Вы тут

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?


Для школьнікаў Беларусі наступілі самыя шчаслівыя дні ў годзе: вучэбныя будні ў мінулым, наперадзе бясконцае лета. Такое бывае толькі напрыканцы мая. Дарэчы, у нашых дзяцей традыцыйна адзін з самых доўгіх летніх адпачынкаў у свеце. Напрыклад, у Брытаніі, Германіі, Даніі і Японіі летнія канікулы доўжацца ўсяго шэсць тыдняў і пачынаюцца значна пазней.

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я. Для гэтых маладых людзей самая адказная работа, якая падвядзе вынік не толькі года, але і ўсіх папярэдніх школьных гадоў, яшчэ наперадзе, а вось для астатніх амаль 935 тысяч дзяцей сапраўды не будзе ніякіх сур’ёзных клопатаў 92 дні без перапынку. Калі не лічыць прыемных, поўных салодкіх прадчуванняў збораў у дарогу, у тым ліку ў аздараўленчыя лагеры. Сёлета, па інфармацыі Міністэрства адукацыі, больш за пяць тысяч летнікаў (амаль на 9 тысяч менш, чым у мінулым годзе) прымуць 393 тысячы школьнікаў — гэта на 16 тысяч больш, чым летась. Пра тое, як падрыхтаваліся да самых дарагіх гасцей тэрыторыі дзіцячага адпачынку, чытайце ў артыкулах нашых рэгіянальных карэспандэнтаў.


Адпачынак на любы густ

Хутка пад звонкае «ўра» са школьных парогаў на летнія канікулы вылецяць тысячы дзяцей. Аб тым, як падлеткі будуць праводзіць адпачынак, бацькі павінны былі задумацца яшчэ некалькі месяцаў таму. Для тых, хто дагэтуль не паспеў скласці для свайго дзіцяці аздараўленчы маршрут, мы сабралі падборку варыянтаў летняй занятасці на Віцебшчыне.

Сёлета ў паўночным рэгіёне плануюць аздаравіць больш за 44 тысячы дзяцей, што на тысячу больш, чым у мінулым годзе. У Віцебскім абласным упраўленні Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва расказалі, што ўжо на пачатку мая стала вядома: лагеры ўсіх тыпаў будуць запоўнены. Нават там, дзе былі арганізаваны тры паўнацэнныя змены і адна дзесяцідзённая, намераны правесці для дзяцей поўную чацвёртую змену. Ахвотных адправіцца ў летнік многа.

Цікавы факт: на тэрыторыі Віцебскай вобласці размешчана найбольшая колькасць стацыянарных дзіцячых лагераў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. Большая частка ўласнікаў такіх устаноў Віцебшчыны сёлета прыняла рашэнне, што будзе арганізоўваць аздараўленне не 15 дзён, рэкамендаваных пастановай Саўміна, а 18 або 21. Сярэдняя цана пуцёўкі ў бягучым годзе — 700 рублёў, калі лагер працуе 15 дзён — менш, 21 дзень — больш. Дзяржаўная датацыя ў 2024 годзе складае 248 рублёў.

Аздаравіцца ў перыяд летніх канікул змогуць усе катэгорыі дзяцей, аднак праблема з недахопам месцаў адпачынку ў летніках існуе і дагэтуль. Згодна з рашэннем аблвыканкама, у 2024 годзе выдзелена 65 тысяч рублёў на даплату да поўнага кошту пуцёўкі ў лагер «Ізумрудны» Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка дзецям са шматдзетных сем’яў; тым, чые бацькі працуюць у бюджэтных арганізацыях; дзецям, чые бацькі не працуюць і атрымліваюць пенсію; дзецям-інвалідам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; інвалідам-калясачнікам і іх суправаджальнікам. З дзяржаўнай даплатай у летніку «Вясёлка» абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра змогуць аздаравіцца 20 чалавек з дыягназам «цукровы дыябет», 20 дзяцей-інвалідаў з захворваннем апорна-рухальнага апарату, органаў зроку і слыху.

