Вы тут

Прайшлі штогадовыя абласныя конкурсы


Штогадовыя абласныя конкурсы сярод гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, а таксама органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання маюць некалькі мэт. Першая — павышэнне ролі названых Саветаў у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Другая — сацыяльна-эканамічнае развіццё адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак. Трэцяя — актывізацыя работы па ўцягванні жыхароў у вырашэнне пытанняў, якія маюць мясцовае грамадскае значэнне. Сёння «МС» расказвае пра некалькіх пераможцаў з розных рэгіёнаў. Іх дзейнасць — прыклад для астатніх, іх поспехі — гонар для ўсіх беларусаў.


На конкурс у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў было пададзена 44 заяўкі. Пераможцамі прызнаны 15 сельсаветаў і шэсць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Прызавы фонд склаў больш за 760 тысяч рублёў.

У намінацыях былі вызначаны пераможцы па пэўных катэгорыях у залежнасці ад колькасці насельніцтва. У групе з колькасцю насельніцтва звыш 2000 чалавек першае месца заняў Азарыцкі сельскі Савет дэпутатаў Калінкавіцкага раёна, з колькасцю насельніцтва ад 1500 да 2000 чалавек — Рассветаўскі Добрушскага раёна, з колькасцю насельніцтва ад 1100 да 1500 чалавек — Буйнавіцкі Лельчыцкага раёна, з колькасцю насельніцтва ад 800 да 1100 чалавек — Нісімкавіцкі Чачэрскага раёна, з колькасцю насельніцтва да 800 чалавек — Мілевіцкі Жыткавіцкага раёна. У намінацыі «Найлепшы калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання» лідарам прызнаны камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікрараёна Чыгуначны Мазыра.

За вялікі асабісты ўклад у развіццё родных населеных пунктаў былі ўшанаваны таксама кіраўнікі сельсаветаў, памочнікі старшыняў сельвыканкамаў па населеных пунктах.

Дыпломы пераможцам конкурсу ўручыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

Конкурс — адзін са спосабаў падзякаваць нашым людзям за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сваіх тэрыторый. Колькасць заявак павялічваецца кожны год. Вядома, заахвочвае да ўдзелу і значны прызавы фонд, — адзначыла Кацярына Зенкевіч. — Немалаважна, што дзякуючы мерапрыемствам конкурсу населеныя пункты мяняюцца да лепшага, але і не страчваюць, захоўваюць сваю самабытнасць. Многія вяскоўцы разумеюць, што варта самім праяўляць ініцыятыву ва ўсіх сферах і станавіцца рэальнымі партнёрамі мясцовай улады, гаспадарамі на сваёй зямлі.

Конкурс Гомельскі абласны Савет дэпутатаў арганізоўваецца 12 гадоў запар. Яго намінанты праходзяць сур’ёзны адбор: улічваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, умовы для стварэння новых рабочых месцаў, развіццё сацыяльнай сферы і перспектывы павышэння якасці жыцця ў сельскай мясцовасці.

Як спаборніцтва становіцца імпульсам для далейшага развіцця тэрыторыі, можна прасачыць на прыкладзе аднаго з пераможцаў конкурсу — Нісімкавіцкага сельсавета Чачэрскага раёна. Гэта лідар у намінацыі «Найлепшы сельскі Савет дэпутатаў» з колькасцю насельніцтва ад 800 да 1100 чалавек. Дыплом І ступені і грашовая прэмія ў памеры 1500 базавых велічынь перададзены кіраўніку сельвыканкама Жанне Малінавай.

Дырэктар Нісімкавіцкага сельскага Дома культуры Дзяніс Касцевіч, кіруючая справамі і старшыня Нісімкавіцкага сельвыканкама Алена Дзеравяшкіна і Жана Малінава, акампаніятар і мастацкі кіраўнік Нісімкавіцкага сельскага Дома культуры Пётр Біжуноў і Таццяна Баранава — удзельнікі народнага калектыву

