Вы тут

Што можа расказаць аб продках адна старадаўняя паштоўка


Ці ведаеце вы, сябры, колькі можа распавесці аб продках адна толькі старадаўняя паштоўка, калі вывучаць яе дасканала? Яна дазволіць зрабіць сапраўдны прарыў у генеалагічным расследаванні. І я збіраюся пераканаць вас у гэтым на асабістым прыкладзе.

А яшчэ мы даведаемся пра тое, чаму дамавыя кнігі — больш чым падарунак лёсу; чым карысныя гарадскія даведнікі і якія сенсацыйныя звесткі пра родных можна адшукаць, «гартаючы» анлайн-перыёдыку даўніх часоў.


Матылёк, фіялкі і вэлюм

Гэтая рарытэтная паштоўка — быццам незвычайны матылёк у маёй сямейнай калекцыі. Дрыжыш за тое, каб пылок на яго пафарбаваных крылцах выпадкова не пашкодзіць.

Малахітавага колеру стужка, на ёй медальён у форме сэрцайка, унутры вяночак з фіялетавых кветак, падобных на фіялкі, а ў сярэдзінцы сэрца квітнее вясна ў пейзажнай мініяцюры: рэчка, поплаў, сцяжынка, аблокі. Усё такое пяшчотнае, у светлым вэлюме блакітна-зялёных адценняў... Віншавальную паштоўку, падабраную з гэткім густам, да таго ж каляровую, што ў тыя часы сустракалася даволі рэдка, адаслаў мой 29-гадовы дзядуля Ёнас маёй 21-гадовай бабулі Людзьвіке ў дзень яе нараджэння. І было гэта роўна 110 гадоў таму! (фота № 1)

Фота 1. Паштоўка, якой споўнілася 110 гадоў (з калекцыі Алы Жур)

Аднолькавыя даты на штампах адрасата і адрасанта 14.04.1914 і месца Рыга сведчаць аб тым, што ў гэты перыяд жыцця Ёнас і Людзьвіка знаходзяцца ў сталіцы Ліфляндыі. І яшчэ не пабраліся шлюбам, бо на паштоўцы, як бачым, у іх розныя прозвішчы. Аднак па сямейных звестках вядома, што неўзабаве яны пажэняцца ў Рызе, куды ў пачатку 1900-х паедуць на заробкі.

Тэкст у паштоўцы напісаны на роднай літоўскай мове, але толькі літарамі з кірыліцы (як таго патрабавалі правілы пошты для замежных грамадзян на тэрыторыі Расійскай імперыі «для забеспячэння правільнай дастаўкі»).

Пераклад віншавання выдае далікатнасць адносін маладога чалавека да дзяўчыны і сур’ёзнасць яго намераў: «Маю гонар павіншаваць спадарыню з імянінамі з пажаданнем шмат шчасця. З шчырай павагай, І. Пятрыла».

Знайсці дакладны адрас у паштоўцы з хатняга архіва — заўсёды ўдача для даследчыка, і ў дадзеным выпадку радок «бульвар Татлебена, дом 10, кв. 3» дае мне шанц праліць святло на «рыжскі след» у радаводзе майго бацькі, а магчыма, і развянчаць сямейныя легенды.

Па звестках родных, бабуля Людзьвіка працавала ў Рызе прыслугай у заможных гаспадароў. Рэкамендацыю ёй даў граф Нарышкін, які ў Літве валодаў маёнткам Груздзі (Грузджай) Шавельскага (Шаўляйскага) павету, адкуль Людзьвіка родам. Але кім быў яе гаспадар, каму належаў дом № 10 па бульвары Татлебена?.. Я пачала шукаць у інтэрнэце хоць якую зачэпку. 

І раптам бульвар «прывёў» мяне на форум «Размовы пра Рыгу» (forum. myrіga.іnfo), дзе сабраліся апантаныя і ўлюбёныя ў гісторыю Рыгі знаўцы. І дзякуючы ўсім гэтым экспертам і мазгавым штурмам нечакана ў нас атрымалася захапляльнае грунтоўнае даследаванне ў духу мінулага стагоддзя. 

З дэдуктыўнымі метадамі Шэрлака Холмса, які, дарэчы, мае таксама рэальнае дачыненне да гэтай гісторыі.

Акно з дзявочага пакоя

Дык вось, у кватэры № 3 па бульвары Татлебена, 10 (па звестках штогадовага адраснага календара за 1907 год «Rіgasches Adress-Buch») — і я ніколі не здолела б прачытаць яго без дапамогі знаўцаў з форуму, бо змест быў напісаны не толькі па-нямецку, але і гатычным шрыфтам — пражываў сын купца Рыжскай І Гільдыі Абрам Нахімаў Рабіновіч. І дзяўчынка Людзьвіка працавала прыслугай у яго сям’і, дарэчы, даволі вядомай у Рызе. Абрам Рабіновіч быў паважаным грамадскім дзеячам, старшынёй праўлення Паўночнага банка. А паходзілі яны з Віцебскай губерні.

