Вы тут

На чым рабіў акцэнт Прэзідэнт падчас візіту ў Іркуцкую вобласць


Пабываць у Іркуцку і не з’ездзіць на Байкал проста немагчыма. Самае глыбокае возера свету з яго ўнікальнай прыродай знаходзіцца зусім недалёка ад абласнога цэнтра. Не дзіўна, што візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Іркуцкую вобласць пачаўся менавіта з Байкала. Разам з губернатарам Іркуцкай вобласці Ігарам Кобзевым і паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Сібірскай федэральнай акрузе Анатолем Серышавым кіраўнік дзяржавы зрабіў прагулку на караблі ўздоўж Кругабайкальскай чыгункі. Прэзідэнт прызнаваўся, што пабываць у гэтых дзівосных мясцінах было яго даўнім жаданнем, раіў яму прыехаць сюды і расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін.


Але, вядома ж, не толькі імкненне паглядзець на ўнікальныя мясціны было мэтай візіту кіраўніка нашай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка правёў у Іркуцку важныя сустрэчы, якія дадуць яшчэ адзін значны імпульс развіццю супрацоўніцтва Беларусі і гэтага багатага расійскага рэгіёна.

Рэгіён, дарэчы, далёкі ад нас геаграфічна, але вельмі блізкі духоўна. Аб гэтым сведчыць і сустрэча, якую зладзілі Прэзідэнту Беларусі каля будынка Урада Іркуцкай вобласці, — з хлебам-соллю і народнымі песнямі. Разам з губернатарам да Аляксандра Лукашэнкі выйшлі ветэраны вайны і працы, артысты фальклорнага ансамбля Іркуцкага таварыства беларускай культуры і народнага фальклорнага ансамбля «Абярэг» Іркуцкага абласнога Дома народнай творчасці.

А губернатар Ігар Кобзеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, што той стрымаў сваё слова. У верасні 2020 года Ігар Кобзеў наведваў з рабочым візітам Беларусь і наш Прэзідэнт паабяцаў прыехаць на Байкал. Кіраўнік вобласці праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі аб магчымасцях рэгіёна і яго прамысловым патэнцыяле. Ён спыніўся на эканоміцы вобласці і расказаў аб рэалізацыі найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў.

«Нам сёння патрэбна і неабходна прысутнасць нашых братоў, калег і партнёраў. Мы заўсёды адкрыты», — сказаў губернатар.

Пасля сустрэчы з Ігарам Кобзевым Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з мясцовымі жыхарамі: гараджане сабраліся каля ганка і чакалі Прэзідэнта Беларусі. Як аказалася, у многіх з іх сваякі пражываюць у нашай краіне. «Прыязджайце часцей», — папрасілі іркуцяне, робячы памятныя фатаграфіі з беларускім лідарам.

Затым кіраўнік дзяржавы накіраваўся на Іркуцкі авіяцыйны завод.

Як вядома, Беларусь і Расія асаблівую ўвагу ўдзяляюць развіццю ўласнага авіябудавання. Перад расійскай авіябудаўнічай галіной стаіць задача рэалізаваць маштабныя праекты па нарошчванні аб’ёмаў выпуску суднаў грамадзянскай авіяцыі. Прадпрыемствы Беларусі даўно падключыліся да рэалізацыі гэтай задачы, яны дапамагаюць з пастаўкамі авіяцыйных кампанентаў, вузлоў і агрэгатаў.

На заводзе кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з этапамі вытворчасці ваеннай авіяцыйнай тэхнікі (тут, дарэчы, робяць самалёты і для беларускіх Ваенна-паветраных сіл), зборкі пасажырскага лайнера МС-21. Кіраўніцтва прадпрыемства падрабязна праінфармавала Прэзідэнта Беларусі аб прадукцыі, што выпускаецца, і перспектыўных распрацоўках.

Іркуцкі авіяцыйны завод нацэлены на пашырэнне вытворчай кааперацыі з авіяцыйнымі прадпрыемствамі Беларусі. Таму тэма рэалізацыі сумесных праектаў, напрыклад у станкабудаванні і мікраэлектроніцы, стала асноўнай у час візіту кіраўніка дзяржавы.

«Яны хочуць на базе Беларусі гэта рабіць — трэба брацца і рабіць», — падтрымаў Аляксандр Лукашэнка развіццё кааперацыйных сувязяў.

Перш за ўсё размова ідзе аб распрацоўцы пасажырскіх і транспартных тэхналогій. Беларусы ўжо дапамагаюць расійскім партнёрам, пастаўляючы камплектуючыя, рамантуючы і мадэрнізуючы авіяцыйную тэхніку, але перспектывы значна шырэйшыя. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў кіраўніцтву прадпрыемства вызначыць новыя нішы і, не адкладваючы на потым, пачынаць работу.

«Мне трэба найноўшыя тэхналогіі, г. зн. мы хочам быць уманціраваны ў вашы працэсы па высокіх тэхналогіях. І гэта павінна быць наша агульнае — Беларусь і Расія не павінны дзяліць. Як мы часта гаворым, тавар Саюзнай дзяржавы. Давайце ўраўнуем у правах беларускія і расійскія тавары, каб не было ніякіх праблем. І тады знікнуць размовы, хто каго паглынае і аб’ядноўвае. Эканоміка ўсё паглыне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На заводзе Аляксандру Лукашэнку падарылі мадэль знішчальніка Су-30.

Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя рэалізоўвае праграму імпартазамяшчэння і нарошчвання тэмпаў вытворчасці. У сувязі з гэтым развіццё супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Беларусі набывае найважнейшае значэнне.

«Плануецца наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з беларускімі вытворцамі, у тым ліку па нарошчванні аб’ёму паставак авіяцыйных кампанентаў, вузлоў і агрэгатаў», — расказалі журналістам на заводзе.

У тэму

«У нас з Іркуцкай вобласцю ў апошнія два гады вельмі інтэнсіўна развіваецца супрацоўніцтва. Па нашым экспарце ў рэгіён мы вярнуліся на даковідны ўзровень. Тым не менш Прэзідэнт сказаў, што гэта вельмі мала і трэба павялічваць абароты ў 2-3 разы», — расказаў журналістам пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой.

Тавараабарот прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама з арганізацыямі Іркуцкай вобласці па выніках 2023 года склаў $16,3 млн. Па харчовых таварах і сельгассыравіне тавараабарот за год склаў $3,2 млн.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.