Мала хто ведае, аднак менавіта з глыбінкі Чачэршчыны — Нісімкавіч — пайшлі на фронт славутыя Героі Савецкага Саюза — браты Лізюковы. Тут захоўваюць памяць аб героях: у мясцовай школе дзейнічае музей, у імя братоў Лізюковых названа адна з вуліц аграгарадка, а на будынку Нісімкавіцкага сельсавета адкрыта мемарыяльная дошка з іх імёнамі. У цэнтры аграгарадка аб гераічных земляках і ўсіх воінах-франтавіках з Нісімкавічаў нагадвае мемарыяльны знак. У 2013 годзе мясцовыя жыхары падтрымалі прапанову старшыні Нісімкавіцкага сельсавета Жанны Малінавай прыняць удзел у абласным конкурсе па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Вяскоўцы тады актыўна ўзяліся за добраўпарадкаванне ўласных падворкаў і тэрыторыі населеных пунктаў сельсавета. Жыхары Нісімкавічаў таксама вельмі адказна падышлі да справы. Трэба было ліквідаваць аварыйныя дрэвы, разбіць клумбы, пракласці дарожкі, пасадзіць новыя дрэвы. Тады Нісімкавіцкі сельсавет заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе. Выдзеленыя сродкі якраз накіравалі на аднаўленне парку ў гонар Герояў Савецкага Саюза — братоў Лізюковых і мемарыяльнага комплексу.

Ужо сёлетняе першае месца ў абласным конкурсе — асабліва парадавала вяскоўцаў Нісімкавіцкага сельсавета і натхніла на далейшую працу.

— Вельмі прыемна атрымаць узнагароду. Гэта заслуга ўсіх жыхароў нашага сельсавета. У 15 населеных пунктах у нас пражывае 994 чалавекі, — распавяла старшыня Нісімкавіцкага сельсавета Жанна Малінава. — З кожным годам людзі ўсё больш імкнуцца добраўпарадкаваць, зрабіць прыгожым свой дом, падворак, прымаюць актыўны ўдзел у суботніках, уносяць прапановы па добраўпарадкаванні тэрыторыі свайго населенага пункта. Калі толькі пачынала працаваць у 2007 годзе, гэта было далёка не заўсёды так, таму заўважна, якую вялікую работу ўдалося зрабіць разам. Будзем старацца і надалей не здаваць пазіцый.

Па яе словах, апошнія гады паказваюць, як расце цікавасць да сельскай мясцовасці. Тутэйшыя ўраджэнцы, якія жылі і працавалі ў самых розных вялікіх гарадах, пасля выхаду на пенсію цяпер вяртаюцца ў родныя вёскі, добраўпарадкоўваюць бацькоўскія дамы. Калі раней у вёсках кідаліся ў вочы зарослыя пусткі, паваленая агароджа, занядбаныя кінутыя хаты, сёння гаспадары імкнуцца трымаць свае домаўладанні ў парадку.

— У нас вельмі шмат задум, якія дапамогуць увасобіць у жыццё сродкі, выдзеленыя за перамогу ў абласным конкурсе. Марым аднавіць мемарыяльны знак у гонар герояў-партызан Вялікай Айчыннай вайны. У планах таксама — адкрыць дзіцячыя пляцоўкі ў Нісімкавічах, Бабічах, а калі дазволяць фінансы, то і ў Сідаравічах. Гэта нашы самыя буйныя населеныя пункты. У нас ёсць самаробныя дзіцячыя пляцоўкі, якія вельмі запатрабаваны. Таму вырашылі, што будзе добра ўсталяваць сучасныя, бяспечныя гульнявыя зоны. Каб якасна працаваць у Год якасці, будзем паляпшаць матэрыяльную базу: плануем закупіць аргтэхніку для сельсавета. Для добраўпарадкавання плануем набыць газонакасілкі, бо ў нас у маланаселеных вёсках, на жаль, ёсць пустыя ўчасткі, якія трэба абкошваць, падтрымліваць у парадку. Вельмі радуе разуменне нашых жыхароў, што для добраўпарадкавання населеных пунктаў важныя не толькі фінансавыя сродкі, але і жаданне і фізічна, сваімі рукамі дапамагаць, шчыра жадаць, каб твая вёска ўсё больш прыгажэла, — пераканана Жанна Малінава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў


І музей, і капліца…

Семукацкі сельсавет Магілёўскага раёна за апошнія пяць гадоў другі раз у прызёрах. Па выніках работы за мінулы год ён атрымаў дыплом ІІ ступені і грашовую прэмію 400 базавых велічынь. У 2019-м таксама быў на другім месцы. Старшыня сельсавета Тамара Укружская ўсміхаецца: упэўнена ідзём да 1 месца. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што для гэтага робіцца. А заадно пацікавілася, на якія мэты ідуць прызавыя грошы.

Летась — музей...

