Вы тут

Качанава: На чале палітыкі Беларусі і Кітая перш за ўсё народ


Працягваецца візіт афіцыйнай парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Кітайскую Народную Рэспубліку. Праграма другога дня візіту атрымалася насычаная: беларуская дэлегацыя ўсклала кветкі да помніка Народных герояў, наведала бальніцу «Чааян» у Пекіне, правяла шэраг сустрэч. Наталля Качанава сустрэлася з намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам.


Фота: Савета Рэспублікі

Паколькі Кітай і Беларусь — усепагодныя, усебаковыя стратэгічныя партнёры, сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што Беларусь ганарыцца сяброўствам з Кітаем: «Гісторыя беларуска-кітайскіх адносін налічвае больш за тры дзесяцігоддзі, і за гэтыя гады выбудаваліся добрыя, сяброўскія адносіны паміж нашымі краінамі. Дзякуючы нашым лідарам, кіраўнікам нашых дзяржаў Аляксандру Лукашэнку і Сі Цзіньпіну наша супрацоўніцтва сёння з’яўляецца ўсепагодным, усебаковым і стратэгічным. Кітай для Беларусі заўсёды быў, ёсць і застанецца надзейным партнёрам». Наталля Качанава адзначыла, што Беларусь цвёрда падтрымлівае прынцып аднаго Кітая. «Мы аказвалі і працягваем аказваць падтрымку вашай краіне па ўсіх вострых пытаннях, у тым ліку па Сіньцзяне, Ганконгу, Тыбеце і Тайваню, а таксама ў рамках Руху недалучэння па пытанні Паўднёва-Кітайскага мора. У сваю чаргу мы шчыра дзякуем вам за пастаянную і сістэмную падтрымку Беларусі па пытанні ўступлення ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена арганізацыі», — адзначыла яна.

Наталля Качанава нагадала, што ў 2023 годзе заключана міжпарламенцкае пагадненне паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў. Павышаны статус механізму міжпарламенцкага супрацоўніцтва — створаны Камітэт высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін. Сфарміраваны склад камітэта. «Паглыбленне ўзаемадзеяння Беларусі і Кітая вызначана падабенствам нашых ідэалогій і самой логікай геапалітычных працэсаў, якія адбываюцца. У сучасных няпростых геапалітычных умовах адносіны нашых краін дынамічна развіваюцца, хутка адаптуюцца пад зменлівыя рэаліі, захоўваючы трываласць і глыбіню практычнага ўзаемадзеяння. Аб эфектыўным развіцці двухбаковых адносін сведчаць вынікі ўзаемнага гандлю», — сказазал спікер. Яна прывяла прыклады: з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем вырас больш як у 200 разоў.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла салідарнасць з Кітаем па асноўных прынцыпах геапалітычнай бяспекі. «Мір, згода, суверэнітэт, неўмяшанне ва ўнутраныя справы — гэта асноўнае, тое, на чым сёння выбудоўваецца палітыка нашых дзяржаў. Тыя задачы, якія пастаўлены кіраўнікамі Беларусі і Кітая, — гэта мірны дабрабыт нашых краін і народаў», — рэзюмавала кіраўнік беларускай дэлегацыі.

Са свайго боку намеснік Старшыні КНР Хань Чжэн заявіў, што Кітай надае вялікае значэнне адносінам з Беларуссю: «За апошнія гады пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны дэманструюць устойлівую дынаміку развіцця. Упэўнены, што афіцыйны візіт паслужыць стымулам для развіцця нашага сяброўства і супрацоўніцтва».