На падрыхтоўку лагераў да сезона з абласнога бюджэту накіравана больш за 800 тысяч рублёў. Сродкі выкарыстоўваюцца для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і капітальных рамонтаў. 105 тысяч рублёў на гэтыя мэты накіравана і з рэспубліканскага бюджэту.

Ужо не першы год абласное ўпраўленне па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ставіць перад уласнікамі дзіцячых лагераў задачу адысці ад правядзення бацькоўскіх дзён. Такі падыход аргументаваны імкненнем пазбегнуць трапляння інфекцыі з навакольнага асяроддзя ў закрытыя дзіцячыя калектывы. Спецыялісты запэўніваюць: дзеці знаходзяцца ў бяспечных умовах, за іх здароўем сочаць урачы, для школьнікаў распрацавана меню.

Сёлета спіс дзіцячых аздараўленчых лагераў Віцебшчыны папоўніцца новай установай. Летнік адкрыецца на базе дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Ветразь» у Пастаўскім раёне. Для бацькоў, якія вырашаць адправіць сваё дзіця ў «Ветразь», будзе магчымасць за дадатковую плату атрымаць лячэбныя працэдуры, накіраваныя на ўмацаванне касцёва-мышачнага і апорна-рухальнага апаратаў.

Камфортныя ўмовы знаходжання прапаноўваюць «Магістраль», «Вясёлка», «Лясная паляна», «Дружныя рабяты», «Лясная казка», «Чайка», «Ліпкі», «Энергетык», «Спартакавец» і іншыя, прычым пераважная колькасць з іх знаходзіцца ў Віцебскім раёне. Сёлета нязменна запрашае дзяцей і дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба» УП «Віцебскаблгаз», які па выніках 2023 года быў прызнаны найлепшым лагерам краіны.

Больш за 600 летнікаў з дзённым знаходжаннем будуць працаваць на базе агульнаадукацыйных і спартыўных школ вобласці, у якіх плануюць аздаравіцца каля 27 тысяч дзяцей. Прыкладна ў 80 з іх школьнікі будуць ахоплены рознымі формамі занятасці: гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, рамонт мэблі, догляд раслін, пашыў спецадзення і іншае. У лагерах працы і адпачынку плануюць правесці час з карысцю і падзарабіць каля 1400 падлеткаў. Больш за 90 лагераў будуць мець спартыўны кірунак.

Каля 130 лагераў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем арганізуюць на базе воінскіх часцей. Традыцыйна збярэ падлеткаў 103-я Віцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада, дзе на працягу месяца хлопцы і дзяўчаты будуць знаёміцца з армейскім бытам і прывучацца да самастойнасці. Па гэтым прыкладзе летась у Оршы ўпершыню прымаў выхаванцаў ваенна-патрыятычны лагер «Фарпост», які разгарнуўся на базе ваеннага камісарыята Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. На працягу 10 дзён школьнікі, з якімі з боку міліцыі праводзіцца прафілактычная работа, атрымлівалі азы баявой і медыцынскай падрыхтоўкі, ваеннай тапаграфіі. Эфектыўны вынік даў падставу зрабіць такую форму работы з моладдзю пастаяннай.

У цэлым у ваенна-патрыятычных летніках вобласці плануюць адпачыць каля пяці тысяч падлеткаў. Профільныя абаронна-патрыятычныя і працоўныя лагеры будуць арганізаваны ў кожным райцэнтры. Асаблівая ўвага — прыцягненню моладзі да здаровага ладу жыцця і спорту.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц


Злёты, паходы, урокі духоўнасці

Цікавыя планы адносна школьнікаў на лета ў епархій і хрысціянскіх арганізацый Магілёўскай вобласці

Для дзяцей, якія вучацца ў нядзельных школах пры храмах, а таксама іх сяброў ёсць магчымасць правесці некалькі пазнавальных тыдняў за горадам. Напрыклад, праваслаўны духоўна-асветніцкі цэнтр «Дружба» Бабруйскай епархіі практыкуе на працягу некалькіх гадоў «Летнюю праваслаўную школу». І цікавасць да яе расце.

