Вы тут

Прозвішчы чатырох адміралаў-беларусаў увекавечаны ў назвах вуліц


Праўда, з 32 адміралаў-беларусаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прозвішчы толькі чатырох увекавечаны ў назвах вуліц. Аднак ці ўсе ведаюць, хто такія Пётр Бандарэнка, Валянцін Дрозд, Георгій Халасцякоў, Іван Хурс, які подзвіг яны здзейснілі?! Прапануем пазнаёміцца з гэтымі адважнымі людзьмі бліжэй.


Нявінна асуджаны

Пётр Ціханавіч Бандарэнка (1901–1950) нарадзіўся ў вёсцы Старая Зенькавіна Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. У 1919 годзе трапіў на флот. Спачатку служыў на Дняпроўскай ваеннай флатыліі, затым — на Балтыйскім флоце, памочнікам камандзіра падводнай лодкі «Палітрук» па палітычнай частцы. На Чарнаморскім флоце з’яўляўся палітруком крэйсера «Камітэрн». З 1930-га да 1934 года вучыўся ў Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. Леніна. Пасля заканчэння навучальнай установы служыў у Кранштаце.

Пётр Бандарэнка

Будучы адмірал удзельнічаў у знакамітым пераходзе лінкора «Парыжская камуна» з Балтыйскага ў Чорнае мора. Пераход быў пачаты 22 лістапада 1929 года і працягваўся 57 сутак. У складзе атрада таксама знаходзіўся крэйсер «Прафінтэрн». Гэты пераход паказаў, што насавыя надробкі лінкораў, адсутнасць паўбака не адпавядаюць патрабаванням мараходнасці і робяць караблі не прыдатнымі для плавання ў акіяне ў штармавых умовах. Быў выяўлены яшчэ цэлы шэраг істотных недахопаў. Паўстала пытанне аб неабходнасці правядзення мадэрнізацыі лінкораў. Мадэрнізацыя праходзіла па розных праграмах. За гістарычны пераход лінкора «Парыжская камуна», які па тым часе прыраўноўваўся да подзвігу, Пётр Бандарэнка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

З 1937 года ён служыў ваенным камісарам гэтага лінкора. З лютага 1939-га да чэрвеня 1942 года — брыгадным камісарам, начальнікам палітупраўлення Чарнаморскага флоту. У гады Вялікай Айчыннай вайны Пётр Бандарэнка ўдзельнічаў у абароне Адэсы, Ачакава, Севастопаля. У 1942 годзе яму было прысвоена званне контр-адмірала. З 1942 года служыў начальнікам палітаддзела, з’яўляўся членам Ваеннага савета Волжскай ваеннай флатыліі на Сталінградскім фронце. Быў узнагароджаны чатырма ордэнамі і пяццю медалямі. Пасля цяжкага ранення служыў намеснікам начальніка ўпраўлення ваенна-марскіх навучальных устаноў па палітчастцы, якое знаходзілася ў Баку. З 1944 года да мая 1945-га Пётр Бандарэнка — начальнік палітаддзела Каспійскай ваеннай флатыліі. У 1947–1949 гадах — начальнік палітупраўлення Чарнаморскага флоту.

Аднак і ў яго лёсе былі чорныя палосы. У 1949 годзе наш зямляк па сфарміраванай Берыяй «крымскай» і «ленінградскай» справах быў арыштаваны: яго абвінавацілі за «вядзенне контррэвалюцыйных размоў», «шкодніцка-падрыўной дзейнасці ў партыі і дзяржаўным апараце». 28 кастрычніка 1950 года ў адносінах да Пятра Бандарэнкі вынеслі смяротны прыгавор: яго расстралялі. У 1954 годзе прыгавор быў адменены Ваеннай калегіяй — наш зямляк быў рэабілітаваны пасмяротна. Яго імя было вернута народу. Імем Бандарэнкі названа вуліца ў гарадскім пасёлку Карма, недалёка ад якога контр-адмірал нарадзіўся.

Загінуў як герой

Другі наш беларус — Валянцін Пятровіч Дрозд (1906–1943) — да Вялікай Айчыннай вайны камандаваў Паўночным флотам. Ураджэнец Буда-Кашалёва пачынаў службу на Балтыцы: памочнікам вахтавага начальніка на лінкоры «Кастрычніцкая рэвалюцыя», лётчыкам-назіральнікам авіяатрада, штурманам і мінёрам эсмінца. З 1933 года служыў камандзірам эсмінца і старшым памочнікам камандзіра лінкора «Марат».

