Вы тут

Які наш спорт сёння?


У спорце ёсць прынцып «чым складаней, тым цікавей». Цікава адолець моцнага саперніка, азарту дадае відавочная перавага апанента, больш цэніцца медаль, заваяваны ў высокай канкурэнцыі. Але, як паказвае жыццё, такі прынцып працуе ў асноўным толькі на спаборніцтвах. Калі два гады таму беларускіх спартсменаў адхілілі ад міжнародных стартаў, наўрад ці нехта думаў, што будзе складана, але цікава. Усіх апанавала разгубленасць — уявіць спорт без міжнародных стартаў было немагчыма. Праз два гады лягчэй, можа, і не стала, але нельга сказаць, што сёння ў спорце нецікава. І не толькі таму, што некаторыя віды ўсё ж такі вярнуліся на міжнародную арэну, а спартсмены вяртаюцца дадому не з пустымі рукамі. Сам спорт за гэтыя два гады змяніўся. А ў чым сутнасць гэтых змяненняў, да чаго яны прывядуць у будучыні, на што варта звярнуць увагу, абмеркавалі ўдзельнікі Нацыянальнага форуму атлетаў, які прайшоў у Нацыянальным алімпійскім камітэце ўжо чацвёрты раз. Які наш спорт сёння, разам з удзельнікамі форуму разбіралася і «Звязда».


Спорт застаецца сілай, якая аб’ядноўвае

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт. Мы бачым прыняцце несправядлівых рашэнняў у адносінах да нашых краін, да нашых спартсменаў. Мы назіраем, як зневажаюцца прынцыпы алімпізму. На жаль, гэта так. Але галоўнае — спорт працягвае заставацца сілай, якая аб’ядноўвае. Яскравы прыклад гэтага — супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Паглядзіце на наш насычаны міжнародны каляндар, магчымасць правядзення супольных спаборніцтваў і збораў. Нашы спартсмены, пачынаючы ад дзяцей і заканчваючы прафесіяналамі, нас матывуюць. У нашым характары — беларускіх і расійскіх спартсменаў — калі нас спрабуюць ціснуць, мы становімся толькі мацнейшымі, злейшымі. І тым ярчэйшымі будуць нашы перамогі», — заявіў Віктар Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі падчас адкрыцця Нацыянальнага форуму спартсменаў.

Па словах прэзідэнта Алімпійскага камітэта Расіі Станіслава Пазнякова, адна з галоўных задач уведзеных санкцый супраць беларускага і расійскага спорту — разбурыць асновы паспяховай спартыўнай сістэмы, дэматываваць алімпійцаў, якія працягваюць кар’еру, пазбавіўшы іх міжнародных спаборніцтваў. У прынцыпе, зрабіць бессэнсоўнымі заняткі спортам вышэйшых дасягненняў на нацыянальным узроўні. «Дасягнуць гэтых мэт нашым апанентам не ўдалося. У першую чаргу дзякуючы спартсменам і трэнерам, іх устойлівасці і цярпенню, прыхільнасці прафесіі, — канстатаваў ён. — Відавочна, што гэтая сітуацыя мае часовы характар. Але, на жаль, яна ўплывае на лёсы і кар’еры спартсменаў. Усе гэта цудоўна разумеюць. Таму цяпер важна папоўніць тыя страты, якія нясуць нашы спартсмены з-за палітызаваных рашэнняў заходніх арганізацый».

Рэктар Расійскага міжнароднага алімпійскага ўніверсітэта Леў Белавусаў заўважыў, што гісторыя развіваецца па спіралі, і гісторыя алімпізму не выключэнне. «Калі П’ер дэ Кубертэн ствараў алімпійскі рух, ён казаў, што спорт па-за палітыкай. Але мы бачым, што ўсё ХХ стагоддзе палітыка ўмешвалася ў алімпійскі рух», — сказаў ён. Як прыклад рэктар прывёў Алімпійскія гульні 1936 года, пасля якіх МАК прасіў прабачэння за тое, што праводзіў Алімпіяду ў фашысцкай Германіі. ЗША байкатавала Алімпійскія гульні 1980-га года па палітычных матывах, як і СССР у 1984-м. Разам з тым, як заўважыў Леў Белавусаў, алімпійскі рух пры гэтым развіваўся і пашыраўся: «Чаму? Бо алімпійскія каштоўнасці невыпадковыя, універсальныя. І гэты перыяд палітычнай турбулентнасці ў спорце пройдзе, наступіць перыяд, калі сённяшнім спартсменам трэба будзе прымяніць атрыманыя цяпер веды і ўменні. Кубертэн быў ідэалістам. Але мы рухаемся да рэалізацыі яго мары. Спорт будзе па-за палітыкай, абавязкова. Аднак для гэтага мы павінны зрабіць нямала. Мала хто з дзеючых спартсменаў задумваецца аб тым, што ён будзе рабіць пасля заканчэння спартыўнай кар’еры. Аднак галы, ачкі, секунды застануцца ў мінулым, а веды, уменні, навыкі будуць з вамі заўсёды, і вы зможаце выкарыстоўваць іх для развіцця масавага спорту, спорту вышэйшых дасягненняў, прасоўвання алімпійскіх каштоўнасцяў у якасці спартыўных кіраўнікоў».

