Вы тут

Конкурс «Звязды» працягваецца


Ужо падведзены вынікі мінулагодняга сезона конкурсу апавяданняў «Звязды», уручаны ўзнагароды пераможцам. Мы папрасілі вядучую гэтага адмысловага праекта — пісьменніцу, намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Алеся» Алену Брава нагадаць умовы літаратурнага спаборніцтва і пацікавіліся, якіх твораў чакае газета ў новым сезоне.


Алена Брава

— Алена Валер’еўна, якія патрабаванні да апавяданняў, што дасылаюцца на конкурс, вы вылучылі б сярод галоўных? 

— Перш за ўсё гэта павінен быць мастацкі твор. Апавяданні могуць быць у рэалістычным рэчышчы, так званы «нон-фікшн», фантастыка, наватарская проза, можа распрацоўвацца дэтэктыўны сюжэт і г. д. Галоўнае — арыгінальнасць і адпаведны літаратурны ўзровень, цікавая чытачу праблематыка. Падкрэслю: гэта павінна быць ме¬навіта апавяданне (не эсэ, не твор публіцыстыкі), бо часам мы атрымліваем тэксты, жанр якіх не адпавядае фармату конкурсу. 

Таксама важна не перавышаць памер у 10–12 тысяч знакаў (з прабеламі), гэта аб’ём газетнай паласы, бо часам ад аўтараў-пачаткоўцаў прыходзяць работы, якія па колькасці старонак цягнуць на аповесць. Мне асабіста хацелася б убачыць сярод работ конкурсу больш узораў кароткай прозы — глыбіню думак у сціслай форме. Да разгляду прымаюцца апавяданні, якія раней нідзе не друкаваліся. 

— А ці могуць дасылаць свае творчыя работы ранейшыя ўдзельнікі конкурсу? 

— Так, многія аўтары менавіта так і робяць. Творчы імпэт і любоў да слова самі па сабе заслугоўваюць павагі. Нярэдка дасылаюць свае новыя апавяданні вядомыя творцы — лаўрэаты мінулых сезонаў. Лічу гэта выдатнай практыкай: перш чым тэкст увойдзе ў кнігу, ён пабачыць свет у газеце, атрымае чытацкія водгукі. 

Што датычыцца маладых аўтараў, то для іх удзел у «звяздоўскім» конкурсе — выдатная пляцоўка для творчага росту. Конкурс традыцыйна лічыцца сярод літаратараў прэстыжным. На мой погляд, да пераможцаў можна аднесці ўсіх, чые апавяданні ўбачылі свет на старонках гэтага грамадска-палітычнага выдання, якое чытаюць ва ўсіх гарадах і вёсках Беларусі. Такому твору забяспечана ўвага шырокага кола чытачоў. А хіба не гэта ёсць самае важнае для пісьменніка? 

— Нагадайце, калі ласка, па якім адрасе дасылаць творы на конкурс. 

— На электронную пошту іnfо@zvіаzdа.bу альбо на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, Мінск, 220013. Пазначце ў тэме пісьма «На літаратурны конкурс» і дадайце, калі ласка, звесткі пра сябе: сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, адрас электроннай пошты, кантактны тэлефон. Калі вы толькі пачынаеце свой шлях у літаратуры — напішыце некалькі сказаў пра сябе. Найлепшыя з дасланых мастацкіх тэкстаў убачаць свет на старонках «Звязды». Падвядзенне вынікаў адбудзецца на пачатку 2025 года. Так што часу яшчэ шмат, але ўсё ж не варта чакаць апошніх тыдняў года, каб даслаць свой твор, — па зразумелых прычынах рэдакцыі складана апублікаваць шмат апавяданняў адначасова. Чакаем новых твораў як ад прафесійных літаратараў, так і ад тых, хто робіць першыя спробы пяра. 

Агата СЛАВІНА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».