Вы тут

Прэстыжная прэмія — перакладчыку Янкі Купалы


Добрая навіна прыйшла з Кітая. Прафесар Нанькайскага ўніверсітэта (Цянзінь, КНР) Гу Юй адзначаны Прэміяй за пажыццёвыя дасягненні ў галіне культуры перакладу. Гэтая ўзнагарода, якая ўручаецца ледзьве не з самага пачатку XXI стагоддзя, з’яўляецца адной з самых прэстыжных прэмій у галіне мастацкага перакладу ў Кітаі. Сярод тых, хто ёю адзначаны, — Се Сутай, Лу Юнфу, Сунь Шэнву, Вэй Хуанну і іншыя перакладчыкі рускай літаратуры на кітайскую мову.


Гу Юй шмат намаганняў і сіл прыклаў для пераўвасаблення на кітайскую мову твораў А. С. Пушкіна, А. П. Чэхава, М. Ю. Лермантава, Р. Раждзественскага, Б. Пастэрнака, М. Прышвіна і іншых пісьменнікаў Расіі. Прафесар — укладальнікі і перакладчык анталогіі «Трыста вершаў рускіх паэтаў» (Гуйлінь, 1999).

Кітайскага перакладчыка па праву можна лічыць не толькі русістам, але і беларусістам, прапагандыстам беларускай літаратуры. Гу Юй пераўвасобіў на кітайскую мову вершы Максіма Танка, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Навума Гальпяровіча, Максіма Багдановіча, Цёткі, іншых класікаў і сучасных мастакоў слова. Гэтыя пераклады надрукаваны ў розных выданнях Кітая, а таксама ў краіназнаўчым грамадска-палітычным часопісе «Беларусь», які выходзіць на англійскай, кітайскай і беларускай мовах.

Да месца будзе згадаць, што Прэміяй за пажыццёвыя дасягненні ў галіне культуры перакладу нектаоры час назад быў адзначаны і другі прапагандыст беларускай літаратуры ў Паднябеснай — Гао Ман (1926 — 2017). Менавіта Гао Ман яшчэ ў 1958 годзе пераклаў на кітайскую мову кнігу вершаў Максіма Танка, быў знаёмы з іншымі беларускімі літаратарамі. Вялікую дапамогу кітайскі перакладчык аказаў беларускім кнігавыдаўцам у развіцці праекта па выпуску серыі паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая».

Мацвей ПАШКОЎСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.