Вы тут

У Гродне пачынае развівацца аматарскі футбол сярод жанчын


Праект «Футбольныя мамы» больш вядомы ў Расійскай Федэрацыі, а вось для Беларусі гэты кірунак пакуль што новы. Тым не менш у Гродне такі клуб набірае абароты. Матулі згуртаваліся вакол трэнера сваіх дачок-школьніц і таксама пачалі трэніравацца. Што прымусіла жанчын заняцца футболам і наколькі гэта ім удаецца? На гэта і іншыя пытанні адказваюць удзельніцы футбольнага клуба матуль. 


Жанчыны з задавальненнем згадзіліся паразмаўляць з карэспандэнтам «Звязды» перад чарговай трэніроўкай. Заняткі ў спартыўнай зале праходзяць раз на тыдзень. Збіраюцца даволі позна — у восем гадзін вечара. Трэніруюцца гадзіну-паўтары. Усе ў аднолькавай форме. Пакуль вяду размову з трэнерам-выкладчыкам Клаўдзіяй Соф’інай, астатнія жартуюць паміж сабой ці размінаюцца. 

—Пераважная большасць нашай жаночай каманды — гэта мамы дзяўчат-футбалістак. Дзеці займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе «Неман», у манежы. Мамы таксама хадзілі з імі на гульні і самі загарэліся жаданнем паспрабаваць сябе ў футболе, — паясняе трэнер.

Сваю спартыўную кар’еру Клаўдзія пачынала ў якасці гульца. Але для прафесійнага росту не бачыла перспектывы. Таму пасля гульні ў некалькіх камандах, пераехала ў Гродна і пачала набіраць дзяўчынак для трэніровак. Зараз у яе каля 40 юных футбалістак. Каманда ўдзельнічае ў шматлікіх спаборніцтвах, чэмпіянатах, выязджае на фестывалі. 

— Але чамусьці пра жаночы футбол пакуль вельмі мала ведаюць. І часта пытаюць: «А у нас сапраўды ёсць такі від?» Вось жаночы хакей на траве ведаюць. Магчыма таму, што гродзенская каманда «Рытм» на слыху і вядома сваімі перамогамі. Я ведаю, што гульцы каманды маюць свае дзіцячыя групы, што таксама папулярызуе гэты від спорту. Пакуль у нас такога няма. Хацелася б, каб і ў нашай сістэме жаночага футболу было больш трэнераў і гэты від развіваўся, — лічыць субяседніца.

З цягам часу стала відавочна, што мамы дзяўчынак таксама зацікавіліся футболам. Паступова аформіўся свайго роду клуб па інтарэсах. Пасля набыцця франшызы сталі карыстацца папулярным лэйблам, заказалі форму. На арэнду памяшкання скідваюцца ўсе ўдзельніцы. Інтарэс да гульні трэнер паясняе жаданнем быць на адной хвалі са сваімі дзецьмі. Да таго ж тут склалася даволі сяброўская атмасфера. 

—Тыя, хто прыйшоў, ніхто не пакінуў каманду. Ва ўсіх свая мэта, але ёсць і агульны кірунак, які ўсіх аб’ядноўвае. Мне б хацелася развіваць гэты рух, ён правільны, я бачу, што гэта патрэбна жанчынам, — кажа трэнер.

У Алесі Варанко футболам займаюцца адразу дзве дачкі. Сама яна працуе ріэлтарам. У сям’і футбольных фанатаў не было, пакуль на гэты від спорту не звярнула ўвагу дзевяцігадовая дачка. І хаця для бацькоў такое рашэнне стала нечаканасцю, пярэчыць не сталі. З тае пары ў дзяўчынкі жорсткі рэжым — у 6 гадзін пад’ём, у 8 — трэніроўка. І так кожны дзень. А праз год і малодшая дачка пайшла па яе слядах. Цяпер атрымалася, што ўвесь жаночы складнік сям’і Варанко гуляе ў футбол. Тата, не супраць, кажа Алеся. 

