Вы тут

Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчасцю і пагутарыў з працоўным калектывам ААТ «Завод «Легмаш» у Оршы


Першапачаткова на прадпрыемстве, створаным у 1945 годзе, вырабляліся ацяпляльныя катлы. У 1952 годзе на яго базе была арганізавана вытворчасць па выпуску бытавых швейных машын, а затым — і прамысловых. Спецыялізаваўся завод і на выпуску швейнага і трыкатажнага абсталявання для лёгкай прамысловасці. Цяпер тут вырабляецца шматпланавая прадукцыя: ад чыгунных патэльняў і казанаў да вырабаў, прызначаных для нафтагазавай галіны. З нядаўняга часу ААТ «Завод «Легмаш» спецыялізуецца і на вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння. Аб стане і перспектывах развіцця прадпрыемства далажылі кіраўніку дзяржавы.


«Губіць экспарт — гэта злачынства»

Каментуючы даклад аб асваенні вытворчасці новых відаў прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не будзем жа мы ўвесь час «лапці плесці». «Трэба вырабляць і сур’ёзную прадукцыю», — арыентаваў ён.

Камітэту дзяржаўнага кантролю кіраўнік дзяржавы даручыў узяць на кантроль наступнае пытанне: працуючы над рэалізацыяй ваенных заказаў, не павінна адысці на другі план і вытворчасць такой мірнай, запатрабаванай прадукцыі. «Калі ёсць попыт, трэба рабіць, — перакананы беларускі лідар. — Ёсць навыкі, школа, людзі, і яны павінны гэта рабіць. На кантроль — вельмі жорсткі».

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё гэта трэба рабіць адначасова і не на шкоду Ваенна-прамысловаму комплексу. «Трэба мірную прадукцыю, не для ВПК, выпускаць і нарошчваць, — дадаў ён. — Губіць экспарт — гэта злачынства».

Адпаведныя даручэнні прагучалі ў адрас не толькі старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, але і старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна, памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці Сяргея Ляўковіча.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі сякеры беларускай вытворчасці. Раней кіраўнік дзяржавы даручаў асвоіць выпуск гэтай айчыннай прадукцыі, каб вырабы былі не горшыя за замежныя аналагі. Прэзідэнт уважліва агледзеў сякеры і паабяцаў апрабаваць іх у справе. Адначасова ён паставіў жорсткую задачу перад прамыслоўцамі — на працягу года асвоіць вытворчасць такіх тавараў, неабходных для работы з драўнінай.

«Гэта ганьба, што мы больш за палову (ад тэрыторыі краіны. — „Зв“.) маем лясы і ўсё завозім», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён удакладніў, што падобная прадукцыя кожны год закупляецца на мільёны долараў. У сувязі з гэтым віцэ-прэм’еру Пятру Пархомчыку, які курыруе прамысловасць, даручана арганізаваць на прадпрыемстве вытворчасць усяго, што патрэбна для лесу. Камітэту дзяржкантролю даручана ўзяць гэтае пытанне на кантроль.

«Не проста аднавіць, а пераўзысці»

Традыцыйна падчас наведвання прадпрыемстваў кіраўнік дзяржавы ўдзяляе ўвагу працоўным калектывам. Рабочая паездка ў Оршу не стала выключэннем. Супрацоўнікі завода задалі Прэзідэнту пытанні, якія іх цікавяць. Фармат размовы задаў сам беларускі лідар — размова павінна быць кароткая і шчырая.

Найперш Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі ад убачанага. «Мы вельмі сур’ёзна пачалі працаваць у гэтай частцы Оршы, на „Легмашы“, — канстатаваў ён. — Я не скажу, што вы, легмашаўцы. Тут ужо прыйшлі людзі з усяго свету, як у народзе кажуць. Сказаць, што я задаволены на сёння вашай работай, — абсалютна не. Таму і прыехаў. Не задаволены я і работай начальнікаў, больш за ўсё цэнтральных органаў. Але мне кажуць, што і вы касячылі тут нямала».