Кожны спартсмен і трэнер у гэты час набывае розныя навыкі і ўменні. Але за гэтыя два гады каштоўныя веды набыла спартыўная сістэма ў цэлым. Санкцыі, зразумела, паўплывалі на спорт і ў Беларусі, і ў Расіі, але акрамя праблем яны прынеслі і станоўчыя аспекты. Спынімся на іх падрабязней.

Дзіцяча-юнацкі спорт — прадукт найперш сацыяльны

Алімпійскі чэмпіён, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч нагадаў, што адной з перасцярог два гады таму было тое, што ў дзяцей забралі мару і мэту падняцца на п’едэстал, бо з адхіленнем гублялася ролевая мадэль чэмпіёна, якая прывяла ў спорт нямала дзяцей. Але, паводле яго слоў, сёння зразумела, што гэты страх разбіўся. Санкцыі падштурхнулі да таго, што больш увагі сталі аддаваць дзіцяча-юнацкаму спорту.

«Наша галоўная задача цяпер — стварыць для спартсменаў канкурэнтнае асяроддзе і далей развіваць нашых дзяцей. Мы не павінны забываць, што прафесійны спорт — гэта вяршыня айсберга. А ў цэлым спорт — сацыяльны прадукт, накіраваны на развіццё нашых дзяцей, аздараўленне нацыі. Для прафесійных спартсменаў дзяржава зробіць усё і нават больш, падставіць плячо кожнаму. Але наша задача таксама — не забывацца пра дзяцей і падлеткаў. Сёння мы звярнулі на гэта больш увагі», — падкрэсліў Аляксандр Багдановіч.

Самыя яркія прыклады ў гэтым пытанні — праекты «Дзеці Азіі» і «Дзеці Прымор’я». У 2023 годзе беларускія спартсмены заваявалі 11 медалёў на зімніх гульнях «Дзеці Азіі» ў Кузбасе. Летам мінулага года юныя спартсмены з Беларусі ўзначалілі медальны залік І летніх гульняў «Дзеці Прымор’я», заваяваўшы на гэтым форуме 37 медалёў. Зімовыя «Дзеці Прымор’я» сёлета прывезлі дадому 13 узнагарод. Аднак зусім не колькасць медалёў галоўнае на такіх стартах. Найперш гэта турніры дзеля досведу саміх спартсменаў. У гэтым узросце надзвычай важная спаборніцкая практыка. Сёння многія юныя беларускія спартсмены яе пазбаўлены. Таму «Дзеці Азіі» і «Дзеці Прымор’я» — добрая падмога для спартыўнага рэзерву Беларусі. Тым больш, калі казаць пра зімовыя віды, то ў іх заўсёды расійскія спартсмены былі сярод найлепшых. Такім чынам, беларусы з самага пачатку кар’еры спаборнічаюць з наймацнейшымі. Няхай «Дзеці Азіі» — гэта не чэмпіянат свету ці Еўропы. Яны не заменяць і Юнацкіх алімпійскіх гульняў (ад якіх беларусы абуральна адхіленыя). Але досвед, атрыманы хлопцамі і дзяўчатамі, застанецца з імі назаўсёды.

Спорт рэальны і віртуальны

Спорт за гэтыя два гады ўзбагаціўся новымі кірункамі і формамі, нават рэвалюцыйнымі. Самы красамоўны прыклад — «Гульні будучыні», якія ў лютым прайшлі ў Казані. Турнір аб’яднаў рэальны і віртуальны спорт. Беларусы яго, зразумела, не абмінулі. Чэмпіёнамі спаборніцтваў у віртуальнай велагонцы сталі Ганна Церах, Таісія Насковіч, Яўген Собаль і Міхаіл Шаметаў. У рамках «Гульняў будучыні» прайшлі спаборніцтвы па фіджытал-хакеі. Спачатку спартсмены гулялі ў віртуальны хакей на адпаведным сімулятары, а затым выйшлі на лёд. Вынік сустрэчы вызначаўся па суме закінутых на пляцоўцы шайб і галоў з матчаў у віртуальнай рэальнасці. Усяго ў хакейных спаборніцтвах ўзялі ўдзел восем каманд з пяці краін. У трох расійскіх клубах выступалі гульцы з Беларусі, далей за ўсіх па сетцы прабраўся калектыў COSMOS X17, колеры якога абаранялі нашы Дзмітрый Нікалаеня і Арцём Несцераў. У выніку каманда заняла другое месца. У турніры па фіджытал-адзінаборствах прынялі ўдзел восем каманд, складзеных з чатырох спартсменаў розных вагавых катэгорый. Кожны бой складаўся з двух этапаў: лічбавага (на гульнявой прыстаўцы) і фізічнага (у рэальным актагоне). Беларус Аляксандр Кавалёў выступаў у інтэрнацыянальнай камандзе GOR Unіon. 

