Вы тут

«Ніхто, акрамя нас!»


Урачысты рытуал прыняцця Ваеннай прысягі ваеннаслужачымі тэрміновай службы прайшоў на плошчы Перамогі Віцебска ў суботу. Каля 500 навабранцаў сабраліся каля Вечнага агню — мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Навабранцы паабяцалі свята захоўваць і прымнажаць традыцыі славутага злучэння.


Зусім нядаўна карэспандэнт «Звязды» сам горда стаяў у шэрагах гэтага славутага злучэння. «Я вельмі задаволены, што мне выпала служыць у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, для мяне гэта стала прыемным сюрпрызам і вялікім падарункам. Я сапраўды хацеў патрапіць менавіта сюды. У службе няма нічога страшнага, наадварот, усё цікава, дні насычаныя. Тройчы за месяц выязджалі на палігон на агнявую падрыхтоўку, асаблівая ўвага ў брыгадзе надаецца паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы», — распавёў Данііл Хмяльніцкі карэспандэнту «Віцьбічы» мінулай восенню. 

«Прымаючы прысягу, вы бераце на сябе адказнасць перад народам і Айчынай годна і мужна выконваць свой воінскі абавязак, абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны. Будзьце заўсёды верныя свяшчэннай клятве», — пажадаў камандзір 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Сафонаў.

Ад імя ветэранаў элітных войскаў выступіў воін-інтэрнацыяналіст, падпалкоўнік запасу Валянцін Красоўскі. «Надзець форму — яшчэ не значыць стаць дэсантнікам. Неабходна пранікнуцца сэнсам службы ў шэрагах нашай брыгады. Няхай армейскія будні загартуюць ваш характар, умацуюць цела і дух, хай для кожнага з вас непадзельнымі будуць паняцці: гонар, маці, Радзіма».

Блакітны бярэт — сімвал прыналежнасці да вялікага дэсантнага братэрства. Дэсантнікі заўсёды з гонарам апраўдвалі свой дэвіз «Ніхто, акрамя нас!», будучы першымі ў самых складаных умовах, выконваючы баявыя задачы. Так было ў Вялікую Айчынную вайну, у Афганістане, пры правядзенні контртэрарыстычнай аперацыі на Паўночным Каўказе.

Сярод мноства навабранцаў разглядзець родны твар сына, які пасталеў за месяц службы, змагла мама Мікіты Бяспалава, якая прыехала з Мінска. «Вельмі чакала прысягі, каб убачыць сына. Засумавала, хочацца яго абняць, а наогул ганаруся, бо выканаць свой воінскі абавязак, лічу, павінен кожны мужчына», — прызналася яна.

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Мікіта Бяспалаў родам з Мінска. Да прызыву скончыў Мінскі дзяржаўны каледж аўтамабілебудавання па спецыяльнасці «Электрагазазваршчык». Даведаўшыся, што яму выпаў гонар служыць у знакамітай 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, Мікіта прыемна здзівіўся. «Першапачаткова думаў, што буду ў пяхоце. Пазней, калі даведаўся, што па стане здароўя праходжу ў элітныя дэсантныя войскі, буду ў сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, вельмі ўзрадаваўся. Для мяне гэта вельмі ганарова, — адзначыў навабранец. — Прайшоўшы курс маладога байца, атрымаў вялікі вопыт, была інтэнсіўная баявая падрыхтоўка, рэгулярныя заняткі на стрэльбішчах, вучыліся ўкладваць парашут».

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Арцём Дзіковіч з Паставаў вырашыў стаць дэсантнікам. Малады чалавек плануе застацца ў праслаўленым злучэнні на кантракт. У гэты дзень яго прыехалі падтрымаць родныя. Новаспечаны дэсантнік прызнаўся, што засумаваў толькі па адной страве з грамадзянскага мінулага — у першым звальненні ён ўдосталь наесца шаўрмы. «Я ўяўляў сабе службу менавіта такой, якой яна і апынулася на самой справе. Вельмі чакаю першага скачка з парашутам, вышыні не баюся, хачу адчуць свабоду палёту», — распавёў пастаўчанін.