Як былы дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства, Прэзідэнт добра ведае: твае падначаленыя дрэнна працуюць тады, калі ты сам недапрацоўваеш. «Давайце з вамі дамовімся, што ў мяне да вас не будзе пытанняў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка супрацоўнікам прадпрыемства. — Мы ўклалі каласальныя грошы для таго, каб вы не вярнуліся да вытворчасці швейных машын. Ды вы і не вернецеся. Я ўжо казаў, мы дарэмна страцілі гэтую вытворчасць. Гэта вельмі патрэбная і карысная вытворчасць. Але страцілі... Сёння я раблю ўсё для таго, каб вас вярнуць на высоканавуковую, высокавытворчую, дакладную і прыбытковую вытворчасць».

Кажучы аб вытворчасці для Ваенна-прамысловага комплексу, кіраўнік дзяржавы перакананы: супрацоўнікам завода неабыякава, будзе ў краіне сур’ёзная абарона або не. «Для мяне — тым больш, — дадаў ён. — Тое, што вы тут робіце, — гэта для вас самае галоўнае і для вашых дзяцей».

Па словах Прэзідэнта, вырабы, якія ствараюцца на прадпрыемстве, патрэбны будуць заўсёды, асабліва цяпер. «Свет ашалеў, свет паглыблены ў войны, канфлікты, — патлумачыў ён. — І калі б у нас было цяпер больш прадукцыі ВПК, якую вы вырабляеце, мы былі б у тры разы багацейшымі. Але вы пакуль не выцягваеце нават мінімальныя паказчыкі. Вельмі спадзяюся, што пасля сённяшняй нашай сустрэчы і дакладаў міністраў мы павялічым гэтую вытворчасць. Але і будзем выконваць кантрактныя абавязацельствы».

Прэзідэнт канстатаваў, што летась і сёлета завадчане нядрэнна папрацавалі над прадукцыяй для грамадзянскіх патрэб. Але варта не забываць і аб прадукцыі ваеннага прызначэння. «Яшчэ раз кажу: гэта вельмі перспектыўна, вельмі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі нафтавікі і газавікі могуць адмовіцца ад вашай прадукцыі, то ад гэтай прадукцыі ў свеце не адмовяцца. Гэта вялікая ваша перспектыва, і гэта 80% будзе вашай вытворчасці. Але і тое, што вы ўмелі рабіць і ішло на экспарт, загубіць не дазволю! Таму пастаўлена задача — не проста на 100%, а на 120% аднавіць вытворчасць грамадзянскай прадукцыі. Не проста аднавіць, а пераўзысці».

Кажучы аб вытворчасці прадукцыі для ВПК, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта вялізная перспектыва для прадпрыемства. «Вам патрэбны будуць людзі, мы будзем вам дапамагаць, — адзначыў ён. — Можа быць, заўсёды, можа быць, пакуль. Калі багатымі станеце, вы будзеце дзяржаве дапамагаць. Перш за ўсё, у будаўніцтве жылля. Вайскоўцы камерцыяй займацца не могуць. Яны сваё жыццё аддалі нам, дзяржаве. Мы ім абавязаны забяспечыць тылы: перш за ўсё — жыллё».

У прыярытэце па забеспячэнні ўласнымі квадратнымі метрамі застаюцца і шматдзетныя сем’і. Будзе будавацца жыллё і там, дзе плануецца стварыць новыя вытворчасці, заводы. «Тады людзі прыйдуць, — перакананы беларускі лідар. — Людзі, можа быць, і не захочуць тут працаваць. Яны ўзважаць: трэба хата, трэба кватэра, жыллё для сям’і — пайду працаваць. Так было ў савецкія часы. І мы прасунемся ў гэтым кірунку, будзем падтрымліваць не толькі вас, але і ўсе прадпрыемствы, якія будуць стварацца, развівацца і гэтак далей».

Прэзідэнт перакананы: гэта не справа — вазіць людзей на работу за 50–60 кіламетраў, як гэта часта бывае ў сельскай мясцовасці. «У Оршы месца для будаўніцтва хапае, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Горад — найцудоўнейшы, не мне вас пераконваць. Я і вы добра ведаеце: такіх гарадоў у свеце няшмат. Ды і ў Беларусі. Прыгожая рака, выдатныя ўмовы для жыцця. Ёсць дзе навучаць дзяцей. Крам, напэўна, хапае — дай Бог, грошы былі б. Трэба, каб было жыллё. У гэтым кірунку мы будзем працаваць. Таму я вас прашу, вы павінны з разуменнем да гэтага аднесціся, бо для Оршы зроблена нямала. Вы павінны выдаць тое, што я патрабую ад урада. Яны прыйшлі да вас, каб аднавіць вытворчыя памяшканні і вырабіць вельмі патрэбны для свету тавар. Вы бачыце, што робіцца. Не толькі ў свеце, але і тут, за плотам. Усялякае можа адбыцца. Нам гэта трэба. Па меншай меры, мы ў вас купім і дапаможам на экспарт прадаць вашу прадукцыю. Аднаўляйце тое, што вы прадавалі па грамадзянцы, і асвойвайце тое, што нам трэба па абаронцы».

