Вы тут

Калі б твой дзень быў каляровы?..


«Мой сын бегае за мной як хвосцік, — скардзіцца мама чатырохгадовага Даніка. — Збірае пазл — просіць, каб я сядзела побач і глядзела, гуляе ў машынкі — трэба, каб „бібікала“ разам з ім; калі не пачытаю ўслых казку перад сном, не засне». Майму Сымону пяць — і тая ж сітуацыя: усё хоча рабіць разам. Пераказала тую размову сястры. 

А Наташа кажа: «Радуйцеся і атрымлівайце асалоду ад таго, што маеце. Хутка гэтага ўсяго не будзе... Вось майму Мацвею ўжо восьмы год пайшоў. Раней кніжку прасіў пачытаць. 

А цяпер мама для гэтага не патрэбная, бо сам навучыўся. Ідзе ў свой пакой і чытае тое, што сам хоча. Прыходзіць са школы — асвойвае новы від кубіка Рубіка, вучыцца жангліраваць па роліку на YouTube. Я зразумела, што калі цяпер упусціць момант, то кропак судакранання з Мацвеем з кожным годам будзе станавіцца ўсё менш і менш».

Каб не страціць кантакт з сынам, мая сястра вырашыла дзейнічаць неадкладна. Раз на тыдзень яна возіць Мацвея вучыцца іграць на гітары. «Усе бацькі, — кажа, — чакаюць сваіх дзяцей на калідоры. Я ж прысутнічаю на занятку і засвойваю музычную грамату разам з сынам, дома з задавальненнем развучваю з ім пройдзеныя акорды. Акрамя таго, заўважыла, што Мацвей любіць катацца на веласіпедзе. Раней ён наразаў кругі па стадыёне, а я сядзела на лавачцы і назірала. Але адчувала, што гэта не спрыяе наладжванню больш блізкіх адносін з сынам. І вось днямі я прапанавала мужу купіць веласіпеды і нам з ім, каб на выхадных ладзіць сямейныя паездкі. Гэта была цудоўная ідэя. У нас з сынам і мужам з’явілася яшчэ адна агульная справа і тэма для размоў».

З нараджэннем сына ў маім жыцці з’явілася шмат кніг і відэалекцый па псіхалогіі. Яны дапамагаюць своечасова заўважаць свае ўпушчэнні ў выхаванні і штосьці карэкціраваць. Некаторыя мамы і таты лічаць, што выконваюць свой бацькоўскі доўг, укалваючы на рабоце і забяспечваючы дзіця ўсім неабходным. Але, сцвярджаюць псіхолагі, гэтыя намаганні пакрываюць толькі базавыя патрэбы, але не закранаюць душу. Дзіця можа адчуваць удзячнасць за «развівашкі», абноўкі ды цацкі. Але любоў, адданасць і давер нараджаюцца не так. Менавіта таму трэба больш размаўляць са сваімі дзецьмі на розныя тэмы (не толькі пра адзнакі ў школе; не варта злоўжываць і бясконцымі ўказаннямі, забаронамі, крытыкай і кантролем). Напрыклад, у блогу сямейнага псіхолага Вольгі Пекун сустрэла прыблізны спіс «Што спытаць у дзіцяці, каб зблізіцца з ім?» Сярод пытанняў: «Што цябе здзівіла ў апошнія дні? Які сябар прымушае цябе больш за ўсё смяяцца? Калі б твой дзень быў каляровы, якога б ён быў колеру? Табе падабаецца дзяліцца з іншымі дзецьмі? Што для цябе важна ў нашых адносінах? Якое тваё любімае месца ў доме? Які самы шчаслівы момант, які ты памятаеш са сваёй сям’ёй? А які самы дрэнны? Калі б ты быў супергероем, то якім? Куды б ты накіраваўся ў падарожжа?» Днямі я задала іх свайму сыну і даведалася пра яго шмат цікавага. Паспрабуйце і вы.

...1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Дык вось, галоўнае, ад чаго сёння трэба абараняць хлопчыкаў і дзяўчынак, — гэта ад недахопу бацькоўскай увагі. І справа зусім не ў колькасці, а ў якасці сумесна праведзенага часу. Нам, татам і мамам, варта памятаць, што нельга гуляць з дзіцем у дыназаўраў, думаючы пра свае нявырашаныя праблемы. Гэта не працуе. Важна знаходзіць час на сумесныя справы, пры гэтым цалкам быць са сваім малым, глядзець яму ў вочы і зацікаўлена слухаць, што ён гаворыць. Інакш паступова наша месца зоймуць мабільныя тэлефоны ды планшэты... Негатыўны прыклад навідавоку. У мужа прыяцелькі ёсць сын ад першага шлюбу. Ён праз выхадныя прыязджае да таты ў госці і два дні запар бязвылазна сядзіць у сваім пакоі, гуляе ў камп’ютарныя гульні. Калі ж мужчына па парадзе жонкі прапанаваў сыну пакідаць мяч у баскетбольнае кальцо, дык падлетак сказаў, што яму гэта нецікава…

Мяне ж натхняюць зусім іншыя, станоўчыя, прыклады. У прыватнасці, вельмі прыемна назіраць, як цымбалістка Ала Віктараўна ходзіць са сваімі ўжо дарослымі дзецьмі ў кіно, тэатр, на выставы, сем’ямі вандруюць па Беларусі. Ім цікава разам, бо ў іх ёсць агульныя інтарэсы, тэмы для размовы, моцныя традыцыі. А галоўнае — узаемаразуменне і ўзаемападтрымка. Цёплыя адносіны — справа не аднаго дня, яны, кажа жанчына, выбудоўваюцца па цаглінцы, год за годам, пачынаючы з самага нараджэння дзетак.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.