Вы тут

Што зменіцца ў выплаце пенсій і дапамог з 1 ліпеня?


З 1 ліпеня для атрымальнікаў пенсій, дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, дапамог па доглядзе інвалідаў 1 групы і асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, якія жывуць у Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах, змяняецца парадак іх выплаты. Яны будуць ажыццяўляцца толькі праз банк. Што зменіцца і ў якіх выпадках усё роўна можна звяртацца на пошту? Каго змены не закрануць? Ці абавязкова заводзіць пластыкавую картку, калі няма такога жадання? Пра гэта расказалі спецыялісты.

У мэтах эканоміі

Адпаведныя змены прадугледжаны Законам «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат», які быў прыняты ў канцы 2023 года. Адна з мэт новаўвядзенняў — эканомія і мэтавае выкарыстанне сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Між іншым, штогод з яго бюджэту толькі на дастаўку сацыяльных выплат на дом ці праз паштовыя аддзяленні выдзяляецца каля 100 мільёнаў рублёў. Калі пенсіі і дапамогі выплачвацца праз банкі, для фонду гэта бясплатна.

Сёння каля 70% пенсіянераў ужо атрымліваюць выплаты праз банкаўскія ўстановы, паведаміла начальнік галоўнага пенсіённага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава. Карткай можна не толькі разлічыцца ў магазіне, але і аплаціць камунальныя і іншыя паслугі, праезд у транспарце і інш. З улікам таго, што ў паўсядзённых разліках пашыраецца выкарыстанне банкаўскіх картак, з ліпеня выплата пенсій і дапамог асобам, якія жывуць у Мінску, абласных гарадах і раённых цэнтрах, будзе ажыццяўляцца праз банк.

Каго новаўвядзенне не закране?

Гэта атрымальнікі пенсій ва ўзросце старэйшыя за 70 гадоў, інваліды 1 і 2 групы, атрымальнікі дзіцячых дапамог інвалідаў 1 і 2 груп і сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, атрымальнікі пенсій, дзіцячых дапамог і дапамог па доглядзе, якія жывуць у сельскіх населеных пунктах. Яны могуць выбраць атрыманне пенсіі як праз банк, так і праз пошту.

Каб атрымліваць выплаты праз банк, у ім неабходна да 10 чэрвеня 2024 года адкрыць базавы рахунак. Гэта магчыма ў аддзяленнях Беларусбанка, Прыёрбанка, Белаграпрамбанка, Ашчадбанка, Белгазпрамбанка, Белінвестбанка, банка «Дабрабыт», Белзнешэканамбанка. Грамадзянін можа выбраць яго самастойна. Плануецца пашырэнне гэтага спіса, паколькі цяпер усе банкі, якія абслугоўваюць фізічных асоб, дапрацоўваюць з гэтай мэтай сваё праграмнае забеспячэнне.

У банку неабходна напісаць заяву аб пералічэнні сацыяльных выплат на адкрыты рахунак. Яе работнікі банка перадаюць у органы сацыяльнай абароны.

Можна і без карткі

Атрыманне сацыяльных выплат праз банк не азначае ў абавязковым парадку выкарыстанне банкамата і банкаўскай карткі. Базавы рахунак можа быць адкрыты і без яе выпуску. У такім выпадку сацыяльныя выплаты, залічаныя на рахунак у банку, можна зняць у касах аддзялення банка, а таксама ў касах РУП «Белпошта». Яна мае дамовы з шэрагам банкаў, у рамках якіх выплата пенсіі, пералічаная на банк, можа ажыццяўляцца і праз касу пошты. Такім чынам, залічаную на банкаўскі рахунак пенсію ці дапамогу можна атрымаць без пластыкавай карткі наяўнымі грашовымі сродкамі без выплаты камісіі, прычым не толькі праз банк.

Дастаўка на дом — толькі «Белпоштай»

Яшчэ адно змяненне — дастаўка пенсіі і дапамог на дом па ўсёй краіне з 1 ліпеня будзе ажыццяўляцца толькі нацыянальным аператарам паштовай сувязі РУП «Белпошта». Пакуль у трох гарадах — Мінску, Маладзечне і Ваўкавыску — на платнай аснове працуюць спецыяльныя ўнітарныя прадпрыемствы па дастаўцы пенсій.

Пераход толькі да нацыянальнага аператара «Белпошты» абумоўлены тым, што ў цяперашні час яна аказвае большы спектр паслуг.

