Вы тут

Аб чым бацькам неабходна пагаварыць са сваімі дзецьмі напярэдадні летніх канікул?


Праз пару дзён наступіць самы доўгачаканы перыяд для многіх жыхароў нашай краіны. Для юных беларусаў — дакладна. Летнія канікулы — магчымасць не толькі перадыхнуць ад школьных урокаў і выверанага распарадку дня, але і рабіць тое, што на працягу навучальнага года было не дазволена або абмежавана часам: катацца на веласіпедзе, купацца ў вадаёме, бавіць час з сябрамі за самымі рознымі заняткамі.


З пачаткам лета на своеасаблівую перадышку ад пэўных абавязкаў, у першую чаргу звязаных са школай, разлічваюць і бацькі. Аднак далёка не ўсе з іх могуць забяспечыць поўны кантроль над сваімі дзецьмі на працягу ўсяго канікулярнага перыяду. Хтосьці адпраўляе нашчадкаў у летнік, у кагосьці ёсць надзейныя памочнікі ў якасці бабуль і дзядуль, у некаторых дзеці вымушаны заставацца адны дома, пакуль бацькі знаходзяцца на рабоце. Які б сцэнарый правядзення летніх канікул дарослыя ні падрыхтавалі для сваіх дзяцей, першае, што яны павінны зрабіць, — расказаць аб магчымых небяспечных сітуацыях і, самае галоўнае, патлумачыць, як сябе паводзіць, калі іх не ўдалося пазбегнуць.

Малыя — у полі зроку

Пачнём з самых маленькіх. Найважнейшае правіла для бацькоў тых, хто пачаў рабіць свае першыя крокі, — стварыць бяспечнае асяроддзе. Напрыклад, абмежаваць спецыяльнымі заглушкамі доступ да разетак і электрапрыбораў, вострых вуглоў, вады.

«Бацькі павінны забяспечыць пастаянны кантроль за сваімі малымі дзецьмі, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Трэба апусціцца на ўзровень вачэй дзіцяці і паглядзець, што яму відаць. Так можна ўбачыць тое, што можа ўяўляць небяспеку для малога. Варта выключыць са звычак матуль і такія факты, як выбяганне ў краму або адлучэнне на хвіліну да суседкі. На жаль, за гэта імгненне можа здарыцца непапраўнае. І тады такі сцэнарый перайграць будзе немагчыма».

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У чэрвені мінулага года ў хатнім басейне на тэрыторыі прыватнага дома ў Мінскім раёне патанула паўтарагадовая дзяўчынка. Увесь дзень шматдзетная сям’я займалася будоўляй, у пэўны момант дзіця знікла з поля зроку бацькоў. Заўважыўшы адсутнасць дзяўчынкі, бацька з маці сталі яе шукаць. Знайшлі без прыкмет жыцця ў каркасным басейне. Басейн быў абсталяваны лесвіцай, якой дзіця змагло самастойна скарыстацца.

Перш чым устанавіць або надзьмуць басейн, упрыгожыць уласны падворак дэкаратыўнай сажалкай, варта падумаць аб тым, ці будзе гэта бяспечна для юных жыхароў або гасцей гэтага дома. У лютым 2023 года гульня на сажалцы ў адной з вёсак Жабінкаўскага раёна стала апошняй для двух братоў. Як высветлілася, хлопчыкі шасці і васьмі гадоў спрабавалі праверыць трываласць лёду на штучным вадаёме. Пад іх вагой лёд зламаўся, і дзеці апынуліся ў вадзе. На жаль, самастойна выбрацца браты не змаглі…

Небяспечным для жыцця можа стаць і ванны пакой. Дастаткова ўсяго на хвіліну выйсці, як можа здарыцца непапраўнае. Так летась адбылося ў Салігорску. Маладая маці купала свайго паўтарагадовага сына. Літаральна некалькіх секунд, пакуль жанчына адсутнічала ў ваннай, хапіла, каб дацягнуцца за цацкамі і скінуць у ваду фен, падключаны да разеткі. Хлопчык загінуў ад удару токам.

