Вы тут

Лукашэнка: Візіт дэлегацыі Алтайскага краю стане пунктам адліку для актывізацыі старых і стварэння новых адносін


Адлегласць паміж Мінскам і Барнаулам — больш за чатыры тысячы кіламетраў. Але гэта не перашкода для плённага супрацоўніцтва. Пацвярджэнне — візіт у Беларусь дэлегацыі Алтайскага краю на чале з губернатарам Віктарам Таменкам. Па традыцыі ключавое мерапрыемства ў насычаным графіку дэлегацыі — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.


Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Алтайскі край вельмі блізкі Беларусі па духу. Гэты рэгіён па праве лічыцца жытніцай Сібіры, адным з самых буйных аграрных рэгіёнаў Расіі. «Па аб’ёмах намалочанага збожжа, у першую чаргу высакаякаснай пшаніцы, вы ўваходзіце ў першую дзясятку рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Я ўжо не кажу пра грэчку, па якой вы прызнаны лідар мінулага года з ураджаем амаль мільён тон. Нам трэба звярнуць увагу на гэта. Калі нам трэба будзе добрая грэчка, мы можам яе дазакупіць. Хоць мы спрабуем у нашым краі, дзе не вельмі апрацоўвалі яе, спрабуем забяспечыць свае патрэбы ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Для Віктара Таменкі Беларусь — краіна ўвогуле родная, на што звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Маці губернатара Алтайскага краю з Беларусі, з-пад Мазыра. «Вы пабывалі на зямлі продкаў, пагутарылі са сваякамі. Гэта вельмі важна, акрыляе, у любым выпадку настрой павышае значна. — сказаў Прэзідэнт. — Спадзяюся, гэты візіт дапаможа пераадолець некаторае адставанне ва ўзаемным гандлі і стане пунктам адліку для актывізацыі старых і стварэння новых партнёрскіх адносін».

У 2023 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Алтайскім краем склаў 108,2 мільёна долараў. Аляксандр Лукашэнка акрэсліў шэраг кірункаў, якія ў перспектыве могуць павялічыць гэтыя паказчыкі.

Першае. Пастаўкі сельгастэхнікі

«На вашых палях сёння ўжо працуюць тысячы нашых трактароў і камбайнаў «Палессе». Гатовы забяспечыць патрэбы краю ў запасных частках і сэрвісным абслугоўванні, уключаючы навучанне персаналу. Мы гатовы пастаўляць вам найноўшую тэхніку для ўборкі траў, уборкі кукурузы (я маю на ўвазе камбайны), а таксама новыя трактары «Беларус», — зазначыў беларускі лідар.

Другое. Машынабудаванне

Праграма знаходжання дэлегацыі Алтайскага краю ўключае наведванне найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі (МТЗ, «Амкадор», МАЗ), прадукцыя якіх выдатна зарэкамендавала сябе не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але і на замежных рынках. «У сваю чаргу мы зацікаўлены ў пастаўках алтайскіх камплектуючых для нашай машынабудаўнічай галіны. У гэтым плане мы з вамі актыўна супрацоўнічаем, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мне было прыемна прачытаць у дакладах, што сёння больш за 60 працэнтаў замененых ліфтаў — беларускія. А з улікам вашых планаў па замене ліфтаў у гэтым годзе (амаль у 400 дамах) мы зацікаўлены ўдзельнічаць у тэндарах, перамагаць, пастаўляць ліфтавае абсталяванне для новага будаўніцтва. Гарантуем яго абслугоўванне і рамонт».

Трэцяе. Пасажырскі транспарт

У транспартным парку Алтайскага краю шырока прадстаўлена і ўжо добра зарэкамендавала сябе наша пасажырская тэхніка. «Мы гатовы і надалей прапаноўваць вам сучасныя аўтобусы як у газаматорным, так і ў дызельным выкананні: аўтобусы школьнай мадыфікацыі, у тым ліку нізкападлогавыя для безбар’ернага асяроддзя, а таксама электробусы. Наведваючы МАЗ, вы зможаце паглядзець іх і нават прайсці тэст-драйв, каб вызначыцца з камплектацыяй», — адзначыў Прэзідэнт.

Чацвёртае. Пастаўкі спецыяльнай тэхнікі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што шырокую гаму камунальных, дарожна-будаўнічых і іншых спецыяльных машын госці ўбачаць на «Амкадоры». «Гатовы ў самыя кароткія тэрміны забяспечыць пастаўку ў ваш рэгіён усёй неабходнай лінейкі», — запэўніў ён.

Адной з цікавых тэм, па словах Аляксандра Лукашэнкі, можа стаць пажарная і аварыйна-ратавальная тэхніка, распрацаваная нашым прадпрыемствам у Мінскай вобласці. Пры яе вытворчасці на базе шасі МАЗ прымяняюцца сучасныя кампазітныя матэрыялы, што забяспечвае высокую надзейнасць і павялічвае тэрмін эксплуатацыі да 20 гадоў.

