Вы тут

Янка Купала: «Люблю Пушкіна за... чароўны верш»


10 лютага 1837 года ў выніку смяротнага ранення, атрыманага на дуэлі, памёр вялікі рускі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін (1799 — 1837)... Праз сто гадоў, у 1937-м, у СССР і за яго межамі прайшла серыя ўрачыстых мерапрыемстваў у знак 100-годдзя з дня смерці паэта. Былі ўзведзены новыя помнікі. Выходзілі кнігі з творамі паэта. І на рускай мове, і ў перакладзе на мовы іншых народаў Савецкага Саюза... Яшчэ ў 1934 годзе аднаго з старэйшых паплечнікаў У. І. Леніна Льва Барысавіча Каменева прызначаюць старшынёю рабочай групы па планаванню юбілейных мерапрыемстваў. 16 снежня партыйнага функцыянера арыштавалі ў сувязі з рэпрэсіямі пасля забойства Кірава. На нейкі час актыўнасці прыпыніліся. Усесаюзны Пушкінскі камітэт быў заснаваны 16 снежня 1936 года пад старшынствам Максіма Горкага. Падобныя камітэты былі створаны таксама ва ўсіх саюзных рэспубліках, у краях, абласцях, інстытутах і нават у школах. Пачалі стварацца «гурткі пушкіністаў», у якія рэкамендавалася набіраць людзей, «якія, пры несумненнай адданасці і вернасці справе партыі, чыталі і Пушкіна і пра Пушкіна». У склад Усесаюзнага камітэта ўвайшлі партыйныя і дзяржаўныя дзеячы …


Фота з адкрытых крыніц

А 9 лютага 1937 г. Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саюза ССР прымае Пастанову «Аб азнаменаванні сотай гадавіны са дня смерці найвялікшага рускага паэта А. С. Пушкіна». 10 лютага гэтым дакументам і адкрываецца чарговы нумар беларускай рэспубліканскай газеты «Звязда». У лаканічна выкладзенай пастанове, якую падпісаў старшыня ЦВК Саюза СССР М. І. Калінін, — сем пунктаў. Аб наданні імя паэта Дзяржаўнаму музею выяўленчага мастацтва ў Маскве імя А. С. Пушкіна. Аб перайменаванні вуліцы Бальшая Дзмітраўка ў пуўкінскую вуліцу. А таксама — аб перайменаванні г. Дзецкае Сяло ў горад Пушкін. Імя паэта надалі і Дзяржаўнаму ленінградскаму акадэмічнаму тэатру...

А далей у «Звяздзе» — рэдакцыйны артыкул «Вялікі паэт вялікага народу». У цэнтры газетнай старонкі нумара, які фактычна цалкам прысвечаны Пушкінскай даце, — партрэт класіка. Друкуецца і новы верш Андрэя Александровіча «Шлях выгнання». «...Я праязджаю тым маршрутам/ Праз беларускі лес-гушчар,/ Якім, скаваўшы думу ў путы,/ Паэта гнаў у ссылку цар./ Услед за геніем народа,/ За ўзлётам гордых дум яго/ Цар пасылаў таемным ходам/ Жандара вернага свайго./ І між палёў, дубоў-сталетак,\ Каля празрыстага Дняпра,/ Ляжаў выгнання шлях паэта/ Па ўказу чорнага цара...» Член ЦВК, кандыдат у члены ЦК КП (б)Б, Андрэй Александровіч (1906 — 1963), які ў час рэпрэсій 1929 — 1931 гг. выступаў супраць «нацдэмаў», 2 ліпеня 1937 г. будзе арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў лагераў...

З уступнага «звяздоўскага» артыкула: «...Юбілей <...> мае і вялікае палітычнае значэнне. 

Ворагі чалавецтва — фашысты паклёпнічаюць быццам рускі народ не ўладае дзяржаўнымі дараваннямі, не здолен да культурнай і навуковай творчасці. Імя Пушкіна — жывое абвяржэнне гэтага наглага фашысцкага паклёпу. Вялікі рускі народ даў чалавецтву геніяльнага Пушкіна, таксама, як ён даў яму дзесяткі іншых геніяў — Ламаносава, Чарнышэўскага, Лабачэўскага, Мендэлеева, Паўлава, Горкага. Руская культура дасягла вышынь сусветных вяршынь у ленінізме — вучэнні і надзеі народаў свету. 
Народ, які пад цяжкім памешчыцка-прыгонніцкім гнётам змог нараджаць такіх геніяў, як Пушкін, — вялікі народ, якому належыць пачэснае месца сярод перадавых народаў чалавецтва. Яго не могуць запалохаць паклёп і пагрозы фашысцкіх варвараў. <...> 

Пушкінскія юбілейныя ўрачыстасці паказваюць, як беражна адносіцца рабочы клас да культурнай спадчыны мінуўшых вякоў, як ён адбірае ў ёй лепшае і гэтым лепшым сябе абагачае. Пушкінскія ўрачыстасці яшчэ раз пераконваюць, што толькі рабочы клас зможа выратаваць чалавечую культуру ад той гібелі, якую нясе агалцелы фашызм. Пушкін — частка гэтай чалавечай культуры, якую рабочы клас выратоўвае ад невуцтвенных пропаведнікаў крывавых і брудных «расавых тэорый». 

