Вы тут

Як змагацца з шумнымі суседзямі?


Здавалася б, для суседзяў выдатна падышоў бы заклік з усім вядомага мультфільма пра ката Леапольда: «Дзеці, давайце жыць дружна!» Аднак жыццёвыя абставіны часам складваюцца так, што казаць пра сяброўства і добрыя адносіны не даводзіцца. Мы жывём з імі (суседзямі) на розных тэрыторыях, але ўсе разам ствараем гукі, якія па-рознаму ўспрымаюцца нашымі органамі пачуццяў.


Гукі атачаюць нас з нараджэння. Да многіх з іх мы так прывыкаем, што нават не заўважаем: ціканне гадзінніка, вуркатанне ката, работа машыны за акном... Але ёсць і іншыя: шум п’янай кампаніі за сцяной, роў матацыкла на вуліцы, «лямант» перфаратара... Мы пачынаем раздражняцца. Што рабіць?

Першае — паспрабаваць пагаварыць і вырашыць пытанне з суседзямі мірна, бо лепш «перамагчы чужую армію не змагаючыся». Калі ж без барацьбы не абысціся, то можна скарыстацца пакрокавай інструкцыяй, заснаванай на жыццёвым вопыце і законах.

Калі шум — парушэнне гукаізаляцыі

У мяне свой вопыт барацьбы з шумамі. Але я быў тады з іншага боку «барыкад». 

У той час старэйшая дачка хадзіла ў музычную школу, а дома спрабавала іграць на піяніна. Іграла з 15 да 17 гадзін, не больш. Гучнасць інструмента мінімальная, але... 

У нас з’явіўся сусед, якому гэта «трыньканне» не падабалася абсалютна. Ён працаваў у начную змену, а днём аддаваў перавагу адпачынку ў цішыні.

Мы спрабавалі дамовіцца і паменшылі час ігры да 1,5 гадзіны. Сусед спачатку пагадзіўся, але потым стаў патрабаваць не іграць на музычным інструменце ў суботу і нядзелю зусім. З гэтым пагадзіцца мы не маглі. З маніякальнай рэгулярнасцю сусед пачаў скардзіцца на нас у ЖЭС і міліцыю. Нас тады спрабавалі «выхоўваць» і тыя, і іншыя. У выніку быў суд, які дазволіў нам карыстацца музычным інструментам у «зберагальным рэжыме», што мы і рабілі раней.

Як потым высветлілася, у павышанай гукапранікальнасці быў вінаваты... сам сусед. Ён зрабіў няякасную перапланіроўку сваёй кватэры: знёс дзве другарадныя сценкі, а на падлозе паклаў ламінат адразу на пліту перакрыцця, без залівання падлогі і падкладкі пад яе. Так што добра чутныя былі не толькі «трэлі», а нават нашы размовы.

Такая вось гісторыя. Але, як правіла, барацьба з шумамі працягваецца гадамі, а ў асобных выпадках — пакаленнямі.

Якія гукі вушы «рэжуць»?

Адназначна непрыемнымі для чалавека з’яўляюцца гукі ад 80 дэцыбел. Такой сіле роўны крык чалавека. Отарыналарынголагі кажуць, што гукі мацнейшыя за 90 дБ, небяспечныя для слыху, а ўсё, што за мяжой 150 дБ, выклікае тугавухасць.

Дарэчы, невыпадкова існуе забарона на гучную музыку, рамонтныя работы пасля 23 гадзін. У нас ёсць рытмы сну і няспання. Падчас сну наш арганізм не проста адпачывае. Ён назапашвае гармон сну — мелатанін. Якраз да 23 гадзін яго ўзровень узрастае. І калі гэты час прапусціць, чалавек можа потым засынаць з вялікімі праблемамі.

Яшчэ горш на нас уздзейнічае музыка з празмернасцю высокіх і нізкіх частот (цяжкі рок), якія могуць выклікаць рэзананс у біялагічных тканках розных функцыянальных сістэм — сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, мышачнай і нервовай.