Пятае. Жывёлагадоўля

«Ведаем аб вашых поспехах у гэтай сферы і прапануем аб’яднаць нашы кампетэнцыі як па экспарце абсталявання для жывёлагадоўчых і малочнатаварных ферм, так і па навуковым суправаджэнні жывёлагадоўлі, пастаўках элітных парод жывёлы, а таксама па распрацоўках камбікармоў», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што купляць самыя сучасныя і самыя эфектыўныя камбікармы можна ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

Шостае. Беспілотныя сістэмы грамадзянскага прызначэння

«У рамках новага нацыянальнага праекта „Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы“ вы ведзяце распрацоўку рэгіянальнай праграмы, якая дазволіць набываць беспілотныя лятальныя апараты для патрэб сельскай гаспадаркі, сістэмы адукацыі, прыродаахоўнай дзейнасці. У гэтым кірунку Беларусь мае добрыя кампетэнцыі. І мы гатовыя вас з імі пазнаёміць. Калі спадабаецца — будзем разам працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сёмае. Сартаванне і перапрацоўка цвёрдых бытавых адходаў

«Ведаю, што вы, шаноўны Віктар Пятровіч, удзяляеце значную ўвагу тэме абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Ствараеце пяць комплексаў па перапрацоўцы адходаў. У гэтым плане мы вам можам быць карыснымі», — заўважыў Прэзідэнт.

Восьмае. Гуманітарная сфера

Нароўні з традыцыйнымі эканамічнымі кірункамі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аддаваць больш увагі супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы. Як у традыцыйных адукацыі і спорце, так і ў новых галінах. «Прыемна, што вы, Віктар Пятровіч, прывезлі ў Мінск з гастролямі Алтайскі краявы тэатр драмы. „Белдзяржфілармонія“ і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча гатовы да правядзення абменных гастроляў. І тэатраў у нас нямала», — адзначыў ён.

Дзявятае. Турызм і транспартныя зносіны

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок зацікаўлены ў развіцці турызму з Алтайскім краем — адным з найпрыгажэйшых рэгіёнаў Расіі. «Для актывізацыі паездак, дзелавых і турыстычных, неабходны добрыя транспартныя зносіны. А больш дакладна — адкрыццё прамога авіярэйса паміж Мінскам і Барнаулам. Гэта, на мой погляд, таксама актуальная тэма для ўзаемнай прапрацоўкі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Рэзюмуючы сказанае, Прэзідэнт нагадаў, што беларусы адкрыты да прадметнай размовы па ўсіх кірунках. І чакаюць ад гасцей сустрэчных прапаноў. «Усе пытанні будуць уважліва разгледжаны на ўзроўні прысутных тут членаў урада. І мы абавязкова прымем адпаведныя рашэнні. Мы вельмі хацелі б супрацоўнічаць з вашым краем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Віктар Таменка падкрэсліў, што ў склад дэлегацыі, акрамя членаў урада, уваходзяць прадстаўнікі бізнесу, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў адукацыі. Па яго словах, гэта дасць добрыя вынікі для далейшага развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Алтайскага краю. «Далейшая работа Алтайскага краю з Рэспублікай Беларусь, з асобнымі прадпрыемствамі і кампаніямі, арганізацыямі, з асобнымі абласцямі ў нас ужо праводзіцца. Ёсць добрыя кантакты, ёсць узаемадзеянне», — сказаў губернатар.

У тэму

Мы работу не з нуля пачынаем

Журналістам Віктар Таменка расказаў, што галоўнай тэмай перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі стала эканоміка. Але не толькі. «Дзякуючы падтрымцы, рашэннем Прэзідэнта, кіраўніцтва Рэспублікі мы на чатыры дні склалі шырокую праграму і перагавораў, і наведвання розных прадпрыемстваў, пасяджэнняў двухбаковых камісій, якія ўжо дзейнічаюць і працуюць па надзённых пытаннях узаемадзеяння Беларусі і Алтайскага краю. Размова ідзе найперш аб рабоце над забяспечваннем тэхнічнага і тэхналагічнага суверэнітэту, імпартазамяшчэнні. Сёння мы акрэслілі першыя крокі па пастаўцы ў Беларусь камплектуючых, што вырабляюць у Алтайскім краі: калёсныя дыскі, поўныя камплекты і элементы палівачных сістэм, шынную прадукцыю і іншыя. У той жа час сустрэчны аб’ём набыцця тэхнікі, абсталявання, сельскагаспадарчай тэхнікі — гэта тое, што цікава сёння Алтайскаму краю. Нягледзячы, на тое, што Алтайскі край — адзін з лідараў аграпрамысловага комплексу ўсёй Расіі, прадукцыя беларускага аграпрама ў нас прадстаўлена недастаткова», — адзначыў Віктар Таменка. Па яго словах, ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва, якія трэба развіваць. Адзін з іх — набыццё трамваяў і тралейбусаў вытворчасці «Белкамунмаш». «У нас ужо ёсць пэўныя поспехі, мы не з нуля рботцу пачынаем. Мы яе працягваем. І шукаем, дзе яшчэ можам добра дадаць у іншых кірунках нашай дзейнасці, якія ўжо добра бачныя і, самае галоўнае, патрэбныя людзям і ў Беларусі, і ў Алтайскім краі», — падкрэсліў губернатар.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.