Вы тут

Пляжны сезон адкрыты


Мора — справа добрая, але яно — сапраўднае — далёка і не заўсёды даступнае. Між тым адпачынак каля вады незаменны — ён дазваляе і расслабіцца, і падцягнуць фізічную форму, і загартавацца, і атрымаць такі патрэбны нам усім вітамін D. Не трэба забываць пра асалоду, якую дорыць вада і прыбярэжная прырода, а таксама — пра непаўторную атмасферу для зносін з блізкімі. Усё гэта цалкам магчыма ў Беларусі. У нашай краіне больш за 20 тысяч рэк і каля 11 тысяч азёр. Дастаткова і пляжаў — утульных, бяспечных, пад наглядам ратавальнікаў і праваахоўнікаў. Важна толькі і нам самім быць асцярожнымі, уважлівымі, культурнымі карыстальнікамі рэкрэацыйных зон, дзе б яны ні знаходзіліся. І тады адпачынак абавязкова атрымаецца якасны і бяспечны. Пра тое, як падрыхтаваліся да купальнага сезона рэгіёны нашай краіны, чытайце ў артыкулах уласных карэспандэнтаў «Звязды».


Найлепшы адпачынак — бяспечны

Пра што важна памятаць у пагоні за рэлаксам

Вось і лета прыйшло... Людзі — і гараджане, і вяскоўцы пацягнуліся да вады. І ад таго, якое мы выбіраем месца для купання, часта залежыць, наколькі якасным, але самае галоўнае — бяспечным будзе наш адпачынак. Паводле аператыўных дадзеных з пачатку 2024 года ў краіне патанулі 88 чалавек, двое з іх — непаўналетнія. Аб падрыхтоўцы пляжаў Міншчыны да купальнага сезона і асноўных правілах бяспекі карэспандэнту «Звязды» распавёў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Сяргей Патрыкееў.

— Сяргей Аляксеевіч, дзе жыхары цэнтральнага рэгіёна могуць бяспечна адпачыць? Наколькі гатовыя месцы масавага адпачынку да пляжнага сезона?

— Купальны сезон у краіне стартаваў 1 мая. На тэрыторыі Мінскай вобласці рашэннямі раённых выканаўчых камітэтаў вызначана 109 зон масавага адпачынку. Да пачатку сезона раённыя і гарадскія выканкамы праводзілі абследаванні рэкрэацыйных зон на ўзбярэжжах водных аб’ектаў, вызначалі іх прыдатнасць для бяспечнага баўлення часу. На пляжах праводзяцца вадалазныя абследаванні, працуюць санэпідэмслужбы, правяраецца наяўнасць неабходнай інфраструктуры. На падставе гэтых праверак пляжу выдаецца тэхнічны пашпарт.

Па стане на 1 мая не ўсе пляжы былі гатовыя да масавага адпачынку. Часцяком віной — падтапленні. Цяпер вада сыходзіць, але ёсць некалькі месцаў, у якіх пакуль што нельга адпачываць. Напрыклад, Войкаўскае вадасховішча Лагойскага раёна.

Улічваючы ўмовы надвор’я, пачалася актыўная фаза наведвання водных аб’ектаў. Прагноз надвор’я паказвае, што людзей на беразе будзе ўсё больш. У першыя дні лета на Міншчыне працягваецца добраўпарадкаванне зон масавага адпачынку. Для камфортнага і бяспечнага знаходжання людзей на пляжах усталёўваюцца ценявыя навесы, кабінкі для пераапранання. Таксама абсталяваны месцы для купання дзяцей да 9 гадоў і ад 9 да 14 гадоў уключна. На іх павінны быць спецыяльныя агароджы, якія не дазволяць дзіцяці выйсці за межы той зоны, якая вызначана для купання. Ніколі не будзе лішнім нагадаць, што ў любым выпадку неабходны пільны кантроль дарослых. На жаль, хапае лічаных хвілін, калі дзіця застаецца без нагляду, каб здарылася трагедыя.