— Атрымліваючы пенсію, грамадзянін можа аплаціць камунальныя паслугі, зняць наяўныя з банкаўскай карткі і купіць тавары паўсядзённага попыту. Пры гэтым выкарыстоўваецца так званы праграмны комплекс «Мабільны паштальён». Для пенсіянераў, якія атрымлівалі выплаты праз унітарнае прадпрыемства, нічога не зменіцца: пенсію па-ранейшаму будуць дастаўляць на дом, толькі іншы аператар — «Белпошта», — патлумачыла Алена Гомарава.

Калі ў вас узнікаюць дадатковыя пытанні ў сувязі з пераходам выплаты пенсій і дапамог на банкі, варта звяртацца ў органы сацыяльнай абароны па месцы жыхарства.

— Хачу звярнуць увагу на тое, каб грамадзяне не зацягвалі працэдуру пераафармлення сваёй пенсіі на банк. Да 25 чысла ў нас фарміруюцца выплатныя плацежныя ведамасці на наступны месяц. Не трэба адкладваць пытанні афармлення сваёй пенсіі на апошні дзень, — падкрэсліла Алена Гомарава. — Неабходна звярнуцца і адкрыць базавыя рахункі, каб была бесперапынная выплата пенсіі. Калі грамадзянін адкрые рахунак пазней, то і грошы ён зможа атрымаць за папярэднія перыяды пазней.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Таццяна Рускевіч звярнула ўвагу на новаўвядзенне для грамадзян, якія атрымліваюць пенсіі на банкаўскія рахункі — як базавыя, так і бягучыя разліковыя. Яшчэ цягам года, да 1 ліпеня 2025-га, выплаты можна атрымліваць на ранейшыя рахункі. Аднак да 1 ліпеня 2025 года неабходна звярнуцца ў банк і перааформіць рахункі менавіта на базавыя. З гэтай даты залічэнне сацыяльных выплат на іншыя рахункі будзе немагчыма.

Што патрэбна, каб адкрыць базавы рахунак?

Неабходна з пашпартам ці іншым дакументам, які пацвярджае асобу, прыйсці ў банк і сказаць спецыялісту, што вам неабходны базавы рахунак. Банк у абавязковым парадку яго адкрые. Да яго можна атрымаць банкаўскую плацежную картку, яна будзе бясплатна абслугоўвацца, яе прымаюць ва ўсіх арганізацыях гандлю і сэрвісу.

Адкрыць рахунак можна і выкарыстоўваючы сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Такі дадатак можна ўстанавіць на камп’ютар ці мабільны тэлефон.

— Чым зручнейшае абслугоўванне ў банку? Прыйсці ў яго і зняць грошы з рахунку можна ў любы час у адрозненне ад пошты, дзе былі пэўныя абмежаванні, патлумачыла Таццяна Рускевіч. — Чаму мы рэкамендуем выкарыстоўваць банкаўскую плацежную картку? Нашмат зручней здымаць наяўныя грошы ў банкамаце ў любой суме. З карткай зручна набываць любыя тавары, ездзіць у транспарце, атрымліваць паслугі. Зацверджаны пералік аперацый, якія па базавым рахунку ажыццяўляюцца бясплатна.

У прыватнасці, гэта пералічэнне грашовых сродкаў на іншыя рахункі, залічэнне сродкаў з іншых рахункаў на базавы, зняцце наяўных у касах банка, ці з выкарыстаннем карткі ў банкаматах, ці ў арганізацыях гандлю і сэрвісу, якія аказваюць паслугу па зняцці наяўных з выкарыстаннем іх касавага абсталявання. Усе гэтыя аперацыі будуць бясплатныя.

Калі па нейкіх прычынах грамадзянін не можа асабіста наведаць аддзяленне банка ці скарыстацца сістэмай дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, то неабходна прызначыць упаўнаважаную асобу. Для гэтага варта звярнуцца да натарыуса, які прыедзе да грамадзяніна, калі ён абмежаваны ў перамяшчэнні, і аформіць даверанасць.

