Вы тут

«Лета» знакамітых творцаў


Праект, якога асабліва чакаюць аматары балета. Фестываль «Балетнае лета» ў Вялікім тэатры Беларусі звычайна прыносіць сустрэчы з гасцямі, якія прывозяць у Мінск такія спектаклі, якіх няма ў нашай афішы, прапаноўваючы адметную, у тым ліку сучасную харэаграфію, рассоўваючы межы нашага ўяўлення пра гэтае мастацтва на сучасным этапе. Сёлета фестываль адбудзецца дзясяты раз (з 2 да 9 чэрвеня), а пад юбілей і сустрэчы чакаюцца вельмі яркія. Ды і палітра спектакляў, якія трапілі ў праграму фестывалю, вельмі разнастайная. 


Балет «Любоўныя дуэты» ў харэаграфіі Леаніда Якабсона.

Класіка 

Тут найперш чараўніцтва харэаграфіі Марыуса Пеціпа. Фактычна, гэтаму французу павінен быць удзячны сваёй славай рускі балет. Па волі лёсу сталася так, што, атрымаўшы адмову ў Парыжскай оперы, ён змог рэалізавацца ў Расіі, куды прыехаў па запрашэнні ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Але цягам доўгага жыцця і ўдалай кар’еры стварыў больш за 60 балетных спектакляў, якія сёння з’яўляюцца класікай і не сыходзяць з балетнай сцэны менавіта ў харэаграфіі Пеціпа. Напрыклад, «Баядэрка» на музыку Людвіга Мінкуса. Гэты балет стаў першым гучным поспехам маладога харэографа ў Вялікім тэатры Санкт-Пецярбурга. І дагэтуль збірае залы. Ёсць ён у афішы Вялікага тэатра Беларусі — неўміручая класіка прыцягвае гледачоў, але калі яна з’яўляецца ў праграме «Балетнага лета» 8 чэрвеня, то варта чакаць удзелу запрошаных салістаў. Аксану Скорык, прыму-балерыну Марыінскага тэатра з СанктПецярбурга, пабачым у вобразе Нікіі. Народны артыст Башкартастана Рустам Ісхакаў і заслужаная артыстка Башкартастана Ірына Сапожнікава выканаюць партыі Салора і Гамзаці. 

Праца Пеціпа натхняе сучасных аўтараў рабіць паводле яе свае варыяцыі. І ў нашым тэатры ёсць спектаклі, у ліку стваральнікаў якіх стаіць імя легендарнага рускага француза: «Шчаўкунок», «Прыгажуня, якая спіць», «Дон Кіхот», «Лебядзінае возера» — вось гэты балет у праграме фестывалю запланаваны на 7 чэрвеня. У гэты вечар галоўныя партыі выканаюць госці з Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга: Адэту-Адылію ўвасобіць першая салістка тэатра Анастасія Смірнова, Зігфрыда — малады артыст Гільермэ Вісэнтэ, які нарадзіўся і пачынаў займацца балетам у Партугаліі, працягваў вучыцца ў Галандыі. Госці, вядома, упрыгожваюць спектакль. Але адметны ён тым, што стваральнікам харэаграфіі да балета Пятра Чайкоўскага значыцца Валянцін Елізар’еў, які творча падышоў да працы Пеціпа. Елізар’еў больш за 50 гадоў звязаны з Вялікім тэатрам Беларусі, лічыцца заканадаўцам узроўню айчыннага балета, а яго спектаклі сталі нашай класікай ужо ХХ стагоддзя, пры тым, што ў свой час былі шмат у чым рэвалюцыйныя. Балеты Елізар’ева — прыклад аўтарскай работы, калі важна не проста прыгожа распавесці гісторыю персанажаў, а праз іх ды праз выканаўцаў перадаць думку, якая б кранула людзей. 

