Вы тут

У Беларусі расце колькасць ДТЗ з жывёламі


Колькасць ДТЗ з дзікімі жывёламі з году ў год расце. Звязана гэта найперш з высокай інтэнсіўнасцю руху на некаторых дарогах і павышаным хуткасным рэжымам. Найчасцей у ДТЗ гінуць казулі і ласі. Апошнія часам з’яўляюцца прычынай гібелі і людзей у такіх здарэннях. Самымі небяспечнымі днямі тыдня, калі фіксуецца найбольшай колькасць здарэнняў з жывёламі, з’яўляюцца пятніца і выхадныя дні, а месяцамі — май і чэрвень. Спецыялісты расказалі, ці дапамагаюць сеткавыя агароджы знізіць колькасць дарожных здарэнняў, што рабіць, калі здарылася такое ДТЗ і ці заўсёды вінаваты кіроўца.



 

Большасць здарэнняў — у пятніцу і на выхадныя

Лічбы статыстыкі ДТЗ з дзікімі жывёламі, на жаль, дэманструюць штогадовы рост. Калі ў 2021 годзе іх было зарэгістравана 2978, то ў 2022-м — 3021 (на 2% больш), у 2023-м — 3374 (на 12% больш). За чатыры месяцы бягучага года зафіксавана 1040 ДТЗ, у выніку якіх загінула 1057 дзікіх жывёл, пераважна капытных. Рост з аналагічным перыядам мінулага года склаў 9%.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сцяпан Гузней, найчасцей на праезную частку дарог выходзяць казулі і ласі — яны ахвяры амаль у 90% выпадкаў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. Летась на дарогах загінула 2264 казулі і 915 ласёў. Акрамя таго, маюць месца факты ДТЗ з удзелам дзікоў (летась загінула 150 асобін), высакародных аленяў (96 асобін), ланяў (8 асобін), плямістых аленяў (2 асобіны), баброў (4), выдры (1). Сёлета, дарэчы, істотна (амаль на 200%) павялічылася колькасць ДТЗ з удзелам высакароднага аленя. За чатыры месяцы загінула 51 асобіна (летась было ўсяго 17). Затое скарацілася колькасць ДТЗ з удзелам дзікоў (на 42%).

Найбольшая колькасць ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл фіксуецца ў Мінскай (956 фактаў летась) і Гродзенскай абласцях (580 фактаў). Найменшая — у Брэсцкай вобласці, летась зафіксавана 380 фактаў і крыху больш за 11%. Найбольш небяспечнымі ў адносінах да такіх ДТЗ з’яўляюцца Мінскі і Гродзенскі раёны, а таксама Ваўкавыскі, Смалявіцкі, Лідскі, Гомельскі, Магілёўскі і Віцебскі.

Што датычыцца аўтамабільных дарог, то самымі небяспечнымі з’яўляюцца М2 Мінск —Нацыянальны аэрапорт, М4 Мінск — Магілёў, М6 Мінск — Гродна, М1 Брэст — Мінск і М5 Мінск —Гомель. Каэфіцыент гібелі жывёл на 1 км дарогі на М2 складае 0,85 асобін, гэта значыць, што цягам года літаральна на кожным кіламетры дарогі ў выніку ДТЗ загінула як мінімум адна жывёла. Найменшая колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл адзначана на Мінскай кальцавой аўтадарозе, у 2023 годзе быў усяго адзін факт.

Самыя небяспечныя для такіх ДТЗ другі і чацвёрты кварталы года, асабліва май (17% усіх выпадкаў ДТЗ з жывёламі) і снежань, адпаведна найменш гэтых здарэнняў у лютым (5%). І гэта мае сваё тлумачэнне.

— Найбольшая колькасць ДТЗ фіксуецца ў маі-чэрвені, бо жывёлы пераходзяць на летнія месцы знаходжання, самкі рыхтуюцца да ацёлу, а маладняк мінулага года становіцца самастойным і робіць свае першыя крокі. Яны не такія асцярожныя, як дарослыя асобіны, з чым і звязаны вясенні ўсплёск, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Гештаўт.

Часцей за ўсё ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл адбываюцца ў пятніцу і на выхадныя, што звязана з павелічэннем дарожнага руху ў гэтыя дні. Кіроўцам варта памятаць, што дзікія жывёлы найбольш актыўныя ў цёмны час сутак, і праяўляць асаблівую ўвагу на дарогах. Калі вы знайшлі раненых, траўміраваных, хворых і загінулых жывёл у выніку ДТЗ, трэба па магчымасці паведаміць пра гэта карыстальніку паляўнічых угоддзяў ці ў аператыўна-дзяжурную службу МУС. Важна ведаць: заканадаўства забараняе самавольную здабычу, разробліванне і транспарціроўку туш такіх жывёл і іх частак, выкарыстанне такой прадукцыі. Парушэнне гэтых нормаў цягне адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.