— Гэта традыцыя была спачатку закладзена пры адным з бабруйскіх храмаў, а калі колькасць ахвотных далучыцца да нас стала павялічвацца, працэс пачалі курыраваць мы, — кажа дырэктар цэнтра Павел Капылец. — За лета адбываецца некалькі заездаў, за адзін паспявае адпачыць 70–80 дзяцей з нядзельных школ Бабруйскай епархіі. Займаюцца з імі педагогі-арганізатары, валанцёры, клірыкі.

«Летняя праваслаўная школа» існуе на добраахвотныя ахвяраванні, і для бацькоў гэта шанц практычна бясплатна арганізаваць вольны час сваіх дзяцей. Ахвотных трапіць у летнюю школу шмат, нягледзячы на тое, што існуюць некаторыя абмежаванні. Напрыклад, не вітаецца прысутнасць мабільніка. Сувязь з бацькамі трымаецца праз педагога-арганізатара. Тут прэваліруюць жывыя стасункі, творчыя заняткі, карысныя справы.

Распарадак дня прыкладна такі ж, як у звычайным лагеры: пад’ём, водныя працэдуры, зарадка, сняданак, прыборка, гульні, прагулкі.... Але спецыфіка ў тым, што тут усё суправаджаецца малітвай. Хапае часу і на спорт, і на вывучэнне хрысціянскіх традыцый, і на стасункі адзін з адным.

— У першай палове дня — заняткі на любы густ, — удакладняе суразмоўнік. — У адной групы, напрыклад, гадзіна праваслаўя, у другой — гадзіна спорту, у трэцяй — гадзіна творчасці або малявання, у чацвёртай — гадзіна атраду, калі дзеці рыхтуюцца да агульнага мерапрыемства ў другой палове дня. Гэта можа быць спектакль, нейкі інтэлектуальны паядынак, спартыўнае мерапрыемства, гульня накшталт «Зарніцы», канцэрт або КВЗ, дзе ёсць магчымасць паказаць, наколькі ты вясёлы і знаходлівы. Пасля вячэры адпраўляемся глядзець разам які-небудзь фільм. Бываюць і дыскатэкі, але акцэнт робіцца ўсё ж такі на больш спакойнае баўленне часу. І прырода да гэтага заклікае. На тэрыторыі базы знаходзіцца храм у гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых, які дзеці наведваюць па нядзелях разам з дарослымі. Падчас літургіі спавядаюцца і прычашчаюцца.

Штодня ў летняй школе знаёмства з гісторыяй праваслаўя, паглыбленне ў яго вытокі. Для кожнага заезду прапаноўваецца тая ці іншая тэма для вывучэння. Гэта можа быць знаёмства з беларускімі святымі, нейкія евангельскія падзеі. Летась, напрыклад, вывучалі тэму «Падарожжы апостала Паўла». Апостал падарожнічаў з мэтай распаўсюджвання хрысціянства, і дзеці паглыбляліся ў гэтую гісторыю — раскрывалі яе пад кіраўніцтвам свяшчэнніка на працягу 15-17 дзён.

Працуе «Летняя праваслаўная школа» на былой базе адпачынку бабруйскага прадпрыемства «Славянка», што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада. Месца вельмі прыгожае, шмат зеляніны, свежае паветра.

Сумна тут ніколі не бывае. Арганізатары запрашаюць у госці і артыстаў, і аніматараў, і ратавальнікаў, і праваахоўнікаў. Пасля двух тыдняў знаходжання ў лагеры дзеці становяцца больш натхнёныя і духоўна ўмацаваныя, знаходзяць шмат новых сяброў па інтарэсах.

