Вы тут

У Магілёўскім аблвыканкаме расказалі пра сумесныя праекты з Кітаем


На працягу амаль тыдня, пачынаючы з 16 мая афіцыйная дэлегацыя Магілёўшчыны знаходзілася ў Кітае, дзе наведала шэраг сусветна вядомых буйных прадпрыемстваў у правінцыях Хэнань і Хунань, прыняла ўдзел у міжнароднай выставе і перамовах з кіраўніцтвам правінцый. Перспектывы, як адзначае намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, самыя абнадзейваючыя.


— Кітай адзін з найважнейшых стратэгічных партнёраў як для Беларусі, так і для Магілёўскай вобласці, — адзначае суразмоўнік. — Першым кітайскім рэгіёнам, з якім мы ўстанавілі супрацоўніцтва роўна 20 гадоў таму, быў Хэнань. Адбылося шмат узаемных візітаў, устаноўлены пабрацімскія адносіны паміж Магілёвам і горадам Чжэнчжоу, беларускія і кітайскія прадпрыемствы удзельнічалі ў міжнародных мерапрыемствах, якія праводзіліся на тэрыторыі нашых гарадоў. У 2016 годзе на цырымоніі ўзнагароджання гарадоў-пабрацімаў у кітайскім горадзе Чунцыне Магілёў быў адзначаны ўзнагародай за дружалюбны абмен і супрацоўніцтва з Кітаем. Ініцыятарам выступіў пабрацім Магілёва горад Чжэнчжоу. 

Толькі за апошнія 10 гадоў узаемны тавараабарот паміж Магілёўскай вобласцю і Кітаем вырас у 3,5 разы. І патэнцыял вельмі высокі. Пандэмійны перыяд як раз паказаў, што сябар пазнаецца ў бядзе. Гэта было звязана з гуманітарным супрацоўніцтвам, калі краіны актыўна дапамагалі адна адной змагацца з навалай. А ў перыяд санкцый кітайскі рынак па-ранейшаму заставаўся і застаецца быць адкрытым для беларускай прадукцыі. Каб уявіць сабе маштабы гэтага рынка, дастаткова сказаць, што насельніцтва правінцыі Хэнань складае амаль 100 мільёнаў чалавек, а Хунань — болей чым 65 мільёнаў. Гэтыя правінцыі з’яўляюцца для нас найбольш важнымі з пункту гледжання засваення ўсяго кітайскага рынка. Паколькі Магілёўская вобласць мае шчыльныя сувязі з правінцыяй Хэнань, нам на ўзроўні ўрада Беларусі было даручана быць каардынатарамі міжнароднай выставы, прысвечанай харчовым таварам і ўсяму, што звязана з гэтым кірункам. У нас была магчымасць не толькі выставіць асобны калектыўны стэнд Рэспублікі Беларусь, але і паўдзельнічаць ва ўсіх афіцыяльных мерапрыемствах.

— Якія прадпрыемствы Магілёўшчыны прадстаўлялі Беларусь на гэтай выставе?

— Гэта адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Бабушкіна крынка», «Магілёўскі мясакамбінат», «Магілёўская фабрыка марожанага», «Чырвоны харчавік», «Булачна-кандзіцерская кампанія «Дамачай», Клімавіцкі ЛВЗ. Усе яны ўжо пастаўляюць прадукцыю на рынак Кітая і мы бачым, што нашы тавары там сапраўды запатрабаваныя. Трэба адзначыць адкрытасць прымаючага боку. Урад правінцыі Хэнань даў нам магчымасць наведаць шэраг прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, дзе мы ўбачылі тэхналогіі, якімі карыстаюцца гэтыя прадпрыемствы. Мы даведаліся пра змяненні пераваг кітайскіх спажыўцоў у адносінах да ўпакоўкі, захавання тавару, напаўнення прадуктаў рознымі дабаўкамі. Было карысна ўбачыць, як працуюць вядучыя кітайскія вытворцы, на што робяць акцэнт і дзе мы можам разам пасупрацоўнічаць. Такія стасункі, перакананы, дадуць свой канкрэтны вынік. Мы мелі магчымасць наведаць сусветных лідэраў па вытворчасці аўтамабілебудавання.У горадзе Чаньша правінцыі Хунань размешчаны найбуйнейшы ў свеце кластар вытворцаў будаўнічай тэхнікі і механізмаў. Гэта такія кампаніі як Zoomlion, SANY, SAIC Volkswagen і іншыя, якія з’яўляюцца сусветна вядомымі лідэрамі. Урад правінцыі даў нам магчымасць пазнаёміцца з падыходамі ў пераўзбраенні, стварэнні індустрыі 4.0 робатызацыі, укараненні інфармацыйных тэхналогій. Мы абмеркавалі магчымасці сумеснай рэалізацыі праектаў. 