Нельга дапусціць і такую сітуацыю, калі дзіця вас зачыніць у пакоі ці закрыецца знутры кватэры. Будучы бескантрольным, яно і за запалкі можа схапіцца, і акно адчыніць... Хто ведае, чым магла скончыцца нядаўняя сітуацыя ў Мар’інай Горцы, дзе двухгадовае дзіця зачыніла маці на балконе, калі б своечасова не паспелі ратавальнікі.

На вадаём — толькі з дарослымі!

Прычынай трывогі многіх бацькоў з’яўляецца і вялікая вада. Асабліва ў летні перыяд. Тым больш тады, калі побач з хатай бабулі або дзядулі, дзе летам адпачывае дзіця, знаходзіцца возера ці рэчка. І тут парада ратавальнікаў такая — знаходзіць час наведваць вадаём разам са сваімі дзецьмі, калі яны гэтага просяць. Іначай непаўналетнія пойдуць да вады самастойна, не папярэдзіўшы вас аб гэтым. Як паказваюць трагічныя сітуацыі з дзецьмі на вадзе, дарослыя не ведаюць аб тым, дзе бавяць час іх нашчадкі.

Такіх сітуацый, на жаль, нямала. Адна з іх у ліпені мінулага года здарылася ў Магілёўскім раёне. З ратавальнікамі звязалася жанчына, якая паведаміла аб тым, што ў Магілёўскім раёне на беразе возера знайшлі рэчы яе сына 2015 года нараджэння. Аб яго месцазнаходжанні маці не ведала. Адразу па прыбыцці да месца выкліку ратавальнікі нікога не знайшлі. Аднак на тое, што здарылася непапраўнае, указвалі дзіцячыя рэчы, пакінутыя на беразе вадаёма. Пазней вадалазы МНС з-пад вады выцягнулі хлопчыка без прыкмет жыцця. Як удалося ўстанавіць, пацярпелы купаўся ў возеры разам са стрыечным братам. Дарослых побач з імі не было.

Практычна ўсе трагічныя выпадкі з дзецьмі на вадзе падобныя адзін да аднаго. І, напэўна, многіх з іх можна было б пазбегнуць, каб побач з дзецьмі на вадаёме былі бацькі ці іншыя дарослыя, хто за іх адказвае.

З агнём не жартуюць

Задача бацькоў — паклапаціцца і аб пажарнай бяспецы ва ўласным доме. Абсталяваць памяшканне пажарнымі апавяшчальнікамі можна без вялікіх намаганняў і сур’ёзных грашовых затрат. Затое гэты невялічкі прыбор можа выратаваць самае дарагое, што ў вас ёсць, — дзяцей. Патлумачце ім, чым для іх могуць скончыцца гульні з запалкамі, эксперыменты з агнём.

Дзіцячае свавольства з агнём у пачатку мінулага лета прывяло да ўзгарання саломы ў Смалявіцкім раёне. Прычынай пажару стала гульня дзяўчынак-падлеткаў з запальнічкай. Побач з саломай яны падпалілі пакет, ад якога і распаўсюдзіўся агонь. Самастойна патушыць узгаранне ў іх не атрымалася. А колькі «эксперыментаў» з агнём непаўналетнія чэрпаюць з сацыяльных сетак, а потым спрабуюць паўтарыць самастойна! Пры гэтым не ўлічваюць, што відэаролік можа быць зроблены з дапамогай відэамантажу, з прымяненнем спецэфектаў.

«Варта кантраляваць знаходжанне дзяцей падалей ад вогнішча, не дапускаць самастойнага выкарыстання імі адкрытага агню. Асабліва гэта актуальна пры смажанні шашлыкоў, — заўважае Анастасія Швайбовіч. — Пачасціліся выпадкі, калі дзеці атрымліваюць траўмы пры выкарыстанні дарослымі лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў, якія ні ў якім разе нельга прымяняць для распальвання вогнішча. Увогуле, захоўвайце іх у недаступным для дзяцей месцы».