«У частцы павелічэння крэдытавання мы падсунемся»

Адно з пытанняў датычылася павелічэння памеру льготнага крэдыту на айчынныя тавары. Супрацоўніца прадпрыемства падзялілася, што нядаўна яе маладая сям’я набыла ўласнае жыллё. Дзякуючы льготнаму крэдыту, які выдаецца на тры гады ў памеры 12 тысяч рублёў пад 4% гадавых, сям’я атрымала магчымасць абзавесціся бытавой тэхнікай айчыннай вытворчасці, мэбляй, таварамі для дома. Жанчына пацікавілася, ці плануецца пашырыць магчымасці выкарыстання такога крэдыту.

Прэзідэнт нагадаў, што дзяржава дапамагае людзям будаваць жыллё. «У былыя, нядаўнія нават часы, гэтаму былі б рады, — канстатаваў ён. — Цяпер кажуць: „Дапамаглі пабудаваць жыллё — дапамажыце нам купіць тэлевізар, пральную машыну, халадзільнік і гэтак далей“. Трэба паціху ад гэтага адвыкаць. Але паколькі гэтага дабра мы вырабляем з лішкам, было прынята рашэнне прафінансаваць вас пэўнай часткай, каб падштурхнуць набываць беларускае. Мы будзем працягваць гэтую пактыку».

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў разгледзець пытанне да канца года. «Відаць, гэтыя працэнты застануцца, можа быць, паўпрацэнта хтосьці там з банкаў дадасць, але вельмі-вельмі льготнае для таго, каб вы набывалі тое, што вырабляецца ў Беларусі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У частцы павелічэння крэдытавання мы падсунемся».

Таксама плануецца пашырыць лінейку прадпрыемстваў, прадукцыю якіх можна будзе набываць на льготных умовах. «Урад унясе прапановы — мы прымем рашэнне», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

«Мы павінны мець максімум свайго»

У кіраўніка дзяржавы спыталі, якія змяненні, унесеныя ў абноўленыя Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, — прынятыя на VІІ Усебеларускім народным сходзе, ён лічыць прынцыпова важнымі.

Прэзідэнт адзначыў, што вельмі шмат можа казаць аб гэтых дакументах, таму прапанаваў узяць і прачытаць тое, што ўжо апублікавана. «Мы не публікавалі пэўны пратакол — гэта значыць, больш канкрэтнае, тое, што мы з вамі тут робім, — удакладніў ён. — Калі хочаце, дзяржсакратар (Савета бяспекі. — „Зв.“) прыедзе да вас і проста вам у дэталях гэта раскажа. Ён узначальвае камісію адпаведную. Цяперашні начальнік Генштаба... Яны гэта ведаюць нават лепш за мяне, у дэталях. Што датычыцца канкрэтыкі, мы не можам публічна аб гэтым казаць, гэта закрытыя дакументы, але, згодна з прынятым дакументам, мы яшчэ загадзя пачалі разварочваць гэтую вытворчасць. Канцэпцыя і дактрына — гэта добра (гэта законы, кірункі, па якіх мы будзем дзейнічаць), але важная канкрэтыка. Калі мы кажам аб тым, што будзем абараняцца, пытанне — чым? Гэтаму ўдзяляем вялікую ўвагу, у тым ліку і ствараючы новыя вытворчасці. Мы ведаем, што і ў Расіі ёсць, у нашай Саюзнай дзяржаве і ў іншых краінах. Але разлічваць у час вайны на гэта мы не можам. Мы павінны мець максімум свайго. Гэта галоўнае».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі — дакумент не новы. «Чацвёрты раз да гэтага вяртаемся, — канкрэтызаваў ён. — Чаму мы яе ўдасканальваем? Свет мяняецца, сітуацыя мяняецца, і войны мяняюцца: была вайна адна, а цяпер вайна іншая».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў сучаснай вайне многае вырашаюць не пяхота і артылерыя, як казалі раней, а беспілотная авіяцыя. «Вось калі б вы яшчэ вырабілі вельмі добрыя ўдарныя разведвальныя беспілотнікі, — прапанаваў завадчанам беларускі лідар. — Мы іх пачалі рабіць, але канкурэнцыя патрэбна. Падумайце. Калі возьмецеся за гэта, мы прафінансуем».

