Вы тут

Сергеенка правёў прыём грамадзян у Паставах


Напрыканцы мінулага тыдня Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка з рабочым візітам наведаў Пастаўскі раён. У якасці дэпутата ад Пастаўскай выбарчай акругі № 29 ён правёў першы асабісты прыём грамадзян у мясцовым райвыканкаме.


Фота: БелТА

Жыхар Пастаў звярнуўся з пытаннем аб магчымасці выкарыстання мотабуксіроўшчыка на возеры Нарач у перыяд зімняй рыбалкі. Мужчына адзначыў, што летам у аматараў «ціхага палявання» такое права ёсць. Ігар Пятровіч адказаў, што зона, у якой знаходзіцца Нарач, адносіцца да асабліва ахоўных тэрыторый, па якіх забаронена перамяшчэнне механічных транспартных сродкаў. Ён паабяцаў вывучыць пытанне дадаткова і адказаць заяўніку.

Адразу два чалавекі звярнуліся з праблемай нестыкоўкі па назначэнні пенсіённага забеспячэння. У прыватнасці, заяўнікі ў перыяд з 1992 да 1993 года праходзілі службу ў ракетных войсках СССР, якія размяшчаліся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Калі прыйшоў час падлічваць стаж для пенсіі, аказалася, што два гады ў арміі не залічыліся ў агульны стаж. Але вырашыць гэту праблему нельга: па заканадаўстве той перыяд адносіўся да Расіі, а не Беларусі.

Яшчэ адзін заяўнік пачаў размову не з праблем, а з віншаванняў у бок Старшыні Палаты прадстаўнікоў з нагоды перамогі на выбарах. А яшчэ мужчына папрасіў ад імя ўсёй Пастаўскай грамадскасці арганізаваць для актывістаў паважанага ўзросту экскурсію ў сталічны Палац Незалежнасці і падкрэсліў, што многім яго аднадумцам было б цікава, як і раней, папрысутнічаць на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў і сустрэчах з дэпутатамі розных пакаленняў. Ігар Пятровіч адзначыў, што гэта ініцыятыва вельмі добрая і абавязкова будзе падтрымана.

Жыхар Пастаў падзяліўся сваёй асабістай гісторыяй і расказаў, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ён прымаў удзел у ліквідацыі яе наступстваў. У якасці агранома ён з калегамі знаходзіўся ў забруджанай зоне і займаўся вапнаваннем зямлі. Доўгі час мужчына імкнецца дабіцца «чарнобыльскіх ільгот», аднак, як высветлілася, адпраўка аб накіраванні мужчыны ў камандзіроўку ў архіве ёсць, а справаздача аб тым, што ён сапраўды працаваў у зоне, — не. Аказалася, што і тэрыторыя, дзе працаваў аграном, не ўваходзіць у зону льгот.

З пытаннем аб высечцы блакітных елак звярнулася жанчына пажылога ўзросту. Справа ў тым, што ў вёсцы Казлоўшчына пахаваны яе бацька, удзельнік грамадзянскай вайны. На могілках калісьці было пасаджана шмат такіх дрэў. З цягам часу людзі іх ліквідавалі, а тры елкі засталіся. Насенне і іголкі з іх сыплюцца на магілу бацькі заяўніцы, у сувязі з чым яна просіць спілаваць дрэвы. У сельсавеце адзначылі, што гэтыя блакітныя елкі 30 гадоў таму садзіў на грамадзянскіх могілках легендарны ксёндз Булька і тры дрэвы, якія засталіся, з’яўляюцца для многіх жыхароў і турыстаў мясцовай славутасцю. Тым больш што дрэвы не ў аварыйным стане і не нясуць небяспекі. Ігар Сергеенка паабяцаў заяўніцы, што сельсавет сумесна са школьнікамі будуць рэгулярна наводзіць парадак на могілках, бо жанчыне ў сувязі з узростам цяжка часта бываць у Казлоўшчыне.

На прыём таксама звярталіся людзі з праблемамі зямельных спрэчак паміж суседзямі, прыватызацыі кватэры, пытаннем аб дзяржаўнай падтрымцы на будаўніцтва дома для шматдзетнай сям’і, капітальнага рамонту шматкватэрнага дома і інш. Адметна, што не было ні аднаго наракання на стан дарог, а гэта значыць, што мясцовыя ўлады сумесна з дарожнікамі працуюць у Пастаўшчыне выдатна.

«Ёсць шэраг пытанняў, якія адрэгуляваны нашым заканадаўствам, але людзі прыходзяць у надзеі што-небудзь змяніць. Вядома, так гэтае пытанне вырашана быць не можа. Калі гэта звязана з нейкімі нестыкоўкамі, скажам так, заканадаўства, то тут неабходна разабрацца, паглядзець і дапамагчы. Зразумела, што частка пытанняў вырашаецца на мясцовым узроўні — так і павінна быць, асабліва тыя пытанні, якія датычацца менавіта зямлі. Для гэтага сёння цалкам створана нарматыўная база, каб падобныя пытанні вырашаць на месцах», — падвёў вынікі Ігар Сергеенка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

г. Паставы

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.