Вы тут

Як беларускія хакеісты амерыканскіх перамаглі


У гісторыі беларускага спорту ёсць моманты, якія здаюцца неверагоднымі нават праз некалькі дзясяткаў гадоў. Але, на жаль, нярэдка такія моманты не атрымліваюць належнай увагі і паціху забываюцца. І каму, як не журналістам, расказваць пра іх? Асабліва цяпер, калі айчынны спорт аб’ектыўна перажывае не лепшыя часы. Атрымаць яшчэ адну нагоду для гонару, узняць настрой і яшчэ раз усвядоміць, што нашы спартсмены здольныя на ўсё, — вось у чым задача такіх гістарычных успамінаў. І «Звязда» з задавальненнем імі дзеліцца з чытачамі. Адна з такіх падзей — перамога беларускіх хакеістаў над амерыканскімі сапернікамі на турніры ў Вашынгтоне.


Так, у нас такое было. У 1989 годзе каманда мінскага гадзіннікавага завода «Луч» па хакеі на траве выступіла на буйным турніры — мемарыяле Джона Кенэдзі ў Злучаных Штатах Амерыкі. І не проста выступіла, а зрабіла там сапраўдны фурор — перамагла ўсіх. Каб разумець, наколькі гэта вялікі поспех, варта адзначыць, што хакей на траве ў Беларусі пачаў развівацца толькі з 1978 года. Пра тое, як гэта было і чаму беларускія хакеісты за акіянам здзейснілі сапраўдны подзвіг, расказаў Яраслаў Барычка, былы генеральны дырэктар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, а ў 1989 годзе старшыня Мінскага гарадскога савета ДФСА прафсаюзаў.

Расставаліся сябрамі, але не асабліва разлічвалі, што нас запросяць на турнір у ЗША

Увесну 1989 года Беларусь рыхтавалася да сустрэчы гасцей: не жартачкі — у Мінск прыязджала каманда хакеістаў са Злучаных Штатаў Амерыкі. Перад Мінскім гарадскім саветам ДФСА прафсаюзаў стаяла задача паказаць гасцям усю шырыню беларускай гасціннасці і прыкласці максімум намаганняў, каб ім спадабалася. Гэта сёння ў беларусаў вялікі досвед у правядзенні падобных мерапрыемстваў, а тады, як успамінае Яраслаў Міхайлавіч, гэта была задача надзвычай адказная і цяжкая. «Наша грамадства яшчэ адчувала водгаласы халоднай вайны, таму падобнае мерапрыемства кантралявалася ў Цэнтральным камітэце кампартыі Беларусі і разнастайных структурах. На гэтым фоне прымаць амерыканскую дэлегацыю было вялікім гонарам з адценнем трывогі. Ды і досведу прыёму гасцей такога ўзроўню я як старшыня гарадскога савета ДФСА прафсаюзаў яшчэ не меў. Але калі мы баяліся складаных задач?» — расказвае ён. Беларускую гасціннасць амерыканцы адчулі з першых хвілін знаходжання на нашай зямлі. Ім прадэманстравалі, як беларусы ўмеюць прымаць гасцей, паказалі нашы славутасці. Абавязковым пунктам былі экскурсіі ў мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган Славы», месцы, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. Паказалі і адзін з сімвалаў беларускай прамысловасці — гадзіннікавы завод «Луч». Карацей, забяспечылі амерыканскім гасцям незабыўныя ўражанні ад Беларусі.

Аднак калі прыехала спартыўная дэлегацыя, значыць, трэба арганізаваць спаборніцтвы. Таварыскі матч прайшоў на стадыёне «Дынама». «Правесці матч па хакеі на траве на „Дынама“ было няпроста, але мы змаглі. Чаму няпроста? Таму што многія спартыўныя кіраўнікі баяліся, што хакеісты клюшкамі заб’юць траву на футбольным полі. Але кіраўніцтва пайшло нам насустрач. Беларуская і амерыканская каманды па хакеі на траве сустрэліся на галоўным стадыёне рэспублікі. На трыбунах — мноства аматараў хакея на траве (афішы гэтага матча са сцягамі СССР і ЗША былі развешаны па ўсім Мінску). Белтэлерадыёкампанія арганізавала трансляцыю. Спартыўныя журналісты актыўна асвятлялі падзею. Амерыканскія госці зноў дзівіліся ўвазе, аказанай аматарскай камандзе, — расказвае Яраслаў Міхайлавіч. — На выніковым прыёме кіраўнік амерыканскай дэлегацыі Кіндан Гоўлд паабяцаў, што нашу каманду запросяць на мемарыял Джона Кенэдзі. Мы расставаліся сябрамі, але, па праўдзе кажучы, не асабліва разлічвалі, што трапім на турнір у ЗША».