«Нам трэба свой сектар захаваць»

Сакратар-рэферэнт прадпрыемства нагадала, што ўся краіна з заміраннем сэрца назірала за палётам у космас нашай касманаўткі Марыны Васілеўскай. Яна канстатавала, што многія дзяўчаты натхніліся гэтым і хочуць следаваць прыкладу першай беларускай жанчыны, якая паляцела ў космас. У кіраўніка дзяржавы папрасілі падзяліцца найбліжэйшымі планамі ў гэтай сферы.

«Мы занялі сваю нішу з даўніх часоў па асваенні космасу, — увёў у курс справы Прэзідэнт. — Вырабляем шмат для космасу, асабліва цяпер, пачынаючы ад мікраэлектронікі. ВПК працуе, дапамагаючы нашай касманаўтыцы, якая засталася ў Расіі. У савецкія часы мы многае рабілі, пачынаючы ад прыбораў, абшыўкі касмічных лятальных апаратаў. Асноўная вытворчасць у нас, і ажыццяўленне палётаў — у Расіі. Ствараць мы гэта ў сябе не будзем. Нам гэта не трэба. Калі створым, на гэта вялізныя грошы патрэбны, людзі патрэбны».

Па словах кіраўніка дзяржавы, у касмічных распрацоўках Беларусь мае сваю частку. Напрыклад, нашы спецыялісты вырабляюць добрыя касмічныя спадарожнікі дыстанцыйнага зандзіравання зямлі, спадарожнікі сувязі і іншае. «Гэта наша ніша, мы ў гэтым кірунку працавалі і будзем працаваць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Плюс яшчэ мікраэлектроніка, якой у Расіі не стала. Гэта ўсё лягло на нашы плечы, бо старанна захавалі сваю вытворчасць. У іншых краінах гэтая вытворчасць была знішчана. Мы гэта захавалі і вырабляем. Калі нам трэба будзе запусціць у космас (пакуль такой неабходнасці няма) уласную ракету з пэўнымі спадарожнікамі, даследаваннямі і гэтак далей, мы можам скарыстацца еўрапейцамі, амерыканцамі. Японцы сёння, кітайцы, індусы ўжо на Месяц прызямліліся. Мы можам выкарыстоўваць іх. Заплацілі грошы — іх ракета нас закінула туды».

Прэзідэнт расказаў, што ад свайго калегі даведаўся аб тым, што расіяне пачынаюць будаваць сваю касмічную станцыю. «Цяпер яна міжнародная, куды наша касманаўтка лятала, — патлумачыў ён. — А яны плануюць будаваць уласную. Кітайцы сваю пабудавалі. Прэзідэнт Расіі сказаў: „Калі хочаш, далучайся. Будзем разам гэта рабіць, наколькі магчыма“. Падумаем. Калі нашы разумныя людзі рашацца на гэта, будзем удзельнічаць. Але і гэта для нас не галоўнае. Нам трэба свой сектар захаваць».

Каментуючы тое, што многія дзяўчаты мараць паляцець у космас, Аляксандр Лукашэнка параіў адносіцца да гэтага больш прыземлена. Ён расказаў, што ёсць дамоўленасць з Уладзімірам Пуціным уключыць у лік касманаўтаў дваіх беларускіх касманаўтак: Марыну Васілеўскую і дублёра Анастасію Лянкову. «Гэта значыць, яны будуць праходзіць не паскораную падрыхтоўку, як гэта было, а пастаянную, і паляцяць яны, можа, праз тры, а можа праз пяць гадоў па канкрэтнай праграме, — патлумачыў Прэзідэнт. — Гэта значыць, патрэбныя канкрэтныя задачы, канкрэтная праграма, якая будзе рэалізоўвацца падчас палёту. Гэта не проста паляцеў-прыляцеў, і ўсе апладзіруюць, з заміраннем сэрца, як вы сказалі, глядзяць. Не. Гэта вялікая цяжкая работа. Таму, калі нехта хоча, — калі ласка. Мы дамовіліся з расіянамі, яны гатовы. Пройдзеце конкурс — будзеце ў групе касманаўтаў рыхтавацца. Не пройдзеце — значыць, не будзеце. Гэта сур’ёзна. З дзвюх тысяч выбралі нашу дзяўчыну. Мы выбіралі і прапанавалі ім жанчыну. Як „жаночы“ Прэзідэнт, прапанаваў жанчыну. Вось яна і паляцела, вярнулася. Не думаю, што яна хоча паляцець ізноў (у найбліжэйшы час мы абмяркуем гэта з ёй), і не думаю, што наша дублёр таксама марыць аб палёце ў космас. Бо яны ўжо паспыталі гэтага дабра і разумеюць, што жыццё адно».