Сучаснасць 

Насамрэч межы паміж класікай і эксперыментам умоўныя. Праходзіць час — і тое, што калісьці было эксперыментам (у тым ліку з пункту гледжання формы, жанру і г. д.), можна называць узорным (то-бок класічным) мастацтвам. Напрыклад, калісьці Джордж Баланчын ствараў прыгожыя бессюжэтныя балеты, заклаўшы стыль неакласіцызму. А Леанід Якабсон, наадварот, ставіў балетныя мініяцюры, у якіх быў закладзены яркі вобраз, характар, сюжэт. Як і ўсе савецкія харэографы, на пачатку ХХ стагоддзя прайшоў класічнае прафесійнае выхаванне. Але... Захацеў працаваць па-іншаму. Без акадэмічнага пафасу, затое з кемлівасцю, творчым вынаходніцтвам, якое дазваляла рэалізаваць багатую фантазію. Даволі смела, пры тым, што за савецкім часам балет як мастацтва павінен быў сведчыць пра высокі культурны ўзровень краіны (адсюль любоў да акадэмічнай адточанасці і разуменне яе правільнасці). Якабсон, тым не менш, ішоў на рызыку, яго спектаклі часта здымаліся, але тое, што трапляла на сцэну ленінградскага Кіраўскага тэатра (цяпер Марыінскі), прыцягвала менавіта яркасцю і непадобнасцю на тое, што панавала тады на балетнай сцэне. Але ён марыў пра свой тэатр. Гэта здарылася ў 1970 годзе, калі харэограф быў ужо досыць сталым чалавекам, але за астатнія пяць гадоў жыцця паспеў стварыць для сваёй трупы новы рэпертуар. У ім значыліся і тыя спектаклі, што можна будзе пабачыць у Мінску: Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета імя Леаніда Якабсона сёлета прыязджае на фестываль «Балетнае лета». 4 чэрвеня пакажуць цыкл мініяцюр Леаніда Якабсона «Радэн» на музыку Кло¬да Дэбюсі, Сяргея Пракоф’ева і Альбана Берга — на думку знаўцаў, гэта адзін з самых дасканалых твораў балета ХХ стагоддзя. А сучасная работа трупы тэатра прадстаўлена новым балетам Вячаслава Самадурава «598 тактаў» (музыка Карла Філіпа Эммнуіла Баха) і яго аднаактовай харэаграфічнай кампазіцыяй «Гарэзныя прыпеўкі» (музыка Радзівона Шчадрына). 

На наступны дзень працяг знаёмства з харэаграфіяй Леаніда Якабсона і яго аднаактовымі балетамі «Бліскучы дывертысмент» на музыку Міхаіла Глінкі, «Вясельны картэж» (Дзмітрыя Шастаковіча) і цыклам мініяцюр «Класіцызм — рамантызм». Харэаграфічнае наватарства, якое стала гісторыяй. Але ў СанктПецярбургу яно мае працяг. І тут узнікае яшчэ адно важнае імя для сучаснага балета — Барыс Эйфман. Харэограф, які таксама марыў пра свой тэатр — і здолеў стварыць яго ў 1977 годзе. Вельмі хутка калектыў Эйфмана атрымаў сусветную славу дзякуючы адметным аўтарскім спектаклям, кожны з якіх — глыбокае выказванне. Сустрэчы з Тэатрам балета Барыса Эйфмана даволі часта радуюць мінчан. Але сёлета два вечары наталяцца харэаграфіяй майстра мы будзем дзякуючы выхаванцам Акадэміі танца Барыса Эйфмана. Гэта інавацыйнае харэаграфічнае вучылішча, ідэю народнага артыста Расійскай Федэрацыі падтрымалі, і ўстанова была адкрыта ў 2013 годзе. На пачатку фе¬стывалю — 2 чэрвеня — убачым два балеты майстра: «Мусагет», прысвечаны Джорджу Баланчыну (музыка Іагана Себасцьяна Баха і Пятра Чайкоўскага), і «Мой Іерусалім» (на музыку Вольфганга Амадэя Моцарта, Сяргея Рахманінава, Піліпа Гласа і іншых), натхнёны гісторыяй Вечнага горада. Цікава паглядзець і на тое, як танцуюць артысты, якіх рыхтуюць адмыслова з улікам патрабаванняў ХХІ стагоддзя. 

Харэаграфія на сучасным этапе — гэта наогул асобны свет, да сутыкнення з якім трэба быць гатовым. Ці атрымалася яе прадставіць у артыстаў беларускага балета, можна будзе ацаніць 6 чэрвеня, падчас паказу прэм’ернага спектакля бягучага сезона «Ілюзіі Кахання» на музыку Дзмітрыя Шастаковіча, Фрэдэрыка Шапэна і Леаніда Шырына. Харэаграфія галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра Беларусі Ігара Колба. Галоўную партыю будзе танцаваць зорка «Марыінкі» Аксана Скорык. Той выпадак, калі кожная сустрэча з артысткай — падарунак. Таму што майстэрства артыстаў балета — з’ява асаблівая, у якой арганічна спалучыліся прыродныя даныя і падрыхтоўка, характар і пачуццёваць, усё, што застаецца актуальным 

Сцэна з балета «Бліскучы дывертысмент».

Па-за часам 

Прадставіць майстэрства выканаўцаў — у гэтым сутнасць гала-канцэрта зорак балета, які адбудзецца 9 чэрвеня. Выступяць госці, якія ўжо выходзілі на сцэну, але яшчэ Шырын Уласенка і Бекзод Акімбаеў (Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Узбекістана імя Алішэра Наваі), Лаура Васконселас і Педра Сеара (Самарскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя Дзмітрыя Шастаковіча) і беларускія артысты. А для некаторых гледачоў гэты вечар можа быць нагодай для знаёмства. Часам пасля такіх канцэртаў і нараджаецца любоў да балета. 

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота з сайта bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.