Вы тут

Гродна прымае чэмпіянат Беларусі па танцавальным спорце


Феерычны фініш сезону. Гродна ў гэтыя выхадные прымае заключны этап чемпіяната і першынства Беларусі па танцавальным спорце. Упершыню пасля 25-гадовага перапынку. І гэта больш за спаборніцтвы. Гэта і своеасаблівы паказ вынікаў працы Беларускага альянсу танцавальнага спорту, і магчымасць акрэсліць новыя планы. 


Як расказаў старшыня Беларускага альянсу танцавальнага спорту Антон Юспа, рашэнне праводзіць галоўны ўнутраны старт у рэгіёне — невыпадковае. Гродзенская вобласць славіцца сваімі традыцыямі ў танцавальным спорце. 

«Гэта было прынцыповае рашэнне – праводзіць чэмпіянат менавіта ў гэтым рэгіёне. Зразумела, што з эканамічнага пункту гледжання прасцей у Мінску. Але на дадзеным этапе мы зважаем не на гэта. Наша задача найперш ідэалагічная: папулярызацыя танцавальнага спорту ў краіне. Таму мы лічым, што павінны не праводзіць чэмпіянат краіны толькі ў Мінску, а выязджаць у рэгіёны. У нас ужо быў такі досвед, у 2021 годзе мы праводзілі чэмпіянат краіны ў Магілёве. Назіралі вялікую ўвагу з боку публікі. І я думаю, што чэмпіянат у Гродне не стане выключэннем, бо на сёння ўжо больш за палову білетаў прададзена і тая цёплая атмасфера, якая ўласцівая гэтаму рэгіёну будзе садзейнічаць правядзенню чэмпіянату краіны», — адзначыў Антон Юспа. 

«Знаёмыя танцоры з Гродзенскай вобласці казалі, што яны вельмі радыя прымаць у сябе дома чэмпіянат краіны. І мы, шчыра прызнацца, радыя гэтаму. У Гродзенскай вобласці вельмі моцныя супернікі, з такімі заўжды цікава спаборнічаць. Я ведаю, што шмат людзей будзе на трыбунах. Думаю, атмасфера ў Гродне будзе нават лепшай, чым у мінскім палацы спорту», — адзначыў Алег Стралецкі, чэмпіён Беларусі. Разам з партнёршай Марыяй Сабанскай у Гродна яны будуць абараняць тытул чэмпіянаў краіны. 

Адметнасцю гэтага чэмпіянату стануць і першыя ў гісторыі беларускага танцавальнага спорту спаборніцтвы ў новай дысцыпліне — «сола». Яна ўжо афіцыйна зарэгістравана і ў наступным будзе прадстаўлена на ўсіх спаборніцтвах. 

Усяго на паркет у Гродне выйдуць больш за 1200 спартсменаў. Для параўнання, ў 2021 годзе ў Магілёве было 565. Рост відавочны. Па словах Антона Юспы, гэта ў тым ліку і вынік працы над развіццём дзіцяча-юнацкага спорту. Дапамагае ў гэтым і праект гран-пры «Стань чэмпіёнам», які Беларускі альянс танцавальнага спорту рэалізуе з Прэзідэнцкім спартыўным клубам. На старце гэтага турніру ў 2022 годзе ўдзельнічалі 80 танцораў, у 2024 іх ужо 300. Прычым развіваецца танцавальны спорт па ўсёй краіне. «Натуральна, гэта не сакрэт, што Мінск — лідар па развіцці танцавальнага спорту. Гомель, Гродна — вядучыя рэгіёны. Ёсць над чым працаваць на Магілёўшчыне і на Віцебшчыне. Цяпер мы прыкладаем усе намаганні для таго, што сістэматызаваць работу і структураваць арганізацыю для найбольш эфектыўнага развіцця танцавальнага спорту ва ўсёй краіне. Трэнеры ёсць амаль у кожным раёне. Мы ўвесь час праводзім павышэнне кваліфікацыі. Гродна не стане выключэннем. Мы правядзем не толькі чэмпіянат, але і семінар для трэнераў і суддзяў. Мы спецыяльна шмат актыўнасцей перанеслі ў абласны горад, каб як мага больш спецыялістаў менавіта з рэгіёнаў у іх паўдзельнічалі. Я ўжо ведаю, што на чарзе стаіць Гомельская вобласць – чакае, калі ў іх правядуць рэспубліканскі турнір. Тым больш у іх ёсць свае традыцыі, праходзіць турнір «Сожскі карагод», — распавёў Антон Юспа. 

Вынік такой працы заўважаюць і самі спартсмены. «За апошнія два гады мне падаецца, моцна ўзрасла масавасць дзіцячага спорту. І гэта класна, гэта значыць, далей будзе больш танцораў і спаборніцтвы з кожным одам будуць цікавейшымі. Мы, танцоры, задаволены тым напрамкам развіцця, які выбірае наша федэрацыя, тым узроўнем правядзення спаборніцтваў, канкурэнцыяй. Канешне, заўсёды хочацца спаборнічаць у добрай канкурэнцыі. Узровень чэмпіянатаў, спаборніцтваў расце, ён нават вышэйшы ў параўнанні з некаторымі вядучымі замежнымі спаборніцтвамі», — падзяліўся сваім меркаваннем Алег Стралецкі. 

Па выніках турніру ў Гродне будзе сфарміравана нацыянальная зборная, якая будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборнцітвах. Нашы танцоры ад іх не адхіленыя, выступаюць у нейтральным статусе. Адзін з найважнейшых стартаў, на якім плануюць выступіць беларускія танцоры — чэмпіянат свету ў Кітаі. 

Валерыя СЦЯЦКО
Фота Беларускі альянс танцавальнага спорту
Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.