Пяціпавярховы даходны дом № 10, у якім жыла сям’я купца, належаў нашчадкам Johann Kneеt, будаўнічага прадпрымальніка, і быў пабудаваны ў стылі эклектыкі ў 1884 годзе. Яго філіграннае аздабленне фасада — візітная картка вядомага архітэктара Карла Іагана Фельско. Гэты дом, як і большасць будынкаў на бульвары Татлебена, сёння помнік архітэктуры (фота № 2).

Фота 2. Дом № 10, бульвар Калпака: так выглядае цяпер (былы Татлебена)

Цікава, а што бачыла дзяўчына Людзьвіка, выглядваючы з акна кватэры № 3? Недалёка знаходзілася Эспланада — пыльнае поле для вайсковых практыкаванняў. І, хутчэй за ўсё, з ветрам адтуль у вокны дома прылятала шмат пылу: шкло, вядома, даводзілася мыць часта. Насупраць, у доме № 13, каля ўвахода ў прэстыжнае Рыжскае камерцыйнае вучылішча, тоўпіліся яго выхаванцы. Пад самымі вокнамі грукалі па брусчатцы вазкі.

Кватэра № 3 знаходзілася на другім паверсе, з левага боку, у гэтым корпусе размяшчалася па дзве кватэры на кожным паверсе. Калі выдавалася вольная хвілінка, Людзьвіка, магчыма, перакідвалася слоўцам са служанкай з суседняй, 4-й кватэры. Быт служанкі ў тыя часы быў сціплы. Яна «мітусілася» ў асноўным на кухні, а спала ў цесным дзявочым пакоі, сумежным з кухняй, і такія памяшканні заўсёды выходзілі вокнамі ў двор.

Важкім суседствам для жыхароў гэтага дома было Рыжскае аб’яднанае пачатковае вучылішча ў доме № 8. На перапынках там добра чуліся залівістыя галасы дзятвы. 

І акно дзявочага пакоя Людзьвікі якраз выходзіла на школьны двор.

Між тым сам бульвар Татлебена за ўсю гісторыю свайго існавання пераймяноўваўся ажно 11 разоў! 

У 1860 г. за былымі крапаснымі валамі стварылі вуліцу, якая пралягала ўдоўж армейскага пляца (эспланады), і назвалі Эспланаднай. У 1868 г. яна згадваецца ўжо як Эспланадны бульвар. У 1885 годзе перайменавана ў бульвар Эдуарда Татлебена, у гонар генерала Расійскай арміі, родам з Елгавы. У 1919 г. гэта Люксембургскі праспект у памяць забітай нямецкай камуністкі. З 1923 г. — ужо бульвар Оскарса Калпака, у гонар латышскага палкоўніка. У 1941 — перайменаваны ў бульвар Камунараў, у час нямецкай акупацыі — Bіsmarckіng (алея Бісмарка), а ў 1942 — зноў Kalpakstrasse (вуліца Калпака). У савецкі час вяртаюць назву — бульвар Камунараў. У пачатку 1950-х згадваецца ўжо як праспект Сталіна. У 1991-м адноўлена назва бульвар Калпака (фота № 3, forum.myrіga.іnfo).

Фота 3. Бульвар Татлебена ў Рызе, канец ХІХ стагоддзя (крыніца forum.myrіga.іnfo).

Па гэтым бульвары ў адкрытым экіпажы 4 ліпеня 1910 года праязджаў Мікалай ІІ, а ў 1920–30-я гады тут знаходзілася Пасольства СССР. Па адрасе Татлебена, дом № 7, кв. 3 выдаваўся ілюстраваны беларуска-грамадскі часопіс «На Чужыне», першы нумар якога выйшаў 3 сакавіка 1920 года. У маляўнічым наваколлі Латвійскай акадэміі мастацтва шпацыраваў Шэрлак Холмс, пра якога там здымаўся ўсім вядомы фільм.

А з варотаў дома № 10 выходзіла і паспешлівай хадой накіроўвалася да касцёла Тужлівай Багамаці Людзьвіка, мая бабуля.

Я бачу за радкамі паштоўкі ўсё гэта аб’ёмна, быццам у фармаце 3D: і дом, і акенцы, і дах, і неба з узнятым лісцем і птушкамі. 

І нявесту, прыемна засмучаную, якая чытае віншаванне, што прынёс паштальён.

Абрабаванне на вуліцы Гертрудэс

А дзе ж жыў сам яе суджаны, адаслаўшы паштоўку з сэрцайкам і фіялкамі? Пашанцавала мне з дапамогай знаўцаў-фарумчан атрымаць і гэтыя сенсацыйныя вынаходкі.

Калі Ёнас Пятрыла быў гадзіннікавым майстрам (ура, гэта так і ёсць!), то, магчыма, у 1907 годзе менавіта ён пражываў пад імем Івана Пятрылы на Малой Палісаднай (цяпер Калупес) вуліцы, дом 8, у 34 кватэры, як сведчыць запіс у Рыжскай адраснай кнізе.

