Вы тут

Ча­ла­век і ася­род­дзе


Калі б спытаў у людзей, якія едуць на работу ў перапоўненым транспарце, вядуць дзяцей у садок альбо шчаслівымі адпускнікамі выпраўляюцца зранку на пляж: «Якое сёння свята?», мяркую, не вельмі многія з ходу адказалі б правільна. А шкада. Дзень аховы навакольнага асяроддзя варта ведаць хаця б таму, што час імкнуцца зрабіць кожны дзень такім.


Фота pexels.com

Навакольнае асяроддзе — тое, што нас акружае, што з намі кожную секунду жыцця, без чаго мы існаваць наогул не можам. Бо, напрыклад, паветра, якім дыхаем, таксама з разраду навакольнага асяроддзя. А калі чалавецтва навучыцца па-сапраўднаму паважаць асяроддзе, якое забяспечвае яго жыццё, сказаць цяжка. Пакуль жа яно, чалавецтва, паводзіць сябе горш, чым якое-небудзь насякомае-крывасмок: не толькі высмоктвае прыроду, забірае ў яе карыснае, але і прымусова аддае ёй шкоднае.

Дастаткова залезці ў любы даведнік, каб убачыць лічбы, ад якіх аптыміст засумуе. Ну, напрыклад, штогод на Зямлі нішчыцца 10 мільёнаў гектараў лясоў. За апошнія тры стагоддзі было страчана 87 працэнтаў водна-балотных угоддзяў. І яшчэ каля 50 працэнтаў сусветных сцёкавых вод скідваецца ў акіяны і рэкі без ачысткі. Асабліва красамоўная апошняя лічба. Вось гэтым самым, брудам і атрутай, мы, людзі, аддзячваем акіянам і водным артэрыям за магчымасць падтрымліваць жыццё на Зямлі. Праўда, нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца: тут мы па праве можам лічыць сябе цывілізаванай краінай, бо ў нашы вадаёмы вада скідваецца пасля поўнай ачысткі. Калі дзе і бывае які эксцэс, то гэта, як правіла, грахі асобных прадпрыемстваў.

А вось сусветны паказчык у 50 працэнтаў, ды яшчэ калі дабавіць сюды колькасць штодзённых выкідаў у атмасферу, гаворыць пра тое, што чалавек прымушае планету жыць у рэжыме стыхійнага бедства. Ну і яна не маўчыць, раз-пораз агрызаецца рознымі катаклізмамі: землятрусамі, цунамі, ураганамі, засухамі альбо залевамі, — спіс можна доўжыць. Ды відавочна, што ў гэтым спаборніцтве жывая істота на дзвюх нагах ніколі не выйдзе пераможцай. Чалавек павінен навучыцца жыць калі не ў гармоніі з прыродай, то хаця б у межах разумнай павагі да яе. Мы ўсе гэта добра ведаем... А як паводзім сябе, ну хоць бы ў дробязях, якія залежаць ад кожнага, ці робім хоць што-небудзь, каб мінімізаваць урон прыродзе?

Кожны раз думаю аб гэтым увесну, калі стыхійныя кірмашы штучных кветак ператвараюць не толькі рынкі, але і асобныя вуліцы ў падабенства бразільскіх карнавалаў. А вы заўважалі — могілкі ў нас таксама часам нагадваюць гэтыя самыя карнавалы? Нібы навыперадкі, нясуць родныя і блізкія на магілы стракатыя вырабы іншаземнай дробна-прамысловай вытворчасці. Тая самая яркая стракатасць штучнай кветкі дасягаецца дабаўленнем у фарбу кіслаты — сапраўднай атруты, якая праз год шчодра напоіць нашу зямлю. Бо на наступны год радня панясе новыя кветкі, а старыя выкіне. Пазней камунальныя службы ўтрамбуюць іх у выглядзе аграмадных стагоў перад вывазам на палігоны бытавых адходаў, а потым вывезуць.

Сёлета святар з Камянецкага раёна сказаў прыхаджанам, што не будзе свяціць могілкі са штучнымі кветкамі. Яго маналог апублікавала раённая газета. Настаяцель мясцовага храма патлумачыў, што памяць трэба ўшаноўваць малітвай, добрымі справамі. А кветкі можна пасадзіць жывыя, і, даглядаючы, часцей заходзіць на могілкі, а не прынесці штучны букет адзін раз, нібы жадаючы адкупіцца ад памяці. Урэшце рэшт можна паставіць лампадку. І што вы думаеце? На адных асобна ўзятых вясковых могілках шкоднага смецця стала менш. Вось бы гэты досвед абагуліць і распаўсюдзіць у іншых прыходах ды епархіях.

На шчасце, нямала ў нас суайчыннікаў, якія нават у адзіночку робяць добрыя справы на карысць навакольнага асяроддзя. Пра аднаго з іх — Антона Раманоўскага — пісала калега Надзея Дрындрожык зімой. Антон Аляксеевіч жыве ў Мінскім раёне, пенсіянер не толькі ўладкаваў і пачаў даглядаць маленькі кавалак зямлі, ён яшчэ купляе семкі мяхамі і корміць птушак. Сваім учынкам Антон Аляксеевіч і іншых натхняе клапаціцца пра пёрыстых.

Згадваю таксама цудоўную жанчыну, мінчанку Іну Родак, якая купіла ў Драгічынскім раёне закінутую, зарослую бур’яном хату і ператварыла падворак у райскі куточак. А потым і аграсядзібу адкрыла... Калі паслядоўнікаў такіх людзей, як Раманоўскі, Родак, будзе станавіцца больш з кожным годам, тады і сённяшняе свята грамадства будзе вучыцца ўспрымаць як усенароднае. Яно таго варта.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.