Хуткія тэмпы, какафонія паскараюць сардэчны рытм і дыханне, павялічваюць артэрыяльны ціск, і, наадварот, павольныя тэмпы запавольваюць сардэчны рытм і паніжаюць артэрыяльны ціск. У старых і людзей з паталогіямі гучная музыка можа выклікаць гіпертанічны крыз. Уявіце, адны атрымліваюць асалоду, а іншыя — за сценкай — выклікаюць «хуткую».

Акрамя гукаў, якія мы добра чуем, ёсць інфрагукі і ўльтрагукі. Мы не ўспрымаем іх слыхам, не можам апісаць, але, тым не менш, адчуваем змены. Пачынаем адчуваць паніку, страх, неспакой.

Аднак мы не можам доўга знаходзіцца і ў абсалютнай цішыні. Нашы сенсорныя сістэмы павінны счытваць сігналы. Калі іх няма, мы пачынаем адчуваць наймацнейшы стрэс. Так што шум павінен быць, але, вядома, умераны. Нездарма існуюць пэўныя санітарныя нормы. Гэтыя нормы паказваюць, да чаго чалавек можа адаптавацца.

Ведаць свае правы

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі», дзе замацавана норма пра тое, што карыстацца тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі гучнагаварыцелямі можна толькі пры ўмове памяншэння чутнасці да ступені, якая не парушае спакою іншых грамадзян у жылым доме. У любы дзень тыдня з 23 да 7 гадзін не павінны адбывацца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум.

Дапушчальныя і максімальныя ўзроўні гуку ў жылых памяшканнях жылога дома павінны адпавядаць Санітарным нормам. Пры гэтым дапушчальным узроўнем шуму з’яўляецца такі ўзровень, які не выклікае ў чалавека значнай турботы і істотных змен паказчыкаў функцыянальнага стану сістэм арганізма, адчувальных да шуму.

Калі вы лічыце, што ўзровень шуму нават у дазволены час перавышае дапушчальнае значэнне, то яго трэба вымераць. Самастойна гэта зрабіць не атрымаецца, нават калі спампаваць на мабільны тэлефон спецыяльныя дадаткі. Даследаванні ўзроўню шуму на дагаворнай аснове ажыццяўляюць органы і ўстановы Дзяржсаннагляду і іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы, акрэдытаваныя на правядзенне названых даследаванняў. Калі наспела вострая сітуацыя, жыхары могуць звярнуцца ў санстанцыю, каб зрабіць неабходныя замеры.

У сваю чаргу, эксплуатацыйныя арганізацыі абавязаны перыядычна правяраць санітарна-тэхнічны стан канструкцый і элементаў жылых дамоў і своечасова ўстараняць выяўленыя няспраўнасці, у тым ліку і рэагаваць на вырашэнне праблем залішняга шуму.

Акрамя правілаў, варта ведаць і нормы, якія рэгулююць час, калі не дазваляюцца работы па перабудове і перапланіроўцы, але не рамонтныя работы ў кватэры. Да работ па перабудове і (або) перапланіроўцы адносяцца:

— змена або перанос сістэм газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смеццевыдалення, газавыдалення;

— змена ў апорных канструкцыях;

— змена плошчы, колькасці жылых пакояў і падсобных памяшканняў у кватэры за кошт разборкі існуючых і (або) уладкавання новых перагародак;

— уладкаванне, павелічэнне праёмаў у ненясучых сценах і перагародках.

Менавіта для такіх шумных работ дзейнічае больш жорсткі графік: нельга праводзіць адпаведныя дзеянні ў выхадныя і святочныя дні, а ў працоўныя дні нельга пачынаць іх раней за 9 гадзін і заканчваць пазней за 19 гадзін.

Асацыяльныя жыхары і штрафы

Шумець у жылых дамах (як мы ўжо гаварылі) забаронена з 11 вечара да 7 раніцы. На гэты час дзейнічае забарона нават на гучныя размовы і плясканне дзвярыма. 

А ўключаць на поўную магутнасць музыку, тэлевізар, гульнявую прыстаўку і іншае ў шматпавярховых дамах забаронена і ў любы іншы час.