А далей знаходзім надзвычай цікавую заметку ў рыжскай газеце «Dzіmtenes Vestens», № 117, за 1 мая 1915 г. (анлайн-часопісы ХІХ і ХХ стагоддзя: www-perіodіka): «Па вуліцы Гертрудэс,110 мінулай ноччу была узламаная крама гадзіннікаў Пятрылы, былі скрадзены гадзіннікі і пярсцёнкі на суму 80 рублёў».

У маіх пошуках робіцца не проста цёпла, а горача!

Месца рабавання гадзіннікавай крамы спадара Пятрылы знаходзіцца на адлегласці менш чым 200 метраў ад месца жыхарства гадзіннікавага майстра Івана Пятрылы па вуліцы М. Палісадная (ад дома да работы толькі чыгуначныя пуці перайсці!). Ці можа гэта быць простым супадзеннем? Думаецца, што не.

А ці знайшлі злачынцаў? Малаверагодна. У рыжскай перыёдыцы тых часоў мне трапілася шмат паведамленняў пра выпадкі рабавання гадзіннікавых і ювелірных крам, болей жудасных, часам нават з забойствам гаспадароў. Аднак стрымаць крымінальную хвалю здолелі толькі ў другой палове года, калі ў Рызе ў сувязі з набліжэннем фронту наступіў стан аблогі і справы пачалі разглядаць вайсковыя суды.

З аднаго боку, толькі «дзякуючы» абрабаванню крамы з выпадкова знойдзенай заметкі ў анлайн-перыёдыцы я даведалася пра найцікавейшыя падрабязнасці біяграфіі родных, а з іншага, па шчырасці, мне вельмі шкада, што ў 1915 годзе пацярпеў мой дзядуля.

Але ўсё гэта пры ўмове, што Іван Пятрыла сапраўды мой дзядуля Ёнас, і каб пераканацца ў тым на сто працэнтаў, неабходна зазірнуць у больш грунтоўныя крыніцы.

Чытайце дамавыя і адрасныя кнігі

Адрасныя гарадскія кнігі карысныя, каб нешта праверыць наўскідку. У іх у першую чаргу траплялі ўладальнікі нерухомасці і тыя, хто пажадаў размясціць свае даныя. Там не знойдзеш інфармацыі аб усім насельніцтве. Дазнацца, калі і адкуль чалавек прыехаў-з’ехаў, дапамогуць дамавыя кнігі: у іх праводзілася абавязковая рэгістрацыя кожнага чалавека па месцы фактычнага жыхарства. Акрамя таго, там пазначаўся саслоўны статус і прыпіска да месца, якія ў Расійскай імперыі меў кожны. Адным словам, у дамавых кнігах вы знойдзіце шмат каштоўнай інфармацыі аб продках. Галоўнае — каб тыя кнігі захаваліся.

І ў дадзеным выпадку мне пашанцавала тройчы! Дамавыя кнігі па патрэбных адрасах у рыжскім архіве захаваліся, а галоўнае — запісы ў іх пацвердзілі: прыбыўшы 27 чэрвеня 1906 года на М. Палісадную № 8, у кв. 34 Іван Антонаў Пятрыла, гадзіннікавы майстар, і ёсць мой родны дзядуля. А ў дамавой кнізе па бульвары Татлебена № 10, у кватэры № 3, знайшоўся запіс і пра бабулю — Ваўпшас Людзьвіку Алаізіеву, служанку, 17 гадоў (на момант упіскі 12 верасня 1911 г.), якая выбыла 18 ліпеня 1915 года.

Як дзіўна даведацца праз 109 гадоў аб прычыне, якая крута змяніла жыццё маіх блізкіх, звязаўшы гэтыя два знойдзеныя факты: 1 мая 1915 года абрабавана гадзіннікавая крама Пятрылы, а 18 ліпеня 1915 года Людзьвіка Ваўпшас выпісваецца з кватэры. І назаўсёды разам з мужам пакідае Рыгу, падалей ад франтавога горада, захаваўшы ў сваім чорным аксамітавым рыдыкюлі запаведную паштоўку, без якой я ніколі не даведалася б пра ўсю гэту гісторыю.

Таму шчыра раю і вам, сябры: шукайце паштоўкі і лісты! Раптам недзе і ў вас на антрэсолях чакае свайго зоркавага часу такая чароўная паштоўка?..

Паштоўкі, лісты, нават кароткія заметкі — важныя генеалагічныя і біяграфічныя крыніцы для вывучэння гісторыі сям’і. Вы зможаце высветліць: імёны, важныя даты, месцы жыхарства, працы. Чытаючы лісты, звяртайце ўвагу на кожны дробны факт!

Ала ЖУР

Загаловак у газеце: Прыгоды 110-гадовай паштоўкі, альбо Куды вядзе бульвар Татлебена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.