Вы тут

Адно вока бачыць далёка... А чатыры? Яшчэ далей?


Хто пра што (ці пра каго ў звяздоўскай рубрыцы), а я дык пра мясцовага Несцерку.


Фота з адкрытых крыніц

Ён, ужо знаёмы чытачам Грыша Карабейка, з дзяцінства сябраваў з Монем. Грышкаў бацька абодвух хлапчукоў вучыў шавецкай справе, і з сынам гэта як быццам атрымалася. А вось Моня, падросшы, трохі іншым шляхам пайшоў: займеў невялічкую краму, стаў гандляваць. Чым? Так званым бюджэтным шырспажывам: прасцецкім посудам, адзеннем ды абуткам, шылам, мылам, хусткамі, шпулькамі-гапулькамі, так патрэбнымі ў шавецкай ды кравецкай справе...

Набываў ён гэтыя тавары ў куды буйнейшых купцоў: то ў Мазыры, то ў Кіеве ці Пінску, нават у Вільню, здаралася, ездзіў. За прылаўкам у тыя дні стаяла яго жонка Роза, адукаваная жанчына: сама гандлявала, сама вяла «гросбух», куды запісвала ўсё, што прадавала ў доўг... Хапала, беднай, і на рабоце, і дома, круцілася часам, як тая вавёрка ў коле, выбівалася з сіл.

Каб лягчэй было, Моня вырашыў памочніцу ўзяць, Зоську — вясковую сірату, якая стала для сям’і сапраўднай знаходкай! Змалку прывычная да любой работы, гэта дзяўчынка лёгка спраўлялася з рознымі гаспадарчымі справамі, адразу ж паладзіла з Моневай дзятвой, у вольную часіну ўскапала пад вокнамі лапік зямлі і засеяла гароднінай, а ў першы раз схадзіўшы на рынак па малако (і далёка, і дорага), давяла сваім гаспадарам, што трэба купіць малочную казу. (Тады ў нашым Петрыкаве іх многія трымалі, нават пастухі наймаліся, каб пасвіць статкі.)

...Моня ў розных там прамысловых таварах разбіраўся добра, у жывёлах — не. Прыйшлося пайсці да сябра (у яго таксама козы былі), папрасіць, каб на рынку пабыў дарадцам: адно ж вока бачыць далёка, а чатыры — яшчэ далей?!
Грыша быў усцешаны! Ён прадчуваў замочку і таму згадзіўся.

Факт, што ў нядзелю з раніцы яны ўжо хадзілі па базары, да многага прыглядаліся-прыцэньваліся, сустракалі сваіх знаёмых і гандляроў таксама.

Адзін з іх, Пятрок, вывез на продаж ажно пяць вясёлых казлянят і прыкладна столькі ж дарослых коз.

— Выбірай любую! Ні разу не пашкадуеш! Добра дагледзіш — тры літры малака штодзень будзеш мець!

Пакупнік у гэтым трохі сумняваўся, бо ведаў: не пахваліш — не прадасі... Але ж таргавацца неяк не выпадала: аддаў грошы, разам з іншымі маладзіцамі-пакупніцамі палюбаваўся малымі казлянятамі. Грыша тым часам адвязаў ад воза адну з дарослых коз, і мужчыны, шчаслівыя ад таго, што справа зроблена, пакіравалі з рынку ў бок сваіх хат...

Па дарозе, праўда, спыніліся — зайшлі ў шынок, выпілі па чарцы-другой, пагаманілі: як след абмылі пакупку, бо дома, на дварышчы, Моня ледзьве ўпіхнуў жывёліну ў хлеў і тут жа заваліўся спаць.

...Прачнуўся ён ад жаночага крыку — Роза шумела (што здаралася вельмі рэдка)... Думаў, на дзяцей... Аж не! Яго падняла з канапы, грозна спытала:

— Ты чаго на рынак хадзіў?!

— Як гэта чаго?! — не зразумеў муж. — Казу купляць. З Грышам... Ты ж сама сказала...

