Вы тут

Гісторыя ваеннага братэрства


Сёлета Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта свята сапраўднай свабоды і сапраўднай памяці. Менавіта сапраўднай, не скажонай палітычнымі гульнямі, не перапісанай, каб дагадзіць тым ці іншым палітыкам дзеля іх асабістага рэйтынгу. Альбо прынізіць цэлыя краіны. Той самай памяці, захаванне якой у нас — справа дзяржаўная. І агульнанародная. Бо інакш і быць не можа ў краіне, дзе загінуў кожны трэці.


Захоўваючы гэту памяць, мы захоўваем і гістарычную справядлівасць, аддаючы даніну павагі ўсім, хто змагаўся з фашызмам. Мы добра памятаем тых, хто ваяваў побач з нашымі дзядамі і прадзедамі, і ніколі, ні пры якіх умовах не прыніжаем значнасць іх удзелу, іх унёску ў агульную справу Перамогі. На жаль, далёка не ўсе краіны і далёка не ўсе палітыкі так сумленна ставяцца да гісторыі. Агульнай гісторыі.

Стварэнне эскадрыллі

Але ж размова не пра іх. Размова пра больш дастойных і прыстойных людзей, якія ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнуліся дапамагчы Савецкаму Саюзу ў барацьбе з ворагам. Сярод такіх — французскія лётчыкі з палка «Нармандыя — Нёман». Для дасягнення сваёй мэты — змагацца побач з савецкімі воінамі — яны праяўлялі сапраўдныя цуды вынаходлівасці: ад вандроўкі ў скрыні з дыпламатычнай поштай да работы грузчыкам на турэцкім судне. І ўсё ж змаглі, пераадолелі ўсе перашкоды, і ў кастрычніку 1942 года група добраахвотнікаў была цалкам гатова да вылету з Тэгерана ў СССР. У яе складзе было 43 чалавекі, сярод іх — 14 лётчыкаў, якія ўжо вылучыліся ў баявых аперацыях супраць фашыстаў, два пілоты сувязі, адзін перакладчык, адзін урач, 25 тэхнікаў, 15 бортстралкоў.

Дырэктывай Галоўнага штаба ВПС Савецкага Саюза ад 26 лістапада 1942 года была афіцыйна аформлена арганізацыйная структура групы — цяпер гэта была асобная французская авіяэскадрылля «Нармандыя» пад сцягам «Вольнай Францыі». За вайскоўцамі эскадрыллі захоўвалася права нашэння цёмна-сіняй формы французскіх ВПС, знакаў адрознення і ўзнагарод. Эмблемай падраздзялення стаў герб правінцыі Нармандыя: два леапарды з залацістымі хвастамі. Такім чынам, 

29 лістапада ў Іванава пад камандаваннем маёра Жазэфа Пулікена прыбыло ўжо паўнавартаснае вайсковае падраздзяленне. Для навучання і трэніровак эскадрылля была прыкамандзіравана да 6-й Заходняй авіябрыгады. Потым загадам камандуючага ВПС Чырвонай Арміі ад 4 снежня 1942 года эскадрылля «Нармандыя» была ўключана ў склад Ваенна-паветраных сіл. Савецкі бок вельмі сардэчна сустрэў французскіх лётчыкаў — ім нават дазволілі выбраць любую мадэль самалёта. Французы выбралі «Як-1», пазней ваявалі на «Як-3» і «Як-9».

З лютага 1943 года эскадрылляй камандаваў 35-гадовы маёр Жан Луі Цюлян — патомны авіятар, на момант прыбыцця ў СССР яго баявы рахунак складаў шэсць збітых нямецкіх самалётаў. Яго намеснікам быў не менш вопытны лётчык-знішчальнік капітан Альбер Літольф, які ваяваў з 1939 года. Яго лік — 10 перамог. Акрамя іх, збітыя немцы былі ў лейтэнантаў Лефеўра, Альбера (пазней — знакаміты капітан Альбер, душа «Нармандыі») і Дзюрана: неразлучных сяброў, якіх у эскадрыллі называлі «тры мушкецёры». У далейшым, дарэчы, толькі гэтыя тры асы збілі ў суме больш за 

40 нямецкіх самалётаў. Выдатнымі лётчыкамі былі Ралан Дэ Ля Пуап і Жазэф Рысо, якія, як і іншыя «нармандцы», мелі грунтоўную лётную падрыхтоўку і баявы вопыт.

Франтавыя выпрабаванні

У сакавіку 43-га эскадрылля адправілася на фронт, яна ўвайшла ў склад 204-й бамбардзіровачнай авіядывізіі 1-й паветранай арміі. Першыя баявыя вылеты былі звязаны з прыкрыццем бамбардзіроўшчыкаў Пе-2. Гэта быў час першых перамог і першых страт, час горкай вучобы, дзе ўрокі замацоўваліся гібеллю таварышаў. За хуткі час французскія лётчыкі заваявалі павагу і аўтарытэт сярод савецкіх «летуноў». 25 красавіка 1943 года «Нармандыя» ўлілася ў 303-ю знішчальную авіядывізыю. Іх заданні станавіліся ўсё больш адказнымі і складанымі. Аднак трэба адзначыць, што, нягледзячы на пэўныя поспехі, спачатку французам было даволі цяжка. І справа нават не ў розных мовах, што, канешне, ускладняла узаемадзеянне з савецкімі лётчыкамі непасрэдна на заданнях, але і ў розных падыходах да тактыкі вядзення паветраных баёў. Маючы добрыя лётныя навыкі і дастатковы баявы вопыт, «нармандцы» імкнуліся дзейнічаць самастойна, а нашы лётчыкі выкарыстоўвалі больш эфектыўную тактыку калектыўных баёў.

