Вы тут

Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння Марыі Багдановіч


Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння маці класіка беларускай літаратуры Марыі Апанасаўны Багдановіч. Мастацка-дакументальны выставачны праект «Мілая мая Марылька!», ажыццёўлены супрацоўнікамі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, дазволіў больш шырока асвятліць яе жыццё. Традыцыйна яна паўставала толькі ў адной, галоўнай сваёй ролі — жанчыны, што падарыла жыццё будучаму генію. Але ў экспазіцыі паўстала як дачка і вучаніца, сяброўка і каляжанка, чулая маці і жонка.


Марыя Багдановіч. Фатаграфія. Мінск. Да 1896 г. З фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Выстаўка «Мілая мая Марылька!» — сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Шчырыя словы ўдзячнасці дырэктару архіва Алене Макаранка за магчымасць прэзентаваць каштоўныя матэрыялы, якія тычацца сям’і Багдановічаў. Таксама вельмі хацелася пазнаёміць з вынікамі пошукавай і даследчыцкай працы навукоўцаў, супрацоўнікаў музея М. Багдановіча, архівістаў і нашчадкаў. Праца над стварэннем часовай экспазіцыі, прысвечанай Марыі Багдановіч, дазволіла супрацоўнікам музея прыадкрыць заслону некалькіх таямніц, пра іх распавядзём ніжэй.

На жаль, галоўная таямніца застаецца пакуль неразгаданай, — дата нараджэння Марылькі Багдановіч. Дзіўна, што любячы муж Адам Ягоравіч ва ўспамінах пра сына назваў толькі год — 1869, дадаўшы, што дату не памятае, але яна ёсць у яго паперах. Вялікі архіў А. Я. Багдановіча захоўваецца ў розных установах Беларусі, у тым ліку і ў мінскім музеі паэта, таму пошук працягваецца. Адзіная вядомая на сённяшні дзень дата, на якую мы арыентуемся, знаходзіцца ў адной са спраў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Запіс выяўлены архівістам Зміцерам Яцкевічам і апублікаваны ў яго брашуры «Радавод Максіма Багдановіча». 

Справа «Спіс пенсіянераў грамадзянскага ведамства за 1884-1889 гг.» дае пералік удоў, якім прызначалася пенсія ў сувязі са стратай карміцеля. Вядома, што бацька Марыі — Апанас Іванавіч Мякота памёр 12 студзеня 1878 года, пахаваны ў Ігумене (цяпер — г. Чэрвень), магіла захавалася. Пасля смерці мужа Таццяна Восіпаўна засталася без сродкаў для існавання. У справе пазначана, што пенсія прызначана «Мякоте, Губернского Секретаря, Смотрителя Игуменской городской больницы, вдове Татьяне — 21 р. 45 (1-78) и дочерям, родившимся: Стефании 28 Марта 1867, Марии 22 Февраля 1869, Александре 6 Ноября 1874, Анне 29 Августа 1876 — 21 р. 45 (1-78)». Мізерную пенсію атрымлівала Таццяна Мякота з дзецьмі з 1880 да 1883 гг., запіс у справе быў зроблены 5 студзеня 1885 года на падставе пасведчання за № 5777.

Запіс аб дні нараджэнні Марыі Мякота. 1869 г. З фондаў НГАБ

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца і яшчэ адна справа, якая тычыцца спробы атрымання Таццянай Мякота пенсіі ў 1883 годзе. 28 верасня яна звярнулася ў Мінскае губернскае праўленне з хадайніцтвам аб пенсіі за службу мужа, на жаль, яе просьба засталася без разгляду па прычыне адсутнасці аплаты. 4 лістапада з Ігуменскага павятовага паліцэйскага ўпраўлення былі дасланы гербавыя маркі, але Мінскае губернскае праўленне зноў не дало станоўчага адказу, а перанакіравала яе дакументы: «Так как из формулярного списка Губернского Секретаря Афанасия Мякото видно, что последнее время он служил под ведомством Минского Приказа Общественного Призрения в должности смотрителя Игуменской городской больницы, то препроводить в Минский Приказ Общественного Призрения прошение вдовы Мякото Татьяны Осиповой, о пенсии или пособии с приложениями на 22 листах». Шкада, што гэтая справа не захавалася (ці пакуль не выяўлена даследчыкамі), бо ў фармулярным спісе чыноўнікаў можна было знайсці звесткі і пра сямейнае становішча, і пра дзяцей з датамі нараджэння. Такім чынам, на сённяшні момант лічым, што Марылька нарадзілася 22 лютага 1869 года, але працягваем пошукі.