Калі людзі адпачываюць у дазволеных месцах, там дзяжурыць выратавальная служба, супрацоўнікі МУС ахоўваюць правапарадак. Калі ў такіх месцах патрабуецца дапамога, яна неадкладна аказваецца. Дарэчы, ратавальнікі могуць прымяняць экстраныя меры. У выратавальнікаў ёсць 10 хвілін, каб выратаваць тапельца. Знаходжанне пад вадой больш за 10 хвілін, як правіла, прыводзіць да смяротнага зыходу.

— Як правільна аказаць першую дапамогу пры ўтапленні? 

— У першую чаргу чалавека неабходна выняць з вады. Затым трэба пакласці яго на роўную паверхню, пад плечы падкласці мяккі прадмет для таго, каб можна было задраць галаву. Пасля гэтага неабходна рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Ёсць пэўная методыка выканання рэанімацыі, мы навучаем гэтаму сваіх супрацоўнікаў, трэніруемся аказваць першую дапамогу на спецыяльных манекенах. Калі масаж сэрца і штучная вентыляцыя лёгкіх ажыццяўляюцца правільна і своечасова — гэта велізарны поспех на шляху вяртання чалавека да жыцця.

Шмат здараецца выпадкаў, калі чалавек ужо не дыхае і, здавалася б, надзеі няма, аднак дзякуючы своечасовым і правільным рэанімацыйным дзеянням яго ўдаецца выратаваць. У любым выпадку неабходна выклікаць хуткую дапамогу. Ёсць такі варыянт развіцця падзей, як другаснае ўтапленне. Людзей дастаўлялі ў медыцынскія ўстановы занадта позна. Наступалі незваротныя працэсы, як, напрыклад, ацёк лёгкіх, у выніку чаго чалавек пагібаў.

Але большасць выпадкаў утаплення фіксуецца ў тых месцах, дзе ратавальнікаў няма. Самая частая прычына трагедыі — купанне ў стане алкагольнага ап’янення. Але бывае і такі варыянт развіцця падзей, калі чалавеку стала дрэнна, ён страціў прытомнасць з-за хваробы, як следства — упаў у ваду і патануў.

Цэнтральны пляж горада Барысаў

— У чым асноўная прычына трагедый на вадзе?

— Па стане на 27 мая ва ўсёй краіне патанулі 88 чалавек, двое з іх — непаўналетнія. Пры купанні патанулі два чалавекі, пры падлёднай рыбалцы — пяць, пры рыбнай лоўлі з лодкі — чатыры, пры пераходзе па лёдзе — адзін чалавек, пры падзенні ў ваду — 55, пры прыняцці дамашняй ванны — пяць чалавек. Зарэгістраваны 15 выпадкаў утапленняў, прычыны якіх пакуль не высветлены. Практыка паказвае, што колькасць утапленняў пры купанні складае не больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. Напрыклад, зараз на хатніх падворках актыўна ўсталёўваюць басейны, у якіх у тым ліку тонуць людзі. Асабліва страшна, калі ахвярамі няшчасных выпадкаў становяцца дзеці. Гэта адбываецца з-за няўважлівасці бацькоў.

У цэлым па ўсёй краіне назіраецца зніжэнне выпадкаў утаплення. Летась за той жа перыяд патанулі 118 чалавек. Па стане на 27 мая на Міншчыне патанулі 13 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года — 18. 

Злоўжыванне спіртнымі напоямі падчас адпачынку з’яўляецца асноўнай прычынай трагедый! Апошнія пяць гадоў назіраецца ўстойлівае зніжэнне выпадкаў гібелі людзей на вадзе, пры гэтым лічба, калі загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, застаецца нязменнай — больш за 65 працэнтаў ад усіх выпадкаў. У 2023 годзе з агульнай колькасці загінулых ад утаплення на тэрыторыі Мінскай вобласці — 57 чалавек — непасрэдна пры купанні патанулі 13, з іх на момант гібелі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення 10 чалавек (амаль 80 працэнтаў). Астатнія 44 трагічныя выпадкі не былі звязаныя з купаннем, яны адбыліся ў выніку падзення ў ваду (10), пры лоўлі рыбы (5), эксплуатацыі маламерных судоў (1), прыняцці ванны (3), падзення ў калодзеж (3), правальвання пад лёд (7) і іншых нявысветленых абставінах (13). Найбольшая колькасць утапленняў назіраецца сярод мужчын, сельскіх жыхароў і непрацуючых. 

