Вы тут

Што неабходна зрабіць для багатага ўраджаю


Расада нагадвае маленькіх дзяцей. Яна такая ж капрызная, далікатная і дрэнна падрыхтаваная для суровага жыцця. Калі праводзіць паралелі і далей, то яе пераезд з хатняга «садка» падобны на першы паход у школу. І ад нашых правільных дзеянняў будзе залежаць, як складзецца яе «навучанне» і ўсё далейшае жыццё.


Падрыхтоўка град

Існуюць дзясяткі варыянтаў град для таматаў і іншай агародніны: высокія і нізкія, цёплыя і звычайныя, насыпныя і вертыкальныя. Універсальнай канструкцыі не бывае, бо ўчасткі могуць адрознівацца па складзе глеб і кліматычных умовах.

Але нязменнымі застаюцца два асноўныя прыёмы вясновай падрыхтоўкі град:

  • апрацоўка глебы (перакопка ці глыбокае баранаванне);
  • унясенне ўгнаенняў.

Першы прыём дае зямлі рыхласць, аднаўляючы яе газаабмен. Без яго не будзе нармальнага развіцця каранёвай сістэмы. А другі дае расадзе доўгачасовае сілкаванне. Угнаенні, якія мы ўносім пад апрацоўку глебы, павінны быць разлічаны на пэўную культуру (або групу блізкіх відаў). Толькі так можна спадзявацца на добры вынік.

Асноўныя ўмовы для нармальнага ўкаранення расады

На падаконніку сеянцам мала што пагражае. Яны пад нашым наглядам, у цяпле і клопаце. Таму важна стварыць умовы на градцы максімальна падобныя на пакаёвыя, каб таматы не адчувалі стрэсу.

На першы час ім неабходны:

  • камфортная тэмпература;
  • аптымальная вільготнасць;
  • абарона ад яркага сонца ці моцнага ветру (калі гаворка ідзе аб адкрытых градках).

Добра, калі ёсць цяпліца: стацыянарнае сховішча выдатна спраўляецца з роляй новай хаты нават для самых маленькіх кусцікаў. А для перасадкі ў адкрыты грунт трэба абраць самы аптымальны час: цёплы вечар, напярэдадні зацішнага і не менш цёплага дня. Але нават у такіх умовах расаду варта хоць бы на некалькі дзён накрыць плёнкай або агравалакном на дугах. Гэта абароніць таматы ад рэзкіх перападаў начных і дзённых тэмператур, а таксама часткова ад яркага сонца.

Пасля перасадкі не забывайце пра рэгулярны паліў. Маладыя расліны не могуць назапашваць у каранях і сцёблах дастаткова вільгаці, каб перажыць засуху. Першы грунтоўны паліў праводзяць падчас пасадкі.

Затым таматы паліваюць, арыентуючыся на стан глебы і не дапускаючы яе перасыхання. І заўсёды трэба кантраляваць стан грунту не толькі на паверхні, але і ў глыбіні. Таматы, асабліва маладыя, вельмі ўспрымальныя да шматлікіх грыбных захворванняў. А іх якраз часта правакуе празмерны паліў.

Падкормкі

Іх уносяць, арыентуючыся або на стан раслін, або на маркерныя адрэзкі вегетацыі (бутанізацыю, цвіценне, плоданашэнне). Важна, каб у высаджанай расады, а потым і дарослых кустоў была магчымасць пастаянна атрымліваць паўнавартаснае харчаванне. Напрыклад, з раней унесеных угнаенняў або з тых, якімі вы будзеце падкормліваць яе далей.

Большасць агароднікаў сыходзяцца ў адным: пасля перасадкі праз 10–15 дзён кусты таматаў вельмі пажадана падкарміць. Яны яшчэ не маюць развітой каранёвай сістэмы, а таму пакуль не дацягваюцца да пажыўных рэчываў па ўсім аб’ёме глебы. Гэта падобна да дзіцячага харчавання. Угнаенне дапамагае засвойваць кустам неабходныя пажыўныя рэчывы, а таксама актывуе рост каранёвай сістэмы і надземнай часткі.

Асноўныя праблемы пасля высадкі расады

Простае запаволенне росту таматаў — праблема не самая вялікая. Значна горш, калі расада пасля перасадкі доўга не аднаўляецца ці неўзабаве пасля яе пачынае губляць нармальны выгляд:

  • больш за 3-4 дні застаецца падвялай;
  • лісце змяняе афарбоўку на бледна-зялёную, жоўтую, бурую або фіялетавую;
  • з’яўляюцца кропкі і плямы ненатуральнага колеру;
  • сцёблы становяцца вадзяністымі, слізкімі, часта з некратычнымі плямамі.

Прычынамі такіх з’яў бываюць шкоднікі, хваробы, сур’ёзны недахоп харчавання (або яго дысбаланс), рэзкія стрэсавыя фактары (тэмпература).

Захворванні таматаў або наяўнасць шкоднікаў прасцей за ўсё дыягнаставаць па характары распаўсюджвання негатыўных наступстваў. Сярод некалькіх побач высаджаных кустоў амаль заўсёды выдзяляюцца самыя пашкоджаныя, прычым яны могуць быць як у цэнтры пасадак, так і па краях ці ўвогуле размяшчацца хаатычна. Своечасовая апрацоўка інсектыцыдамі ці фунгіцыдамі можа дапамагчы выправіць сітуацыю. Моцна пашкоджаныя хваробамі таматы лепш адразу выдаліць і спаліць.

Крытычны недахоп якіх-небудзь элементаў, як правіла, закранае ўсе пасадкі цалкам і праяўляецца паступова. Вызначэнне канкрэтнага элемента, якога бракуе, — справа няпростая. Таму лепш правесці падкорм комплекснымі ўгнаеннямі.

Завяданне кустоў пры пераахаладжэнні ці абмаражэнні таксама назіраецца альбо ва ўсіх таматаў, альбо ў тых, якія відавочна размешчаны бліжэй усіх да крыніцы холаду. Але такія прыкметы звычайна ўзнікаюць рэзка, часта за адну ноч.

Таматы маюць патрэбу ў пільнай увазе і пасля перасадкі. А самы складаны перыяд, пакуль яны нармальна не адаптуюцца, доўжыцца прыкладна 3-4 тыдні. Варта пастаянна сачыць за кустамі, каб своечасова дапамагчы ім у выпадку неабходнасці.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Выхаванне расады таматаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.