Вы тут

«Беларускія цукеркі — у падарунак бабулі»: дзяцей Данбаса пасля рэабілітацыі сустрэлі ў Гомелі


Гомель працягвае прымаць актыўны ўдзел у дапамозе дзецям Данбаса. Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прайшлі рэабілітацыю і аздараўленне ў Беларусі, на шляху дадому сустрэлі ў Гомелі. Дзеці пасля мінна-выбухных раненняў атрымалі рэабілітацыйнае лячэнне ў санаторыі ў Магілёўскім раёне. Дапамогу ім аказалі і прадпрыемствы Гомельшчыны. У горадзе над Сожам дзяцей і іх бацькоў сустрэлі супрацоўнікі і валанцёры абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.


Гасцей чакалі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Пасля экскурсіі па палацы Румянцавых і Паскевічаў з дзецьмі і іх бацькамі сустрэліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў горада. У падарунак хлопчыкам і дзяўчынкам з Данбаса перадалі майкі з беларускім арнаментам.

— Мы заўсёды рады вам у нашым горадзе, вобласці і краіне. Усяго добрага, здароўя і дабрабыту, — пажадала на сустрэчы член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк.

Уражаннямі ад адпачынку і рэабілітацыі ў беларускай здраўніцы з журналістамі падзялілася дзевяцігадовая Мілана. Дзяўчынка прыехала ў Беларусь з братам і мамай.

— Асабліва запомніўся магілёўскі заасад. Уяўляеце, мне нават далі патрымаць труса-пушысціка. А яшчэ пабывала ў сапраўдным палацы, вельмі прыгожа. Усё вельмі спадабалася, — падзякавала Мілана. Дзяўчынка расказала, што вязе дадому вялізны чамадан падарункаў і цукерак, якія спецыяльна збірала, каб падзяліцца з бабуляй, якая чакае малую дома.

— Басейн у нас быў кожны дзень. Вельмі шмат экскурсій цікавых, свежае паветра. Вельмі прыемна, што нас так цёпла сустракалі і праводзяць дадому. Я яшчэ б вярнуўся, — расказаў аб адпачынку і аздараўленні ў Беларусі Мікалай з Данецкай вобласці. Хлопчык падзякаваў за магчымасць умацаваць здароўе.

З падарункамі, сувенірамі, самымі добрымі пажаданнямі на пероне гомельскага чыгуначнага вакзала дзяцей і іх бацькоў з Данбаса праводзілі валанцёры і супрацоўнікі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.

Як адзначыла прадстаўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая па Гомелі і Гомельскай вобласці Юлія Малава, гэта першая група дзяцей, прыезд якіх арганізаваны па спецыяльнай рэабілітацыйнай праграме фонду для дзяцей, якія пацярпелі ад мінна-выбухных раненняў. Рэалізуецца ініцыятыва пры падтрымцы Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціны Мацвіенка.

— Чужых дзяцей не бывае. Імкнёмся дапамагчы і аказаць максімальную падтрымку тым, хто ў ёй асабліва мае патрэбу, — падкрэсліла Юлія Малава і адзначыла, што ўсяго пры падтрымцы дабрачыннага фонду Аляксея Талая ў Беларусі змаглі аздаравіцца больш за 3 тысячы дзяцей Данбаса.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота Гомельскай абласной арганізацыі БЧК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.