Маладыя і моцныя

Аднак ужо ў кастрычніку 1989 года хакеісты мінскай каманды «Луч» збіралі чамаданы ў Вашынгтон. «Мы ўспрынялі гэта як вялікі гонар і адказнасць — камандзе з Мінска трэба было прадставіць савецкі спорт, увесь Савецкі Саюз у Вашынгтоне. Зразумела, мы павінны былі прадставіць краіну найлепш. Тут трэба сказаць самыя добрыя словы ў адрас Міністэрства гандлю Беларусі, якое забяспечыла моднай экіпіроўкай каманду. Уся дэлегацыя выглядала з іголачкі. Трэба выказаць словы глыбокай павагі першаму намесніку Старшыні Дзяржкамспорту БССР Мікалаю Цімафеевічу Заічкову, які забяспечыў візавую падтрымку ўсёй дэлегацыі», — адзначае Яраслаў Міхайлавіч.

Каманда «Луч» была вельмі маладой, самаму старэйшаму гульцу — усяго 23 гады. Але ўзрост ніяк не ўплываў на адказнасць спартсменаў і іх прафесійны ўзровень. «Луч» дастойна выступаў у чэмпіянаце СССР. Віталь Халопаў і Уладзімір Кашкар уваходзілі ў склад зборнай Савецкага Саюза. Таму, нягледзячы на тое, што ў ЗША вакол было безліч цікавага, хлопцы былі сканцэнтраваны на выступленні. У гэтым заслуга і трэнера Валерыя Клімовіча, які правільна настроіў і бліскуча падрыхтаваў каманду.

На мемарыял Джона Кенэдзі запрашаліся найлепшыя клубы з розных краін. У юбілейным, 25-м, турніры ўдзельнічалі 16 каманд з Нігерыі, Канады, Індыі, Пакістана, ФРГ, Ямайкі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, некалькі каманд з ЗША. «Спаборніцтвы праводзіліся на полі недалёка ад Белага дома, у самым сэрцы Вашынгтона. Атмасфера была неверагодная. Гульні праходзілі ў будныя дні, але на трыбунах яблыку не было дзе ўпасці. Суседзямі нашай каманды па падгрупе сталі прадстаўнікі Нью-Ёрка, Ямайкі і Вашынгтона. З камандай Ямайкі нашы спартсмены згулялі ўнічыю. Затым з лікам 4:1 абыгралі каманду Нью-Ёрка і з вынікам 7:0 — каманду Вашынгтона. Затым па лёсаванні пераможцы чатырох груп склалі паўфінальныя пары. „Луч“ сустрэўся з камандай Вялікабрытаніі. І тут нашы хлопцы аказаліся мацнейшымі з лікам 5:1. Фінальны матч звёў „Луч“ з нігерыйскімі хакеістамі. У напружанай барацьбе наймацнейшымі сталі беларусы! Самых добрых слоў заслугоўвае ўся каманда. Але трэба асабліва адзначыць варатара Аляксандра Якіменку, які бездакорна справіўся са сваімі абавязкамі. Павагі заслугоўваюць спартсмены, якія мабілізавалі ўвесь калектыў: Генадзь Грыбоўскі, Вячаслаў Клачкоў, Сяргей Драздоў, Алег Івашка, Аляксандр Жукоўскі. Вялікі ўклад у падрыхтоўку каманды ўнёс дзяржаўны трэнер па хакеі на траве Іван Ключановіч. У папярэдніх гульнях, у паўфінале і ў фінале нашы хлопцы праявілі сапраўдную гераічнасць. Яны біліся за кожны мяч. Абаронцы літаральна ляглі грудзьмі на амбразуру, нападаючыя былі ва ўдары. Гэта вынік вялікай працы трэнера каманды Валерыя Клімовіча, які змог бліскуча падрыхтаваць каманду», — расказвае Яраслаў Барычка.