Аварыі з-за інтэнсіўнасці транспартнага патоку

Як адзначыў Павел Гештаўт, шмат жывёл гіне і на дарогах іншых краін. Напрыклад, на тэрыторыі Еўрапейскага саюза на аўтамабільных дарогах штогод гіне каля аднаго мільёна дзікіх жывёл, у ЗША — больш за 1,5 мільёна. У 2022 годзе ў Германіі ў выніку сутыкнення з аўтамабілямі загінула больш за 250 тысяч дзікіх жывёл, у Швецыі — больш за 65 тысяч. Па меркаванні экспертаў, у Еўропе штогадовы ўрон толькі ад пашкоджання транспартных сродкаў у выніку сутыкнення з дзікімі жывёламі складае больш за мільярд еўра. У Беларусі гібель жывёл ніжэйшая, чым у заходніх суседзяў.

Ключавым фактарам такіх ДТЗ з’яўляецца інтэнсіўнасць транспартнага патоку. Паказчыкам служыць Мінскі раён, дзе колькасць дзікіх жывёл невялікая, але колькасць ДТЗ з іх удзелам самая высокая па Беларусі, бо ў гэтым рэгіёне найбольш інтэнсіўны транспартны паток. І, наадварот, ёсць паляўнічыя гаспадаркі з высокай шчыльнасцю дзікіх жывёл, але колькасць ДТЗ там адзінкавая.

— Аналіз замежнага вопыту паказаў, што для зніжэння аварыйнасці з удзелам дзікіх жывёл прымяняецца вялікая колькасць мер.

Большасць з іх зводзіцца да такіх: папярэджанне выхаду жывёл на дарогу, устаноўка загараджальных збудаванняў, акустычных ці іншых прылад для адпужвання, арганізацыя пераходаў для дзікіх жывёл, павышэнне інфармаванасці кіроўцаў (устаноўка табло, якія спрацоўваюць на набліжэнне жывёл, і сістэм у аўтамабілях, якія папярэджваюць аб наяўнасці іх побач), скарачэнне колькасці капытных, абмежаванне хуткасці транспартных сродкаў на найбольш аварыйных месцах. Таксама сусветны вопыт паказаў, што пералічаныя меры не могуць быць эфектыўнымі паасобку. Зніжэння можна дасягнуць шляхам выкарыстання адразу некалькіх мер. Праблема высокай аварыйнасці на дарогах у выніку сутыкнення з дзікімі жывёламі для краін Заходняй Еўропы і ЗША не новая, там актыўна вядуць работу па яе зніжэнні, але колькасць аварый застаецца высокай, — рэзюмаваў Павел Гештаўт.

На высокай хуткасці і ў цёмны час сутак

Яшчэ больш сумны той факт, што ў ДТЗ з дзікімі жывёламі нярэдка траўміруюцца і гінуць людзі. У 2021 годзе быў зафіксаваны значны рост такіх ДТЗ .Тады загінула 12 чалавек, у той час як у 2020-м — толькі 4.

Найчасцей на праезную частку дарог выходзяць казулі і ласі — яны ахвяры амаль у 90 % выпадкаў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл.

— Зафіксаваўшы ўсплёск, мы ініцыіравалі разгляд гэтага пытання на пасяджэнні спецыяльнай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Хромчанка.

— Быў выпрацаваны шэраг мер. Цяпер па выніках аналізу мы бачым, што пры захаванні той жа колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл планамерна зніжаецца колькасць загінулых людзей. У 2022-м загінула 9 чалавек, у 2023-м — 6, у 2024-м — 1.

Для кіроўцаў і іх пасажыраў, як паказвае аналіз, найбольш небяспечнымі лічацца магістральныя аўтадарогі з інтэнсіўным рухам. З 15 сёлетніх ДТЗ, у выніку якіх пацярпелі людзі, 14 адбылося на рэспубліканскіх аўтадарогах, у тым ліку 8 — на аўтадарогах першай катэгорыі, дзе, як правіла, павышаны хуткасны рэжым. Пераважная большасць (14 з 15) адбылася ў цёмны час сутак.

— На гэтыя моманты варта звярнуць увагу кіроўцам. Асноўныя аспекты, якія сведчаць аб патэнцыяльнай небяспецы, — рух па аўтадарогах з павышаным хуткасным рэжымам у цёмны час сутак. Рэкамендацыя кіроўцам, асабліва ў цемры, — выбіраць хуткасць, улічваючы не толькі патрабаванні правілаў ДТЗ і ўстаноўленых дарожных знакаў, але і зыходзячы з бачнасці ў святле фар. Нягледзячы на тое, што можа быць устаноўлены хуткасны рэжым 100–120 км/г, па прычыне дрэннай бачнасці, магчыма, трэба знізіць хуткасць да 70–80 км/г, — адзначыў Аляксандр Хромчанка.

