Вы тут

Сталі вядомы найлепшыя каманды краіны па гульнявых відах спорту


Героі тыдня. У Баку завяршыўся маладзёжны чэмпіянат Еўропы па барацьбе, у якім прынялі ўдзел каля 400 спартсменаў, не старэйшых за 23 гады, з 32 краін. Беларусы без медалёў не засталіся. Сем узнагарод заваявалі дзяўчаты: чэмпіёнкамі Еўропы сталі Наталля Варакіна (да 50 кг), Алеся Гетманава (да 59 кг) і Аліна Шаўчук (да 72 кг), «серабро» выйграла Яна Траццяк (да 62 кг). На трэцюю прыступку п’едэстала ўзнімаліся Вікторыя Воўк (да 53 кг), Вольга Гардзей (да 57 кг) і Вікторыя Радзькова (да 68 кг). У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе другое месца заняў Абубакар Хаслаханаў (да 97 кг).


Турнір тыдня. Скончыўся розыгрыш Кубка Беларусі па гандболе. Уладальнікамі трафея 14-ы раз стаў «Мяшкоў Брэст». У вырашальным матчы брэсцкія гандбалісты абыгралі сапернікаў са СКА-Мінск з вынікам 28:22. «Бронзу» цяперашняга кубкавага турніру заваявалі гандбалісты гродзенскага «Кронана», якія адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці сталічны БДУФК-СКА.

Уладальніцамі Кубка Беларусі сярод жаночых каманд сталі гандбалісткі «БНТУ-БелАЗа», якія пасля пяцігадовага перапынку выйгралі ў фінале ў «Гомеля» — 27:22. Для «БНТУ-БелАЗа» гэта 17-ы Кубак Беларусі ў гісторыі, «Гомель» браў трафей восем разоў.

Надзеі тыдня. Завяршылася фінальная серыя першага ў гісторыі чэмпіянату Беларусі па хакеі сярод жаночых каманд. Нацыянальнае чэмпіёнства ў серыі да дзвюх перамог разыгрывалі «Цытадэль» і «Бярэзіна». Стартавы матч фіналу прайшоў 24 мая і скончыўся перамогай «Цытадэлі» ў авертайме з лікам 2:1, у другім паядынку напярэдадні мацнейшымі былі ўжо хакеісткі «Бярэзіны» — 3:0. У вырашальнай гульні з вынікам 3:1 перамагла «Цытадэль», стаўшы першай у гісторыі камандай-пераможцай чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд.

Каманда тыдня. Футбалісты гродзенскага «Нёмана» другі раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку 33-га кубкавага розыгрышу каманда Ігара Кавалевіча абыграла «Іслач» з Мінскага раёна з лікам 2:0, забіўшы па голе ў кожным тайме. Гродзенская дружына чацвёрты раз гуляла ў фінале і паўтарыла поспех 1993 года, калі быў абыграны рэчыцкі «Ведрыч». «Ваўкі» другі раз саступілі ў вырашальным кубкавым паядынку — у 2021 годзе яны прайгралі барысаўскаму БАТЭ.

Перамога тыдня. Баскетбалісты каманды «Мінск» 16-ы раз сталі чэмпіёнамі Беларусі. Фінальная серыя XXXІІ чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод мужчынскіх каманд стала супрацьстаяннем сталічнай каманды і каманды «Гродна-93». У чацвёртым матчы серыі з вынікам 90:81 перамог «Мінск». Акрамя кубкаў і медалёў, баскетбалістаў чакалі і спецыяльныя ўзнагароды: найлепшым гульцам чэмпіянату ад імя Беларускай федэрацыі баскетбола былі ўручаны прызы ў наступных намінацыях: «Найлепшы абаронца» — Дэмітрыюс Лэйк («Барысфен»); «Найлепшы нападаючы» — Аляксей Трасцінецкі («МІНСК»); «Найлепшы цэнтравы» — Мікола Джурыч («Гродна-93»); «Найлепшы малады баскетбаліст» — Данііл Коска («МІНСК»); «Прыз сімпатый гледачоў» — Данііл Барысевіч («МІНСК»); MVP — Уладзіслаў Мікульскі («МІНСК»).

Поспех тыдня. Беларуска Марыя Гнедчык стала прызёрам фінальнага этапу розыгрышу Кубка свету па сучасным пяцібор’і 2024 года. Беларуская спартсменка заваявала сярэбраны медаль. Раней у рамках розыгрышу Кубка свету наша спартсменка двойчы трапляла ў пяцёрку наймацнейшых: на другім этапе ў Анкары Марыя замкнула топ-5, а на трэцім этапе ў Будапешце выйграла «золата».

Фота: БелТА

Дзякуючы чарговаму прызавому месцу Гнедчык узначаліла алімпійскі рэйтынг, адкуль пасля заканчэння кваліфікацыйнага перыяду пуцёўкі на Гульні-2024 атрымаюць дзевяць дзяўчат.

Лічба тыдня. 11 медалёў заваявалі беларусы на камандным чэмпіянаце Расіі па лёгкай атлетыцы. Пераможцай на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі стала Эльвіра Грабарэнка. У скачках у даўжыню вікторыю атрымала Віялета Скварцова, якая паляцела ў найлепшай спробе на 6,64 м. У сектары для трайнога скачка Віялета паляцела на 14,85 м — гэты вынік стаў новым рэкордам Беларусі. Такі вынік таксама прынёс ёй перамогу на спаборніцтвах. На другую прыступку п’едэстала ўзняліся Руслана Раманоўская (100 м з бар’ерамі), Віталь Парахонька (110 м з бар’ерамі), Ганна Міхайлава (400 м), Кацярына Белановіч (400 м з бар’ерамі), Максім Несцярэнка (трайны скачок), Яўген Багуцкі (кіданне дыска) і Аляксандр Шымановіч (кіданне молата). Бронзавым прызёрам турніру ў Сочы на стаметроўцы з бар’ерамі стала Святлана Парахонька.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.