Дарэчы, выпадкаў гібелі людзей на водных аб’ектах, дзе дзяжураць нашы ратавальнікі, не было ўжо больш за 10 гадоў. Дзякуючы Прэзідэнту Беларусі ўмовы для дзейнасці нашай арганізацыі значна палепшыліся, актыўна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Наша вадалазна-выратавальная служба выконвае асноўную задачу па ахове і выратаванні жыццяў людзей. Мы маем сучаснае плавальныя сродкі, вадалазнае абсталяванне, вода-маторную тэхніку.

— Якія пляжы найбольш прывабныя для жыхароў цэнтральнага рэгіёна? Што можаце параіць нашым чытачам?

— Найбольш папулярныя сярод насельніцтва пляжы знаходзяцца каля буйных водных аб’ектаў. Так, напрыклад, возера Нарач, возера Мястра ў Мядзелі, самае буйное штучнае Вілейскае вадасховішча. Найбольшая наведвальнасць пляжаў зарэгістраваная ў раённых цэнтрах. Самы прыгожы пляж, які прызнаны лепшым за 2023 год, — пляж горада Жодзіна. Барысаў па рацэ Бярэзіне мае прыгожыя і, што важна, бяспечныя пляжы. Дарэчы, усе 109 пляжаў Міншчыны абсталяваныя, абследаваныя і маюць пашпарты.

Развіццё пляжных зон ажыццяўляецца за кошт наведвальнасці людзей. На тых месцах, у якіх фіксуецца шмат адпачываючых, часцей праводзяцца абследаванні, абнаўлаяецца інфраструктура. Для людзей важна, каб вада была чыстая, а месца адпачынку — прыгожае. 

Бяспека людзей заўсёды ў іх руках. Чалавек павінен разумець, што знаходжанне ў водным асяроддзі патрабуе вялікай пільнасці і захавання пэўных правілаў. Апынуўшыся на пляжы, не варта спадзявацца на лёс — будзьце уважлівыя, не зводзьце вачэй з дзяцей. «Толькі што быў тут» і «Адвярнулася на хвілінку», — так часта адказваюць разгубленыя бацькі, якія сядзяць на беразе... Тое, што вада не даруе бестурботнасці, вядома кожнаму. Памятайце, што толькі ад вас саміх залежыць, які будзе адпачынак і ці не стане ён апошнім.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Мінская абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах


У маляўнічай мясціне

Рэканструкцыю папулярнай зоны адпачынку Чырвоны двор правялі ў Брэсце. На паўднёва-ўсходняй ускраіне горада ёсць вялікі штучны вадаём. Побач з ім з даўніх часоў улетку адпачывалі гараджане. Возера знаходзіцца фактычна пасярод сасновага лесу, мясціна даволі прывабная. Людзі выбіраюцца сюды сем’ямі, сяброўскімі кампаніямі: і побач з горадам, і на прыродзе. Але акрамя сонца і вады, жоўтага пяску на беразе ды прыгожага валуна, побач з якім рабілі сэлфі, тут фактычна нічога не было.

І вось з пачатку гэтай вясны ў зону адпачынку прыйшлі будаўнікі. Найперш яны ўзяліся за дарогі і пад’езды да вадаёма. Пад’язную дарогу ад картынгавага стадыёна, што знаходзіцца побач, да возера пакрылі асфальтам, а дарогу вакол вадаёма — асфальтабетонам. Работу праводзіла камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Брэсцкае ДЭП». Намеснік дырэктара прадпрыемства Эдвард Сырэвіч адзначыў, што пачыналі з санітарнай ачысткі і прыборкі тэрыторыі, потым правялі ладны аб’ём работ па абмежаванні несанкцыянаваных заездаў на пляж з боку лясных сцяжын. Цяпер сюды можна заехаць толькі па дарозе, якая вядзе з горада.

— Устанавілі дарожны борт, тратуарны борт. Далей узяліся за пракладку водаправода і электрычных сетак. Вада патрэбна як для ўстаноўкі душавых кабін, так і для гандлёвых павільёнаў, пад якія адведзены пляцоўкі, — працягвае Эдвард Часлававіч. — Для функцыянавання гандлёвых пунктаў, як вядома, неабходна электрычнасць. Таксама ўстаноўлены дзве душавыя кабіны і два пітныя фантанчыкі. 

