Вы тут

Праца, якая аб’ядноўвае


Насамрэч тэрыторыя Брэсцкай крэпасці нашмат большая за той участак, на якім знаходзіцца знакаміты на ўвесь свет мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Зразумела, што тэрыторыя мае патрэбу ў пастаянным добраўпарадкаванні. Гэтую работу выконваюць камунальныя службы. Але ж тут заўсёды ёсць дзе прыкласці рукі нераўнадушным грамадзянам, таму перыядычна ў розных кутках крэпасці праходзяць суботнікі, працоўныя акцыі па навядзенні парадку.


Вось і ў мінулую суботу на ўчастак каля паўднёвых варот Брэсцкай крэпасці, які суседнічае з тэрыторыяй жаночага манастыра, прыйшлі дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета, прыехалі старшыні раённых і гарадскіх Саветаў, да акцыі далучыліся дэпутаты парламента і сенатары.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета Ігар Брылевіч адзначыў, што работы па добраўпарадкаванні на тэрыторыі, якая прылягае да мемарыяльнага комплексу, праводзяцца на сістэмнай аснове:

— У самой крэпасці, як вядома, поўным ходам ідзе будаўніцтва патрыятычнага цэнтра, ужо восенню будзе здадзена яго першая чарга. Усё гэта робіцца для нашай моладзі, школьнікаў — для падрастаючага пакалення. Сёння якраз мы адзначаем Дзень абароны дзяцей (1 чэрвеня. — Аўт.). І з адчуваннем, што нашым дзецям мы павінны перадаць найважнейшы гістарычны аб’ект у належным стане, мы вырашылі папрацаваць. Мы, гэта дэпутаты пярвічнага, раённнага, абласнога ўзроўню. Нас падтрымалі дэпутаты абедзвюх палат парламента. На працоўную акцыю выйшлі таксама прадстаўнікі абласнога Маладзёжнага парламента. Нас аб’ядноўвае пераемнасць. З асяродка маладых людзей мы рыхтуем сабе змену, з імі мы павінны працаваць у цеснай звязцы па вырашэнні ўсіх пытанняў грамадска-палітычнага жыцця, сацыяльна-эканамічнага развіцця і для ўпрыгажэння малой радзімы.

Людзей наогул аб’ядноўвае стваральная праца. Аднадумцамі лягчэй становяцца, калі нешта робяць разам, дадаў парламентарый. «Вось і старшыні раённых Саветаў выказалі жаданне далучыцца да нашай акцыі. Па выніках выбарнай кампаніі ў нас адбылося істотнае змяненне ў шэрагу старшынь райсаветаў. Ім важна пазнаёміцца. Як вядома, нішто так не паспрыяе стасункам у добрай нефармальнай абстаноўцы, як сумесная праца на карысць радзімы», — падсумаваў Ігар Максімавіч.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Андрэй Крупенькін сказаў, што адразу прыняў рашэнне далучыцца да працоўнай акцыі, як толькі даведаўся аб яе правядзенні:

— Брэсцкая крэпасць — асаблівы аб’ект для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Нават пабываць тут на экскурсіі азначае дакрануцца душой да найвялікшага подзвігу яе абаронцаў і ўсяго нашага народа, які атрымаў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Лічу за гонар магчымасць прыняць удзел у добраўпарадкаванні, гэта значыць паляпшэнні, тэрыторыі найважнейшага аб’екта гістарычнай памяці, гісторыка-культурнай спадчыны, патрыятычнага выхавання. Думаю, мы з калегамі яшчэ не раз прыйдзем у крэпасць менавіта з працоўнай місіяй. Буду рады сустрэцца на падобных суботніках са сваімі выбаршчыкамі, прадстаўнікамі маладога пакалення, якія аб’яднаны ў маладзёжныя парламенты і іншыя грамадскія арганізацыі, проста з нераўнадушнымі людзьмі.

Уладзімір Хвацік, старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў, сказаў, што ён рады сустрэцца з калегамі не толькі ў зале пасяджэнняў, як звычайна бывае, але і на рабочай пляцоўцы:

— Як ужо сказаў Ігар Максімавіч, сёння цудоўная магчымасць пазнаёміцца ў нефармальнай абстаноўцы, а яшчэ паказаць прыклад стваральнай працы нашым выбаршчыкам усіх узроўняў. Старшыні райсаветаў пастаянна працуюць на месцах, мы дапамагаем і кантралюем працэс добраўпарадкавання тэрыторый сваіх гарадоў і раёнаў. Фактычна ў кожным сельсавеце праходзяць суботнікі і працоўныя акцыі. А заклікаць да падобнай работы мае маральнае права той, хто і сам не цураецца справы, можа ўзяць рабочыя рукавіцы ды прыбраць умоўны квадратны метр роднай зямлі. Бачу, як старанна працуюць мае калегі, і думаю, што ў нас усё атрымаецца ў плане забеспячэння годных умоў пражывання на нашых тэрыторыях.

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласным Савеце Вольга Сакалоўская сказала, што маладыя парламентарыі актыўна ўдзельнічаюць у ініцыятывах абласнога Савета дэпутатаў:

— На суботнік прыйшло два дзясяткі маладых людзей. Да работы падключыліся актывісты з усёй вобласці. Юнакі і дзяўчаты пастаянна ўдзельнічаюць у працоўных акцыях на карысць роднай зямлі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.