Вы тут

5 чэрвеня — дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай


5 чэрвеня адзначаецца дзень памяці святой апякункі Беларусі, прападобнай Ефрасінні Полацкай. Адусюль прыязджаюць у гэты дзень паломнікі ў Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, заснаваны полацкай княжной, што абрала служэнне Госпаду, а не завабы свецкага жыцця. Свята сёлета адметнае і тым, што ў наступным годзе манастыр святкуе 900 гадоў ад заснавання. Уражальная даўніна! І ўражальная постаць прападобнай Ефрасінні... Давайце ўспомнім некалькі фактаў пра святую апякунку зямлі Беларускай.


Фота з адкрытых крыніц

З Полацка — у Іерусалім, з Іерусаліма — у Полацак

Гэтымі днямі асабліва шмат паломнікаў будуць падыходзіць да цудатворных мошчаў святой Ефрасінні... Якая памерла далёка ад радзімы, падчас паломніцтва ў Іерусалім, 5 чэрвеня 1173 года. Дарэчы, адзіны раз за ўсю гісторыю, насуперак традыцыі, для паломніцы былі адкрыты Залатыя Вароты Іерусаліма — гэтай паломніцай была прападобная Ефрасіння. Смерць на Святой Зямлі яна ўспрымала як вялікі гонар. Месца яе спачыну было ў манастыры Феадосія Вялікага, каля Іерусаліма. У 1187 годзе горад захапіў султан Салах-ад-Дзін. Уцякаючы, хрысціяне вывезлі і нятленныя мошчы прападобнай Ефрасінні, якія апынуліся ў Дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры.

Хадатайніцтвы аб вяртанні мошчаў прападобнай на яе радзіму пачаліся ў 1832 годзе, 77 гадоў разглядаў іх Святы Сінод. Станоўчая рэзалюцыя была зроблена імператарам Мікалаем ІІ 3 ліпеня 1909 года. А ўрачыстае перанясенне пачалося 19 красавіка 1910 года. Калі параход «Галавачоў» з рэліквіяй плыў па Дняпры, на берагах стаялі на каленях людзі з запаленымі свечкамі. З тагачасных рэпартажаў вядома, што нават вада з хваляў ад парахода лічылася лекавай, яе збіралі ў бутэлькі, прамывалі ёю вочы. Параход спыняўся ў Рэчыцы, Жлобіне, Рагачове, Быхаве, Магілёве. Вуліцы там упрыгожвалі сцягамі, гірляндамі, дыванамі, кветкамі. У адным толькі Рагачове да мошчаў святой падышло 50 тысяч чалавек, у Магілёве — 75 тысяч, у Оршы — 40 тысяч. Прычым ад Оршы да Полацка праз Віцебск раку неслі на руках. Заняло гэта цэлы месяц. У Полацк святыня прыбыла 20 мая. А 23-га мошчы паклалі ў адмысловую срэбную раку Спаса-Праабражэнскага сабора. Так што нятленныя мошчы прападобнай перанесеныя ў заснаваны ёю манастыр менавіта ў дзень яе спачыну — 23 мая па новым стылі і ёсць 5 чэрвеня. Сёння яны знаходзяцца ў Крыжаўзвіжанскім саборы на тэрыторыі манастыра.

Сёстры і пляменніцы прападобнай

Кажуць, прападобная Ефрасіння мела такі дар духоўны, што «на каго пазірала вачыма сваімі, адразу даведвалася, ці ёсць у ім дух дабрадзейнасці і ці можа ён быць умяшчальняй, абранай для Госпада». Таму не толькі сама абрала шлях служэння Богу, але і прывяла на яго сваіх сясцёр і пляменніц.

Гардзіслава была малодшай сястрой Ефрасінні. Менавіта яе абрала святая, калі трэба было шукаць памагатых. Яна прыехала ў манастыр і неўзабаве ўжо была манашкай з хрысціянскім імем Еўдакія. Як адрэагавалі бацькі? Летапіс захаваў іх гаротныя словы: «Ці для таго мы нарадзілі вас, каб вы ў гэтых чорных рызах пасяліліся ў манастыры і пазбавілі нас тых уцех, якіх мы чакалі ад вас?» Малодшая сястра стала найлепшай вучаніцай асветніцы, потым — яе памочніцай. У манастыры на Еўдакіі ляжалі гаспадарчыя справы. А Звеніслава была стрыечнай сястрой Ефрасінні, дачкой князя Барыса, старэйшага брата князя Святаслава. Ефрасіння была для яе прыкладам. Пасаг Звеніслава аддала манастыру, сказаўшы: «Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбна». Ефрасіння выбрала для стрыечнай сястры, якая стала манашкай, імя Еўпраксія. І былі яны «як адна душа ў двух целах». Еўпраксія кіравала перапісваннем кніг, вяла заняткі ў заснаванай Ефрасінняй школе для дзяўчынак. Суправаджала старэйшую сястру падчас падарожжа ў Іерусалім да Гроба Гасподняга...

Наколькі святая ігумення валодала сэрцамі, паказвае факт: калі да яе прыехаў пагасцяваць брат Вячаслаў з сям’ёй, Ефрасіння проста аб’явіла, што дзвюх пляменніц, Кірынію і Вольгу, пакідае ў манастыры. Бацькі горка плакалі, але не асмеліліся пярэчыць, і іх дачкі праз нейкі час сталі манашкамі.

Незвычайная эрудыцыя святой апякункі

Святая Ефрасіння, безумоўна, была адной з самых дасведчаных і адукаваных асоб сваёй эпохі. Ілюстрацыяй яе глыбокіх ведаў з’яўляюцца і фрэскі XІІ стагоддзя, зробленыя па яе замове ў Спаса-Праабражэнскім саборы. Сярод іх ёсць прысвечаная Антонію Вялікаму, які шукае Паўла Фівейскага на Сінайскім паўвостраве. Святы не мог знайсці дарогу, ён памаліўся, і яму з’явіўся кентаўр, які і правёў яго да Паўла. Многіх, хто бачыць роспіс з кентаўрам у праваслаўнай царкве, гэта здзіўляе і бянтэжыць. Багасловы тлумачаць сюжэт так: калі чалавек сапраўды верыць, яму служаць усе сілы. Як сведчаць навукоўцы, гэты сюжэт у XІІ стагоддзі быў вядомы толькі на дзвюх мовах: арабскай і латыні. Так што можаце ўявіць узровень адукацыі прападобнай Ефрасінні. Недарэмна з ёй гутарылі і вялі перапіску самыя вядомыя мысляры яе часу.

Шмат гістарычных таямніц яшчэ намі не раскрыта, не асэнсавана культурнае багацце, якое пакінулі нашы продкі, у тым ліку святая прападобная Ефрасіння. Няхай жа яна па-ранейшаму апякуецца нашай зямлёй.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Імя, напісанае на Нябёсах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.