Мір, згода, суверэнітэт

Старшыня Савета Рэспублікі таксама сустрэлася са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжаа Лэцзі. Па яе словах, непарушная дружба і ўзаемны давер Беларусі і Кітая — заслуга кіраўнікоў дзвюх краін. «Гэта выдатныя палітыкі сусветнага маштабу, сапраўдныя народныя лідары і патрыёты, якія цалкам прысвячаюць сябе служэнню інтарэсам сваёй краіны і народа, — сказала Наталля Качанава. — У нашых міждзяржаўных адносінах важнае значэнне маюць рэгулярныя візіты на найвышэйшым і высокім узроўнях. Сустрэчы нашых лідараў надалі магутны імпульс паглыбленню традыцыйных напрамкаў супрацоўніцтва і вывелі яго на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага патрнёрства. Па словах Наталлі Качанавай, сустрэчы, якія прайшлі падчас афіцыйнага візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі, яшчэ раз паказалі, што палітыка нашых дзяржаў абсалютна падобная. «Таму што на чале палітыкі Беларусі і Кітая перш за ўсё народ. А на знешнім контуры — мір, згода, суверэнітэт і незалежнасць нашых дзяржаў, неўмяшанне ва ўнутраныя справы. Упэўнена, што наш візіт надасць новы імпульс у супрацоўніцтве Беларусі і Кітая абсалютна па ўсіх напрамках», — падкрэсліла спікер.

Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва — усяляк зацікаўлены ў развіцці пабрацімскіх сувязяў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. «Нашы краіны маюць вялікі патэнцыял узаемадзеяння па лініі грамадскіх арганізацый, палітычных партый, валанцёрскіх рухаў», — адзначыла Наталля Качанава.

«Актуальнымі напрамкамі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння бачыцца супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры. Сёння, наведваючы адну з медыцынскіх устаноў, мы пераканаліся ў гэтым. Мы ўбачылі, што нам ёсць чым падзяліцца адна з адной. Мэтазгодна на рэгулярнай аснове праводзіць абмены паміж спецыялістамі Беларусі і Кітая, працягваць сумесную падрыхтоўку кадраў, укараняць новыя сумесныя адукацыйныя і даследчыя праграмы», — расказала Наталля Качанава.

Мы ментальна блізкія

У размове з журналістамі Наталля Качанава назвала візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Кітай вельмі знакавым для беларусаў. Падчас гэтага візіту прайшло першае пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню супрацоўніцтва паміж парламентарыямі Беларусі і Кітая, які быў створаны зусім нядаўна. Як расказала Наталля Качанава, падчас пасяджэння былі абмеркаваны ўсе перспектывы і напрамкі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. У цэнтры ўвагі — пытанні заканадаўчай базы Беларусі і Кітая, сумесны ўдзел у міжнародных арганізацыях, адстойванне інтарэсаў дзвюх краін на міжнароднай арэне, пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця і гуманітарнай сферы. Спектр пытанняў атрымаўся шырокі і шматпланавы, бо супрацоўніцтва Беларусі і Кітая развіваецца ва ўсіх галінах. «Самае галоўнае, што мы ментальна блізкія. Я ўпершыню ў Кітаі, і я адчула, наколькі сапраўды падобныя нашы падыходы ва ўнутранай палітыцы, у знешняй палітыцы. Калі казаць пра ўнутраную палітыку нашых краін, гэта найперш людзі. Гэта самае галоўнае. Мы робім усё, як у Беларусі, так і ў Кітаі, каб нашы людзі жылі камфортна, у дабрабыце. Павышэнне дабрабыту насельніцтва — гэта галоўны падыход ва ўнутранай палітыцы нашых краін. Калі казаць пра знешнюю палітыку, тут у нас абсалютна ідэнтычныя падыходы — гэта міралюбівая палітыка, гэта суверэнітэт і незалежнасць, неўмяшанне ва ўнутраныя справы краін і, канешне, прасоўванне палітыкі шматпалярнага свету», — сказала Наталля Качанава. Яна запэўніла, што, няглядзячы на ўсе знешнія выклікі, Беларусь і Кітай будуць працягваць праводзіць сумесную палітыку. «Мы ганарымся адносінамі з Вялікім Кітаем. Я ўбачыла тут вельмі добрае стаўленне да беларусаў. Кітай і кітайскі народ сапраўды з вялікай павагай ставіцца да нашай краіны, да нашага народа, да нашага Прэзідэнта», — расказала спікер.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.