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Арцём Бубен са сталіцы таксама свядома пайшоў у дэсантнікі. Для яго гэта даніна сямейнай традыцыі — яго дзед быў дэсантнікам-спецназаўцам і ў дзень прысягі ўнука прыехаў, каб падзяліць з Арцёмам гэты памятны момант. Таксама ў Віцебску сабраліся тры пакаленні сям’і навабранца, так што сваё першае дзённае звальненне малады чалавек правядзе з блізкімі, якія ганарацца ім і чакаюць яго вяртання пасля тэрміновай службы. «Армія — гэта тое, з чаго пачынаецца станаўленне сапраўднага мужчыны, гэта школа выжывання, мужнасці і доблесці», — сказаў Арцём. За мінулы месяц ён навучыўся кіравацца і з прасам, і з іголкай з ніткай, прыводзячы ў парадак форму, якая павінна выглядаць бездакорна, асабліва ў такі знамянальны дзень. На грамадзянцы, па словах маладога дэсантніка, з такімі прыладамі яму не даводзілася сутыкацца, а ў вайсковай часці выхаванне самастойнасці — першая справа.

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Уладзіслаў Белаглазаў родам з Мінска. Да прызыву на тэрміновую службу малады чалавек працаваў бармэнам. «Перад прыбыццём у ваенны камісарыят трохі перажываў, наслухаўшыся розных гісторый пра цяжкасці армейскага жыцця ад сваіх знаёмых, якія шмат гадоў таму прайшлі тэрміновую службу. Аднак, прыйшоўшы ва Узброеныя Сілы, убачыў, што ўсё зусім не так складана і непрыемна. Патрапіўшы ў сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, я зразумеў, што такое дэсантнае братэрства, і чаму яно ва ўсіх на слыху. Тут усе падтрымліваюць адзін аднаго, пераадольваюць цяжкасці разам».

Пасля прыняцця Ваеннай прысягі малады чалавек плануе адвучыцца на сяржанта. Уладзіслаў выдатна разумее, што гэта адказная, няпростая праца. «Я бачу, з якой самааддачай нашы сяржанты ў рамках пачатковай падрыхтоўкі нас навучаюць, выхоўваюць, рыхтуюць да службы ў баявых падраздзяленнях. Я бачу ў іх сапраўдных прафесіяналаў, і хацеў бы пераняць гэты прыклад», — падагульніў гвардыі радавы Белаглазаў.

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Аляксандр Кузьміч да прызыву на тэрміновую службу адвучыўся на трактарыста, працаваў у ААТ «17 верасня» ў Нясвіжскім раёне Менскай вобласці. «У армію хацеў з самага пачатку, а калі даведаўся, што прыдатны ў сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, узрадаваўся такой магчымасці і прявіў жаданне трапіць на службу менавіта ў 103-ю Віцебскую паветрана-дэсантную брыгаду. Ужо цяпер бачу, што ваенная служба мне па душы, прыняў рашэнне ў будучыні заключыць кантракт». 

Па словах Аляксандра, служба — не простая справа, асабліва ў 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, але затое тут рыхтуюць сапраўдных мужчын, заўсёды гатовых абараніць сям’ю і Радзіму.

Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Мікіта Ільясевіч родам з Віцебска. Маладога чалавека прызвалі пасля заканчэння мясцовай школы. «Вельмі рады, што застаўся служыць на роднай зямлі. Яшчэ да прызыву многае ведаў аб нашай брыгадзе, якая размешчана ў маім родным горадзе. Вядома ж хацеў патрапіць менавіта сюды. І ўжо ў планах застацца на кантракт, пажадана — у сапёрным падраздзяленні», — распавёў ён.

Са значнай падзеяй навабранцаў павіншаваў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр СУБОЦІН. «Прыняцце Ваеннай прысягі — гэта клятва доблеснага служэння дзяржаве і народу, вернасці нашай Айчыне. У гэты дзень хацелася б пажадаць вам нязломнай упэўненасці ў сваёй праваце, здароўя, мірнага неба і поспеху ва ўсіх дысцыплінах, якія вы ў бліжэйшы час будзеце асвойваць. Хацелася б пажадаць вам быць годнымі нашчадкамі тых ратных традыцый, якія закладзены ў слаўнай 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, і каб з гэтага дня дэвіз „Ніхто, акрамя нас!“ быў для вас вызначальным у жыцці і рашэннях, якія вы будзеце прымаць», — звяртаючыся да маладога папаўнення, адзначыў старшыня аблвыканкама.

Свае пажаданні навабранцам выказалі ветэраны Узброеных Сіл, святар. Галоўны пасыл, які гучаў ва ўсіх — стаць годнымі сынамі сваёй Радзімы і з гонарам насіць форму віцебскіх дэсантнікаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з тэлеграм-канала 103 Віцебская паветрана-дэсантная брыгада

г.Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.