Валянцін Дрозд

У 1936–1937 гадах добраахвотнікам удзельнічаў у нацыянальна-рэвалюцыйнай вайне ў Іспаніі — інструктарам-саветнікам рэспубліканскага флоту. За мужнасць і адвагу ў баях узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга. Валянцін Дрозд з’яўляўся саветнікам на ваенна-марской базе Картахена, дзе базіравалася флатылія эсмінцаў, якой камандаваў малады афіцэр-андалузец Вісэнтэ Рамірэс. Вось што ён пісаў аб нашым земляку: «Вопытны марак, чалавек жывы, энергічны, быў вельмі карысны ў флатыліі эсмінцаў. Ён вельмі разумны».

Па вяртанні на радзіму Валянціна Дразда прызначылі камандзірам брыгады эсмінцаў Балтыйскага флоту. 

Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне. У 1940 годзе яму было прысвоена званне контр-адмірала. За 15 гадоў службы наш зямляк удзельнічаў у трох войнах.

Апошняй, вядома, была Вялікая Айчынная, падчас якой ён служыў камандзірам эскадры караблёў. Удзельнічаў у абароне Ленінграда. Летам 1941 года кіраваў баявымі дзеяннямі караблёў пры абароне праліва Маанзунд. Нямецкае камандаванне на ўвесь свет заяўляла, што ні аднаму караблю не ўдасца сысці з Таліна. Аперацыя па вывадзе эскадры Балтыйскага флоту была даручана Валянціну Дразду. 28–30 жніўня 1941 года пераход з Таліна ў Кранштат быў паспяхова ажыццёўлены: маракі выратавалі 87% баявых караблёў, якія дайшлі да месца прызначэння і сыгралі важную ролю ў цяжкіх баях за Ленінград. Акрамя таго, у Ленінград было дастаўлена 18 тысяч чырвонаармейцаў, чырванафлотцаў і камандзіраў.

У снежні 1941 года камандзір эскадры караблёў Балтыйскага флоту Валянцін Дрозд узначаліў паходы па перакідванні асаджанага гарнізона Ханко на Ленінградскі фронт. Нямецкі генерал Кюхлер заявіў: «Цяпер нават птушка не зможа праляцець праз кола блакады, устаноўленае нашымі войскамі». Нямецкі адмірал Руге лічыў, што кампанія на Балтыйскім моры скончылася поўнай ліквідацыяй савецкага флоту. Аднак ён памыляўся. Прарыў з Таліна сведчыў аб стойкасці і мужнасці савецкіх маракоў, з’яўляўся адной з найбуйнейшых іх перамог у перыяд акупацыі. І наш зямляк меў да гэтага непасрэднае дачыненне.

Валянціна Дразда называлі адным з найбольш таленавітых флагманаў Балтыйскага флоту, чалавекам надзвычайнай адвагі. І загінуў ён як герой: нашага земляка не стала 29 студзеня 1943 года падчас артылерыйскага абстрэлу на лядовай трасе пад Кранштатам. Віцэ-адмірал пахаваны ў Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу. На радзіме Валянціна Дразда, у Буда-Кашалёве, пры ўваходзе ў гарадскі парк узвышаецца помнік з надпісам: «Віцэ-адмірал В. П. Дрозд. 1906 — 1943 гг.». Адна з гарадскіх вуліц носіць яго імя.

Уладальнік найвышэйшага звання і трагічнага лёсу

Яшчэ адзін наш зямляк, віцэ-адмірал Георгій Мікітавіч Халасцякоў (1902–1983), даслужыўся да найвышэйшага звання — Героя Савецкага Саюза. У Чырвонай Арміі ўраджэнец Баранавіч — з 1919 года. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. На Ваенна-марскі флот трапіў у 1921 годзе. Спачатку служыў на Балтыйскім флоце, затым — на Далёкім Усходзе.