— Дык на вось, трымай вядзерца! Кліч свайго дружбана! — сварылася жонка. — Самі казу купілі — самі яе і дойце! Без малака ў хату не пушчу!

На гэтым слове Моня — з вядзерцам — апынуўся на ганку і там жа ледзьве не сеў — вачам не паверыў:

— Гэта што — казёл?!

— Такі самы, як ты! — шумела за спінай Роза. — Не бачыў, што купляў, каго дадому вёў?!

— Вёў Грыша, — успомніў Моня. — Мы што — абодва прыдуркі?

— Дурні — і адзін, і другі! На ўсю галаву! — паправіла Роза.

І ніхто не ведае, што дадала б яшчэ, калі б не расчынілася брамка і на двор з казой на вяровачцы не зайшоў Пятро, не сказаў гаспадару:

— Ты, Моня, мусіць, дужа ў шынок спяшаўся? Грышка падганяў?.. Ён можа... Але ж і я вінаваты! Прабач — не адразу агледзеў... Таму зараз трымай во сваю казу. А казла я дамоў павяду. Можа, і на яго пакупнік які знойдзецца?

— А як жа! — з веданнем справы запэўніў Моня. — Быў бы тавар — будзе і купец.

Што праўда, тое праўда.

Ніна Кандрашонак,

г. Петрыкаў.


Першы блін сабаку?

У Беларусі, як вядома, свайго мора няма (цікава, хто прыдумаў Мінскае?). А ў нашай вёсцы дык нават і рачулкі беднай не мелася, калі не лічыць Глінішча — ці то невялічкага стаўка, ці то невычэрпнай лужыны.

А вось рыба ў нашай краме была, прадавалі тры віды: селядцы, мойву і проста марожаную...

Зрэшты, не, былі яшчэ вялізныя (кілаграмы на тры) круглыя банкі з надпісам «Івасі» (вельмі смачная штука!) і рыбныя кансервы, якія давалі (за грошы) ў «нагрузку» да нейкага дэфіцыту.

Гэта, здаецца, усё, што ў маленстве мы ведалі пра рыбу.

Але ж аднойчы ў хату да нашых знаёмцаў трапілі доўгія палосы ўпаковачнай паперы, і ўся яна была ў малюнках — рыбах і рыбках, прычым пад кожнай красавалася назва.

Як жа мы тады здзівіліся, як разглядалі! Гэтулькі відаў! І ўсе ж яны недзе плаваюць, недзе прадаюцца? Іх можна гатаваць, есці?
Нам цікава было ўсё гэта ўяўляць, памарыць, як пакаштуем...

Вася — найстарэйшы сын цёткі Насты — быў вайскоўцам, служыў у Расіі. Адтуль, жадаючы парадаваць бацькоў, пры першай жа магчымасці прыслаў ладную бляшанку чорнай ікры, а пасля гэтага (пашчасціла) і сам у госці прыехаў.

Бацькі, ну вядома ж, рады былі, частавалі ўсім сваім — паляндвічкай, кумпячком, каўбаскай, мойвай падсмажанай на тлушчы...

— А як жа ікра? — пацікавіўся сын. — З’елі?

— Так, але не самі, — прызналася маці. — Яна такая нясмачная была... Я свінкам выліла.

...Мойва, вядома ж, смачнейшая.

Людміла Багдановіч,

в. Вараны, Бераставіцкі раён.


Спакой і толькі спакой — галоўная запаведзь Карлсана

Гэта гісторыя не пра ваенныя часы, хаця пэўныя «баявыя» дзеянні, што называецца, мелі месца.

...Вяскоўцы Іван з Галінай жылі-пажывалі, зяця-ўнукаў чакалі, бо дачка ўжо вырасла, пасля каледжа ў горадзе «зачапілася», рубель свой мела... Што важна, традыцыйнай «гуманітаркі» ў выглядзе бульбы, «закатак», мяса ды каўбас ніколі з дому не везла, бо не было ў бацькоў чаго браць: пара градак пад вокнамі, тры курыцы ды кот... Вось і ўся гаспадарка: Галя ручкі берагла, бухгалтаркай працавала, Іван — даглядчыкам на ферме. Яны спакойна жылі.

