Вы тут

Купалаў дом адзначыў юбілей


Дом пад таполяй... Менавіта так называлі гасцінны дом, дзе жыў Янка Купала і ягоная жонка Уладзіслава. Будынак быў зруйнаваны ў час Вялікай Айчыннай вайны, але цяпер на тым месцы знаходзіцца Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які па-ранейшаму гасцінна прымае ўсіх. У гэтым годзе музей адзначае васьмідзесяцігоддзе з дня свайго заснавання. Юбілейныя мерапрыемствы пачаліся даўно. Выставы, вечарыны, круглыя сталы... А 24 мая, гэта дата, блізкая да дня падпісання ўказа аб заснаванні музея, адбылася самая «афіцыйная» частка — шаноўныя госці прыйшлі ў Купалаў дом, каб павіншаваць музейшчыкаў з іх святам, уручыць заслужаныя ўзнагароды. 


Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Вечарына пачалася са знакамітай песні на словы Купалы «Спадчына», якую выканала салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга Алеся Дзержавец. І фон для святкавання быў адмысловы: новая часовая экспазіцыя «Купалаў Дом — 80», адным з самых прыкметных экспанатаў якой стаў бюст Уладзіславы Луцэвіч, стваральніцы і першага дырэктара музея. А з другога боку залы, як заўсёды, задумліва ўглядаўся ў гасцей бронзавы Янка Купала. Сям’я гаспадароў у зборы! А госці прыйшлі з падарункамі. Кіраўнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч уручыла музею-юбіляру грамату міністэрства. Нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» атрымалі загадчык аддзела музея Дзіяна Кавалевіч і галоўны захавальнік фондаў Надзея Саевіч, ганаровыя граматы — намеснік дырэктара Вольга Лебедзь і загадчык філіяла «Ляўкі» Аксана Платонава, падзякі міністра культуры — супрацоўніца музея Валянціна Ціханавецкая і загадчык філіяла «Акопы» Алена Гурэцкая... Павіншавала музей і адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска. Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандр Мацэвіч уручыў граматы супрацоўнікам музея Марыі Бартковай і Галіне Варонавай і шчыра падзякаваў ветэранам музея за тую часціцу гісторыі, якую яны захоўваюць. 

Знакавым было, што ў зале прысутнічалі сваякі Янкі Купалы — яго ўнучатая пляменніца Ніна Раманоўская і ўнучатыя пляменнікі Віктар і Іван Аўлачынскія. Ушанавалі і старэйшых супрацоўнікаў музея — Фаіну Ваданосаву, Глафіру Кушаль і Марыю Чабатарэвіч. Марыя Кандратаўна Чабатарэвіч зрабіла кароткі экскурс у гісторыю стварэння музея, згадала пра тую выбітную ролю, якую сыграла ў гэтым жонка Купалы Уладзіслава Францаўна. Марыя Кандратаўна заўважыла, што ў доме Купалы заўсёды працавалі шчырыя, адданыя творчасці Песняра людзі, і падарыла музею бюст Янкі Купалы, які ёй калісьці дастаўся ад скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх. 

Віншавалі супрацоўнікаў музея іх калегі з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа — Купала і Колас, як вядома, сябравалі, і музеі, ім прысвечаныя, сябруюць. Таму плакетку сябра музея Купалы атрымала дырэктар Коласаўскага дома Ірына Мацяс. Віншаванне ад Саюза пісьменікаў Беларусі перадаў пісьменнік Анатоль Матвіенка. Не засталіся ўбаку прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк горада Мінска. Відэавіншаванне прыслалі з адзінага ў Расіі музея, прысвечанага беларускаму Песняру — з Пячышчаў, што ў Татарстане, дзе Купала знаходзіўся ў эвакуацыі. 

Дырэктар музея Янкі Купалы Ганна Галінская нагадала, што музей быў заснаваны ўказам ад 25 мая 1944 года і адкрыты для наведвання ў верасні 1945-га. Знакава, што юбілей музея адзначаецца ў адзін год з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А 17 мая 1960 года наведнікі прыйшлі ў новы будынак па адрасе вуліца Купалы, 4. Першую экспазіцыю там адчыніў народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва. На жаль, Уладзіслава Францаўна не дажыла да тае доўгачаканай падзеі некалькі месяцаў. А з 18 мая 1960 года у новым будынку пачалася штодзённая пачэсная праца, якая працягваецца па сёння. Ганна Галінская згадала, што ў кнізе ганаровых гасцей музея ёсць запіс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: «Дзякуй усім тым людзям, што захавалі для нас гэту спадчыну». 

Вечарыну аздобілі песні на словы Янкі Купалы. Іх выконвалі салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М.Фінберга Наталля Тамела, Алеся Дзержавец, Дзмітрый Качароўскі, Таццяна Глазунова. 

Купалаў дом працягвае сваю працу і чакае гасцей.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.