У Семукачы ездзяць пераймаць вопыт работы з 116 Указам Прэзідэнта. Летась сельсавет вызначыўся на рэспубліканскім узроўні. 31 пусты дом прададзены і 18 знесена — найлепшы вынік па краіне. Сёлета работа па 116 Указе працягваецца. Ужо 10 дамоў знесена і чатыры прададзена. Вынік добры, калі ўлічваць, што наперадзе — яшчэ болей чым паўгода.

Мінулы год быў названы ў гонар міру і стваральнай працы. З гэтай нагоды ў Семукачах адрадзілі кавалачак гісторыі. Дом у Смалярні, які быў пабудаваны ў 50-я гады мінулага стагоддзя, прадаць не атрымалася, а разбурыць рука не паднялася. Вельмі дыхтоўны. І старшыня сельсавета прапанавала зрабіць з яго музей. Перавезлі зруб у Семукачы, а жыхарам прапанавалі напоўніць прастору экспанатамі — прадметамі, якімі карысталіся іх продкі, але ў якіх патрэба ўжо адпала. І народ актыўна далучыўся. Цяпер гэта адзін з цікавых музеяў, дзе цалкам адроджаны быт 50-х гадоў мінулага стагоддзя. І нават не музей, а архітэктурна-этнаграфічны комплекс «Мая бацькаўшчына» з прасторным дваром і калодзежам. Тут старшакласнікі семукацкай сярэдняй школы вывучаюць традыцыі продкаў і водзяць экскурсіі.

Дзяўчаты навучыліся абыходзіцца з драўляным прасам, або, як яго называлі ва ўжытку, — рубель. Хлопцы засвоілі тэхніку работы на шліфавальным станку. Школьнікам падабаецца, але для іх гэта ўжо далёкая даўніна. Яны не перастаюць здзіўляцца, як хутка прагрэс змяніў да непазнавальнасці наша жыццё. Старшыня сельсавета Тамара Укружская лічыць, што музейны комплекс дае моладзі ўяўленне, як мы жылі яшчэ 80 гадоў таму і да чаго прыйшлі. Гэта прымушае задумацца, як імкліва развіваецца наша рэчаіснасць, і цаніць тое, што ёсць.

Сёлета — капліца

Мясцовая гісторыя захавала паданне аб тым, як да вайны ў Малых Бялевічах была царква ў гонар Свяціцеля Мікалая. На жаль, падчас вайны яна згарэла. І цяпер у радыусе 40 кіламетраў ад вёскі няма ніводнага храма. Няўрымслівая старшыня вырашыла, што так быць не павінна, і прапанавала жыхарам паставіць на тым месцы, дзе была царква, каплічку. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца вёска Майшчына, якая была ўтворана ў 1924 годзе на ўскрайку Малых Бялевічаў. Ініцыятыву мясцовыя жыхары падтрымалі.

— Мы адшукалі дакументы XІX стагоддзя, дзе была пазначана дата нараджэння і рэгістрацыі першага пасля адкрыцця той царквы дзіцяці, — кажа Тамара Укружская. — Ідэя з капліцай асабліва спадабалася жыхарам Вялікіх Бялевічаў. Яны актыўна дапамагалі. Будавалі выключна жыхары, нават тэхніка прыватная была задзейнічана. Устанавілі капліцу прыкладна на працягу месяца — да Дня Свяціцеля Мікалая. Засталося асвяціць. Каплічка — калектыўная малітва Богу жыхароў вёсак.

Наогул, людзі ў Семукацкім сельсавеце вельмі ініцыятыўныя і майстравітыя. Яшчэ адзін прыклад грамадзянскай ініцыятывы прадэманстравалі жыхары вёскі Коркаць. Раней калодзежы былі пад дахам, дагледжаныя, а цяпер да іх нікому няма справы. Толькі да жыхароў вёскі Коркаць гэта сцвярджэнне не адносіцца. Пяць чалавек з гэтай вёскі зрабілі са старога калодзежа «цукерку».

— Цікава, што яны нават у сельсавет па дапамогу не звярталіся, — удакладняе старшыня. — Я выпадкова ўбачыла іх за работай, калі міма праязджала. Як не парадавацца за такіх ініцыятыўных людзей! Адзін з гэтых майстравітых, ініцыятар абнаўлення калодзежа, сказаў так: «Тое, што зрабілі нашы бацькі, трэба захаваць». Я з ім цалкам згодная.