Калі вам перашкаджае шум з суседняй кватэры і на просьбы паводзіць сябе цішэй суседзі не рэагуюць, трэба выклікаць міліцыю. Адказнасць за шум прадугледжана адпаведным артыкулам Кодэкса нашай краіны аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Калі факт парушэння даказваюць, то максімальнае пакаранне — штраф 10 базавых велічынь (цяпер — 400 рублёў). У цэлым штрафы нядрэнна адвучаюць суседзяў шумець, але каб чалавека аштрафавалі, трэба даказаць, што шум быў. Калі суседзі да прыезду міліцыі не сціхлі, то доказам будзе рапарт, які складуць праваахоўнікі, і ваша заява.

Складаней дамагчыся справядлівасці і цішыні ў сітуацыі, калі вы маеце справу з тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцця і ўжо неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасці. Такі кантынгент да прыезду міліцыі часта шумець перастае, а як толькі праваахоўнікі з’язджаюць, гучныя гукі вяртаюцца.

Міліцыянеры звоняць у кватэру, на шум з якой вы жаліцеся, і калі дзверы адчыняюць, то гутараць з жыхарамі, а вам прапануюць напісаць заяву. Калі шум сапраўды гучны, перашкаджае адпачываць і выпадак з гэтымі суседзямі не адзінкавы, то заяву варта скласці.

Пры гэтым у ёй можна пералічыць і жыхароў іншых кватэр, якім таксама мог перашкодзіць шум. Міліцыя іх апытае, і калі яны пацвердзяць скаргу — вінаватых чакае штраф.

Калі на прыезд міліцыі адгукнуліся не толькі вы, але і хтосьці яшчэ з суседзяў, то праблема з даказваннем вырашана — дзве заявы, як правіла, з’яўляюцца дастатковым пацвярджэннем таго, што парушэнне было.

Калі побач узнік «прытон»

Перыядычны шум, непрыемны пах, шматлікія «дробныя сюрпрызы» ў пад’ездзе — гэта тое, з чым пастаянна сутыкаюцца суседзі тых людзей, якія моцна п’юць. Звычайна штрафы ў падобных выпадках бессэнсоўныя, таму што гэты «кантынгент» рэдка працуе. Для такіх выпадкаў, праўда, дзейнічаюць лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Аднак працэдура накіравання ў ЛПП досыць працаёмкая, нават нягледзячы на тое, што ў ёй дапамагаюць праваахоўныя органы. Накіраваць у такую ўстанову суседа можна, калі ён тры разы за год прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правіны, пры здзяйсненні якіх знаходзіўся ў стане ап’янення (лічыцца і наркатычнае, і алкагольнае, і таксічнае).

Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі павінны афіцыйна папярэдзіць «моцна хворага» чалавека аб магчымасці накіравання ў прафілакторый. Само накіраванне ў ЛПП магчыма пасля здзяйснення яшчэ аднаго адміністрацыйнага правапарушэння ў стане ап’янення на працягу года пасля папярэджання.

Але... Калі па выніках медыцынскага агляду не пацвердзілася хранічная залежнасць або выяўлена супрацьпаказанне для накіравання (ёсць такі пералік захворванняў), то ў ЛПП накіраваць не могуць. Не накіроўваюць у прафілакторый таксама непаўналетніх, пенсіянераў, цяжарных жанчын і жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да года, а таксама інвалідаў І і ІІ групы.

Крайні выпадак

У выпадку пастаяннага парушэння вашымі суседзямі Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі яны могуць быць выселены ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.

Гэты жорсткі вердыкт выкарыстоўваюць у дачыненні да тых людзей, якія на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, якія выявіліся ў разбурэнні, псаванні жылога памяшкання або ў выкарыстанні яго не па прызначэнні ці за іншыя парушэнні патрабаванняў гэтага Кодэкса, якія робяць немагчымым для іншых пражыванне з такімі суб’ектамі ў адной кватэры або ў адным жылым доме. Раней яны былі папярэджаны ўласнікам аб магчымасці высялення без прадастаўлення іншага жылога памяшкання і на працягу года пасля такога папярэджання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні.

І яшчэ. Калі ваш спакой парушаны суседскім сямейным скандалам, лаянкай, прыкметамі гвалту, пагрозай жыцця, заклікамі на дапамогу, варта неадкладна тэлефанаваць у «102», каб супрацоўнікі міліцыі паспелі спыніць правапарушэнне і не дапусціць трагедыі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Гэй, вы, там, наверсе!..

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».