Вы тут

Птушкі вяртаюцца ў гнёзды свае, а што ж мы...


Горад Браслаў. Аўтастанцыя. Дыялог ля касы: «Мне білет да Мілашак». — «Да Мілашак ці Бабылёў?» — удакладняе касір і мае рацыю. Калісьці гэта былі дзве розныя вёскі, паміж якімі, недзе насярэдзіне, на так званай граніцы, ляжаў вялізны валун. У час меліярацыі камень сцягнулі ў рачулку, што побач з дарогай, вёскі нібыта аб’ядналі назвай Мілашкі... Бабылі — гэта трохі далей, таму білет на аўтобус, на так званую малую радзіму, каштуе неаднолькава. 


А яна сама заўсёды ў памяці, заўсёды ў думках. У Мілашках, Бабылях нарадзілася і вырасла шмат адукаваных, таленавітых, прыстойных людзей — настаўнікаў, аграномаў, пагранічнікаў, інжынераў... І песня «Не прадавайце хату бацькоў» — гэта пра нас — пра мяне ды іншых патрыётаў вёскі, якія жывуць тут з вясны да позняй восені: насаджваюць кветак ды гародніны, змагаюцца з пустазеллем, у павазе да працы і зямлі выхоўваюць дзяцей ды ўнукаў, расказваюць пра мінулае жыццё і паходжанне назваў.

Паводле слоўнікаў, бабыль — бедны беззямельны селянін; адзінокі, чалавек без сям’і... Вёска (як, дарэчы, і Мілашкі) сапраўды знаходзіцца сярод лясоў — зямлі мала. Сюды, мусіць, не рваліся дзеўкі замуж? Адкуль і назва...

Што да Мілашак, то з імі, як лічыць мясцовы краязнаўца Леанід Ліноў, усё вельмі проста: прыгожае, мілае месца. Да вайны тут было 30 хат. Цяпер — прыкладна столькі ж. Сярод іх — досыць старыя, пабудаваныя ацалелымі франтавікамі на папялішчах (вёску падчас акупацыі спалілі немцы) і адносна новыя, што ўзвялі ўжо дзеці вяскоўцаў... Вылучаюцца дыхтоўныя двухпавярховыя гмахі. Іх — на месцах ранейшых хацін — узвялі так званыя мінчане сабе пад дачы.

На самай жа справе, дачнікі ў нас з розных месцаў, нават з суседняй Расіі. Хаты купляюць, можна сказаць, нарасхват — адбудоўваюць, даводзяць да ладу, ставяць новыя агароджы, наводзяць прыгажосць, бо яе патрабуе само гэта месца. Тут — чыстае паветра, цішыня, цудоўныя азёры, лес (да нас на паляванне нават з Францыі прыязджалі)... Словам, дзікая прырода, якая цяпер вельмі цэніцца. 
У Мілашках карэнных жыхароў 16 (сем мужчын, дзевяць жанчын, дзяцей няма), у Бабылях — дзяцей трое, пенсіянераў — пяць, праца-
здольных — два. 

Некалі раней тут была вялікая ферма, лясніцтва, магазін, школадзевяцігодка, ФАП, клуб, бібліятэка... З Браслава аўтобусы хадзілі кожны дзень, цяпер — двойчы на тыдзень... Як і аўтакрама. 

Затое ў нас добрыя дарогі, ліхтары на слупах (раней, каб ноччу прайсці па вуліцы і не спэцкацца ў гразь, трэба было чапляцца за платы)...

Што да рэлігіі, то ў Бабылях жылі ў асноўным праваслаўныя, у Мілашках — католікі. Бліжэйшы касцёл — у вёсцы Далёкія, царква — у Богіна. Сваіх памерлых лясныя (у акрузе так называюць жыхароў гэтых вёсак) хаваюць на могілках у Замошы, Далёкіх або каля вёскі Бабылі. 

У пачатку Мілашак, у якасці абярэга, стаіць каталіцкі крыж. Па вялікіх святах да яго, на малітву, сходзяцца вернікі. Быў час, калі яны збіраліся і маліліся ў сценах закрытай школы. (Вось такія парадоксы не тое гісторыі, не тое жыцця: спачатку вучняў пераконвалі, што рэлігія — гэта опіум для народа, потым аказалася — не...).