— Мы робім акцэнт на духоўна-патрыятычнае выхаванне, выхоўваем дзяцей на любові да Радзімы, бацькоў, — удакладняе дырэктар. — Шануем памяць нашых продкаў. Непадалёк ад нас ёсць пахаванне ахвяр генацыду — наведваем яго з дзецьмі, расказваем пра жахі вайны, молімся за загінулых. Малітва, дарэчы, вельмі згуртоўвае. Патрыятызм раскрываем праз любоў да прыроды, Радзімы, тварэння Божага. Бог стварыў гэты свет і даў нам Зямлю, каб мы мірна на ёй суіснавалі. Трэба беражліва ставіцца да таго, што нам Гасподзь даў. І клапаціцца пра тых, хто побач. Бог хоча, каб мы любілі іх як саміх сябе. Разумець гэта мы вучымся ў беларускіх святых.

У дзяцей ёсць патрэба пажыць у коле вялікай хрысціянскай сям’і. У храме ў Кісілевічах (мікрараён Бабруйска) шмат маладых сем’яў і дзяцей, якія сябруюць. Падлеткам, якія выхоўваюцца ў духу праваслаўных традыцый, у нас падабаецца, у іх тут свая тусоўка, звыклае асяроддзе. І праграма цікавая: і прагулкі па лесе, і гульні, і шчырыя размовы на тэмы, якія хвалююць дзяцей.

Акцэнт на патрыятызм і актыўны адпачынак робіць праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб «Перасвет», які працуе пры Крыжаўзвіжанскім храме Магілёва. Яго наведваюць 30 падлеткаў ва ўзросце 12–17 гадоў. Пра тое, як адпачываюць і зараджаюцца пазітывам выхаванцы клуба, можна даведацца з відэаролікаў на YouTube.

— Лагераў і змен у нас не бывае, а вось паходы, злёты — іншая справа, — удакладняе кіраўнік клуба, настаяцель Крыжаўзвіжанскага храма айцец Сергій Лабада. — І летам яны ў нас запланаваны. Рыхтуемся да злёту пагранічных каманд, які пройдзе ў Дзяржынску 22 чэрвеня. Там будуць спаборнічаць прадстаўнікі ад кожнай епархіі. У камандзе 10 чалавек — з ліку найбольш падрыхтаваных. Злёт прымеркаваны да пачатку вайны, праходзіць ужо 16 раз на базе пагранічнага атрада. Жыць будзем у казармах на працягу тыдня. Праграма насычаная: і віктарыны, і конкурс песні і строю, і паласа перашкод, і знаёмства з гісторыяй праз месца, дзе жывеш. Такі маштабны злёт бывае толькі летам. Да яго клубы рыхтуюцца цэлы год, мы, у прыватнасці, па некалькі разоў на тыдзень. Гэта і заняткі па рукапашным боі, і арыентаванне, і альпінізм. Плюс асновы праваслаўя.

У ліпені «перасветаўцы» пойдуць у водны паход па рацэ. Кожны год яны знаходзяць для чарговай экспедыцыі новае месца. Сёлета будуць сплаўляцца з Чэрыкава ў Слаўгарад па Сожы. Каб прайсці маршрут, спатрэбіцца каля тыдня. Увесь гэты час курсанты разам з бацюшкам будуць жыць у палатках, гатаваць ежу на вогнішчы. А ў ліпені айцец Сергій збіраецца весці больш дарослых і вопытных курсантаў у горы на Каўказ. У клубе ёсць інструктары-альпіністы, з якімі маладыя людзі трэніруюцца. Маршрут складаны: альпінісцкі лагер «Джантуган», Баксанская цясніна, Гара Віятау, перавал ВЦСПС. Падрыхтоўка павінна быць грунтоўная. Але ў сваіх спадарожніках свяшчэннік не сумняваецца. «Мы ходзім у горы з 2017 года, — кажа ён. — Кожны год скараем новыя вяршыні. У такіх паходах загартоўваецца і правяраецца характар».

Нэлі ЗІГУЛЯ


Хто паедзе ў «Рамонак»?