У ліпені мінулага года ў Аршанскую гарадскую бальніцу з апёкамі 40% цела паступіў хлопчык 2014 года нараджэння. Маці разам з дзецьмі вырашыла прыгатаваць ежу на вогнішчы. У той час, як жанчына пераключыла сваю ўвагу на іншае, яе сын вынес з хаты ёмістасць з бензінам. Сястра хлопчыка ўзяла з мангала палку і апусціла яе ў бензін — адбылася ўспышка. На хлопчыку загарэлася адзенне. На шчасце, падаспела маці, але без дапамогі медыкаў не абышлося.

Кар’еры і будоўлі абыходзіць

Патлумачце дзецям і тое, што будоўля — не дзіцячая пляцоўка, дзе можна гуляць. Важна данесці, каб яны пазбягалі такіх небяспечных месцаў, як вышкі, закінутыя будынкі, гарышчы, яры, кар’еры. І тут, на жаль, не без сумных прыкладаў. У мінулагоднім ліпені гульня на кар’еры ў Быхаве скончылася смерцю дзіцяці 2013 года нараджэння. Трое дзяцей гулялі на кар’еры, які на момант здарэння не эксплуатаваўся. Аднаго з хлопчыкаў засыпала пяском. Двое яго сяброў пабеглі клікаць на дапамогу бацькоў, але было ўжо позна…

Летась на будоўлі ў Лідзе загінула і чатырохгадовае дзіця. На выхадных хлопчык разам са сваёй сям’ёй гасцяваў у бабулі. Трагедыя здарылася на вуліцы, куды ён пайшоў гуляць разам з суседскімі дзецьмі. Месца для гульні выбралі небяспечнае — каля цеплавых труб, якія знаходзіліся на ўзвышанасці і не былі замацаваны. Старэйшыя дзеці залезлі на адну з труб і пачалі качацца. У пэўны момант яна пакацілася і заціснула чатырохгадовае дзіця. Па дарозе ў бальніцу хлопчык памёр.

Пазбягайце адчыненых вокнаў…

Колькі людзей ні папярэджвай аб небяспецы адчыненых вокнаў, калі ў сям’і выхоўваюцца малыя дзеці, з году ў год трагедыі паўтараюцца. Днямі, напрыклад, з акна выпаў шасцігадовы хлопчык у Ваўкавыскім раёне. Пашанцавала, што сям’я жыве на першым паверсе. Аднак і такой вышыні хапіла, каб атрымаць шматлікія траўмы. 

У момант трагедыі, акрамя дзіцяці, дома нікога не было: мама выйшла ў краму. У гэты час малалетні ўбачыў праз акно дзяцей, залез на падаконнік, абапёрся на маскітную сетку і ўпаў уніз.

«Калі адчыняеце вокны, рабіце гэта ў рэжыме праветрывання, — рэкамендуе Анастасія Швайбовіч. — Спадзявацца на маскітную сетку не варта: яна абсалютна не ўтрымлівае вагі нават самага маленькага дзіцяці, не кажучы ўжо пра старэйшых. Каб увогуле быць спакойнымі на гэты конт, устанавіце на вокны замкі — у любы момант вы можаце зачыніць іх на ключ».

Не дазваляйце дзецям самастойна пераходзіць дарогу, пакуль не навучыце іх рабіць гэта правільна. Патлумачце, што асцярожнымі варта быць і ў дварах. Ніякі мяч або цацка не вартыя таго, каб кідацца за імі пад машыну. Важны момант, на які неабходна звярнуць увагу непаўналетнім удзельнікам дарожнага руху, — праслухоўванне музыкі праз навушнікі і гаджэты. Пры перасячэнні праезнай часткі трэба дастаць з вушэй навушнікі, пакласці тэлефон у сумку або кішэню. Адмовіцца ад праслухоўвання музыкі праз навушнікі варта і падчас перасячэння чыгуначных шляхоў, прагулак каля чыгункі. Многія трагедыі здараюцца менавіта з-за такога захаплення непаўналетніх, якое адцягвае іх увагу ад галоўнага. Катэгарычна забараняецца перабягаць чыгуначныя шляхі перад цягніком, які ідзе. Ісці ўздоўж чыгункі неабходна на адлегласці не бліжэй як пяць метраў ад крайняга рэльса. Таксама важна папярэдзіць дзяцей: ніякіх гульняў на чыгунцы, а таксама сэлфі на фоне цягніка, які набліжаецца!