—Магчыма, будзем праводзіць аматарскія чэмпіянаты, але мы не імкнемся заваёўваць узнагароды. Нам важна адцягнуць мамаў ад сваіх штодзённых клопатаў, каб яны маглі заняцца чымсьці цікавым для сябе. Да таго можам адчуць на сабе тую нагрузку, якую маюць нашы дзеці падчас трэніровак. А можа і паспаборнічаем потым з імі. Тады і дзеці не будуць успрымаць сваіх мам аддаленымі, яны стануць больш блізкімі на аснове агульных інтарэсаў, — выказвае сваё меркаванне Алеся.

Жанчынам сапраўды ёсць што сказаць пра сваё захапленне. Для іх гэта абсалютна новы від актыўнага адпачынку. І хаця многія раз-пораз займаліся фітнэсам і аэробікай, менавіта футбол стаў дапаўняльным стымулам для выпрацоўкі гармонаў радасці сератаніна і эндарфіна. Між тым патрэбна прыкласці і пэўныя намаганні. Як кажуць самі мамы, яны не проста ганяюць мячык, а праводзяць розныя практыкаванні, якія рэгулюць дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, даюць нагрузку на розныя віды мышцаў.

—Мне заўсёды здавалася, што футбол — гэта не складана. Бо калі гуляюць прафесійныя спартсмены ўсё выглядае прыгожа і проста. Але калі я сама паспрабавала гуляць з мячом, аказалася, што не ўсё так проста. Я зразумела, наколькі гэта складана — кантраляваць мяч, які, здаецца, гуляе сам з сабой. І гэта вялікая праца. Але зараз магу нейкую тэарэтычную параду даць і сваім дзецям. Можам абмеркаваць, як адпрацаваць той ці іншы момант. Вось што мне дае гэта трэніроўка, — зазначыла ўдзельніца жаночага футбольнага клуба.

Наталля Руцкая пазіцыяніруе футбольных мамаў у сацыяльных сетках, іншых месенджэрах. Кажа, што інтэрнэт—супольнасць успрымае пазітыўна ролікі з трэніровак. Негатыўных каментарыяў няма, наадварот, раяць гэту ідэю развіваць. 

—Мая дачка займаецца з 1 класа, яна трапіла ў першы набор Клаўдзіі Валер’еўны пяць гадоў таму. Трэнер прыйшла ў школу з аб’явай і мая дачка адразу запісалася, зараз займаецца ў спартыўным класе. Менавіта дзеці нас аб’ядналі, тут я знайшла сапраўдных аднадумцаў. Летась мы не прапусцілі ніводнага матча на стадыене, ведаем усіх футбалістаў, — кажа Наталля. 

Дапаўняльным стымулам стала і добрая гульня гродзенскай каманды «Неман» у футбольным чэмпіянаце Беларусі-2023, дзе каманда заняла другое месца і стала срэбраным прызёрам. Гэта значны рывок гродзенскіх футбалістаў, якія даўно не паказвалі такіх вынікаў. 

Футбольныя мамы радуюцца поспеху, але сваю задачу бачаць у іншым. Для іх футбол хутчэй задавальненне, магчымасць скінуць стрэс і набыць пазітыўныя эмоцыі. Вядома, расце і майстэрства. Як заўважыла ўдзельніца клуба Алеся Гурская, усе тактычныя дзеянні на добрым узроўні. У яе, дарэчы, як і ў Алесі Варанко, футболам займаюцца дзве дачкі. Ды і сама яна у мінулым была ў камандзе па футболу. 

—Дзяўчаты хутка падцягнуліся, калі напачатку не ведалі з якога боку падыйсці да мяча, зараз і добра б’юць, і ставяць корпус, і абводзяць суперніка. Тут мы працуем над каардынацыяй руху, адпрцоўваем сілу. Тэхнічныя моманты, гульнявыя прыёмы. Мы старемся падтрымліваць адносіны, падкідваем новыя ідэі — лазні, агульныя дні нараджэння. Гэта і спорт і адпачынак, — зазначае Алеся. 

І хаця ў клубе сабраліся мамы розных узростаў і прафесій, ніхто не капрызіць, не імкнецца сябе выстаўляць. Усе ставяцца да трэніровак дысцыплінавана і адказна. А ў звычайным жыцці спорт дапамагае жанчынам мабілізавацца, сабрацца, быць больш мабільнымі і стрэсаўстойлівымі. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.