Вы тут

Выстаўка «Сны аб Беларусі» размешчана ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Ілюстраваць кнігі, асабліва дзіцячыя, — удзячная справа. Калі малявальшчык дамогся ўвагі маленькага чытача ці падлетка, добрым словам яго будуць успамінаць усё жыццё. Гэта не перабольшанне: малюнкі, убачаныя ў патрэбны час, пэўным чынам уплываюць на асобу. Шмат пазней мы заўважаем у іншых творах выяўленчага мастацтва знаёмыя матывы, аддаём перавагу характэрным каларыстычным рашэнням ці прыязна ставімся да вядомых сюжэтаў. 


«Споведзь сэрца» (ілюстрацыя да твора Антона Бялевіча), 1978 г.

І з якімі радасцю і хваляваннем дарослы чалавек трымае ў руках неаднойчы прачытаны ў дзяцінстве зборнік казак або раман — у гэты момант ён, мусіць, разумее неацэннасць першакрыніцы... У пэўным сэнсе гэта цуд, і стварае яго ў тым ліку таленавіты ілюстратар. Сярод беларускіх аўтараў, якія працавалі ў гэтым кірунку, чытачы і аматары мастацтва вылучаюць Васіля Шаранговіча — шматграннага творцу і прадаўжальніка найлепшых традыцый айчыннай графікі і жывапісу. 

Да 8 верасня ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна ўбачыць выстаўку народнага мастака «Сны аб Беларусі». Яна прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча. Так, у экспазіцыю ўвайшлі не толькі знакамітыя творы, прысвечаныя літаратурным сюжэтам славутых аўтараў, але таксама работы на тэму вайны і партрэты, пейзажы, у якіх выяўлена любоў да Радзімы. «Заўсёды стаяў цвёрда на роднай зямлі, якая праз Богам адпушчаны час і прыме мяне ў свае цёмныя абдымкi, але заўсёды, як у словах Янкi Купалы, будуць сніцца мне „сны аб Беларусі“», — гэтыя словы Васіля Шаранговіча падказалі арганізатарам назву выстаўкі. 

Цэнтральнае месца на выстаўцы займаюць арыгіналы ілюстрацый да твораў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сярод экспанатаў — малюнкі да паэмы «Новая зямля». Гэтая графіка ўвайшла ў экспазіцыю дзякуючы супрацоўніцтву бібліятэкі з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. У яго фонды ўваходзіць 95 ілюстрацый да знакамітага твора народнага паэта. Як расказала падчас адкрыцця выстаўкі галоўны захавальнік фондаў і праўнучка пісьменніка Васіліна Міцкевіч, у мастака былі добрыя стасункі з музеем: 

«Партрэт паэта Уладзіміра Дубоўкі» (серыя «Сябры і аднадумцы»), 2016 г.

— Працуючы над сваімі работамі і чытаючы творы Якуба Коласа, Васіль Шаранговіч часта ўспамінаў сваё дзяцінства. Думаю, менавіта таму ён ствараў гэтую серыю з такой любоўю. Гэта адны з самых прыгожых ілюстрацый паэмы, якія ёсць у фондах нашага музея. Штогод мы выстаўляем работы, аднак усе 95 твораў яшчэ ніколі не прэзентавалі. Думаю, з цягам часу гэта стане магчымым. 

Дастаткова ўвагі на выстаўцы арганізатары надалі жывапіснай спадчыне майстра. Так, змешчаны аўтапартрэт 2003 года: мастак у задуменні стаіць каля расчыненага акна, а у ім — Мінск з вышыні шматпавярховіка. У іншай частцы экспазіцыі можна ўбачыць даволі познія палотны, датаваныя 2016 годам, — «Галіна. Партрэт жонкі» і «У майстэрні. Дачка Наташа». Побач — «Бацькі» (з серыі «Мядзельцы» 2017 года). У гэтых ды іншых карцінах счытваецца замілаванне аўтара тымі, з кім крочыў па жыцці, павага і вечная  любоў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.