Вы тут

Што па заканадаўстве можна рабіць у лесе, а што — не?


Права грамадзян свабодна наведваць лясы, бясплатна і без дазвольных дакументаў збіраць розныя дары дзікай прыроды замацавана ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Аднак ёсць невялікая рэмарка: усё гэта можна, «калі іншае не ўстаноўлена гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі». Адразу неабходнае ўдакладненне: гаворка ідзе толькі аб фізічных асобах і тых выпадках, калі наведванне лесу ніяк не звязана з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Дык пра якія ж абмежаванні і іншыя прававыя акты павінны ведаць грамадзяне?


Адзінага і вычарпальнага пераліку такіх дакументаў знайсці не ўдалося. А вось розных законаў і падзаконных актаў, якія ў той ці іншай меры датычацца дзейнасці грамадзян, якія знаходзяцца на прыродзе, хапае. Вядома, асноўны дакумент — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Але, улічваючы, што многія выбіраюцца на прыроду адпачыць на машынах, пачнём з Правілаў дарожнага руху. Варта памятаць, што рух па-за дарогамі і паркоўкі ў недазволеных месцах — нагода для прыцягнення да адказнасці. А за незаконнае знішчэнне, выманне або пашкоджанне дрэў і кустоў або іншай расліннасці штраф аформяць у адпаведнасці з артыкулам 15.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП).

Асноўныя нарматыўныя прававыя акты, якія неабходна ведаць адпачывальнікам на прыродзе:

  • Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 2015 года № 332-З (у рэд. ад 17.07.2023);
  • Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2014 года № 149-З (у рэд. ад 17.07.2023);
  • Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 6 студзеня 2021 года № 91-3 (у рэд. ад 03.04.2024);
  • Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 года № 150-З «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях»;
  • Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года № 205-З «Аб раслінным свеце» (у рэд. ад 04.01.2022);
  • Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2007 года № 257-З «Аб жывёльным свеце» (у рэд. ад 04.01.2022);
  • пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2014 года № 26 «Аб устанаўленні спісаў рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь»;
  • пастанова Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2023 года № 16 «Аб парадку нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў, ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання».

Выбіраючы месцы адпачынку, асабліва ў спякотны час, турысты аддаюць перавагу пляцоўкам побач з вадаёмамі. І тут уступае ў свае правы Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь (Водны кодэкс). Зрэшты, проста веданне яго артыкулаў не выратуе, акрамя варыянту, калі стаянка спецыяльна абсталявана і ўзаемадзеянне з прыроднымі аб’ектамі мінімальнае. Калі выезд і пікнік на беразе вадаёма арганізаваны «дзікуном», то паняцце «водаахоўная зона» становіцца больш чым актуальным. Згодна з артыкулам 52 Воднага кодэкса, мінімальная шырыня водаахоўнай зоны ўстанаўліваецца ў залежнасці ад тыпу воднага аб’екта. Напрыклад, для ручаёў і крыніц водаахоўныя зоны супадаюць па шырыні з прыбярэжнымі палосамі і складаюць 50 м, для вялікіх і сярэдніх рэк — 600 м. Вызначыць на вока, якая малая, а якая сярэдняя рака, для большасці аматараў адпачынку на прыродзе — непасільная задача. А тым часам ад шырыні водаахоўнай зоны залежаць абмежаванні: высечка лесу, выдаленне аб’ектаў расліннага свету і да т. п. Што тут параіць? Толькі паспрабаваць загадзя ўдакладніць тып вадаёма і магчымыя месцы стаянкі.

Перад прыняццем водных працэдур нялішнім будзе загадзя праверыць, ці не ўваходзіць вадаём у спіс тых, дзе купацца забаронена, напрыклад, па санітарных нормах. За такое парушэнне, згодна з артыкулам 23.63 КаАП, належыць штраф ад 1 да 3 базавых велічыняў (б. в.).