Як падрыхтаваны да адпачынку дзіцячы летнік на Гродзеншчыне, дзе сёлета адбудзецца міжнародная змена

Упершыню тут плануюць прыняць на аздараўленне дзяцей з расійскага горада-пабраціма Несцерава Калінінградскай вобласці. Гэта адзін з першых сумесных праектаў двух рэгіёнаў, якія нядаўна заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Мяркуецца, што міжнародная змена пройдзе ў ліпені альбо ў жніўні.

Загарадны летнік «Рамонак» размясціўся ў сасновым бары каля вёскі Парубішкі. Гэта адзіны ў Воранаўскім раёне стацыянарны дзіцячы лагер для летняга адпачынку. Летась тут плануюць аздаравіць 260 школьнікаў. Таксама на базе летніка будзе працаваць змена для адораных дзяцей Воранаўскага раёна, а ў другой палове лета тут чакаюць падлеткаў з расійскага горада Несцераў.

Старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч ганарыцца тым, што ўдалося захаваць аздараўленчы комплекс для дзяцей. Яна ўспамінае той час, калі прафсаюзы АПК перадалі яго на баланс аддзела адукацыі. «Тады прыйшлося добра папрацаваць, каб прывесці яго ў належны стан, бо інфраструктура была не ў самым лепшым выглядзе. Літаральны кожны з 27 домікаў патрабаваў рамонту. Мы пачалі з замены вокнаў, прывялі ў парадак санітарныя вузлы, душавыя, цэнтр культурных мерапрыемстваў і многае іншае. Такім чынам, летнік быў нарэшце прыведзены ў парадак», — рэзюмавала субяседніца.

У раёне імкнуцца зрабіць адзіны стацыянарны аздараўленчы лагер для дзяцей зручным і камфортным для адпачынку, таму работы па аднаўленні і касметычным рамонце вядуцца кожны год. Ужо з сакавіка сюды прыязджаюць шэфы з розных арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў раёна. Але асабліва ажыўлена на тэрыторыі лагера перад пачаткам летняга сезона. Усе ведаюць сваю справу, таму работы вядуцца аператыўна, усё робіцца добрасумленна і якасна. Дарэчы, шэфы прыязджаюць нават са сваімі будаўнічымі матэрыяламі.

За кожнай сельгаспадаркай замацавана некалькі домікаў, аднаўляецца афарбоўка дахаў і фасадаў. Таксама дапамагаюць і з рамонтам унутры памяшкання, напрыклад, замянілі падлогу ў некалькіх доміках і ў будынку цэнтра культуры. Аднаўляецца і мэбля, з’явіліся шафы-купэ, прадугледжана столевае ацяпленне. Мадэрнізаваны медыцынскі і харчовы блокі. Упарадкаваны асобны домік для сушкі адзення і абутку.

Мясцовыя дарожнікі аднавілі асфальтавае пакрыццё. Таксама сіламі сельгаспрадпрыемства скошана трава і перакапана пажарная палоска, устаноўлены новыя банеры. Па ўсім перыметры тэрыторыі і каля стаянак леснікамі праведзена санітарная ачыстка ляснога масіву. А напярэдадні прыёмкі летніка прайшоў агульны суботнік. Прыведзены ў парадак кветнікі і клумбы.

Летась тут набылі два надзіманыя басейны. Ёсць праектар для вячэрніх кінасеансаў, што дазволіць зрабіць вольны час разнастайным. Сёлета набылі трэнажоры. 

Як расказала загадчык сектара аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Людміла Салмановіч, усе змены будуць мець профільны кірунак. Адбудзецца аздараўленне дзяцей, якія паказалі добрыя вынікі ў вучобе. На заключную змену плануецца прыезд дзяцей з Гродна.

Што датычыцца міжнароднай змены, гэта пытанне абмяркоўваецца. Кіраўнік муніцыпальнай акругі горада Несцерава Калінінградскай вобласці Аляксей Родзін нядаўна пабываў у летніку і мяркуе заняцца арганізацыйнымі пытаннямі па прыездзе сюды расійскіх дзяцей.