Да стагоддзя раёна

Сёлета Магілёўскі раён адзначае 100 гадоў, і Семукачы вядуць падрыхтоўку па ўсіх кірунках. Палова прэміяльнай сумы, якая была атрымана за другое месца, пайшла на абнаўленне помніка загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны землякам у Вялікіх Бялевічах.
— Некалькі гадоў таму людзі збіралі грошы і сваімі сіламі мянялі тратуарную плітку, фарбавалі агароджу, — расказвае Тамара Укружская.

— На гэты раз мы замянілі помнік. Ён устанаўліваўся ў пачатку 1970-х гадоў і ўжо прыйшоў у непрыдатнасць. На ім былі прозвішчы 38 чалавек з дзевяці навакольных вёсак. Сёлета мы ўпісалі імя яшчэ аднаго — 39-га нашага земляка. Гэта Пётр Агеевіч Паддубскі. Яго прозвішча пазначана ў кнізе «Памяць» Магілёўскага раёна, а вось на помніку не было. Ён адзін з арганізатараў партызанскага атрада Канстанціна Белавусава ў вёсцы Паддуб’е. Да нас звярнулася нявестка Леаніда Пятровіча, яго сына, і нагадала, што свёкар ёй пра гэта ўвесь час казаў. Мы пра дадзенага героя ўжо ведалі і трымалі на заметцы. І вось выдаўся добры выпадак, каб упісаць на помнік яго імя.
Наогул, у комплекс укладзена не толькі шмат грошай, але і сіл. Зроблена добраўпарадкаванне, пасаджаны кветкі. Адкрыццё адбылося 3 мая з удзелам прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі.

Да стагоддзя раёна высадзілі каля дарогі елкі ў Вялікіх Бялевічах, а ў Семукачах з дапамогай елак стварылі зялёную зону ў выглядзе лічбы 80. У пасадцы дрэў прымалі ўдзел настаўнікі і школьнікі Семукацкай школы. Наогул, на тэрыторыі сельсавета праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні, яшчэ ў красавіку пафарбаваны ўсе дзіцячыя пляцоўкі і малыя архітэктурныя формы.

Папрыгажэў і цэнтр сельсавета аграгарадок Семукачы. У драўляныя кветнікі, якія зроблены ў выглядзе зорак, высаджаны тагецісы і бягоніі. У адной «зорцы» кветкавая кампазіцыя складае юбілейную для раёна лічбу 100, а ў другой — 80 — угодкі вызвалення Беларусі.
За сродкі дэпутацкага корпуса, арганізацый, у тым ліку амбулаторыі, школы закуплена 40 штук шыкоўных бальзамінаў.

— Хочацца выглядаць святочна, гэта вельмі важна для настрою, — заўважае Тамара Укружская. — Заказалі архітэктурную форму для Семукачаў, зробім прыгожую пляцоўку да юбілейнай даты. Пакладзём плітку, на якую дэпутаты ўжо сабралі грошы.

Для работы, як вядома, патрэбны спраўны інструмент. За прэмію купілі кустарэз, адрамантавалі ўвесь інвентар, купілі запчасткі, фарбу для металічных вырабаў, і яшчэ засталіся грошы. Робім усё для сябе, але спадзяёмся, што гэта ацэняць і іншыя. І мы аднойчы ўсё ж такі станем першымі ў нашых спаборніцтвах.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Семукацкага сельсавета.


Калі рукі залатыя

Найлепшым старастам вёскі па выніках работы ў 2023 годзена Брэстчыне прызнаны Анатоль Цапук.

На выязным пасяджэнні прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета ў Пінску ва ўрачыстай атмасферы ўшанавалі пераможцаў спаборніцтва сярод суб’ектаў мясцовага самакіравання па выніках работы ў мінулым годзе. У намінацыі «Старасты» першае месца заняў стараста вёскі Рыдзігерава Лунінецкага раёна Анатоль Цапук.

Анатоль Расціслававіч працуе слесарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Аднавяскоўцы абіраюць яго старастам ужо больш за 10 гадоў. Бо прывыклі, што ён адгукнецца на першую просьбу, бо такі чалавек: ніколі не адмовіць, калі бліжняму патрэбна дапамога.

— Ну, вось іду па вуліцы, вітаюся з бабулькай. А яна, нібы толькі што ўспомніўшы: «Толя, можа, ты зайшоў бы, лямпачка перагарэла, а яна ж высока, я не ўзбяруся?». Іду, вядома, ды ўкручваю, — расказвае стараста. — Ёй і праўда нязручна ўзбірацца па лесвіцы, а на табурэтку залезці, дык галава можа закружыцца. Гэта ж не цяжка — лямпачку ўкруціць.