У выніку каманда заняла другое месца. Ілья Літвінюк, Арцём Давідовіч, Дзмітрый Сакалоўскі і Дзяніс Мішкін у складзе каманды Solnce занялі трэцяе месца ў спаборніцтвах па гульні «Свет танкаў».

Нямногім такі фармат спартыўных спаборніцтваў прыйшоўся даспадобы. Але калі нешта новае і нязведанае ўсе сустракалі сардэчна? Галоўнае, што сёння рэалізоўваюцца ідэі, пра якія раней нават і марыць не маглі. На гэтым тыдні Міністэрства юстыцыі зарэгістравала грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя фіджытал-спорту». На сайце Мінюста ўказана, што грамадскае аб’яднанне створана для папулярызацыі сярод насельніцтва, падлеткаў і моладзі фіджытал-спорту як масавага віду. Яго дзейнасць накіравана на павышэнне адукацыйнага ўзроўню падлеткаў і моладзі, для асваення імі найноўшых прыкладных інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій. Праўда, пакуль незразумела, як будзе выбудавана гэта работа, бо камп’ютарны спорт (які, па сутнасці, адказвае за віртуальную частку фіджытала) у нашай краіне афіцыйна не прызнаны. Аднак галоўнае — не спыняцца.

Будуць зоркі спорту — будуць аматары на трыбунах

Трэба шчыра прызнаць, што да ўвядзення санкцый аматары не надта цікавіліся ўнутранымі чэмпіянатамі, хапала навін аб выступленні беларусаў на міжнародных стартах. Але тэндэнцыя змяняецца, усё больш людзей наведваюць свае турніры. І там сапраўды ёсць, што паглядзець. 

У трэцім матчы «залатой серыі» чэмпіянату Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд упэўнена лідзіраваў «Мінск». Роўна да таго моманту, пакуль гулец «Гродна-93» Данііл Барысевіч пад фінальную сірэну не здзейсніў звышдалёкі кідок і з вынікам 81:81 не перавёў гульню ў авертайм. А ў дадатковы час гродзенскія баскетбалісты не пакінулі сапернікам шанцаў. Гэтага, здаецца, не чакаў ніхто, але запоўненыя трыбуны так горача падтрымлівалі сваіх любімцаў, што немагчымае стала магчымым.

Надоўга ў гісторыю айчыннага хакея ўвойдуць аматары «Дынама-Мінск», якія ў гэтым сезоне запаўнялі «Мінск-арэну» поўнасцю амаль на кожным матчы зуброў у Кантынентальнай хакейнай лізе. А іх выкананне «Сівой ночы» ў гэтым сезоне — увогуле клубная легенда. Па выніках сезона 2023/2024 па параметры наведвальнасці і запаўняльнасці арэн «Дынама-Мінск» заняў трэцяе месца сярод усіх клубаў КХЛ. 

У рэйтынгу наведвальнасці «Дынама» займае другі радок, саступіўшы толькі СКА, у якога ў гэтым сезоне з’явілася новая арэна з ёмістасцю больш за 20 тысяч гледачоў. Таксама па выніках сезона мінскі клуб атрымаў узнагароды ў дзвюх спецыяльных намінацыях — «За актыўную работу па спонсарскіх актывацыях» і «Найлепшыя тэматычныя матчы сезона». Таксама журы высока ацаніла праекты клуба па рабоце з гледачамі ў гульнявы дзень, спонсарскія актывацыі і праект па рабоце з аўдыторыяй да 17 гадоў — «Аддзел трэндаў». І хто тут цяпер задае трэнды?

«Будуць зоркі спорту, будуць класныя спаборніцтвы — будуць балельшчыкі. Людзі ідуць на спартсменаў, на зорак. Чым больш у нашых краінах будзе зорак, тым большая будзе цікавасць», — заўважыў на гэта Канстанцін Выбарнаў, прэс-сакратар Алімпійскага камітэта Расіі.

Замежным спартсменам не хапае канкурэнцыі з беларусамі і расіянамі

Любыя забароны і абмежаванні ў такой жывой сферы, як спорт, згубныя, найперш для кар’ер спартсменаў. Таму сёння варта прыкласці ўсе намаганні, каб прайсці гэты перыяд з найменшымі стратамі: спаборніцкімі, матэрыяльнымі, эмацыянальнымі. Добрым прыкладам сталі ІІ Гульні краін СНД, якія ў 2023 годзе сабралі спартсменаў з 13 краін.