А народ, вяскоўцы, як ім не цяжка было, працавалі ў калгасе, гадавалі дзяцей, трымалі свае гаспадаркі. Кароў (іх у статак збіралася пад чатыры дзясяткі) пасвілі ў лесе. Там жа, на лясных палянах ля возера, месцічы касілі сена для сваіх рагуль. З добрых сенажацяў абодва ўкосы звозілі ў гумны калгаса... На подсціл зграбалі апалае лісце. За яго бліз пустуючай хаты гадоў 40 таму дзве жанчыны (сама была сведкай) ледзь не пабіліся.

Цяпер тых жанчын няма — сышлі ў лепшы свет, а лісця ўвосень — хоць заваліся. Яго падграбаюць так званыя дачнікі і спецмашыны дарожнікаў. 

Мелі вяскоўцы і «соткі» (хто сорак, а хто і пяцьдзясят), шмат садзілі бульбы ды іншай гародніны... Многія самі сабе ды іншым шылі аддзенне і абутак, плялі кашы, ткалі, вязалі, вышывалі, выраблялі гаршкі. 

Землі былі калгасныя. На іх сеялі лён (рвалі, дарэчы, уручную), садзілі ўсё тую ж бульбу, кукурузу, буракі... 

Цяпер частка зямель адышла да Браслаўскага нацыянальнага парка: на іх гаспадараць дзікі, ходзяць статкі ласёў... Сучасныя вяскоўцы гародніны амаль не садзяць, кароў ні ў кога няма. А вось сады — ёсць. Іх — маладыя — садзілі пасля вайны, і пакуль яны падрасталі, дзеці яблыкаў, можна сказаць, не бачылі. Цяпер — яны нікому не патрэбныя: у вёсцы іх ніхто не купляе, а ў Браслаў везці — 
транспарт не акупіш. У мяне вось сад пладаносіць праз год, і ў той, калі яблыкаў няма, я рада, а ў той, калі ёсць, збаліцца душа: 
прападаюць.

...Сусед Касцюк прывёз з Калінінграда плады каштана, пасадзіў. Выраслі магутныя дрэвы. А колькі ў нас дубоў, клёнаў, бяроз! Ну як не любавацца такой прыгажосцю?! Як не даражыць? Адзін з нашых вяскоўцаў жыў у Мурманску. Помню, пахаваўшы бацькоў, гаварыў, што дом нізавошта прадаваць не будзе, бо гэта ж Бацькаўшчына (!)Мы — тады маладыя — ледзь не смяяліся...

Разуменне і сум прыходзяць са сталасцю. 

З гадамі, з часам і сапраўды вельмі шмат што мяняецца: вёскі — і пагатоў! Але ж хочацца, каб яны ў нас заставаліся, каб жылі! Помніце, у Скарыны: «Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць». 

Мы ж, нашчадкі генія, чамусьці пакідаем і гнёзды свае, і віры, не спяшаемся бараніць вёскі — сваю радзіму і сваю зямлю! А добра было б памятаць: дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся.

Ірына Філановіч, 

г. Паставы.


Дарогу адолее той, хто ідзе

На першы погляд сям’я ў нас самая звычайная: тата, мама, сын Мірон, дачка Мілана. Дзеці ходзяць у школу, бацькі — на работу... Усё, здавалася б, як і ва ўсіх ці ў многіх. Але ж ёсць адна асаблівасць, адно агульнае хобі.

Усё пачалося восенню 2021 года, калі Мілана заявіла, што больш не хоча займацца танцамі, — хоча пайсці на каратэ.

Мы з жонкай, шчыра кажучы, здзівіліся такому выбару. 

А з іншага боку — чаму б і не, калі секцыя побач з домам, калі на заняткі ходзяць многія (у тым ліку дзяўчаты), калі трэніруе іх Наталля Барысаўна Саўчанка, чэмпіёнка свету...

Праз два месяцы, гледзячы на заняткі сястры, у секцыю запісаўся сын.

Мы, бацькі, уважліва сачылі за іх дасягненнямі, радаваліся, што дзеці займаюцца спортам, удзельнічаюць у першых унутраных спаборніцтвах... І ў той жа час лавілі сябе на жаданні... стаць побач, займацца разам (у секцыі агульныя заняткі бацькоў і дзяцей — звычайная практыка).

У выніку я здаўся першым: пасля чарговых спаборніцтваў папрасіў прыняць мяне ў шэраг навучэнцаў. А далей...

