуцыйным статусе. Шмат актуальных, разумных думак і прапаноў. На велізарнай дыялогавай пляцоўцы мы пачулі жыццесцвярджальны голас нашай роднай, любімай краіны. Абмеркавана мноства актуальных тэм. Найбольш значная — наша нацыянальная бяспека. Мы — мірныя людзі. Але не можам не рэагаваць на існуючыя пагрозы. Мы атрымалі канструктыўныя адказы на шэраг найбольш важных з іх. У тым ліку непасрэдна ад Прэзідэнта. Прынятыя дакументы даюць нам жыццёва важныя арыенціры, якія будуць вызначаць развіццё Беларусі ў найбліжэйшыя гады.

— Ці працуеце цяпер над літаратурным творам альбо пакуль адклалі пісьменніцкія справы з-за занятасці? Магчыма, статус дэпутата неяк паўплывае на вашу творчасць?

— Нядаўна надрукаваў дзве аповесці, звязаныя з нашым гераічным мінулым. Драматычная аповесць «Я таксама сын чалавечы» — пра лёс савецкіх ваеннапалонных у Бабруйскім дулагу № 131, якім выпала прайсці праз жудасныя пакуты 
і выпрабаванні, а аповесць «Пад покрывам нябёсаў» — пра лёс дзяцей, якія перажылі дзесяць страшных дзён у Азарыцкім лагеры смерці. Гэтыя кнігі — мая, як казаў Янка Брыль, «найвышэйшая пісьменніцкая справаздача перад народам».

 Толькі што распачаў працу над новым творам. Пра сучаснасць. Але першыя старонкі ўжо запатрабавалі ад мяне як пісьменніка і грамадзяніна асабліва глыбокага аналізу гістарычных падзей і чалавечых лёсаў... 

Наконт уплыву дэпутацкай дзейнасці на творчую працу, мяркую, што ў значнай ступені яна найперш пашырыць і абсяг маіх ідэйных даляглядаў, і надзённасць тэматыкі ўласнай літаратурнай дзейнасці. У любым выпадку, пры ўсёй напружанасці працы дэпутацтва творчасці не перашкода, а значнае дапаўненне, дадатковы вопыт.

Падрыхтавала Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.