Вы тут

У Беларусі праходзіць пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета


Мерапрыемствы, удзел у якіх бяруць прэм’ер-міністры краін — удзельніц ЕАЭС, праходзяць у Нясвіжы і Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». У праграме — наведванне міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2024», пленарная сесія «Харчовая бяспека Еўразійскага эканамічнага саюза», пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета ў вузкім і пашыраным складзе, рабочыя сустрэчы кіраўнікоў урадаў.


Як адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, парадак дня пасяджэння традыцыйна напружаны, ёсць шэраг пытанняў, якія трэба абмеркаваць і знайсці для іх рашэнне. Сярод найбольш важных пытанняў — справаздача ЕЭК аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, што прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правілаў канкурэнцыі на іх, за 2023 год; стварэнне і развіццё транспартнай інфраструктуры на тэрыторыях дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў напрамках Усход — Захад і Поўнач — Поўдзень, у тым ліку ў рамках спалучэння з кітайскай ініцыятывай «Адзін пояс — адзін шлях». Сярод іншых тэм — ход рэалізацыі плана першачарговых мерапрыемстваў па лічбавізацыі грузавых чыгуначных перавозак у ЕАЭС. Падчас сустрэчы абмяркоўваўся ў тым ліку і кантроль мытнага кошту тавараў. «Цяпер перабудоўваюцца многія імпартныя патокі. Таму трэба сачыць за гэтым, каб не было заніжэння мытнага кошту і нашы краіны не страчвалі паступленні ў бюджэты дзяржаў», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Падчас рабочай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым адным з галоўных кірункаў супрацоўніцтва Раман Галоўчанка назваў сельскую гаспадарку. І ў першую чаргу — пастаўкі прадуктаў харчавання: экспарт беларускай сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі ў Казахстан за 2023 год склаў амаль чвэрць мільярда долараў. Асноўная прадукцыя, якую імпартуе Казахстан з нашай краіны, — гэта малако і мяса. Сёння актыўна развіваецца сетка продажу беларускіх прадуктаў, расце колькасць спецыялізаваных магазінаў. У сувязі з гэтым прэм’ер-міністр Беларусі выказаў надзею на паглыбленне ў хуткім часе ўзроўню супрацоўніцтва ў АПК. «Доўгі час мы прапрацоўвалі пытанне рэалізацыі ў Казахстане пілотнага праекта па стварэнні малочнатаварнага комплексу пад ключ з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій, абсталявання і племянных жывёл. Сфарміравалі комплексную прапанову, аднак пакуль яна не рэалізавана. Былі б удзячныя за магчымасць аднавіць перагаворы па гэтым пытанні», — адзначыў ён.

Перспектыўным напрамкам узаемадзеяння лічыць беларускі прэм’ер і прамысловую кааперацыю. Як прыклад — сумесныя беларуска-казахстанскія прадпрыемствы, што спецыялізуюцца ў першую чаргу на сельскагаспадарчым машынабудаванні. Там ствараецца сучасная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю, забяспечваецца высокі ўзровень лакалізацыі, расце занятасць насельніцтва. Магутнасці гэтых прадпрыемстваў дазваляюць выпускаць да 10 тыс. трактароў і адной тысячы камбайнаў у год. На сёння ўжо ёсць дакладныя планы па іх далейшым развіцці.

Так, у мінулым месяцы адкрыўся новы цэх па вытворчасці кабін да трактароў «Беларус» на пляцоўцы ТАА «Машынабудаўнічы завод МТЗ-Казахстан». А ў найбліжэйшай перспектыве там плануецца арганізаваць праект па вытворчасці рухавікоў Мінскага маторнага завода. Па меркаванні Рамана Галоўчанкі, ніхто не робіць больш захадаў па лакалізацыі вытворчасці ў Казахстане, чым Беларусь. «Але нам надта важна і далей бачыць падтрымку такіх вытворчасцяў з боку ўрада Казахстана. Упэўнены, што развіццё машынабудаўнічай базы — гэта адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў Казахстане, аб гэтым неаднаразова заяўлялася на розных узроўнях», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Спыніўся ён і на іншых кірунках, дзе трэба наладзіць узаемавыгадную дзейнасць: добраўпарадкаванне, ЖКГ, перапрацоўка цвёрдых бытавых і прамысловых адходаў. Асобна адзначыў Раман Галоўчанка значныя рэзервы ў развіцці турыстычнай сферы. «Мы зацікаўлены ў прыцягненні большай колькасці турыстаў з Казахстана, развіцці дзелавога, аздараўленчага, медыцынскага, культурнага турызму. У мэтах пашырэння ведаў аб Беларусі ў Казахстане па самым шырокім спектры напрамкаў прапаноўваю ў бягучым годзе арганізаваць на парытэтнай аснове прэс-туры казахстанскіх СМІ ў Беларусь і беларускіх СМІ — у Казахстан», — сказаў Раман Галоўчанка.