Ну а для актыўнага баўлення часу адпачывальнікаў зманціраваны спартыўны комплекс, дзіцячая гульнявая пляцоўка. Абсталяваны кабіны для пераапранання, бліжэй да вады ўстаноўлены ценявыя навесы і лежакі, — зроблена прыкладна так, як мы ўжо зрабілі на цэнтральным пляжы па вуліцы Набярэжнай Францыска Скарыны.

Спецыялісты ДЭП завезлі некалькі тон чыстага пяску з кар’ера, разраўнялі яго, пляж цяпер выглядае даволі прывабна. Цяпер сюды можна выбірацца сям’ёй хоць на цэлы дзень. 

А ўсяго ў Брэсцкай вобласці на гэты год зацверджаны 102 месцы масавага адпачынку на вадаёмах. Паводле інфармацыі старшыні абласной арганізацыі Таварыства ратавання на водах Віталя Кулініча, у 96 месцах дазволена купанне, а на астатніх шасці прадугледжаны адпачынак каля вады без права купання.

Сёлета ў вобласці дадаткова ўладкавалі два пляжы, дзе раней купацца было забаронена. Але ж гэтыя месцы традыцыйна карысталіся папулярнасцю і людзі туды ішлі. Напрыклад, у гарадскім пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна ў спёку на возеры заўсёды збіралася многа адпачывальнікаў, як і на возеры Свяцілаўскім у Баранавічах. Цяпер пляжы там добраўпарадкавалі, на іх з’явіліся сезонныя пасты Таварыства ратавання на водах.

Напярэдадні купальнага сезона вадалазы абследавалі акваторыі вадаёмаў, ачысцілі іх ад смецця і лішняй расліннасці. Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбралі пляжы, правялі, дзе трэба, рамонтныя работы. Застаецца толькі самім адпачывальнікам паводзіць сябе культурна. 

Святлана ЯСКЕВІЧ


Гайда на рэчку!

На Магілёўшчыне для купання прадугледжана 61 месца адпачынку. У Магілёве такіх месцаў пяць: Грабянёўскае і Пячэрскае вадасховішчы, гарадскі пляж на рацэ Днепр, а таксама месцы адпачынку на заліве Дняпра ў раёне вуліц Фаціна і Златаўстоўскага і на сажалцы пасёлка Брады. Згодна з планам падрыхтоўкі гэтых месцаў да летняга сезона, асноўныя работы па навядзенні парадку павінны былі быць завершаны да 1 мая.

Даты крыху перасунула вялікая вада, якая сёння трымалася практычна ўвесь май. Але работы, па словах спецыялістаў, вяліся, і, як толькі вадаёмы вярнуліся ў свае берагі, месцы адразу ж акультурваліся.

— У нас на прадпрыемстве ёсць будаўнічая брыгада, якая зімой робіць пляжнае абсталяванне, рамантуе яго, абнаўляе, — расказала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела «Магілёўзелянбуд» Святлана Банкузава. — Сёлета, напрыклад, 200 новых лежакоў зрабілі. Старыя ўжо адпрацавалі свой рэсурс, практычна на ўсіх пляжах устанавілі новыя. На пляжах на Пячэрскам возеры, у раёне вуліцы Фаціна і на Брадах паставілі новыя альтанкі і раздзявальні. Наогул, на апошніх двух пляжах асабліва часта даводзіцца мяняць і рамантаваць абсталяванне. Людзі не вельмі беражліва ставяцца да грамадскай маёмасці. Асабліва на Брадах. Летась там за адну ноч практычна ўсе лежакі і альтанкі спалілі. Мы звярнуліся ў міліцыю, але вінаватых не знайшлі. Штогод лежакі ламаюць, паляць у вогнішчы або выкідваюць у вадаём. Некалькі разоў выцягвалі лежакі з вады. Невядома, навошта толькі людзі гэта робяць? Плаваць спрабуюць на іх ці што?

