Вы тут

На Лагойшчыне прайшоў форум маладых паэтаў Міншчыны


«Люблю свой кут, яго заву Айчынай,

Цяпло калыскі ў матчыных руках,

І герб, пад стужкай льну і канюшыны,

І збажыну, што вецер песціць у палях».

Гэта радкі з верша дванаццацігадовага Арсенія Караніха, вучня Новапалескай сярэдняй школы Салігорскага раёна, які стаў пераможцам конкурса «Слова Купалы да творчасці кліча». Пра любоў да радзімы напісала эсэ і пераможца ў намінацыі прозы шаснаццацігадовая Маргарыта Палубінская з Барысава. 


Вось ужо ў дванаццаты раз адбыўся гэты конкурс і форум маладых паэтаў Міншчыны, які арганізуюць Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Лагойская раённая цэнтральная бібліятэка і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага выканкама. Лагойшчына ўдзельнічае ў правядзенні гэтых паэтычных форумаў невыпадкова: бо свята абавязкова адбываецца і ў ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы». Актыўна ўдзельнічае заўсёды ў правядзенні форума Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Для маладых паэтаў форум — не толькі ўрачыстая цырымонія з магчымасцю пачытаць свае вершы са сцэны, але яшчэ і семінар, дзе з маладымі займаюцца вядомыя літаратары, сябры журы. Адзін з іх — вядомы паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп.

— З дванаццаці семінараў я не быў, здаецца, толькі на трох, — распавядае Віктар Анатольевіч. — У сёлетнім конкурсе ўдзельнічала больш за сто чалавек узростам ад дванаццаці да дваццаці гадоў. З іх выбралі трыццаць лепшых. На жаль, выпускнікі школ з-за апошніх званкоў не змаглі прыехаць, але іх творы гучалі са сцэны Лагойскага раённага цэнтра культуры ў заключнай частцы семінара, якім кіравалі Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнавухава, Галіна Варонава і я. Цікава, што Рагнед Малахоўскі дваццаць гадоў таму ўпершыню ўдзельнічаў у гэтым семінары як малады паэт. Мне было прыемна сустрэцца з зямлячкай Наталляй Жылевіч, якая ў Валожыне кіруе народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем «Рунь» і якая прывезла двух школьнікаў з Валожыншчыны, што трапілі ў трыццатку лепшых. Гэта Дзмітрый Андрэеў і Іван Сяўрук. Адзін ходзіць у сёмы клас, а другі ў восьмы. Уручаючы дыпломы, я падырыў землякам сваю кніжку «Заўтра была адліга», выдадзеную ў Выдавецкім доме «Звязда». 

Свята пачалося ў Акопах, дзе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу, потым наведалі экспазіцыю філіяла, дзе пазнавальную экскурсію правяла супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Воранава. Семінарскія заняткі па секцыях адбыліся ў Лагойскім раённым цэнтры культуры. 

«Аднойчы, пачытаўшы пачатак паэмы Янкі Купалы „Безназоўнае“, я раптам нечакана пераасэнсавала гэтыя радкі адносна сябе, адчуўшы, што яны — пра мяне, пра маю сардэчную любоў да Радзімы:

Спачатку яно шалясцела

Вельмі нясмела,

А потым лізнула аконца

Ціха, як сонца,

Назаўтра ўзняло галасочак,

Нібы званочак,

Ды ў час празвінела так далей

Збуджанай хваляй.

Безназоўнае набыло назву: Радзіма. Скарб, Купала. Нявыказанае стала відавочным. Незразумелае стала зразумелым і блізкім. Я люблю цябе, мая Радзіма».

Так заканчвае сваё эсэ пераможца конкурса Маргарыта Палубінская, і, напэўна, гэтыя ж эмоцыі падзяляюць усе, хто пабываў на форуме «Слова Купалы да творасці кліча».

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.