Згубіцца ў лесе можа кожны

Неўзабаве з’явяцца ягады і грыбы — і людзі, у тым ліку дзеці, паспяшаюцца ў лес. Як паказвае практыка, згубіцца ў лясным масіве можа нават самы вопытны грыбнік, не кажучы ўжо пра дзіця. У пачатку вясны звыш 600 чалавек удзельнічала ў пошуках дзвюх малых дзяўчынак з вёскі Рыбцы Пухавіцкага раёна. Двухгадовая і чатырохгадовая сястрычкі не прыйшлі ўвечары дадому. Ноччу іх знайшлі ў лясным масіве.

Лес — гэта тое месца, якое патрабуе добрай падрыхтоўкі і дарослых, і дзяцей. «Нават калі вы вельмі добра арыентуецеся ў лесе, гэта не сведчыць аб тым, што вы не можаце заблукаць, — заўважае Анастасія Швайбовіч. — Многія людзі, якіх шукаюць ратавальнікі, пачынаюць са слоў: «Я ўсё жыццё хадзіў па гэтым лесе...»

Калі падазраяце, што дзеці згубіліся, адразу тэлефануйце ў экстранныя службы. Паведаміце, дзе і ў колькі гэта адбылося, назавіце прыкметы дзяцей: апішыце іх знешнасць, раскажыце, у што яны былі апрануты і інш. Калі жывяце побач з лесам або ён — у крокавай даступнасці там, дзе вашы дзеці праводзяць выхадныя або канікулы, — абавязкова патлумачце сваім выхаванцам, што лес — не месца для гульні. Раскажыце, якія небяспекі могуць чакаць іх у лесе, навучыце дзіця, што трэба рабіць, калі яно згубілася.

«101» і «112» — тэлефоны ратавальнікаў

Калі ваша дзіця дастаткова дарослае, каб самастойна знаходзіцца дома, вы павінны ведаць, чым яно займаецца, калі гуляе, то з кім. У такім выпадку бацькі павінны быць на сувязі са сваімі нашчадкамі. Не лішнім будзе прайграць сітуацыю, калі дзіця адно дома і незнаёмыя людзі патэлефанавалі ў дзверы. Алгарытм паводзін просты: ні ў якім разе не адчыняць дзверы і не падаваць выгляду, што ты адзін дома. І яшчэ вельмі важная дэталь — ваша дзіця павінна ведаць свой адрас, тэлефон, а таксама тэлефоны ратавальнікаў («101» і «112») і алгарытм іх выкліку: патэлефанаваць, сказаць, што адбылося, дзе вы знаходзіцеся, назваць сваё імя і прозвішча, нумар тэлефона.

«Мала проста забараніць нешта свайму дзіцяці, — рэзюмуе Анастасія Швайбовіч. — Калі малому кажаш „нельга“, воляй-няволяй яно хоча парушыць гэтую забарону і высветліць, што ж будзе, чаму нельга. Бацькі павінны спрацаваць на апярэджанне: не проста сказаць, што нельга гуляць з запалкамі, а патлумачыць, што можна атрымаць апёк, будуць балець пальчыкі, давядзецца ехаць у бальніцу... Мы, дарослыя, чамусьці думаем, што дзеці ўсё разумеюць. Насамрэч, гэта не так. Расказваць аб небяспечных сітуацыях трэба простымі словамі».

У любым выпадку, дзе б ні праводзілі летнія канікулы вашы дзеці, адказнасць за іх у першую чаргу ляжыць на бацьках. Гэта датычыцца і адпачынку ў бабуль-дзядуль. Калі вы разумееце, што вашым пажылым бацькам не па сілах глядзець за ўнукамі, варта падумаць аб іншым сцэнарыі адпачынку дзяцей. Рыхтуючы ім цікавае і карыснае баўленне часу, у першую чаргу паклапаціцеся аб тым, каб адпачынак вашых нашчадкаў быў бяспечны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.