У ходзе афіцыйных мерапрыемстваў атрымалася прадставіць эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. З улікам таго, што беларускую дэлегацыю суправаджаў пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Аляксандр Чарвякоў, адбыўся цэлы шэраг дадатковых сустрэч з кіраўніцтвам правінцыі. На гэтых сустрэчах мной былі ўнесены канкрэтныя прапановы па далейшаму супрацоўніцтву. 

— Што стала вынікам візіту ў Кітай?

— Паміж СЭЗ «Магілёў» і эканамічнай і тэхналагічный зонай горада Чаньша правінцыі Хунань падпісана Пагадненне аб узаемадзеянні. Акрамя гэтага, былі падпісаны Пратаколы намераў паміж Камітэтам эканомікі Магілёўскага аблвыканкама і Канцылярыяй знешніх сувязяў правінцый Хэнань і Хунань. Падпісаны таксама Пагадненні паміж Магілёўскім агенцтвам рэгіянальнага развіцця і муніцыпалітэтам горада Лоухэ правінцыі Хэнань. А Магілёўскае аддзяленне Гандлёва-прамысловай палаты падпісала Пагадненне з Кітайскай палатай міжнароднага гандлю горада Чаньша. Мы ўбачылі не проста жывы інтарэс да ўзаемадзеяння, а гатоўнасць заключаць сумесныя пагадненні і рухацца разам да рэалізацыі праектаў. 

— Якія кірункі плануецца развіваць? 

— Найбольш актуальныя ў нашым ўзаемадзеянні — і мы гэта асобна абмяркоўвалі і з правінцыяй Хунань, і з правінцыяй Хэнань — пытанні вытворчасці прадуктаў харчавання. Абодва рэгіёна зацікаўлены ў пастаўках з Беларусі ялавічыны. З улікам таго, што ўся наша ялавічына рэалізуецца і патрэбны дадатковыя аб’ёмы, мы прапанавалі кітайскім партнёрам арганізаваць у Магілёўскай вобласці вырошчванне буйной рагатай жывёлы для пастаўцы і перапрацоўцы на рынак КНР. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — аўтакампаненты. З улікам бурнага развіцця гэтай галіны ў КНР і ў Беларусі патрэба ў розных аўтакампанентах ёсць і мы абмеркавалі, як будзем працаваць. Не менш цікавы абодвум бакам узаемны абмен турыстычнымі дэлегацыямі. Кітайцы зацікаўленыя ў наведванні Беларусі і нам неабходна стварыць адпаведныя ўмовы для іх размяшчэння з улікам спецыфікі іх кухні, іншых заўваг. Мы прапанавалі партнёрам некалькі ўнікальных месцаў на тэрыторыі вобласці, каб стварыць базы для кітайскіх турыстаў. Гэта, напрыклад, Слаўгарадскі, Бялыніцкі раёны. Яшчэ абмяркоўваліся тэмы гуманітарнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і медыцыны, што выклікалі жывую цікавасць з кітайскага боку. 

— Якія з агульных праектаў плануецца рэалізаваць у бліжэйшы час?

— Падпісана Пагадненне аб рэалізацыі на тэрыторыі правінцыі Хунань сумеснага праекта ААТ «Бабушкіна крынка» і кампаніі Hunan Baifei Dairy Co. Ltd па стварэнні перапрацоўчага прадпрыемства. Беларусы будуць інвеставаць разам з кітайцамі ў будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў на аснове беларускай сыравіны. Наша малочная прадукцыя карыстаецца попытам на кітайскім рынку. ААТ «Бабушкіна крынка» ўжо вядзе перамовы па рэалізацыі праекта, пачынаюць працаваць рабочыя групы па ўдакладненні і дэталізацыі юрыдычных пытанняў. Гэты праект стане новай вехай у гісторыі ўзаемадзеяння КНР і Рэспублікі Беларусь. Чакаем, што ў бліжэйшы час у эканамічнай зоне Чаньша будзе зарэгістравана новае беларуска-кітайскае прадпрыемства. І, каб спажывец ужо пачаў знаёміцца з прадукцыяй, мы ў бліжэйшы час арганізуем яе пастаўкі ў Кітай пад сумесным брэндам. Каб, калі запусціцца сумеснае прадпрыемства, жыхары ўжо ведалі наш агульны прадукт. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сайта mogilev-region.gov.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.