Вядома, што пасля смерці бацькі дзеці трапілі ў дзіцячы прытулак у Мінску. Як пісаў ва ўспамінах Адам Багдановіч, «она (Марыя. — І. М.) обратила на себя внимание попечительницы приюта губернаторши Петровой, которая взяла ее к себе в дом и посылала учиться в женское Александровское училище». У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі захоўваецца «Пасведчанне» Марыі Мякота аб заканчэнні 21 чэрвеня 1882 года Мінскага 3-х класнага жаночага вучылішча, згодна з якім яна атрымала выдатныя адзнакі па ўсіх прадметах і паказала выдатныя паводзіны. Падпісалі дакумент, сярод іншых, дырэктар вучылішчаў Мінскай губерні, інспектар Яўстафій Тарановіч, наглядчыца і настаўніца гэтага вучылішча Надзея Васкрэсенская. Фотаздымак Я. Тарановіча для выстаўкі перадала яго праўнучка, сябра музея Таццяна Мікалаеўна Дылько. 

Пра Н. Васкрэсенскую пісала ў лісце ад 27 жніўня 1944 года знаёмая сям’і Багдановічаў — Соф’я Эрнэстаўна Арнольдава (у дзявоцтве Буркоўская): «Марию Афанасьевну я первый раз видела в школе, в которой работала учительница Надежда Александровна, вологжанка, приехавшая вслед за Тимофеевым. Я бывала у неё на уроках. Она очень отличала за способности Марильку — приютскую воспитанницу». Таксама ў лісце паведамлялася, што настаўніца і далей спрыяла Марыльцы, спачатку ўладкавала боннай да родзічаў мінскага губернатара ў Санкт-Пецярбургу, а пасля дапамагла атрымаць стыпендыю для навучання ў Земскай настаўніцкай школе. Ігар Барынаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства РАН (Расія), адшукаў запіс аб падачы дакументаў: 7 чэрвеня 1886 года Мякота Марыя прадставіла «Копию с метр. свидет. и Свидетельство об оконч. курса».

Запіс аб прыёме дакументаў Марыі Мякота ў Санкт-Пецярбургскую земскую настаўніцкую школу. 1886 г. З фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва СПб

Соф’я Арнольдава добра ведала і Марыю (з часоў навучання яе ў вучылішчы), і Адама Багдановіча, бо разам настаўнічалі, ён — у 1-м Мінскім прыходскім вучылішчы, яна — у Астрашыцка-Гарадзецкай школе. Пасля Соф’я Эрнэстаўна паступіла ў фельчарскую школу ў Пецярбургу, тут таксама сустракалася з Марылькай. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца дакументы Марылькі часу яе навучання ў настаўніцкай школе, у тым ліку пералік сачыненняў і нават адно сачыненне з гэтага пераліку — «Сям’я ў справе выхавання дзяцей», спісы тэм па гісторыі, іншыя паперы. На адным з лістоў напісана некалькі радкоў рукою невядомай асобы: «Зачем говорили, что всегда бываете дома. Поверила вам, вот и не застала. На днях писала Над. А., если получили от нея известие, зайдите поделиться. С.Б.». Хто хаваўся за літарамі, супрацоўнікі не ведалі, загадка раскрылася, калі падчас стварэння выстаўкі апынуліся побач дакументы Марыі Мякоты і ліст Соф’і Арнольдавай (Буркоўскай).

Далей яна прыадкрывае таямніцу асабістага жыцця Марылькі: «Пробывши год бросила семинарию не держа экзаменов, увлекшись Адамом Егоровичем». Тут аўтар ліста крыху памылілася, Марыя пакінула настаўніцкую школу на трэці, апошні год навучання, пра што сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў архіве-музеі. 

28 жніўня 1888 года яна атрымала «Білет» з Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення на права пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі, выдадзены тэрмінам на адзін год. На адвароце гэтага дакумента ёсць пазнакі, дзе яна жыла — Аляксандра-Неўская частка, 2 участак, дом № 42, Лігаўскі двор (сёння — Лігаўскі праспект). 

Праз месяц, 3 кастрычніка 1888 г., яна атрымала «Пасведчанне» вучаніцы 3-га класа Санкт-Пецярбургскай земскай настаўніцкай школы. А ўжо 30 кастрычніка пад Мінскам адбылася вельмі важная падзея, зафіксаваная на адвароце білета: «Поименованная в билете сем дочь губернского секретаря Мария Афанасьевна Мякото повенчана мною с учителем 1-го Приходского Минского училища Адамом Егоровичем Богдановичем. Брак сей совершен в Приходской Хмарино-Городецкой Церкви Минского уезда ниже писанного числа. В этом с приложением Церковной печати удостоверяю. Сего 1888 года Октября 30 дня. Хмарино-Городецкой Церкви Священник Иоанн Пашкевич». 

