Вы тут

Аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц абвешчаны ў апошні дзень вясны


Аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц абвешчаны ў нашай краіне ў апошні дзень вясны, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Аднак наэлектрызаванасць паветра мы будзем адчуваць і ў першыя дні лета месцамі па краіне і непасрэдна ў Мінску.


Фота з адкрытых крыніц

А ў пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць цёплая няўстойлівая паветраная маса. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Вецер усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад 10 да 16 градусаў, а максімальная днём складзе 21–27 цяпла. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.

І ў першы дзень чэрвеня захаваецца ўплыў цёплай няўстойлівай паветранай масы. Ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы злёгку панізіцца і стане ад 9 да 15 градусаў, але днём зноў злёгку цяплей — 21–28 градусаў.

А ў нядзелю ўмовы надвор’я будуць вызначаць атмасферныя франты і няўстойлівыя паветраныя масы, якія распаўсюджваюцца з боку Заходняй Еўропы. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад 10 да 16 градусаў, а максімальная днём у межах 20–27 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі слабы туман. Ноччу тэмпература паветра падымецца да плюс 9–16 градусаў, а днём — да плюс 20–26 градусаў.

У аўторак ноччу месцамі, а днём на большай частцы нашай тэрыторыі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 9 да плюс 16 градусаў, а ўдзень — ад плюс 19 да плюс 26 градусаў.

«Гучнае» надвор’е чакаецца і ў сераду. У гэты дзень месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах згусціцца слабы туман. Уначы сіноптыкі абяцаюць плюс 8–15 градусаў. Днём паветра прагрэецца да плюс 19–26 градусаў.

Цікава, якая была апошняя дэкада мая? Так, сярэднясутачная тэмпература паветра ў гэтыя дні перавышала кліматычную норму на 4–8 градусаў, а ападкі насілі характэрны для летніх працэсаў лакальны характар. Паводле апошніх звестак, у большасці раёнаў Беларусі адзначаецца недабор ападкаў, і толькі на асобных метэастанцыях Гомельскай і Мінскай абласцей колькасць ападкаў аказалася блізкай да майскай нормы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.