Мы з дзецьмі займаліся тры, а то і чатыры разы на тыдзень. Трэніроўкі былі ўвечары, дадому вярталіся позна. Мама сумавала, хацела больш часу праводзіць з намі... Па гэтай прычыне яна таксама запісалася на каратэ і —  як пасля прызналася — нават не чакала, што заняткі ёй так спадабаюцца.

Іншымі словамі, з верасня 2023 года ў секцыі мы займаемся разам, усёй сям’ёй, маем паясы (дзеці — зялёныя, я — аранжавы, мама — белы) і першыя дасягненні на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пералічваць іх не буду, хоць пахваліцца ёсць чым. Скажу толькі, што заняткі спортам — наша здароўе, наш выбар! Мы — разам! А далей — дарогу адолее той, хто ідзе.

Вадзім Мохаў,

г. Мінск.


«Навечна ў памяці народнай»

Пад такой назвай у нашай раённай бібліятэцы стартаваў літаратурна-патрыятычны марафон, зладжаны сумесна з Занальным дзяржаўным архівам.

Бібліятэка прадставіла кніжную выставу «Хроніка Перамогі. 80-годдзе вызвалення». Там, на карце «Цытадэлі мужнасці», адлюстраваны 36 населеных пунктаў, якія сталі прыкладам баявых подзвігаў, усенароднага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Літаратурная старонка прапанавала асобныя факты з ваеннай гісторыі гэтых гарадоў і пасёлкаў: прадстаўлены кнігі Сяргея Смірнова «Брэсцкая крэпасць», Мікалая Смірнова «Генерал Корж», Алеся Савіцкага «Обаль», Сяргея Панізніка «Асвейская трагедыя. 1943», іншыя дакументальныя і мастацкія творы, навінкі беларускіх выдавецтваў.

Дырэктар Занальнага дзяржаўнага архіва Ала Забелінская прэзентавала адмысловую выставу з трох блокаў дакументаў. У першым адлюстраваны пачатак вайны (трагічныя падзеі так званага «Навагрудскага катла», у якім апынуліся 11 дывізій армій Заходняга фронту), у другім — дакументы, прысвечаныя перыяду акупацыі раёна, калі было знішчана каля 45 тысяч яго жыхароў і каля 10 тысяч вывезена на прымусовыя работы, трэці блок расказвае аб перыядзе вызвалення...

Наша бібліятэка прэзентавала гісторыка-патрыятычную гульню-мемарыну «Вялікія сімвалы памяці Беларусі», дзякуючы якой юнакі і дзяўчаты ў інтэрактыўным фармаце пазнаёміліся з мемарыяламі — сапраўднымі сімваламі памяці беларускага народа.

Святлана Чубрык,

г. Навагрудак.


Не трэба крыўдзіць балотных...

Штогод напрыканцы мая адзначаецца Сусветны дзень чарапахі. Навукоўцы налічваюць іх звыш трохсот відаў. У Беларусі жыве толькі адзін — чарапаха балотная.

Мае сустрэчы з імі адбываліся ў асноўным на ўскраінах Гомеля (сажалкі па вуліцах Бельчанкі, Карастаянавай, праспекце Касманаўтаў. Асабісты рэкорд — восем балотных чарапах у адным і тым жа месцы. Праўда, раней яны былі смялейшыя — дазвалялі наблізіцца ледзь не на адлегласць выцягнутай рукі... У апошнія год ці два сталі больш асцярожныя. Што з’явілася таму прычынай, сказаць не магу, магчыма, людзі лавілі іх.

Што датычыцца дэкаратыўных чарапах, то найбольшай папулярнасцю ў гамяльчан і жыхароў раёна карыстаюцца чырванавухія, якія адносяцца да сямейства амерыканскіх прэснаводных. У майго стрыечнага брата падобная «тарціла» (памерам з невялікага пакаёвага сабаку) пражыла больш за 20 гадоў...

Дарэчы, некаторыя гора-гаспадары выпускаюць чырванавухіх чарапах у сажалкі, дзе тыя паспяхова размнажаюцца і, пазбаўляючы корму, нясуць пагрозу чарапахам балотным, занесеным, дарэчы, у Чырвоную кнігу!

А значыць, не трэба падобным чынам пазбаўляцца ад сваіх гадаванцаў — лепей аддаць іх новаму гаспадару альбо ў заапарк (у Мінскім і Жлобінскім я бачыў гэтых рэптылій).

Максім Шастакоў,

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.