І пайшло сямейнае жыццё Багдановічаў, з усімі яго радасцямі і бедамі, шчасцем і трагічнымі момантамі. Дзе пазнаёміліся Марылька і Адам, таксама пакуль невядома, а вось што каханне было, і вельмі моцнае, сведчыць іх ліставанне. Варта толькі паглядзець на звароты адзін да аднаго ў лістах, напрыклад, Адам — «дорогая Марилька», «милая», «дорогая моя детка», «любая детка». Марылька звяртаецца да мужа не менш пяшчотна: «дорогой Адамочка», «дороженький мой, любенький, лучший на всем свете Адамонька, солнышко мое золотое», «милый котик». Заўважаем, што яны клапоцяцца адно пра аднаго, непакояцца, калі ліставанне затрымліваецца: «Милая Марилька! Странно, что от тебя все писем нет, несмотря на мою просьбу, выраженную в последнем письме, чтобы ты писала почаще. 

Уж не случилось ли чего?» (ліст Адама Багдановіча, 18.07.1892), «Вчера мне что-то взгрустнулось: видно сказывается твое отсутствие и детей» (07.05.1895), «Дорогой Адамонька! Вот уже вторая неделя, как мы здесь, а от тебя нет ни одного письма. Я уже бог весть что думаю; здоров ли ты? или у тебя так мало времени, что некогда написать нам?» (ліст Марыі Багдановіч, 03.05.1894).

Ёсць у лістах і кпіны адно з аднаго, і папрокі, і рэўнасць, ён пазіцыянуе сябе больш адказным, сур’ёзным чалавекам, папракае жонку, што тая ўвесь час губляе ключы («у тебя ведь к этому способность»), сочыць за фінансавым бокам, і яна мусіць трымаць справаздачу, куды разышліся грошы: «теперь я тебе представляю счет куда я израсходовала столько денег: доктору 1 р. извозчику, кот. привез его, за два конца 50 коп. лекарства порошки 40 коп. другой раз доктору опять 1 р. микстура 40, мазь для глаза 20 коп...». Пералік даволі вялікі, утрымлівае нават самыя дробныя пакупкі, але гэта дазваляе нам уявіць, якія цэны былі ў Мінску ў 1895 годзе. Лісты — важная крыніца інфармацыі пра дзетак Багдановічаў, відаць, што для бацькоў яны — і шчасце, і адказнасць. Напрыклад, у адным з лістоў ад 22 мая 1895 года Марылька піша: «Сказать по правде я уже сильно по тебе соскучилась, а главное — без тебя страшно, страшна ответственность за детей, которая исключительно лежит на мне одной. Все боишься, чтобы не заболели, не простудились, не объелись, не заразились и т. п. и всего страшно».

Запіс аб вянчанні Марыі Мякота і Адама Багдановіча. 1888 г. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Марыя, канешне, перабольшвала, яна не была адна, у Вяззі побач была сястра Стэфа Секержыцкая, якая сардэчна сустрэла пляменнікаў, вызваліла лепшы пакой, пабяліла яго, падрыхтавала новыя сеннічкі для дзетак, спецыяльна для Максіма пякла булкі. 

У Мінску маладой сям’і Багдановічаў таксама дапамагалі: сёстры Адама — Магдаліна і Паўліна, яго калегі па працы і адначасова хросныя — Вольга Сёмава і Іван Пляхан. Не так даўно раскрылася цікавая гісторыя, якая звязана з адным партрэтам, які быў у сямейным альбоме Багдановічаў (цяпер у архіве-музеі). На фатаграфіі, зробленай у яраслаўскай фотамайстэрні А. Свяйкоўскага, — малады, прыгожы мужчына; на адвароце — подпіс, але нечытэльны, толькі год — 1909. Сакрэт раскрыўся, калі супрацоўнікі музея адшукалі нашчадкаў хроснага бацькі Максіма — Івана Сцяпанавіча Пляхана — і атрымалі электронныя копіі фотаздымкаў з сямейнага архіва.

Іван Пляхан. Фатаграфія. Яраслаўль. 1909 г. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Аказалася, што ён і ёсць той невядомы чалавек на фота з альбома Багдановічаў. Тое, што здымак зроблены ў горадзе на Волзе, падкрэслівае: сяброўскія стасункі працягваліся, нават калі Адам Ягоравіч і Іван Сцяпанавіч ужо жылі за сотні кіламетраў адзін ад аднаго. У іх лёсах можна знайсці многа агульных кропак і перасячэнняў: навучанне ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, праца на ніве адукацыі, кардынальная змена прафесійнай сферы і, на жаль, сямейныя трагедыі. У І. Пляхана пры родах памерла жонка, як вядома, пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці сур’ёзна захварэла Марыя Багдановіч. У адным з апошніх лістоў у жніўні 1896 года яна пісала родным: «Целую всех вас, милые мои, хорошие, славные. Скоро увидимся». Яна паспела яшчэ пабачыць свайго любага Адама, сынкоў-сакалкоў і маленькую Ніначку, перш чым адышла ў іншы свет. А мы сёння згадваем прыгожае, яркае жыццё Марылькі, якое пачалося 155 гадоў таму...

Ірына МЫШКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».