Вы тут

Баланс інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы


Праект закона падрыхтаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы Міністэрствам унутраных спраў сумесна з Вярхоўным Судом і Генеральнай пракуратурай. 23 мая законапраект унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў. Плануецца, што ён будзе разгледжаны на бягучай сесіі адразу ў двух чытаннях. Цяпер жа на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы абмеркавалі заўвагі і прапановы, якія паступілі, заслухалі інфармацыю аб выніках праведзеных экспертыз.


Фота: БелТА

Звыш сямі тысяч чалавек будуць амніставаны

Па папярэдніх разліках, амністыя будзе прыменена да больш як 7 тысяч асуджаных. У параўнанні з папярэднімі амністыямі ў дадзеным законапраекце ёсць новаўвядзенні. Упершыню амністыя будзе прыменена да асуджаных, якім прызначаны пакаранні ў выглядзе грамадскіх і папраўчых работ. У гэтым выпадку яна будзе прымяняцца толькі да асоб, якія на працягу не менш як трох месяцаў, якія папярэднічалі ёй, працуюць, навучаюцца або займаюцца іншай карыснай дзейнасцю.

Прадугледжана памяншэнне тэрміну пакарання на адзін год: шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненне забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць без абцяжвальных адказнасць прыкмет (частка 1 артыкула 139 і частка 3 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса); жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Акрамя таго, амністыя будзе распаўсюджвацца на асоб, якія здзейснілі злачынствы, прадугледжаныя часткай 1 артыкула 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі), часткамі 1 і 2 артыкула 350 (Знішчэнне, блакіраванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса.

Як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Лепяшко, амністыя з’яўляецца важным мерапрыемствам у нашай краіне. «Многія, у першую чаргу, сем’і тых, хто знаходзіцца ў месцах адбывання пакарання, з надзеяй чакаюць гэтага заканадаўчага акта, — звярнуў увагу дэпутат. — Амністыя з’яўляецца праявай гуманізму і спрыяе ўмацаванню дэмакратыі ў дзяржаве. Традыцыйна амністыя аб’яўляецца напярэдадні значных дат у гісторыі нашай дзяржавы. Па меркаванні нашай камісіі, у законапраекце забяспечаны баланс інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы, захаванне канстытуцыйных гарантый асабістай бяспекі грамадзян у сувязі з амністыяй».

Абавязковая ўмова — працаўладкаванне

Галаўной камісіяй, якая ўжо прыступіла да работы над законапраектам, прызначана Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. Дакумент накіраваны ва ўсе Пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў. Адказным за падрыхтоўку законапраекта са складу профільнай камісіі вызначаны намеснік старшыні камісіі Аляксандр Барсукоў. У час праходжання службы ў органах унутраных спраў ён кіраваў Дэпартаментам выканання пакаранняў і з’яўляецца найбольш кампетэнтным дэпутатам па пытаннях амністыі са складу Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Барсукова, амністыя з’яўляецца адной з форм правядзення дзяржаўнай крымінальна-прававой палітыкі, дазваляе рэалізаваць прынцып гуманізму ў дачыненні да асоб, якія здзейснілі злачынствы, якія пакрылі нанесеную злачынствам шкоду, ліквідавалі іншыя шкодныя наступствы злачынства, сталі на шлях выпраўлення і не ўяўляюць небяспекі для грамадства.

Па словах дэпутата, выхад на свабоду людзей па амністыі не паўплывае на крымінагенную абстаноўку ў краіне. «Адна з умоў — людзі, якія будуць амніставаны, павінны быць працаўладкаваны, — паведаміў ён. — Калі чалавек вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі і на працягу трох месяцаў не працаўладкаваўся, зноў будзе прыцягнуты да адказнасці. Амністыя — гэта акт гуманізму дзяржавы ў адносінах да гэтых грамадзян, якім даецца яшчэ адзін шанц стаць на шлях выпраўлення. І кожны павінен скарыстацца такім шанцам».

Амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, што паўторна ўчынілі наўмыснае злачынства, да якіх раней прымяняліся амністыя або памілаванне. Не закране амністыя і тых, хто не пакрыў поўнасцю прычынены злачынствамі ўрон, злосна парушае парадак адбывання пакарання або іншыя меры крымінальнай адказнасці. Не трапяць пад гэты акт гуманізму і асобы, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў, асабліва небяспечныя рэцыдывісты, тыя, хто ўчыніў злачынствы супраць дзяржавы, жыцця і здароўя насельніцтва, палавой недатыкальнасці, канстытуцыйных правоў і свабод, грамадскай і інфармацыйнай бяспекі, грамадскага парадку і маральнасці, і іншыя, датычныя да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці.

Амністыя, якая прапануецца, улічвае інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы, не ставіць пад пагрозу бяспеку іншых людзей. Яе прыняцце і прымяненне не выкліча рэзкага ўсплёску ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці. У найбліжэйшы час праект Закона «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» будзе накіраваны кіраўніку дзяржавы.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.