Калі адбылося ДТЗ з удзелам дзікай жывёлы, нельга пакідаць месца здарэння. Трэба яго абазначыць, выставіўшы знак аварыйнага спынення, уключыць аварыйную сігналізацыю, выклікаць ДАІ і пакінуць праезную частку, каб не заставацца ў небяспечнай зоне побач з аўтамабілем.

Агароджы — не панацэя

Дзяржаўтаінспекцыя выпрацоўвае меры прафілактычнага характару, якія скіраваны на папярэджанне такіх ДТЗ. Як правіла, гэта ўстаноўка папераджальных дарожных знакаў. Калі небяспечны ўчастак, то прымяняецца паніжэнне хуткасці руху, асабліва ў цёмны час сутак. Таксама ўстанаўліваюцца сеткаватыя агароджы ўздоўж аўтамабільных дарог.

Аднак не заўсёды і гэтыя меры даюць належны эфект.

— Мы дэталёва аналізавалі прычыны ДТЗ. Дзве дарогі, блізкія па размяшчэнні — М1 і Р2, — ідуць амаль паралельна ад Мінска да Стоўбцаў. Колькасць ДТЗ на Р2 — 0,06 на 1 км, а на М1 — 0,49 — у восем разоў вышэйшая! Шчыльнасць жывёл адна і тая ж, а вось хуткасны рэжым мяняецца з 90 на 120, і ў восем разоў павялічваецца колькасць ДТЗ. Сеткавыя агароджы таксама не панацэя. Параўнаем аўтадарогі М1 і М6: абедзве ў заходняй частцы краіны, аднолькавы хуткасны рэжым, аднолькавая колькасць палос, але колькасць ДТЗ розная. Калі на М1 — 0,49, то на М6 — 0,67. Пры гэтым М6 агароджана, М1 — не. Калі агароджа не шчыльная, жывёлы трапляюць унутр як у пастку, — кажа начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз.

Тым не менш цяпер падчас праектавання будаўніцтва і рэканструкцыі аўтадарог у абавязковым парадку прадугледжваецца ў тым ліку абарона ад жывёл, прычым не толькі агароджы.

— Гэта павінен быць комплекс мер, бо ўстаноўка агароджы не вырашае праблему, асабліва калі аўтадарога мае другасныя ўезды і выезды, а значыць, маюцца разрывы ў агароджы, куды можа трапіць жывёла, якая і выйдзе ў выніку на дарогу. Агароджы найбольш эфектыўныя ў комплексе з абсталяванымі пераходамі для дзікіх жывёл, якія размяшчаюцца пад ці над аўтамабільнай дарогай. Пры падрыхтоўцы праектаў рэканструкцыі прадугледжваюцца такія пераходы. Бяруцца ў разлік рэкамендацыі спецыялістаў па ахове прыроды: улічваюцца шляхі міграцыі, колькасць папуляцыі дзікіх жывёл, — тлумачыць Аляксандр Хромчанка.

Ці пакараюць кіроўцу пры наездзе на жывёлу?

Сёння кожны факт наезду на дзікую жывёлу вывучаецца асобна зыходзячы з некалькіх момантаў, у тым ліку ці былі дапушчаны парушэнні правіл дарожнага руху, якія прывялі да ДТЗ. Калі кіроўца перавышаў хуткасць, меў магчымасць своечасова выявіць жывёлу, але ў выніку сваіх няправільных дзеянняў здзейсніў наезд, тут ёсць састаў адміністрацыйнага правапарушэння, і ён будзе прыцягнуты да адказнасці. Калі кіроўца рухаўся з дазволенай хуткасцю, але жывёла выскачыла перад аўтамабілем, то відавочна, што тут няма саставу правапарушэння, і ў такой сітуацыі прыцягваць кіроўцу да адказнасці не будуць.

Найбольшая колькасць ДТЗ фіксуецца ў маі-чэрвені, бо жывёлы пераходзяць на летнія месцы знаходжання, самкі рыхтуюцца да ацёлу, а маладняк мінулага года становіцца самастойным і робіць свае першыя крокі. Яны не такія асцярожныя, як дарослыя асобіны, з чым і звязаны вясенні ўсплёск.

Пры гэтым, як паведаміў начальнік упраўлення паляўнічай гаспадаркі РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Сяргей Цабрук, рыхтуецца пісьмо на адрас Міністэрства ўнутраных спраў, каб унесці змены ў нарматыўныя акты.

— Калі кіроўца парушыў хуткасны рэжым, трэба, каб прызнавалася яго вінаватасць і была магчымасць спагнаць урон, які нясе паляўнічая гаспадарка з-за страты жывёл. Калі мы дабываем пяць тысяч ласёў, то 500 гіне на дарогах — 10%. Гэта прамы ўрон, — дадаў Сяргей Цабрук.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.