Вы тут

Чаму трэба паглядзець на сябе крытычна, карыстацца пяром і словам, і пра што варта памятаць жыхарам Оршы


Рабочы графік Прэзідэнта штодтыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы ўдзяляе пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця.


Фота: БелТА

1. «Вы ведаеце, адзіны вымяральнік паспяховасці любога СМІ — цікавасць аўдыторыі. А тое, што вас актыўна глядзяць, слухаюць, чытаюць, у тым ліку і заўзятыя апаненты, цытуюць дэструктыўныя рэсурсы — гэта поспех, і ён відавочны. Вы сёння фарміруеце парадак дня. Але і вораг таксама вучыцца на сваіх памылках. Удасканальваецца. Нельга недаацэньваць патэнцыял тых, хто глядзіць на Беларусь як на геапалітычную мэту. Гэта не хеўра фрылансераў, а сетка, узброеная самымі перадавымі тэхналогіямі, сетка палітолагаў і інфармацыйна-псіхалагічных цэнтраў. Якія грошы там круцяцца, вы нават не ўяўляеце. Таму трэба паглядзець на сябе і крытычна, каб стаць яшчэ больш паспяховымі, эфектыўнымі. Год якасці абавязвае. Ды і час прымушае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Рэспубліканскім форуме медыйнай супольнасці ў Магілёве. Больш за дзве гадзіны Прэзідэнт разглядаў з журналістамі выклікі, якія ставіць перад імі час, даваў парады і аналізаваў праблемы. Размова атрымалася шчырай і прынцыповай. 

2. «Патрэбны новыя твары. Прычым шукаць такіх экспертаў неабходна і ў рэгіёнах, і ў галінах. Мы зацыкліліся на Мінску, на геапалітыцы. А дзе лідары меркаванняў сярод урачоў, педагогаў, навукоўцаў, прадпрымальнікаў — прафесіяналаў у сваёй сферы? Яны ёсць. Іх сотні, калі не тысячы. Іх ведаюць людзі і іх меркаванням давяраюць у калектывах. Няхай іх галасы загучаць мацней», — прапанаваў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў краіне шмат яркіх спікераў і аналітыкаў, але ў той жа час, зрабіў акцэнт, што іх нельга «тыражаваць». Кіраўнік дзяржавы назваў гэта адным з недахопаў цэнтральных СМІ. 

3. «Вы ведаеце мой падыход. Людзі павінны бачыць і ведаць праўду. А некаму карысна рабіць высновы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён аруыентуе журналістаў, і кіраўнікоў розных узроўняў не ўтойваць праблемы, а шчыра казаць пра іх насельніцтву праз СМІ. Праблемы, па яго словах, ёсць у кожнай краіне, але іх трэба асвятляць аб’ектыўна, без крытыканства і не згушчаючы фарбы. І прадстаўнікі вертыкалі ўлады не павінны пра гэта забываць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. «Пяро і слова, якім вы валодаеце, — рэч вельмі небяспечная ва ўсе часы. Трэба ўмець гэтым карыстацца. Карыстайцеся. Калі трэба — пакрытыкуйце, а дзе трэба — пахваліце», — сказаў ён. Тады, па словах Прэзідэнта, у людзей будзе разуменне, што ёсць добрыя рэчы, а ёсць і дрэнныя. А сёння, па яго словах, зрабілі крэн на тое, што ўсё добра, а гэта зусім не так. І менавіта адмоўныя моманты лёгка знаходзяць і паказваюць варожыя медыя. «Нельга зжывацца з недахопамі», — параіў журналістам беларускі лідар.

4. «Калі ёсць попыт, трэба рабіць, — перакананы беларускі лідар. — Ёсць навыкі, школа, людзі, і яны павінны гэта рабіць. На кантроль — вельмі жорсткі», — арыентаваў кіраўнік дзяржавы адказных асоб падчас наведвання ААТ «Завод «Легмаш» у Оршы. Каментуючы даклад аб асваенні вытворчасці новых відаў прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не будзем жа мы ўвесь час «лапці плесці». Камітэту дзяржаўнага кантролю кіраўнік дзяржавы даручыў узяць на кантроль наступнае пытанне: пры працы над рэалізацыяй ваенных заказаў, не павінна адысці на другі план і вытворчасць такой мірнай, запатрабаванай паўсядзённа прадукцыі. 

5. «У Оршы месца для будаўніцтва хапае, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Горад — найцудоўнейшы, не мне вас пераконваць. Я і вы добра ведаем: такіх гарадоў у свеце няшмат. Ды і ў Беларусі. Прыгожая рака, выдатныя ўмовы для жыцця. Ёсць дзе навучаць дзяцей, і крам, напэўна, хапае — дай Бог, грошы былі б. Трэба, каб было жыллё. У гэтым кірунку мы будзем працаваць. Таму я вас прашу: вы павінны з разуменнем да гэтага аднесціся, бо для Оршы зроблена нямала. Вы павінны выдаць тое, што я патрабую ад урада. Яны прыйшлі да вас, каб аднавіць вытворчыя памяшканні і вырабіць вельмі патрэбны для свету тавар. Вы бачыце, што робіцца. Не толькі ў свеце, але і тут, за плотам. Усялякае можа адбыцца. Нам гэта трэба. Па меншай меры, мы ў вас купім і дапаможам на экспарт прадаць вашу прадукцыю. Аднаўляйце тое, што вы прадавалі па грамадзянцы, і асвойвайце тое, што нам трэба па абаронцы». — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з калектывам ААТ «Завод «Легмаш» у Оршы.

Валерыя СЦЯЦКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.