Таму кіраўнік дзяржавы пацікавіўся: ці варта мяняць «Легмаш» і сваю прафесію сакратара-рэферэнта на касмічную? «Гэта звычайная работа, цяжкая работа, з вялікай рызыкай, — кажучы пра космас, падкрэсліў ён. — Але, вядома, папулярная. Таму, усё гэта ўзважыўшы, падумайце, трэба вам ісці ў атрад касманаўтаў рыхтавацца або не. Я б вам не раіў. Але калі, упасі Гасподзь, ад вашага калектыву чалавек такі знойдзецца, буду падтрымліваць».

«Нам Бог падарыў унікальную краіну»

У кіраўніка дзяржавы спыталі, як ён плануе адпачыць летам і ці ёсць у яго любімыя месцы адпачынку. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў агульнапрынятым разуменні пайсці ў водпуск ён не можа. «Прэзідэнт беларускі не можа адпачыць, таму што ў яго няма віцэ-прэзідэнта, — сказаў ён. — Дзе б ні знаходзіўся Прэзідэнт Беларусі, ён свае паўнамоцтвы нікому перадаць па Канстытуцыі не можа».

Кіраўнік дзяржавы падзяліўся, што ўспрымае водпуск як змену сітуацыі, абставін, змену рэжыму жыцця. «Я не ўяўляю, як можна легчы на пляжы і смажыцца пад сонцам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я вясковы чалавек. З дзяцінства мяне да гэтага не прывучылі. Гэта не маё. Мне трэба чымсьці займацца». Напрыклад, раніцу Прэзідэнт пачынае са спорту, але пры ўмове, што ў яго ёсць на гэта час.

Адказ на пытанне, якое ў кіраўніка дзяржавы любімае месца, быў кароткі і, напэўна, відавочны — Орша. Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што з гэтым горадам у яго звязана шмат успамінаў з дзяцінства, таму на малой радзіме кіраўнік дзяржавы бывае пры любой магчымасці.

Прэзідэнт дадаў, што па родзе дзейнасці бывае ў многіх краінах па ўсім свеце, але заўсёды з радасцю вяртаецца на Радзіму. «Нічога найлепш няма, чым Беларусь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам Бог падарыў унікальную краіну. Падумайце. Тры месяцы зіма: падмарозіць добранька, ажывіць прыроду. Тры — вясна. Тры месяцы лета і тры — восені. Тыдзень туды. Тыдзень сюды. У нас усе поры года. Хто гэтым можа пахваліцца? У нас ёсць усё. Мы павінны гэта зберагчы, для нашых дзяцей у тым ліку».

Супрацоўнікі ААТ «Легмаш» падарылі кіраўніку дзяржавы ўзоры прадукцыі прадпрыемства. Сярод іх — вялікі чыгунны казан для прыгатавання плову. Выказаўшы ўдзячнасць за падарунак, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што добра гатуе гэту страву. А навучыў гатаваць плоў кіраўніка дзяржавы яго калега, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аддае перавагу звычайным вясковым стравам, да якіх даўно прызвычаіўся. Ён перакананы: вельмі добрая рэцэптура прыгатавання многіх прадуктаў была ў Савецкім Саюзе. Дарэчы, многія рэцэпты таго часу, па патрабаванні кіраўніка дзяржавы, аднаўляюць і вяртаюць у вытворчасць. У прыватнасці, гэта датычыцца кандытарскіх вырабаў, цукерак, хлеба. Гэтай беларускай прадукцыі даецца высокая адзнака, у тым ліку з боку замежных лідараў.

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка пажадаў супрацоўнікам прадпрыемства берагчы сябе і не спадзявацца на тое, што дзесьці можа быць лепш.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».