— Там абавязкова павінны быць напісаны словы, што грамадзянін давярае адкрываць рахункі, у тым ліку і базавыя, і атрымліваць банкаўскія карткі да гэтых рахункаў. Давяраць работу з вашымі рахункамі і грашыма пабочным асобам рызыкоўна. Таму будзьце ўважлівыя, каму давяраеце і што давяраеце. Вы можаце даверыць, напрыклад, толькі атрыманне карткі і перадачу яе вам без распараджэння грашовымі сродкамі. Можна заказаць паслугу дастаўкі банкаўскай карткі. Часта яна забяспечваецца аддзяленнямі паштовай сувязі. Або выклікаць на дом работніка банка ў выпадку, калі банк такія паслугі аказвае, — расказала Таццяна Рускевіч.

Для паездкі за мяжу

Для такіх мэт у гэтым жа банку можна адкрыць іншы рахунак і ўзяць картку іншай плацежнай сістэмы — Vіsa ці MasterCard. Грошы з базавага рахунку пералічваюцца бясплатна, і карыстацца імі можна за межамі Беларусі. Сацыяльныя выплаты на гэты рахунак павінны залічвацца бясплатна.

— Калі ідзяце ў банк, вы павінны сказаць, што вам неабходны менавіта базавы рахунак. Спецыялісты банка могуць прапаноўваць іншыя варыянты, у тым ліку адкрываць іншыя рахункі. Але для таго, каб атрымліваць пенсію ці іншыя сацыяльныя выплаты, вы павінны настаяць, што вам патрэбны базавы рахунак, каб работнікі банка разумелі, для якіх мэт ён вам патрэбны, — звярнула ўвагу Таццяна Рускевіч.

Калі вы ўжо адкрывалі базавыя рахункі, але не памятаеце, у якім банку, трэба звярнуцца ў сацыяльную службу. Там ёсць магчымасць праз свае рэсурсы паглядзець, у якім банку ён у вас адкрыты.

— Рэкамендуем не баяцца ні картак, ні рахункаў, ні банкаў. Звяртайцеся ў любы банк, вам дадуць патрэбныя кансультацыі. Калі не атрымалі дастаткова інфармацыі, звяртайцеся ў Нацыянальны банк, адпаведнае падраздзяленне абавязкова адкажа на ўсе вашы пытанні, — заклікае Таццяна Рускевіч.

Яна патлумачыла, што калі штосьці адбылося з пластыкавай карткай па прычыне, якая не залежыць ад грамадзяніна, тады яе замена бясплатная. Напрыклад, калі яе ўкралі. Калі ж грамадзянін сам яе згубіў, то іншая выдаецца, як правіла, платна.

Што ўключаецца ў страхавы стаж?

З 2022 года, калі завершана пенсіённая рэформа, пенсіённы ўзрост для мужчын складае 63 гады, жанчын — 58 гадоў. Што датычыцца страхавога стажу, які неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросту, то штогод ён павышаецца на паўгода і з 2025 года складзе 20 гадоў. Ёсць асобныя катэгорыі грамадзян, для якіх устаноўлены паніжаныя патрабаванні па страхавым стажы. У прыватнасці, 5-гадовы працоўны стаж неабходны для бацькоў дзяцей-інвалідаў, шматдзетных маці з пяццю і больш дзецьмі, таксама паніжаны страхавы стаж у 10 гадоў устаноўлены для маці, якія нарадзілі чатырох дзяцей.

— Страхавы стаж з улікам таго, што працаактыўны перыяд складае ад 18 да 58 (63) гадоў, выканальны, — адзначыла Алена Гомарава.

У страхавы стаж не ўключаецца дэкрэтны водпуск, служба ў органах унутраных спраў і кадравая ваенная служба (па кантракце). А вось што датычыцца тэрміновай ваеннай службы, то з 1 студзеня 2020 года асобы, якія яе нясуць, падлягаюць абавязковаму пенсіённаму страхаванню. Адпаведна, за іх уплачваецца страхавы ўзнос, і гэты перыяд уключаецца ў страхавы стаж.

Што датычыцца працоўнага стажу ў Расіі, то, як патлумачыла Алена Гомарава, на сёння ёсць дагаворныя абавязкі, якія датычацца пенсіённага забеспячэння. За перыяды работы, якія мелі месца на тэрыторыі Расіі, пенсію прызначае і выплачвае расійскі бок. Разам з тым у дагаворы прадугледжана норма, што калі стажу, набытага на тэрыторыі Беларусі недастаткова, то расійскі стаж можа разглядацца для набыцця права на пенсію ў Беларусі. Разам з тым пенсія будзе прызначацца і выплачвацца ў Беларусі толькі за беларускі стаж.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.