У 1937 годзе ў Мінску на беларускай мове выходзяць асобнымі кнігамі «Барыс Гадуноў», «Каўказкскі нявольнік», «Медны коннік» (пераклад, які здзйсніў Янка Купала, быў надрукаваны і ў шостым нумары часопіса «Полымя рэвалюцыі», а таксама ў газетах «Звязда» — 9 лютага; у газеце «Літаратура і мастацтва» і ў рэгіянальных выданнях — «Віцебскі пралетарый» і «Палеская праўда»), «Цыганы», «Бахчысарайскі фантан». Яшчэ праз год — «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна» і «Палтава». 9 лютага ў «Звяздзе» друкуюцца і ўрыўкі з перакладу паэмы А. Пушкіна «Палтава». Перакладчык — народны паэт БССР Якуб Колас. 

У нумары за 10 лютага на першай старонцы — і невялікі артыкул Янкі Купалы «Любімы паэт». «Люблю я Пушкіна за яго прыгожы чароўны верш. Люблю за яго багацце думак, за сюжэтнасць, за зразумеласць яго мовы для ўсіх ад малога да вялікага. 

Яго песня ў маім юнацтве знаходзіць водгук у глухой забітай Беларусі. Мне помніцца песня «Гляжу я безумный на черную шаль и хладную душу терзает печаль...»

Гэтую песню я чуў у Беларусі год 40 таму назад. І захапляючыся ёю, я не ведаў, што гэта песня А. С Пушкіна. 

Люблю я Пушкіна за яго гордасць, за свядомасць чалавечай дастойнасці, Пушкіна, акружанага прыдворнай камарыльяй. Ён смела бічаваў вершамі і эпіграмамі ўладальнікаў таго часу. Ён не баяўся цара і генералаў. Ён пісаў супроць імператара і яго прыслужнікаў, пісаў шчыра-бунтарскі, не баючыся за сваё жыццё.

Люблю я Пушкіна за тое, што ў дэспатычным жандарскім акружэнні ён, адзінокі, быў страшным для царскіх сатрапаў...»
Хто не ведае радкоў А. С. Пушкіна: «Слух обо мне пройдет по всей Руси великой...»?!. «Звязда» у юбілейным нумары падае гэтыя легендарныя восем радкоў на рускай, беларускай, польскай і яўрэйскай мовах. 

...10 лютага 1937 года днём ля помніка Пушкіну ў Маскве сабраўся шматтысячны мітынг. Да даты было прымеркавана і адкрыццё абноўленага надпісу на пастаменце: «Что в мой жестокий век восславил я свободу» ( з верша «Помнік»). «Звязда» як быццам адчувала і гэты момант: у нумары ад 10 лютага змешчаны невялікі артыкул пісьменніка Міхася Лынькова «Наш паэт». Эпіграфам да публікацыі — пушкінскія словы: «...Не даром жизнь и лира/ Мне были вверены судьбой» І далей: «Такі надпіс чытаем мы на бронзавым медалі, выпушчаным царскім урадам 26 мая 1899 ў знак стагоддзя з дня нараджэння найвялікшага паэта. 

Чаму ж «не даром»?

Царызм, схаваўшыся за шматкроп’ем, баяўся даць адказ на гэтае пытанне. Царызм, які любіў хаваць пад цэнзурнае шматкроп’е палымнеючыя думкі найлепшага чалавека мінулага стагоддзя, не спыніўся і перад тым, каб ганебна, варварскі падмяніць агнявыя словы паэта, яго заклікі да свабоды, самадзяржаўнай цэнзарскай адсебяцінай. 

Я маю на ўвазе фальсіфікацыю чатырох радкоў пушкінскага верша на помніку паэту ў Маскве...» І яшчэ — ад Міхася Лынькова (на той час — галоўнага рэдактара часопіса «Полымя рэвалюцыі»): «Мы горача любім Пушкіна за музыку песенных слоў, за глыбіню пачуццяў, за многаколернасць лірычных сугуччаўяго верша, за дзівосную фантастыку казак, за крышталёвую чыстату і прастату яго слова...».