Але ж не ўсё кату масленіца, наступіў і вялікі пост: да зяця з дачкой, аўдавеўшы і як быццам назаўжды, пераехала Галіна маці, жанчына ў свае семдзесят ну вельмі актыўная! Праўда, не ў працы, а ў пастаянным жаданні кагосьці вучыць, настаўляць ды раздаваць загады. Нябожчык муж яе быў чалавекам працавітым, «цягнуў» немалую гаспадарку — дзвюх кароў, свіней, авечак, трусоў, рознае птаства... Можа, таму і страціў здароўе, сышоў на той свет?

Удава ж, застаўшыся на гэтым, проста вярнула Галю з Іванам у часы перабудовы, бо ў іхнім даўно пустым хляве закудахталі маладзенькія куры, замэкала каза, зарохкала парачка свінак. І зямельныя ўгоддзі прыраслі — аж на трыццаць сотак, бо аднаго ж камбікорму мала, каб выкарміць свіней... Патрэбна яшчэ і бульба.

Іван яе пасадзіў (цешча, казаў, проста «плеш праела»), пабаранаваў, разок абагнаў. Галя з мамай і ў той бок не глядзелі: усе клопаты пра пасадкі ды набытую жыўнасць на дужыя плечы мужчыны ўсклалі. Але ж той, у адрозненне ад нябожчыка цесця, неяк... не пацягнуў — ад работы ўвільваў як толькі мог!

А тут яшчэ дажджы за дажджамі, трава ў рост паперла...

І цешча нейкага дня таксама — на соткі, на бульбу. З інспекцыяй.

Паглядзела, што на градках робіцца і з крыкам дамоў.

— Абібок! Гультай! Ты што сабе думаеш? — пытае ў зяця (той пад паветкай ляжыць з тэлефонам, катом і бутэлькай піва). — У цябе ж не бульба, а сапраўдны маліннік! Жукоў — ажно чырвана! Усё аб’елі! Адны сцёблы тырчаць. Што капаць потым будзеш?

Галя, каб хоць трохі ўратаваць ураджай, пабегла ў магазін па атруту. Іван тым часам спехам паналіваў у вёдры вады і падрыхтаваў венік (іншых прылад для барацьбы з жукамі ў гаспадарцы проста не было).

...Але ж не дарэмна кажуць, што паспех — курам на смех. І ведалі ж жанчыны, што атруту распыляць трэба вечарам, у сухое надвор’е... А пагналі Івана днём ды яшчэ і па ветры, што ледзь не ламаў маладыя дрэўцы.

Факт, што недзе праз гадзіну гаротнік ужо «нараспыляўся» — да галаўнога болю і ванітаў, да свербу на шыі, руках і нагах, да... нечаканай — нават для самога сябе — дзёрзкасці ў характары. Бо, вярнуўшыся дамоў, ён вельмі рэзка сказаў сваім бабам усё, што ён пра іх бульбу і жукоў думае, дакладна назваў месца, дзе бачыў, разам з казой, курамі і парасятамі. А потым сабраў у заплечнік сякія-такія рэчы, узяў пад паху ката, заявіў, што ў гэтым дурдоме болей жыць не будзе — пойдзе на сваю любімую ферму...

І сапраўды — ляпнуў дзвярыма.

...Што далей было? Ды нічога такога нечаканага. Першым дадому вярнуўся кот, потым цешча — на ПМЖ у свае родныя пенаты, а нарэшце — Іван.

Жукі, злёгку кайфануўшы ад мінімальнай дозы атруты (што ветрам разнесла, што Іван прыняў на сябе), з яшчэ большым імпэтам усселі на градкі. Але ні Іван, ні Галіна, ні іх парасяты пра гэта яшчэ не ведаюць.

Алена Несцяронак,

г. Докшыцы.


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Ад яе ж і на ўсе часы — парада: раніцай думаць, днём дзейнічаць, вечарам чытаць (можна «Звязду» ці, як пісаў Дастаеўскі, кнігі сур’ёзныя). Жыццё зробіць астатняе...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.