З году ў год усё больш актуальнымі становяцца абмежаванні і забароны на наведванне лясоў у пажаранебяспечны сезон, які звычайна аб’яўляецца з пачатку красавіка да сярэдзіны кастрычніка. Такія рашэнні прымаюць мясцовыя райвыканкамы. Таму важна адсочваць сітуацыю. Зрабіць гэта можна па інтэрактыўнай карце Мінлясгаса. На карце прынята афарбоўка тэрыторый у тры колеры: зялёны — наведванне лясоў дазволена; жоўты — ёсць абмежаванні (нельга заязджаць у лес на машыне, разводзіць вогнішчы, але можна гуляць, збіраць грыбы, ягады); чырвоны — складаная пажаранебяспечная сітуацыя і ўведзена поўная забарона на наведванне.

Будзем лічыць, у лес усё-такі можна: да вадаёма вядзе лясная дарога, ёсць магчымасць пакінуць машыну на спецыяльнай пляцоўцы, нават знайшлі вогнішча. Але вось няўдача, забыліся купіць драўняны вугаль і без дроў не абысціся. На жаль, проста пайсці ў найбліжэйшы лясок і насекчы нельга. За незаконную высечку дрэў і кустоў пагражае штраф ад 5 да 30 б. в. (арт. 16.17 КаАП). Зразумела, што афармляць ордэр на нарыхтоўку дроў, дзе аб’ёмы вымяраюцца кубаметрамі, у дадзеным выпадку ніхто не будзе, таму можна здавольвацца толькі веццем, напрыклад, сухімі абламанымі ветрам галінкамі. А вось распілаваць сухастой ці буралом без дазвольных дакументаў ужо нельга. Гэта палажэнні Ляснога кодэкса.

Таксама трэба ведаць, што правілы збору, як і нарыхтоўкі лясных дароў, куды ўваходзяць ягады і грыбы, рэгламентаваны артыкулам 45 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце». Пад асаблівай аховай знаходзяцца чырванакніжныя расліны. Тэрміны збору, нарыхтоўкі (закупкі) асобных відаў дзікарослых раслін і (або) іх частак (напрыклад, журавін) устанаўліваюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі. А гэта азначае: пажадана ведаць не толькі аб’екты нацыянальнай Чырвонай кнігі, укладанні закона «Аб раслінным свеце», але і лакальныя акты мясцовых органаў улады.

Дарэчы, забарона на нарыхтоўку драўняных сокаў, дзікарослых раслін і (або) іх частак, збор пупышак, лісця, галінак, кары дрэў, вярбовага дубца, трыснёгу, моху ў населеных пунктах, на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя, у межах акруг санітарнай аховы курортаў, у месцах масавага адпачынку насельніцтва, у прыбярэжных палосах водных аб’ектаў, у межах палос адводу чыгунак і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый у многім прадыктаваны элементарным клопатам аб ахове здароўя насельніцтва. Якой бы прывабнай ні была суніца на абочыне дарогі, есці яе не варта. Такія «дары» могуць прынесці больш шкоды, чым карысці.

Адпраўляючыся на прыроду, варта яшчэ ўлічыць, што ў нас нямала ўнікальных прыродных аб’ектаў, рэжым і правілы якіх рэгламентуюцца спецыяльным законам — «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Прычым у кожнай такой тэрыторыі свае, зацверджаныя Правілы наведвання, за парушэнне якіх прыцягваюць да адказнасці.

Добра адпачыўшы на прыродзе, ніколі не забывайце прыбіраць за сабой смецце. І справа нават не столькі ў пакаранні (да 10 б. в., згодна з арт. 16.22 КаАП), колькі ў тым, што навакольны свет — гэта наш дом, дзе павінна быць чыста і ўтульна ўсім насельнікам.

Як бачым, законаў і падзаконных актаў, якія рэгламентуюць знаходжанне ў лесе, нямала. Гэта Лясны і Водны кодэксы, Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, КаАП, законы «Аб раслінным свеце», «Аб жывёльным свеце», «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», Правілы дарожнага руху, пастановы розных органаў дзяржаўнай улады... Больш за тое, для рыбаловаў, паляўнічых дадаткова дзейнічаюць свае нормы. Вядома, у ідэале, добра было б мець адзіны, даступны, разумны па аб’ёме дакумент, дзе была б адлюстравана актуальная інфармацыя для ахвотных адправіцца на прыроду. Але пакуль гэтага няма, каб не аказацца парушальнікам, неабходна сачыць за заканадаўствам і адсочваць змены, якія рэгулярна ўносяцца.

Андрэй АКІМАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.