Беларусы сапраўды праявілі сябе больш чым выдатна. Найлепшым гульцом турніру прызнаны Уладзімір Кашкар. Нападаючы Юрый Стахіевіч на працягу сезона ў сустрэчах з камандамі вышэйшай лігі забіў адзін гол, а ў фінале ў ЗША рэалізаваў два галы і забяспечыў камандзе перамогу. «Луч» з усімі пастаўленымі задачамі справіўся бліскуча. На галоўным трафеі турніру, паўметровым сярэбраным Кубку, насупраць даты 1989-ы год выгравіравана «Луч», СССР. Лепшай рэкламы ў Мінскага гадзіннікавага завода, мабыць, не было ніколі.

«Пасля нашай перамогі па асобах супрацоўнікаў савецкага пасольства было відаць, што яны на сёмым небе ад шчасця. Яны прысутнічалі на кожнай гульні. Гонар за сваіх хлопцаў, за краіну перапаўняў усіх. Каманда з Мінска, на якую мала хто разлічваў, стала пераможцам прэстыжнага міжнароднага турніру. Для Дзяржкамспорту БССР гэта таксама была вялізная падзея. Дома нас сустракалі як сапраўдных трыумфатараў», — адзначае Яраслаў Міхайлавіч.

Перамогі за акіянам працягваюцца

У 1990 годзе на турнір памяці Джона Кенэдзі адправілася не адна савецкая каманда, а чатыры, прытым тры з іх з беларускай прапіскай. Як у мужчын, так і ў жанчын каманды былі разбіты на дзве падгрупы. У дзень даводзілася сустракацца з дзвюма ці нават трыма камандамі. Прадстаўнікі СССР мінскі «Луч», брэсцкі «Будаўнік» вызначылі ў розныя групы мужчынскага турніру. Гэтак жа было і з жаночымі камандамі — гродзенскім «Рытмам» і літоўскім «Таўрасам». Мінчане лёгка прайшлі папярэднія гульні, брастаўчане, хоць і прайгралі першую сустрэчу, таксама выйшлі ў паўфінал. Тут беларускія хакеісты сустрэліся паміж сабой. Асноўны час скончыўся ўнічыю. Усё вырашылі пенальці. Больш удачлівай была каманда «Будаўнік», якая перамагла «Луч» — 5:3. У фінале спартсмены з Брэста з лікам 2:0 перамаглі хакеістаў клуба «Флікліх» і занялі першае месца. Прэзідэнцкі кубак ізноў аказаўся ў беларускіх хакеістаў! Змянілася толькі яго прапіска. А леташні чэмпіён мінскі «Луч» па набраных ачках заняў трэцяе месца.

У фінале жаночага турніру таксама сустрэліся савецкія каманды. Матч паміж «Рытмам» і «Таўросам» скончыўся нічыёй. І дадатковы час скончыўся ўнічыю — 2:2. Лёс сустрэчы вырашаўся серыяй пенальці. 

З лікам 5:3 перамогу святкавалі літоўскія хакеісткі. Гродзенскія задаволіліся другім месцам.

Гэта быў калектыў самых надзейных людзей

І, тым не менш, незабыўнай стала першая перамога беларусаў у Вашынгтоне. Нечаканая і такая дзіўная. Яраслаў Барычка не забывае пра яе і праз 35 гадоў: «Для мяне гэтая падзея супастаўная з працай на чатырох Алімпійскіх гульнях. Сапраўды неверагодная спартыўная гісторыя. Для савецкіх спартсменаў гэта быў першы турнір такога маштабу. І яны не разгубіліся і годна прадставілі краіну. Усе гульцы каманды „Луч“ нарадзіліся і выраслі менавіта ў Беларусі. Такія падзеі з’яўляюцца яскравым сведчаннем патрыятызму нашых атлетаў. Мы ехалі з адной мэтай — прадстаўляць савецкі спорт. Гэта быў калектыў самых надзейных, самых перспектыўных, самых адданых людзей. І вельмі грэе душу, што ў 45-гадовай гісторыі беларускага хакея на траве ёсць такія слаўныя старонкі. А значыць, у гэтага віду спорту добрая будучыня».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.