Вы тут

На Любаншчыне працуе фотавыстава вядомага журналіста «Звязды»


«Гартаю старонкі старых блакнотаў, разглядаю фотаздымкі. Перад вачыма паўстае тое, што шмат гадоў таму адлюстравалася на фотастужках. З рэдакцыйнымі заданнямі не раз бываў у Любані, у вёсках гэтага маляўнічага края, на партызанскім востраве Зыслаў. Не ведаю, ці памятаюць мяне людзі, з якімі мне давялося тут пазнаёміцца. Але я (варта адкрыць толькі старонкі фотаархіва) адразу ўзгадваю твары субяседнікаў і нібы чую іх галасы», — так цёпла і шчыра выказаўся вядомы фотажурналіст газеты «Звязда» Яўген Пясецкі.


Яго здымкі гэта цэлая гісторыя, шматгранная і захапляльная. У ёй арганічна пераплецены краявіды дзіўнай прыгажосці, знакавыя падзеі рэчаіснасці, незвычайныя лёсы суайчыннікаў. Нават цяжка ўявіць і падлічыць, колькі іх накоплена за амаль 60 гадоў прафесійнай і творчай дзейнасці?! Але прыемна, што пачэснае месца займаюць фотаработы, прысвечаныя Любаншчыне: легендарнаму востраву Зыславу, апетай Купалам рэчцы Арэсе, жыхарам-жыццялюбам і рупліўцам, слыннаму земляку Івану Муравейку, мужным абаронцам Айчыны... І яны прасякнуты асаблівай энергетыкай, незвычайным каларытам.

У тым, да слова, змаглі ўпэўніцца ўсе, хто завітаў на ўрачыстае адкрыццё рэтраспектыўнай фотавыстаўкі пад мілагучнай назвай «Край славы партызанскай, край святой любові», што падрыхтавана ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў да 75-годдзя таленавітага творцы. Мерапрыемства прайшло ў душэўнай атмасферы. Загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец, краязнаўца Анатоль Вялічка, супрацоўнік музея народнай славы Сяргей Квіткевіч, якія не раз сустракаліся з Яўгенам Пясецкім і не першы год супрацоўнічаюць, прыгадалі цікавыя моманты іх сумесных вандровак, сустрэч, размоў.

Распавялі пра майстэрства Яўгена Пясецкага, як яго часта называюць, старажыла фотажурналістыкі, паэтызаваць уласныя здымкі і пра тое, што ён з’яўляецца заснавальнікам рубрыкі «Фотаслова», аўтарам зборніка «Кола дзён», у якім кожны верш напоўнены любоўю да роднай старонкі, павагай да яе працавітых людзей, пяшчотай да ўсяго жывога на зямлі. Асобныя творы, дарэчы, прагучалі — іх эмацыянальна і пранікнёна, па-дзіцячы шчыра прачыталі юныя акцёры, вучні Любанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Падсумоўваючы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Аляксеева адзначыла: «Багатая творчая спадчына майстра сведчыць: чалавек ён плённы і нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца вакол. Праз прызму аб’ектыву і з дапамогай цудадзейнага слова ён захаваў у памяці хроніку штодзённага жыцця многіх рэгіёнаў Сінявокай, і ў тым ліку Любаншчыны, краю славы партызанскай. Яўген Пясецкі валодае асаблівым талентам — бачыць незвычайнае ў звычайным. Умее не толькі захапляцца тым, што акаляе, але і адлюстроўваць гэта ў сваіх творах і фотаздымках. Нездарма яны кранаюць душу і сэрца, нібы няктар, насычаюць асалодай і цеплынёй. З’яўляюцца выдатным пасылам для ўсіх нас — радавацца таму, што побач, цаніць гэта, захоўваць, каб пакінуць пасля добры след».

«Цудоўную фотавыставу адкрылі ў сераду ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў. На ёй паказаны кнігі, рэпрадукцыі з часопіса «Родная Прырода». Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства — Анатоль Вілічка — настаўнік гісторыі і краязнаўца. Ён у добрай і даўняй сувяззю з «Звяздой», наш аўтар. Было вельмі прыемна, калі дзеці на памяць чыталі мае вершы. Асобна хацелася б падзякаваць галоўнаму арганізатару і ініцыятару фотавыставы Васілю Сцяпанавічу Каткаўцу», — распавёў Яўген Пясецкі.

«Мы вырашылі зрабіць фотавыставу «Край славы партызанскай, край святой любові» ў сувязі з 75-годдзем Яўгена Пясецкага, — распавёў загадчык тэатральнага аддзела Любанскай дзіцячай школы мастацтваў, рэжысёр узорнага дзіцячага тэатра «Летуценнікі» Васіль Каткавец. — У першую чаргу, яна прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На фотавыставе прадстаўлены 10 аддзелаў, у якіх ілюстраваны фатаграфіі Яўгена Віктаравіча. Мы якасна аформілі паэтычную кампазіцыю, запрасілі ўсіх , хто мае дачыненне да творчасці Пясецкага».

Васіль Каткавец падкрэсліў, што ў іх з Яўгенам Пясецкім наладжана цеснае і сяброўскае супрацоўніцтва. «Вось ужо на працягу 25 гадоў мы сустракаемся на розных мерапрыемствах, разнастайных акцыях, сумесных творчых праектах. Яўген Пясецкі зрабіў вельмі багаты матэрыял па Любаншчыне. Цэлых пяць рэпартажаў прысвяціў ён гісторыі вострава Зыслаў і яго абаронцам».

У суровую зіму 1943-га «Звязда» аднавіла свой выхад пасярод Любанскіх балот, у партызанскай зоне на востраве Зыслаў, з усіх бакоў акружаным ворагам. Там, у нетопленых зямлянках, не абсталяваных сялянскіх дамах, гаспадары якіх часова прытулілі ў сябе газетчыкаў, з кожным выпускам звяздаўцы ўслаўлялі подзвігі партызан, натхнялі насельніцтва на барацьбу з фашыстамі. У партызанскай зоне было выпушчана 105 нумароў газеты! Гасцінная Любанская зямля, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны прытуліла нашых папярэднікаў, да гэтага часу захоўвае некаторыя артэфакты, звязаныя з гісторыяй «Звязды». У першую чаргу гэта легендарны востраў Зыслаў, дзе выдавалася газета. У 2017 годзе там адзначылі чарговы юбілей выдання.

Многія фотаздымкі выставы аб’яднаны па тэматыцы. Яны распавядаюць пра працоўныя будні Любаншчыны, пра яе знакамітых землякоў: партызанскіх камандзіраў, герояў мірнага працоўнага фронту, дзеячаў культуры. Выставачны праект заснаваны на багатым матэрыяле фотадакументалістыкі, рэпартажных замалёвак, паэтычнага слова.

«Гэта не проста фотавыстава, але і цэлы паэтычны ўрок для школьнікаў, бо ў Яўгена Пясецкага сапраўды багатыя, духоўныя вершы, — перакананы Васіль Каткавец. — Выстава будзе працаваць на працягу ўсяго лета. Нашы педагогі будуць распавядаць пра Любанскі край і адлюстроўваць яго багатую гісторыю праз фотавыставу Яўгена Віктаравіча. Дарэчы, тут прадстаўлены не толькі фатаграфіі, але і жывыя выразкі з газеты «Звязда» і часопіса «Родная прырода».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

фота Голас Любаншчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».