«Гаворачы аб тым, што адбываецца ў нашым спорце, мы забываемся, што замежным спартсменам не хапае канкурэнцыі з беларускімі і расійскімі спартсменамі на міжнародных спаборніцтвах, таму што ў многіх відах спорту нашы спартсмены наймацнейшыя. Мы гаворым, што нашым спартсменам цяпер не хапае канкурэнцыі з наймацнейшымі замежнымі спартсменамі, але і з таго боку дакладна такая ж сітуацыя. У сувязі з гэтым важна памятаць, што адна з найважнейшых алімпійскіх каштоўнасцяў — імкненне да дасканаласці. І нават у цяперашніх умовах спартсменам не варта забываць, да чаго яны ўсё жыццё імкнуліся. Чым больш будзе высокіх вынікаў, якія будуць дасягацца на ўнутраных спаборніцтвах, чым вышэйшы ўзровень будзе гэтых спаборніцтваў, тым нікчэмнейшае будзе значэнне санкцый. Бо немагчыма ігнараваць сусветныя рэкорды, вышэйшыя спартыўныя дасягненні, якія паказваюць беларускія і расійскія спартсмены. І гэта павінна падштурхнуць нашых заходніх калег хутчэй вярнуць нашых спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы, каб павысіць іх узровень і вярнуць спорт у звычайнае рэчышча. Таму задача спартсмена максімальна простая — працаваць над сабой і дамагацца максімальна высокіх вынікаў», — падкрэсліў Канстанцін Выбарнаў.

Такія магчымасці прадставяцца нашым спартсменам зусім хутка. 12 чэрвеня ў Казані адкрыюцца Гульні БРІКС. У праграме турніру — 30 відаў спорту. У некаторых з іх збіраюцца ўдзельнічаць і наймацнейшыя беларускія спартсмены. Для многіх беларусаў галоўны старт у гэтым сезоне — зусім не Алімпійскія гульні ў Парыжы, а Сусветныя гульні дружбы, якія ў верасні будуць прымаць Масква і Екацярынбург. Зразумела, не варта забывацца і пра сумесныя беларуска-расійскія турніры па асобных відах спорту.

Мы не бачым перашкод для ўдзелу ў алімпійскіх гульнях

Безумоўна, мара аб алімпійскім медалі — тое, што дапамагае многім спартсменам не апусціць рукі ў гэты няпросты час. Беларусы да Алімпійскіх гульняў у Парыжы дапушчаны, але далёка не ва ўсіх відах спорту. А тыя, каму дазволілі прыехаць у Парыж, павінны выканаць мноства ўмоў ад нейтральнага статусу да забароны на ўдзел у цырымоніі адкрыцця і выступлення па-за афіцыйным залікам. І ці каштуе той медаль такіх намаганняў? Адказаць павінен кожны спартсмен самастойна. На гэта звярнуў увагу і Віктар Лукашэнка: «Мы не бачым перашкод для ўдзелу беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях, падкрэслю, на дадзены момант, без дадатковых умоў. Мы пакідаем гэтае рашэнне за атлетамі — калі яны адчуваюць, што гатовыя выступаць, то могуць гэта зрабіць. Вельмі шкада, што спартсмены не будуць спаборнічаць пад нацыянальнымі сімваламі, але мы ўсе ведаем, што яны беларусы і выступаюць за Беларусь, і ў сваёй душы мы будзем спяваць гімн і для нас, калі будуць заваяваныя медалі, сцяг будзе паднімацца. Па стане на 16 мая ў нас 27 алімпійскіх ліцэнзій. Прыкладна так мы і планавалі, магчыма, яшчэ крыху дабяром. Мы ў цэлым задаволены адборачным цыклам, але няма мяжы дасканаласці. Тыя хлопцы і дзяўчаты, якія заваявалі гэтыя пуцёўкі, — вельмі дастойныя спартсмены, якія маюць медальныя перспектывы. Планаў не строім, але ў будучыню глядзім аптымістычна».

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына на пытанне «які наш спорт сёння» адказала проста — «хвалепадобны». Адным відам спорту, у асноўным індывідуальным, санкцыі прынеслі нямала праблем. Іншым, а гэта ў асноўным гульнявыя віды, адкрылі новыя магчымасці. Аднак галоўнае, каб як мага хутчэй наш спорт апынуўся на хвалі поспеху. А для гэтага трэба працаваць усім. І шмат.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Кубертэн быў ідэалістам. Але мы імкнёмся да здзяйснення яго мары

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».