Аб’ёмы работ сапраўды ўражваюць. Згодна з планам «Магілёўзелянбуда», сёлета трэба было зрабіць рамонт і ўстаноўку 52 ценявых навесаў і сонцаахоўных грыбкоў, адрамантаваць і ўстанавіць 30 раздзявальняў, 14 біяпрыбіральняў, некалькі дзясяткаў кантэйнераў для цвёрдых бытавых адходаў, 250 лежакоў, 93 лаўкі, адрамантаваць 14 інфармацыйных стэндаў.

Акрамя гэтага, план патрабуе паклапаціцца пра месцы, дзе купанне забаронена. Усе сімпатычныя на выгляд пясчаныя беражкі ўздоўж ракі Днепр ад чыгуначнага моста да Рачнога порта, а таксама на Грабянёўскім і Пячэрскім вадасховішчах і сажалцы ў Брадах, якія афіцыйна не прызнаны месцамі для адпачынку, патэнцыяльна небяспечныя. Вельмі часта трагічныя выпадкі здараюцца ў такіх несанкцыянаваных месцах, як заліў ракі Днепр на вуліцах Шаўчэнкі, Соф’і Кавалеўскай, на вадаёмах каля завода «Тэхнапрыбор», у раёне вуліц Акцюбінскай, Першамайскай, Цішкі Гартнага, Праванабярэжнай, Ямніцкай, Льва Сапегі. На ўсёй рацэ Дубравенцы не прадугледжана купанне. Усяго «Магілёўзелянбуд» устанавіў сёлета 110 забараняльных стэндаў. Карысна ведаць, што ўсе стэнды і інфраструктура зроблены за наш з вамі кошт, то-бок за бюджэтныя сродкі.

Бюджэтныя грошы таксама пайшлі на рамонт 10 кантэйнерных пляцовак, абсталяванне васьмі месцаў для курэння. На Грабянёўскім і гарадскім пляжах падрыхтаваны тры месцы для развядзення вогнішча, а таксама тры купальні для дзяцей. На гарадскім пляжы купальня з’явіліся зусім нядаўна: камунальнікі чакалі, калі сыдзе вада.

Цяпер на пляжах прыгожа і ўтульна. Усё абсталяванне новае, афарбаванае. Прадпрыемства нават пясок пачысціла. Дарэчы, яго наогул час ад часу ў такіх месцах мяняюць. Летась, напрыклад, завозілі на пляж у пасёлку Брады.
На ўсіх пяці пляжах працуюць супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах.

У Магілёве функцыянуюць тры атавальныя станцыі і два ратавальныя пасты, удакладняе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Канстанцін Іваноў. У маштабах вобласці — 9 выратавальных станцый, 20 пастаянных выратавальных пастоў і 19 — сезонных. Вядзецца работа па падрыхтоўцы яшчэ некалькіх зон адпачынку ў Мсціслаўскім і Асіповіцкім раёнах.

— Вельмі хочацца, каб людзі больш сур’ёзна падыходзілі да выбару месца для адпачынку, — кажа суразмоўнік. — За купанне ў забароненым месцы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да трох базавых велічынь. Але гэта чыста сімвалічная сума, калі помніць, што пад пагрозу становіцца не столькі кашалёк, колькі жыццё.

Канстанцін Іваноў таксама нагадвае, што купанне дзяцей да 14 гадоў без суправаджэння дарослых забараняецца. Як і купанне ў начны час. Гэта прадугледжана Правіламі аховы жыцця людзей на водах, якія былі зацверджаны Саўмінам летась у жніўні.

Сёлета на Грабянёўскім возеры, якое ў народзе называюць Святым, чакаецца ажыўленне. Нагадаем, што некалькі гадоў запар санітарныя службы забаранялі ў ім купанне з-за няякасных паказчыкаў вады. У народзе казалі, што ва ўсім вінаватыя чайкі, калонія якіх акупавала плавучы востраў пасярод возера. Небяспеку ўяўляла тое, што востраў павялічваўся ў памерах і пагражаў экалагічнаму стану наваколля. Але на абласным і гарадскім узроўнях было вырашана востраў прыбраць і вярнуць папулярнае месца адпачынку гараджанам. Мерапрыемствы па прывядзенні ў якасны стан месца адпачынку разлічаны не на адзін год. Але шмат работы ўжо зроблена. І вада, як адзначылі ў санслужбе, нармалізавалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.