Пісьменніцкая грамадскасць Беларусі ў 1937 годзе прыклала шмат сіл, каб адзначыць 100-годдзе з дня смерці класіка рускай літаратуры і новымі перакладамі, і публікацыямі, прысвечанымі яго творчасці. Часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі» у сакавіцкім нумары за 1937 год змяшчае куляшоўскі пераклад паэмы Пушкіна «Цыганы». Сваімі ўражаннямі ад творчасці Пушкіна на старонках газеты «Рабочий» (сённяшняя газета «СБ. Беларусь сегодня») дзеліцца народны паэт БССР Якуб Колас у публікацыі «За что я люблю Пушкина». Друкуюцца новыя пераклады паэзіі Аляксандра Сяргеевіча і ў яўрэйскіх перыядычных выданнях, якія на той час выходзілі ў Беларусі. У тым ліку — і ў часопісе «Штерн». Сярод перакладчыкаў — і паэты Гірш Камянецкі (1895 — 1957), Зэлік Аксельрод (1904 — 1941) і інш. 

А ў «Звяздзе» за 10 лютага — і верш Эдзі Агняцвет «Жывому Пушкіну»: «Льюцца песні над радзімай вольнай,/ Мы вялікі адчынілі свет/ І, здаецца, разам з намі сёння/ Запявае сонечны паэт, — / Бачыць ён, жывы і кучаравы,/ Маладога племені расцвет./ Пра яго ляціцць далёка слава/ І яму гаворым мы — прывет!». Цікавым па зместу падаецца тэкст Змітрака Бядулі «Апавяданне пра Пушкіна». У творы — аповед старшыні калгаса «Чырвоны сцяг» Язэпа Баруты пра тое, як кніга Пушкіна дапамагла яму ў маладыя гады падмануць стражаў парадка.

Паліцэйскія, перад якімі з томіка класіка вылецелі рэвалюцыйныя пракламацыі, паверылі, што іх распаўсюджвае ні хто іншы, як малавядомы ў гэтым краі Пушкін. А калі яшчэ ў кнізе разгневаныя стражы парадку прачыталі: «Сижу за решеткой в темнице сырой:/ Вскормленный в неволе орел молодой...», дык і ўвогуле цалкам пераканаліся, што да непаслухмянства і бунту якраз Пушкін сялян і падбухторвае... 

Адмецінай часу можна лічыць і вось гэтую публікацыю — «Як быў выратаван і адноўлен домік няні»... Аўтар — палкоўнік Загід Х. Гарэеў. Прачытаем уступ да гэтага артыкула: «Разбурэнне дваранскіх маёнткаў у гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны не прамінула і сяла Міхайлаўскага, у якім часта жыў А. С. Пушкін. З будынкаў, якія былі пры жыцці паэта, застаўся адзін домік няні, выратаваны ад разбурэння і адноўлены па ініцыятыве былога начальніка штаба асобай Башкірскай стралковай брыгады Чырвонай Арміі тав. Загіла Хаджаевіча Гарэева. 

Па просьбе рэдакцыі «Звязды» палкоўнік Гарэеў напісаў успаміны, якія змяшчаюцца ніжэй. Апісаны ім эпізод ярка паказвае, з якой беражлівасцю і клопатам адносіліся нават у трывожныя дні байцы і камандзіры маладой Чырвонай Арміі да каштоўных культурных помнікаў, як глыбока шанавалі імя вялікага рускага паэта...».

Гісторыя, несумненна, цікавая. Магчыма, і зварот непасрэдна ад «Звязды» да сведкі і ўдзельніка падзей таксама меў месца. Вось толькі вядома, што публікацыя на гэтую ж тэму з’явілася ў пярэдадзень святкавання 100-годдзя і ў ленінградскай «Смене». Асновай жа яе стаў рапарт вайскоўца пра рэальнае здарэнне, напісаны ў Пушкінскі дом (Інстытут рускай літаратуры) яшчэ на пачатку 1930-х гадоў... Зараз цяжка высветліць (і хутчэй за ўсё амаль немагчыма) дэталі з’яўлення артыкула пра Міхайлаўскае ў беларускай газеце «Звязда». І ўсё ж, відавочна, публікацыя была ў нечым знакавая... Цікавая яшчэ і для развіццця беларуска-башкірскіх культурных, літаратурных сувязяў. 

А завяршае нумар абвестка ад выдавецтва Акадэміі навук БССР. «да стагоддзя з дня смерці вялікага рускага паэта А. С. Пушкіна выйшла з друку кніга акад. І.І. Замоціна — «А. С. Пушкін Нарыс жыцця і творчасці. Цана 3 рублі. Продаж праводзіцца ва ўсіх кнігарнях у гарадах і раёнах БССР». 

Аглядаючы нумар «Звязды» ад 10 лютага 1937 года ўжо ў новым, XXI-м, стагоддзі, у пярэдадзень 225-годдзя з дня нараджэння класіка рускай і сусветнай паэзіі, падумалася вось пра што. Сучаснае развіццё літаратуры мала што значыць, калі адсутнічае зварот да геніяльных папярэднікаў, да новага прачытання іх сапраўды неўміручых твораў, да агляду іх жыцця. А яшчэ — і да агляду таго, як мастакі слова, дзеячы розных відаў мастацтва і ўвогуле грамадства ставіліся да спадчыны акласікаў, якія высновы рабілі з яе прачытання на розных этапах гістарычнага развіцця...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.