«Не магу прайсці, калі адчуваю, што варта памагчы аднавяскоўцу, нават калі той і не просіць, — працягвае суразмоўца. — Ёсць жа людзі, якія і папрасіць саромеюцца. Вось, напрыклад, у нас доктар-пенсіянер быў. Хварэў цяжка апошнія гады. Іду аднойчы, бачу, дровы яму прывезлі на падворак. Назаўтра гляджу — ляжаць тыя бярвенні. Чалавек немалады, да таго ж хворы — што ён зробіць сам?» Стараста дамаўляецца яшчэ з двума вяскоўцамі, бярэ бензапілу, ідуць на падворак да сталага чалавека, пілуюць ды парадкуюць тыя дровы. «Трэба было бачыць, як ён быў удзячны, як вочы свяціліся! А гэта ж доктар, які ў свой час дапамагаў усім, хто тут жыве. Як жа іначай?» — разважае Анатоль Цапук.

Сваёй правай рукой называе старасту старшыня Рыдзігераўскага сельскага Савета Валерый Лусевіч:

— Мне ўжо іншы раз нават няёмка звяртацца да Расціслававіча, няёмка перад яго жонкай — у вольны час адрываць ад хатніх спраў. Але ж ведаю: ён абавязкова зробіць, нават калі гэта не яго работа. Заўсёды трэба недзе падкасіць, прыбраць, агароджу падфарбаваць — а ён справіцца, не будзе разбірацца, у чые абавязкі гэта ўваходзіць. Царкве нашай дапамагае па ўсіх гаспадарчых пытаннях. Калі вы спыталіся, што ён робіць як стараста, то лягчэй было б адказаць, чаго ён не робіць... Адным словам, атрымаў наш стараста цалкам заслужаную ўзнагароду.

Як высветлілася, не толькі чыста гаспадарчыя справы ў актыве старасты вёскі з такой не зусім звычайнай назвай — Рыдзігерава. Напрыклад, днямі ён ездзіў у інспекцыю аховы прыроды, каб удакладніць працэдуру зносу старых дрэў па вуліцы Маладзёжнай. Рэч у тым, што на гэтай вуліцы новай забудовы старыя дрэвы сталі перашкодай рабоце дарожнай службы. Грэйдар не можа прайсці, каб паправіць дарогу. Вуліца ўпіраецца ў землі дзяржлесфонду, таму аднаго рашэння сельвыканкама для зносу дрэў аказалася мала. Давялося ехаць, узгадняць нюансы, каб зрабіць усё ў рамках закона. Вось гэтым на наступным тыдні стараста будзе займацца разам з сельвыканкамам. Трэба зрабіць патрэбныя дакументы, каб за лета карэнным чынам палепшыць дарогу. Апошняе стане магчымым, калі хопіць шырыні, каб туды зайшла тэхніка.

Кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна Гнядзько асабліва падкрэсліла, што старасту ў аграгарадку яшчэ паважаюць за яго залатыя рукі. Яму пад сілу і сталярныя, і цяслярныя работы, можа правесці зварку, паправіць электрыку. А якія прыгожыя шпакоўні робіць! Школьнікі вясной бываюць у захапленні: птушыныя дамкі ў яго часам нагадваюць церамкі, іншыя ўяўляюць сабой вясёлыя шпакоўні з «ручкамі і ножкамі». З дрэвам Анатоль даўно «на ты», любіць майстраваць з гэтага матэрыялу. Нядаўна рамонт у амбулаторыі быў, дык некаторыя прадметы дэкору, як заўсёды, зрабіў Цапук. Нават дошка для аб’яў каля сельвыканкама — яго аўтарская работа.

Цапука яшчэ часам называюць мясцовым Кулібіным. Няма такой праблемы ў плане рамонту, паляпшэння, добраўпарадкавання, каб ён не прыдумаў, як яе вырашыць. Цяпер вясковаму ўмельцу інтэрнэт у дапамогу. Апошнім спрабуе змайстраваць прыстасаванне, якое дапаможа ў ачыстцы могілак ад лішняй расліннасці. Заадно разам з дэпутатамі сельскага Савета, з аднадумцамі разважаюць, як зрабіць дзіцячую пляцоўку без вялікіх фінансавых затрат. Можна не сумнявацца, што ў іх атрымаецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Анатоля Цапука

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».