Георгій Халасцякоў

У 1934–1938 гадах камандаваў 5-й брыгадай падводных лодак Чарнаморскага флоту. У 1938 годзе яго рэпрэсіравалі. Восенню 1940 г. вызвалены, прызначаны камандзірам 3-й брыгады падводных лодак.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Георгій Халасцякоў знаходзіўся на розных пасадах: начальнік аддзела падводнага плавання Чарнаморскага флоту, камандзір Новарасійскай ваенна-марской базы, камандуючы Азоўскай і Дунайскай ваеннымі флатыліямі. Удзельнічаў у баях за Крым, Каўказ, вызваляў Югаславію, Венгрыю, Чэхаславакію, Аўстрыю. Быў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава І ступені, двума ордэнамі Ушакова І ступені, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.

Пасля вайны наш зямляк скончыў Ваенную акадэмію Генштаба ў Маскве. Камандаваў Каспійскай ваеннай флатыліяй і 7-м Ваенна-марскім флотам, з’яўляўся намеснікам начальніка ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Галоўнага штаба ВМФ СССР, займаў адказныя пасады ў Міністэрстве абароны Савецкага Саюза.

Званне Героя Савецкага Саюза Георгію Халасцякову было прысвоена за ўмелае камандаванне сіламі флоту і асабістую мужнасць, праяўленую падчас Новарасійскай аперацыі ў 1943 годзе і з нагоды 20-годдзя Вялікай Перамогі. У 1969 годзе адмірал пайшоў у адстаўку, жыў у Маскве, пісаў кнігі. У ліпені 1983 года наш зямляк разам з жонкай трагічна загінулі ад рук выкрадальнікаў узнагарод, якія прыйшлі да іх у кватэру пад выглядам журналістаў. Пахаваны ў Маскве. Георгій Халасцякоў — ганаровы грамадзянін Баранавіч, Геленджыка, Браціславы. Яго імя носіць адна з баранавіцкіх вуліц.

Амаль паўвека прысвяціў флоту

Будучы віцэ-адмірал Іван Кузьміч Хурс (1922–2002) нарадзіўся ў вёсцы Клятное Пухавіцкага раёна. Скончыўшы ў 1933 годзе Мінскае педагагічнае вучылішча, прайшоў медкамісію і атрымаў накіраванне ў Севастопаль — у вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Нягледзячы на высокі конкурс, беларус паспяхова здаў іспыты і стаў курсантам Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча імя Нахімава.

Іван Хурс

Пасля заканчэння навучальнай установы лейтэнант быў накіраваны на фронт. Іван Хурс удзельнічаў у абароне Севастопаля, Каўказа, забяспечваў «свабодную дарогу» па Волзе судам з палівам, боепрыпасамі і асабовым складам, якія накіроўваліся ў самае пекла — Сталінград. І, наадварот, суправаджаў параненых, старых і дзяцей са Сталінграда ў раён Каманіна і Саратава. Вайну скончыў, будучы камандзірам «Марскога паляўнічага» на Далёкім Усходзе. У 1945 годзе ўдзельнічаў у спецыяльнай камандзіроўцы ў ЗША ў складзе камісіі па прыёмцы караблёў па ленд-лізу. На розных пасадах служыў на Ціхаакіянскім флоце.

У 1951 годзе скончыў аддзяленне разведкі Вышэйшых акадэмічных курсаў, у 1959 годзе — Ваенна-марскую акадэмію. Іван Хурс з’яўляўся намеснікам начальніка разведкі ВМФ, начальнікам разведкі Чарнаморскага флоту. У 1979–1987 гадах ён — начальнік Разведвальнага ўпраўлення Галоўнага штаба ВМФ СССР — намеснік начальніка Галоўнага штаба ВМФ па разведцы. Аддаўшы флоту амаль 50 гадоў, у 1987 годзе віцэ-адмірал пайшоў у адстаўку. Памёр у Маскве 28 снежня 2002 года.

На парадным кіцелі нашага земляка — сем баявых ордэнаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, віцэ-адмірал унёс вялікі ўклад у развіццё пастаянна дзеючай сістэмы разведкі ВМФ, стварэнне разведвальных караблёў новага пакалення, спецыяльных сістэм. Імя знакамітага ўраджэнца — Івана Хурса — прысвоена адной з вуліц у Мар’інай Горцы.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЎГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Героі марскога фронту

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.