Трэба сказаць, што вопыт міжнародных змен тут ёсць. У свой час у Воранаўскі раён прыязджалі на аздараўленне дзеці з Польшчы. А вось прадстаўнікі расійскага рэгіёна прыедуць упершыню.

— Мы прымалі па дагаворы дзяцей з Польшчы, ім тут усё спадабалася, для іх былі арганізаваны экскурсіі ў Гродна, Мінск, яны пабывалі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Батанічным садзе, наведалі старажытныя замкі і іншыя славутасці Гродзеншчыны. Паказалі ім цікавыя мясціны і нашага Воранаўскага раёна. Цяпер рыхтуем праграму паездак для расійскіх гасцей, яна таксама будзе вельмі насычаная, спадзяёмся, што яны не будуць расчараваны, — запэўніла Людміла Салмановіч.

«Рамонак» — адзін з 22 стацыянарных летнікаў, якія сёлета будуць працаваць у Гродзенскай вобласці. Усяго на Гродзеншчыне адчыняць свае дзверы звыш 700 лагераў, пераважная большасць якіх з дзённым наведваннем. Гэта ў асноўным школьныя летнікі ва ўстановах адукацыі. Мяркуецца аздаравіць падчас летніх канікул 47 тысяч дзяцей вобласці.

Адпачынак будзе самы разнастайны. Гэта і профільныя лагеры «Навука», «Валанцёр», «Прафстарт», «Свет навукі», «Юны кадэт» і іншыя. Звыш 80 летнікаў маюць ваенна-патрыятычную накіраванасць і размесцяцца на базе воінскіх часцей і пагранічных застаў. Плануецца адкрыццё змен мастацкага, турыстычна-краязнаўчага, экалагічнага, культурнага, ваенна-патрыятычнага, гуманітарнага кірункаў.

Першым на Гродзеншчыне прыме дзяцей стацыянарны лагер «Свіцязь» Навагрудскага раёна. Заезд тут адбудзецца ўжо першага чэрвеня. У «Рамонак» дзятва прыедзе 11 чэрвеня. Сёлета тут будуць працаваць чатыры змены па 15 дзён. 

А вось міжнародная змена стане крыху карацейшая.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Падарыць россып эмоцый

Аздараўленне асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак праводзяць у Бярозе

З пачатку чэрвеня пачнецца лагерная змена і ў Бярозаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дзеці з інваліднасцю, з цяжкімі і множнымі парушэннямі, як і іх равеснікі ў звычайных школах, будуць пачынаць дзень з ранішняй гімнастыкі, удзельнічаць у лагерных лінейках і самых розных мерапрыемствах, сустракаць гасцей і самі хадзіць у госці. І яны ўжо чакаюць гэтую змену, расказала карэспандэнту газеты член Савета Рэспублікі дырэктар цэнтра Таццяна Ігнацюк.

Але спачатку колькі слоў пра саму ўстанову спецыяльнай адукацыі. Тут атрымліваюць дапамогу 116 дзяцей. З іх 75 хлопчыкаў і дзяўчынак ахоплены карэкцыйна-педагагічнай работай і сацыяльнай рэабілітацыяй. Раннюю комплексную дапамогу атрымлівае 12 дзяцей, 41 дзіця з інваліднасцю з цяжкімі і множнымі парушэннямі атрымліваюць спецыяльную адукацыю ў пяці класах і адной дашкольнай групе.

Дарэчы, сюды на заняткі трапляюць не толькі юныя жыхары Бярозы. Нават з самых аддаленых вёсак хлопчыкаў і дзяўчынак прывозяць спецыяльныя аўтобусы. У 7 гадзін 30 хвілін пачынаюцца заняткі, а заканчваюцца ў 17.30. Усе навучэнцы атрымліваюць бясплатнае трохразовае харчаванне. Паводле слоў спецыялістаў, кормяць вельмі добра, каларыйна, збалансавана, з акцэнтам на вітаміны. Для некаторых дзяцей у адпаведнасці з прызначэннем урача гатуецца асобны дыетычны стол. Праграма навучання і выхавання нечым нагадвае праграму ў дзіцячым садку і школе, напрыклад, урокі працягваюцца 45 хвілін. І разам з тым усё накіравана на камфорт асаблівых дзяцей.