Найбольш яскрава гэта выявілася ў Курскай бітве, падчас якой «Нармандыя» часцей за ўсё ўзаемадзейнічала з 18-м гвардзейскім знішчальным авіяпалком. Баявыя вылеты былі штодзень, па некалькі разоў. У неба падымаліся адначасова па дзве-тры эскадрыллі, часам і больш. Вышэйшага напружання паветраная бітва дасягнула ў сярэдзіне ліпеня, калі самалёты вярталіся на аэрадромы толькі для запраўкі і папаўнення боекамплектаў. Менавіта ў гэтыя дні «Нармандыя» страціла свайго камандзіра — маёра Цюляна. Трагедыя стала і нагодай для сур’ёзнай размовы з французскімі лётчыкамі. Генерал-маёр Георгій Захараў, камандзір 303-й авіядывізіі, быў упэўнены: гібелі Цюляна можна было б пазбегнуць, калі б «нармандцы» прытрымліваліся савецкай тактыкі вядзення бою. Сабраўшы лётчыкаў, ён на прыкладзе веніка, які можна разламаць па галінцы і немагчыма — калі ён звязаны, даказаў ім, што ў небе трэба дзейнічаць разам. Толькі так можна перамагчы і зберагчы жыццё свайго сябра. Французы ўсё зразумелі! З таго часу яны прытрымліваліся тактыкі групавога бою, што адразу адбілася і на колькасці збітых фашыстаў: у другой палове 1943-га «Нармандыя» знішчыла 77 варожых самалётаў. Але былі страты, цяжкія, незаменныя: у канцы вайны з першага саставу эскадрыллі засталося толькі тры лётчыкі.

У небе над Беларуссю

Пасля Курскай бітвы полк (так, 5 ліпеня 1943 года эскадрылля была разгорнута ў 1-ы знішчальны авіяполк «Нармандыя», увесь тэхнічны склад якога камплектаваўся савецкімі спецыялістамі, — яшчэ адзін прыклад яднання намаганняў у барацьбе з агульным ворагам) удзельнічаў у баях за Смаленск. А 25 мая 1944 года, пасля папаўнення і адпачынку ў Туле, «Нармандыя» ўвайшла ў склад ІІІ Беларускага фронту і прыняла ўдзел у аперацыі «Баграціён». Падчас вызвалення Беларусі французскія лётчыкі сталі сапраўднай гразой для фашыстаў. Ледзь не кожны дзень адзначаўся збітымі самалётамі і гераізмам «Нармандыі». Так, толькі 26 чэрвеня «нармандцы» зрабілі 72 баявыя вылеты, у якіх знішчылі восем варожых самалётаў. Вызначыліся яны і ў разгроме авіяцыі і войск праціўніка на аэрадромах Болбасава (Аршанскі раён), Дакудава (Крупскі раён), пад Талачынам і Барысавам.

Па заканчэнні гэтай наступальнай аперацыі, за баі па фарсіраванні Нёмана загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага палку было прысвоена ганаровае найменне «Нёманскі», і ён стаў называцца палком «Нармандыя — Нёман». Дарэчы, гэта не адзіная адзнака палка за баявыя дасягненні: за праяўленую доблесць ва Усходне-Прускай аперацыі ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а за паспяховыя дзеянні пры ўзяцці горада і крэпасці Пілау — ордэнам Аляксандра Неўскага. Да баявога сцяга палка прыколаты і дзве французскія ўзнагароды: ордэн Ганаровага Легіёна і Крыж Вызвалення.

Увогуле ж, за час вайны французскія лётчыкі здзейснілі больш за 5000 самалёта-вылетаў, правялі 869 паветраных баёў, у якіх збілі каля 280 самалётаў, яшчэ каля 80 пашкодзілі на зямлі. Чатыры знішчальнікі — Альберт Марсель, Андрэ Жак, Марсель Лефеўр (пасмяротна), Дэ Ля Пуап Ралан — былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Агульныя страты лётнага складу палка — 42 лётчыкі.

Эпілог

Скончыўся баявы шлях палка 14 чэрвеня 1945 года, калі 40 «Якаў», падораных савецкім урадам французскім лётчыкам, узляцелі з аэрадрома Эльбінг у Германіі: «Нармандыя — Нёман» вяртаўся на Радзіму, са зброяй, як і належыць вяртацца сапраўдным воінам...

На гэтым, здавалася б, можна было б і скончыць кароткі — вельмі кароткі — расповед пра баявое братэрства. Але быў у гісторыі палка адзін эпізод, пра які нельга не згадаць. Падчас перабазіраванняў лётчык і механік ляцелі ў адным самалёце: звычайная практыка ваеннага часу. Вось і тым разам у аднамесным «Яку» былі Марыс дэ Сейн і яго тэхнік Уладзімір Белазуб. Самалёт трапіў пад зенітны агонь і быў моцна пашкоджаны. «Зямля» дала загад лётчыку выскачыць з парашутам. Але ў механіка парашута не было! Марыс дэ Сейн адмовіўся выканаць загад і да апошняга намагаўся пасадзіць самалёт.

Яны загінулі. Два салдаты, два сябры, два чалавекі, якія разумелі, што толькі разам можна перамагчы «карычневую чуму». І сёння тым, хто забывае пра гэта, хочацца параіць: паедзьце на Смаленшчыну, у Рудню, наведайце магілу, дзе яны ляжаць, і зазірніце ім у вочы. А потым — сабе...

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».