На заканчэнне ён зрабіў акцэнт на неабходнасці росту тавараабароту паміж дзвюма краінамі — як за кошт нарошчвання беларускага экспарту ў Казахстан, так і за кошт павелічэння імпарту казахстанскай прадукцыі ў Беларусь. На працягу апошніх трох гадоў гэты паказчык перавышае $1 млрд. Аднак Раман Галоўчанка ўпэўнены, што ў найбліжэйшыя год-два краіны могуць выйсці на лічбу ў $1,5 млрд.

У сваю чаргу Алжас Бекценаў адзначыў, што Казахстан надае вельмі вялікае значэнне адносінам з Беларуссю. «Дзякуючы палітычнай волі кіраўнікоў дзяржаў, нашы адносіны развіваюцца па ўзыходзячай і выключна ў духу стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Як кіраўнік урада запэўніваю вас, што гатовы прыкласці ўсе намаганні для далейшага нарошчвання дынамікі нашага ўзаемадзеяння. Беларусь з’яўляецца важным гандлёва-эканамічным партнёрам Казахстана», — сказаў ён.

Тэма пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва літаральна ва ўсіх сферах паміж краінамі чырвонай ніткай праходзіла і на пленарнай сесіі «Харчовая бяспека Еўразійскага эканамічнага саюза». Раман Галоўчанка ў сваім выступленні акрэсліў некалькі найбольш актуальных задач не толькі для краін — удзельніц ЕАЭС, але і краін СНД. Першая — павышэнне эфектыўнасці прадпрыемстваў АПК праз інтэнсіфікацыю селекцыі і насенняводства сельскагаспадарчых культур, павышэнне генетычнага патэнцыялу племянных сельскагаспадарчых жывёл, распрацоўка сучасных тэхналогій вытворчасці кармоў, удасканаленне ветэрынарнага забеспячэння галіны, сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Другая задача — удасканаленне інфраструктуры. «Паводле даных Еўразійскага банка развіцця, страты сельскагаспадарчай прадукцыі ў краінах ЕАЭС з-за недасканаласці сістэм лагістыкі і захоўвання дасягаюць 40 працэнтаў. Неабходна сумесна шукаць аптымальныя і эфектыўныя інфраструктурныя і лагістычныя рашэнні, у тым ліку па арганізацыі транспарціроўкі і захоўвання прадукцыі, будаўніцтве сеткі аптова-размеркавальных цэнтраў харчавання і сельгассыравіны з сучаснымі тэхналогіямі лагістыкі і кіравання таварнымі патокамі», — адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі.

Трэцяя — імпартазамяшчэнне. Раман Галоўчанка адзначыў, што сёння неабходна не толькі закрываць патрэбу ЕАЭС у найважнейшых відах сельскагаспадарчай прадукцыі, але і імкнуцца забяспечыць нашых аграрыяў высакаякасным насенным матэрыялам сваёй вытворчасці.

Чацвёртым пунктам прыкладання намаганняў ён азначыў фарсіраванае развіццё ўласнай навукова-тэхналагічнай базы сельскай гаспадаркі, правядзенне сумесных навукова-даследчых работ і актыўны абмен досведам у галіне інавацыйных дасягненняў. «Па адчувальных пазіцыях прапануем пачаць распрацоўку міждзяржаўных праграм. Сур’ёзны патэнцыял мае развіццё кааперацыі ў вытворчасці сельгастэхнікі і агрэгатаў. Упор павінен быць зроблены на максімальную лакалізацыю. Важна не марудзіць, актывізаваць работу па гэтым кірунку, задзейнічаўшы існуючыя механізмы фінансавай падтрымкі прамысловай кааперацыі», — акцэнтаваў Раман Галоўчанка.

Такое цеснае супрацоўніцтва, па словах беларускага прэм’ера, дазволіць краінам ЕАЭС сумесна рэагаваць на выклікі ў сферы харчовай бяспекі. «Тэма сесіі выбрана невыпадкова: забеспячэнню харчовай бяспекі ў сучасным свеце ўдзяляецца першарадная ўвага. Гэта пытанне сацыяльнай стабільнасці і, без перабольшання, самога існавання любога народа і дзяржавы. Яго сур’ёзнасць мы зразумелі дастаткова даўно, а ўведзеныя незаконныя санкцыйныя абмежаванні толькі пераканалі нас у правільнасці. Іншыя краіны, назіраючы за тым, як „вяршыцелі сусветных лёсаў“ ва ўгоду палітычнай кан’юнктуры разбураюць звыклыя гандлёвыя адносіны, усё больш выразна ўсведамляюць: знаходзіцца ў заложніках такой дэструктыўнай логікі, залежаць ад замежных пастаўшчыкоў, якія па ўказцы сваіх урадаў могуць адмовіць у пастаўках неабходнай прадукцыі, вельмі небяспечна», — падкрэсліў ён і дадаў, што пытанні сумеснага рэагавання на глабальныя выклікі ў сферы агравытворчасці заслугоўваюць абмеркавання на самым высокім узроўні.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.