— Лагерная дзённая змена праводзіцца ў такіх жа рамках часу, як і вучэбная, разлічана на 10 гадзін, прадугледжана трохразовае харчаванне, а яшчэ надзвычай цікавая, насычаная праграма кожнага дня, — расказвае Таццяна Ігнацюк. — Цэнтр працуе з 2004 года, летнім аздараўленнем мы займаемся з 2007 года. І ўжо праз тры гады, у 2010-м, наш творчы лагерны праект пад назвай «Дзеці вясёлкі» быў адзначаны як найлепшы на рэспубліканскім конкурсе. Яго мы абаранялі ў дзіцячым лагеры «Зубраня», было шмат дастойных, цікавых работ. Але ж на рэспубліканскім узроўні заўважылі намаганні ў аздараўленні асаблівых дзяцей, што было адначасова і прыемна, і ў пэўнай меры знакава. З таго часу мы прытрымліваемся традыцый, але кожны год удасканальваем праграму, стараемся напоўніць яе новымі цікавосткамі, асаблівымі справамі, мерапрыемствамі, сустрэчамі — тым, што важна для нашых падапечных.

А яны адгукаюцца на шчырасць, увагу, любоў. «Напрыклад, у нас даўно склаліся сяброўскія адносіны з бярозаўскай хакейнай камандай „Собаль“. Яна не толькі бывае ў нас, але і запрашае да сябе, што становіцца сапраўднай падзеяй. У рамках сёлетняй лагернай змены мы таксама плануем наведаць лядовую арэну. Не ўсе нашы дзеці могуць выйсці на лёд. Для некаторых хакеісты загадзя робяць насціл, але ж і тыя, хто выходзяць на мяккую паверхню, атрымліваюць ў рукі клюшкі і б’юць па сапраўднай шайбе. О, гэта мора эмоцый не параўнаеш ні з чым! Тыя, хто можа стаць на лёд, таксама на яго выходзяць. І нашы шэфы, юныя хакеісты, у гэты час проста святлеюць душой, яднаюцца з нашымі выхаванцамі ў адзіным парыве эмоцый. Карацей, і мы, педагогі і выхавацелі, і дзеці вяртаемся з лядовай арэны нібы са святочнага вечара — радасныя, шчаслівыя», — дзеліцца Таццяна Станіславаўна.

Паводле слоў дырэктара, за лагерную змену бывае шмат добрых сустрэч, змястоўных мерапрыемстваў. Дапамагаюць у гэтым сямейны забаўляльны цэнтр «Пясочніца», філіял установы культуры «Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей» «Галерэя мастацтваў». Напрыклад, падчас змены прадугледжаны патрыятычны тыдзень з адпаведнай тэматыкай гульняў, гутарак і наведванняў.

Асаблівая ўвага — спартыўнай праграме. Па-першае, кожны дзень пачынаецца са спартыўнай гімнастыкі, і на працягу дня пастаянна праводзяцца фізкульт-хвілінкі, якія дзеці асабліва любяць. Шмат часу адводзіцца гульні, руху. Задзейнічаны сенсорны пакой, іншыя памяшканні цэнтра. «Для нас прыкмета паспяховай работы ў лагеры — калі ўсе дзеці ў добрым настроі, калі наўкола смех, вясёлая гамонка. Для нашых выхаванцаў вельмі важнымі з’яўляюцца станоўчыя эмоцыі, яны для іх — тэрапія. Таму многія бацькі з задавальненнем пішуць заявы і накіроўваюць малых у лагер. Цяпер такіх сабралася 23 — хлопчыкі і дзяўчынкі з горада і навакольных вёсак, якіх даставіць аўтобус».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота дадзена Бярозаўскім цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі


Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».