Вы тут

Выпускнікі Акадэміі танца Барыса Эйфмана нагадалі пра Джорджа Баланчына


Дзесятае адкрыццё фестывалю «Балетнае лета» ў Вялікім тэатры Беларусі было нетыповым. Таму што на сцэне панавалі пачаткоўцы, якія толькі падышлі да выпуску, альбо выпускаюцца сёлета з адметнай навучальнай установы, дзе ў аснову пакладзены аўтарскі падыход.


Ідэя запрасіць маладых артыстаў з выпускнымі спектаклямі «Мусагет» і «Мой Іерусалім» у харэаграфіі Эйфмана на фестываль у Мінск узнікла падчас правядзення культурнага форуму ў Пецярбургу, у якім брала ўдзел дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава

— Зацікавіла, што падыход аўтарскай харэаграфіі працуе і ва ўмовах адукацыйнага працэсу. Я пабывала ў Акадэміі танца Барыса Эйфмана, гэта зрабіла на мяне моцнае ўражанне. Я зразумела, што выбудавана цэлая вертыкаль сапраўднага аўтарскага праекта, працэс ідзе ад выхавання артыстаў і выліваецца ў яркія прафесійныя дасягненні. Адметны той факт, што ў нас на фестывалі сёлета зусім маладыя выканаўцы прадстаўляюць аўтарскую харэаграфію з вышынь часу: паказваюць Баланчына праз прызму ўспрымання Эйфмана рабяты, якія жывуць у ХХІ стагоддзі — цудоўны погляд на тое, як павінна развівацца мастацтва. Для нас гэта адметны досвед, у тым ліку для харэаграфічнага каледжу, дзе маглі б прымацца новыя формы, дзе можа быць рух да больш цеснага ўзаемадзеяння з Вялікім тэатрам. 

У Мінску сапраўды любяць спектаклі сучаснага харэографа Барыса Эйфмана: яго тэатр балета даволі часта бывае ў нас на гастролях. Вось і сёлета пару месяцаў таму прывозіў некалькі спектакляў. Тады ў Мінску ўпершыню пабываў Піліп Аржанаў, саліст Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана. Менавіта ён увасобіў на сцэне легендарнага харэографа Джорджа Баланчына — і атрымаў авацыі. Малады артыст лічыць, што да такіх роляў трэба вельмі пільна і самааддана рыхтавацца, разумеючы ўсе нюансы біяграфіі героя. 

Тое ж адзначыла і Соф’я Курская, сёлетняя выпускніца Акадэміі балета Барыса Эйфмана, выканаўца ролі Музы харэографа: 

— Кожная Муза мае рэальны прататып. Я танцую партыю Коткі, а яе прататыпам была Вера Зорына, артыстка трупы Георгія Баланчыядзе — ён нарадзіўся ў Грузіі, але пераехаў у ЗША, дзе адкрыў уласную трупу, якая дзейнічае і цяпер, беражліва захоўваючы спадчыну харэографа. Гэтая роля давалася мне цяжка, і было важна даведацца пра тонкасці адносінаў Баланчына і Веры Зорынай.

Мастацкі кіраўнік Акадэміі танца Барыса Эйфмана Канстанцін Матвееў адзначыў: «Нашы выпускнікі аднолькава добра валодаюць і класічнай, і сучаснай харэаграфіяй... Асноўная мэта — каб яны маглі працаваць у любым тэатры». 

Дарэчы, цяпер у трупе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ёсць выпускнікі Акадэміі танца Барыса Эйфмана: Дзмітрый Уксуснікаў, Антрэй Барыеў, Настасся Ярэшчанка, Марыя Таранка. 

Сёлета дзесяты фестываль «Балетнае лета» прысвечаны легендарным харэографам: Марыусу Пеціпа, Леаніду Якабсону, Барысу Эйфману і Валянціну Елізар’еву. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.